сцэнарыі святаў на беларускай мове

Дзіяна ЦІХАЯ, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Негарэльскай сярэдняй агульнаадукацыйнай школы № 1 п. Энергетыкаў Дзяржынскага раёна Мінскай вобласці. Роднае слова 2011/2

“Колькі каштуе каханне?”

Пазакласнае мерапрыемства

Мэты і задачы: стварыць умовы для разумення вучнямі адказнасці за ўласныя паводзіны; садзейнічаць развіццю лагічнага мыслення (уменне аргументаваць і даказваць), маналагічнага і дыялагічнага маўлення.
Абсталяванне: прэзентацыя.
Літаратура: Давідовіч-Зосін, С. Жывапіс / С. Давідовіч-Зосін. - Мінск: УП “Мінская фабрыка каляровага друку”, 2003.
Заўвага: вучні актыўна рэагуюць на прапанаваную тэму і творы мастацтва, таму вельмі важна правільна ставіцца да іх выказванняў, улічваць кожнае меркаванне.

План мерапрыемства

I. Паведамленне тэмы сустрэчы.

Кожны ідзе сваім шляхам. Кожнаму наканавана перажыць шмат радасці і пакут, памылак і болю, асабліва ў юнацтве. Чаму? Таму што менавіта ў юнацтве пачынаецца адно з самых моцных і прыгожых пачуццяў чалавека, якое натхняе на творчасць, абуджае душу, трывожыць сэрца... Пачынаецца каханне!.. Пачынаецца прыгожа...

II. Стадыя выкліку.

Слайд 1. Каханне...
Настаўнік чытае верш.
Каханне стварае паэтаў
I нараджае жыццё...
Гавораць, ніколі не купіш
Цудоўнае ты пачуццё!
Гавораць, яно акрыляе,
Гавораць, яно назаўжды,
Гавораць, што кожны спазнае
Яго хоць аднойчы ў жыцці!..
Гавораць...
3 надзеяй шукаюць...
А я вас хачу запытаць:
- Колькі каштуе каханне?
I дзе яго трэба шукаць?

Заўвага: на апошнія радкі рэакцыя падлеткаў можа быць даволі ўзрушанай, асобныя могуць выказаць нават абурэнне. Важна выслухаць меркаванні, але не дапусціць спрэчкі.
Слайд 2. Колькі каштуе каханне? I дзе яго трэба шукаць?
Для кагосьці гэтыя словы непрымальныя, для кагосьці - глупства, а для іншага - надзённыя. Таму мы абмяркуем з вамі гэтыя пытанні і паспрабуем знайсці на іх адказы.

III. Стадыя рэалізацыі (суразмова).

А зараз звернемся да твораў мастацтва, бо, як вы пачулі, “каханне стварае паэтаў”.
Слайд 3. С. Давідовіч-Зосін “Летуценнікі”.
Перад намі карціна “Летуценнікі” Сяргея Давідовіча-Зосіна. Яна напісана ў 2002 г. і прысвечана самым светлым пачуццям, якія можа перажыць чалавек, - сяброўству і каханню.

Шчаслівая пара, Кот і Котка, якія ўначы, забраўшыся на дах, з замілаваннем глядзяць на месяц і зорнае неба і, магчыма, плануюць будучыню. Верагодна, у душы Ката прачнуўся паэт, і ён ужо стварае верш у гонар сваёй каханай. А можа, яны мараць... Можа, пра тое, як яны будуць спяваць песні па начах, шпацыраваць да раніцы, а потым - створаць сям’ю і будуць выхоўваць кацянят... I так хочацца верыць, што ўсе мары закаханых спраўдзяцца!

Але не ўсё так проста. Першае пачуццё такое моцнае, шчырае. Як яго выказаць. Кветкі, сустрэчы, вершы...
Слайд 4. С. Давідовіч-Зосін “Серэнада”.
Думаю, дзяўчаты пагодзяцца са мной, што так рамантычна, калі для цябе адной выконваюць пад акном серэнаду! I зусім не важна, што кавалеру яшчэ ў малалецтве мядзведзь на вуха наступіў, а суседзі доўга будуць успамінаць не толькі “песню-крык”, але і закаханых!
Слайд 5. С. Давідовіч-Зосін “Сэрцу не загадаеш”.
Але, як аказваецца, серэнады пад акном, шпацыры па начах, рамантычныя спатканні губляюцца перад рэальнасцю. Твор “Сэрцу не загадаеш” Сяргея Давідовіча-Зосіна расказвае пра жорсткія рэаліі. Наша Котка з нудою глядзіць услед свайму Кату, які ідзе прочкі. Што ж здарылася? Пасварыліся? Не, тут нешта больш сур’ёзнае...

Здрада! Але... Чаму здрадзіла Котка? Чаму яна ідзе са Старым Катом, а свайму каханню глядзіць услед? Жыццё... I каб выжыць, трэба мець дах над галавой, грошы на аплату рахункаў і харчаванне... А што мае наш малады і рамантычны Кот? Ды амаль нічога, акрамя закаханай душы! А хіба гэтага дастаткова для таго, каб выжыць у жорсткім, эгаістычным свеце? Не! Неабходна нешта больш рэальнае. Вось і абрала наша Котка забяспечанае жыццё са старым нямоглым Катом, здрадзіўшы перш за ўсё сабе і свайму каханню: яна ідзе, але сэрцу ж не загадаеш!.. I глядзіць яна не на свайго новага абранніка і нават не сабе пад ногі, а назад, у мінулае, дзе засталіся і шпацыры па начах, і серэнады, і мары. Яна здрадзіла...

А няўжо ў рэальнасці няма такіх Котак? Якія, хоць і кахаюць, але дзеля забяспечанага жыцця выходзяць замуж за нялюбых з надзеяй у хуткім часе атрымаць у спадчыну кватэру, катэдж, машыну А пры гэтым, самі таго не заўважаючы, губляюць жыццё, бо здрадзіць сабе тое ж, што і самагубства. А што іх чакае далей? А магчыма, вось што.

Слайд 6. С. Давідовіч-Зосін “Спакуснік”.
Чаму? Ды таму, што сэрцу сапраўды не загадаеш. Можна паспрабаваць прыстасавацца да абставін... I, магчыма, гэта нават атрымаецца. Але нельга прымусіць сябе кахаць нялюбага. Больш за тое, з часам успаміны абудзяць шкадаванне і сумленне, а той, хто побач, заўважыць змены ў настроі і паводзінах і зробіць высновы. Да таго ж ці была ў нашай Коткі магчымасць уладкаваць сваё жыццё са Старым Катом? Наўрад ці. Па-першае, яна перажыла моцнае пачуццё да рамантыка. Па-другое, на спадчыну Старога Ката, відавочна, было шмат кандыдатаў і без яе.

Перад намі адзін з варыянтаў завяршэння падобнай гісторыі. Карціна “Спакуснік” Сяргея Давідовіча-Зосіна ілюструе будучыню Коткі. Палатно падзяляецца вертыкальна на дзве часткі. Прычым яны з’яўляюцца бінарнымі не толькі па каляровым рашэнні, але і па змесце. Разгледзім падрабязней.

На карціне Сабака, брудны, худы, прапаноўвае нашай Котцы, пакуль яшчэ белай і пухнатай, келіх шампанскага. Менавіта “пакуль яшчэ”, бо яна ўжо засталася без мінулага і без сучаснасці, а лапка яе цягнецца да келіха, хоць вочы з жахам глядзяць на Сабаку-спакусніка. Да таго ж звярніце ўвагу: каты і сабакі ніколі не былі і не будуць сябрамі. Дык чаго ж чакаць ад такіх “сяброў”? Яны самі апынуліся на дне алкагольнай ямы ды яшчэ і спакушаюць іншых, цягнуць за сабой у прорву. Што можа быць страшней за гэта?..

Але ёсць і нешта іншае...
Слайд 7. С. Давідовіч-Зосін “Залатое вяселле”.
Вясельнае падарожжа, калі “маладым” ужо не 30, а далёка за 50... Уявіце, колькі трэба цярпення, мужнасці, каб пражыць побач не год, не два, не дзесяць, а значна больш! Часта разважаем пра свае правы, але ці згадваем пра свае абавязкі? Марым пра верную другую палавінку (жонку ці мужа), але не заўсёды разумеем, што толькі верны чалавек можа разлічваць на такое стаўленне да сябе з боку іншага. Часта нас здзіўляе, як нашы продкі маглі пражыць усё жыццё ў адным шлюбе... Мяркую, усё залежала ад выхавання. Сапраўды, жыць раней не было лягчэй, проста выхаванне было іншым. Мабыць, з дзяцінства вучылі цярпенню, адказнасці перад іншымі. Вось мы і ведаем, што зрабіць, калі нас пакрыўдзілі. I ў сямейным жыцці гэтак жа: надакучыла - скасавалі шлюб... Упэўнена, на лёс гэтых “маладых” выпала не менш выпрабаванняў, чым на лёс каго іншага... Аднак яны вытрымалі...

IV. Рэфлексія.

Слайд 8.
(Настаўнік вельмі павольна чытае верш).
Што ж... Зараз сумленна давайце
Адкажам перш-наперш сабе:
Каханне стварае паэтаў?
I нараджае жыццё?
Па праўдзе ніколі не купіш
Цудоўнае ты пачуццё?
Яно сапраўды акрыляе?
I сапраўды назаўжды?
I праўда, што кожны спазнае
Яго хоць аднойчы ў жыцці?
I колькі каштуе каханне?
I дзе яго трэба шукаць?
I як у душы чалавечай
Яго не згубіць, распазнаць?

V. Падвядзенне вынікаў.

Слайд 9.
Дык колькі каштуе Каханне?
Сапраўднае - не менш як жыццё!
Шмат веры, цярпення, даверу,
Адказнасці за пачуццё!
Каханне ў душы чалавека -
Не варта пра гэта крычаць.
Яго у душы сваёй трэба,
Як скарб, ўсё жыццё зберагаць.

Выказванні вучняў.

Яшчэ на гэту тэму:

«Свяці, кахання чыстая зара...»     "Вечная мелодыя жыцця"