сцэнарыі святаў на беларускай мове

В. М. ЛАРЫЁНАВА, настаўніца другой катэгорыі Пачатковая школа 8.2012

Хлеб — здароўе, наша сіла!

Сцэнарый свята

Здаўна ўсе народы шануюць хлеб. У харчаванні дзяцей і дарослых ён адыгрывае найгалоўнейшую ролю, бо забяспечвае арганізм неабходнымі рэчывамі і ніколі не прыядаецца. Важнае месца займае хлеб і ў духоўным жыцці. 3 ранняга ўзросту чалавеку трэба прывіваць любоў і павагу да гэтага цудоўнага прадукту. Прапаноўваем мерапрыемства, здольнае паспрыяць гэтаму.

Мэта: даць звесткі пра карысць хлеба, паказаць этапы яго вытворчасці; узбагачаць лексічны запас народнымі, выслоўямі; развіваць навык выразнага чытання, памяць, інтэлект, творчыя здольнасці, уменне трымацца перад аўдыторыяй; выхоўваць павагу да хлеба, працы, Радзімы.
Падрыхтоўка да мерапрыемства: школьнікі развучваюць вершы, песні, танец, вырабляюць закладкі з прыказкамі і прымаўкамі пра хлеб і бульбу. На свята запрашаюцца бацькі і настаўнікі. У ролях Жытнёвага Каласка, Янінкі, Цімошыка, курачкі, гусака, індыка, бульбінак, Казла — вучні. Вядзе мерапрыемства настаўнік.
Абсталяванне: тэматычныя выявы, сноп жыта, падушка, палівачка з вадой, паднос з бульбай, булачкі.

Ход свята

Вядучы.
Да нас на свята запрашаем
I сардэчна вас вітаем —
I дарослых, і дзяцей,
Дарагіх усіх гасцей!
Добры дзень, хлопчыкі і дзяўчынкі, бацькі і настаўнікі! Сёння ў нас свята “Хлеб — здароўе, наша сіла!".

Вы ведаеце, што кожны год дзевятага мая наш народ святкуе Перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне. Вайна з фашыстамі доўжылася з 1941 па 1945 год. У той страшэнны час людзі галадалі. Самым дарагім быў хлеб, бо ён ратаваў ад галоднай смерці. Хлеб пяклі з мукі, у якую дабаўлялі пілавінне, мякіну, лебяду. Салдат, паміраючы ад ран, даставаў з кішэні загорнуты ў хусцінку апошні кавалачак хлеба і аддаваў яго іншаму салдату, каб той меў сілы жыць і працягваць ваяваць...

На вашу думку, ці даўно на зямлі з’явіўся хлеб? (Меркаванні дзяцей.) Так, даўно. Вучоныя лічаць, што ўпершыню хлеб выпеклі прыкладна шэсць тысяч гадоў таму ў Старажытным Егіпце.

Вучань.
У нас добры ўраджай
I духмяны каравай.
Будзем з вамі дружна жыць,
Працай мудрай даражыць.
Вядучы. Ці ведаеце вы, які хлеб больш карысны — чорны ці белы?
Чым бялейшая мука, тым менш у ёй вітамінаў і мікраэлементаў. Чорны хлеб больш карысны. Ён дае сілу, забяспечвае арганізм неабходнымі рэчывамі. Хлеб — галоўны пастаўшчык энергіі. Нездарма кажуць: няма хлеба і сала — і работа стала. Вось чаму трэба паважаць хлеб, шанаваць кожны каласок з зярняткамі.

З’яўляецца Жытнёвы Каласок.

Жытнёвы Каласок.
Добры дзень, шаноўны люд!
Каласочак тут як тут.
А народу як багата!
Пэўна, нейкае тут свята?
Мой убор зусім не новы,
Я ствараю хлеб жытнёвы!
Без хлеба і хата не хата,
I свята не свята,
I поле не поле,
I доля не доля!
А зараз для парадку
Загадаю вам загадку.
Сто братоў адным поясам перавязаны. Што гэта?
Дзеці (разам). Сноп.
Жытнёвы Каласок дорыць вядучаму сноп жыта.
Вядучы. Дзякуй табе, Каласок!
Хлопчыкі і дзяўчынкі, якія каласавыя расліны вы ведаеце? Давайце ўсе разам назавём іх. (Паказ выяў жыта, пшаніцы, аўса, ячменю.)
А хто ведае, з чаго пякуць чорны хлеб? (3 жыта.) А белы? (3 пшаніцы.)
А хто вырошчвае хлеб? (Хлебароб.)
А зараз давайце прасочым шлях хлеба да нашага стала. (Паказ выяў.)
Спачатку сеюць зерне. Зерне прарастае. Вырастае збожжа. Збожжа ўбіраюць камбайны. На машынах яго адвозяць сушыцца. Збожжа могуць сушыць уручную і з дапамогай спецыяльных машын. Потым яго вязуць на млын. Са збожжа атрымоўваецца мука, а потым з мукі пякуць хлеб. Вось такі шлях праходзіць хлеб, перш чым трапіць да нас на стол.
Шмат вершаў, казак, апавяданняў прысвечана хлебу.
Некалькі вучняў па чарзе чытаюць “Прытчу пра хлеб” М. Танка.

Аднойчы на кірмаш здалёк
Вандроўнік плёўся ў горад
I наракаў на свой мяшок,
Набіты лустай спорай.

Аж Хлеб не вытрымаў і так
Азваўся: — Што бядуеш?
Зусім не ты мяне, дзівак,
Але цябе нясу я.

— Ну, што ж, пабачым:
хто — каго! —
Той запярэчыў строга
I з цяжкага мяшка свайго
Хлеб вытрас на дарогу.

I сам пашкандыбаў далей.
Нішто не муліць плечы.
Дзень прамінуў. Ужо ў імгле
Стаў набліжацца вечар.

Настаў і час перакусіць.
Успомніў Хлеб Вандроўнік,
Што недзе, кінуты, ляжыць,
Духмяны і цудоўны!

Прылёг на нейкім дзірване,
Каб адпачыць хоць трошкі.
Але галоднаму і ў сне,
Знаць, сняцца хлеба крошкі.

Цяпер і сам сабе не рад.
Не спіцца, не ляжыцца.
Ці не вярнуцца лепш назад
Ды з другам памірыцца.

Устаў Вандроўнік і брыдзе —
Ідзе пад зорным небам
На месца памятнае, дзе
Ён пасварыўся з Хлебам.

О, як ён рад быў зноў, калі
Сваю пабачыў страту!
I Хлебу нізкі, да зямлі,
Аддаў паклон, як брату.
Настаўнік. Спадзяюся, што вы будзеце шанаваць хлеб і берагчы кожны яго кавалачак!
Каб хлеб трапіў да нас на стол, трэба вельмі шмат працаваць. Знаёмцеся — Янінка, працавітая дзяўчынка!
Янінка.
Шмат чаго рабіць магу,
Усім заўжды дапамагу,
Але ж братка мой, Цімошык,
Працаваць зусім не хоча,
Не ўяўлю сабе ніяк,
У каго такі лайдак?

З’яўляецца Цімошык з падушкай і лягае на падлогу.
Цімошык.
Я — Цімошык! Добры вечар!
Зранку сплю на цёплай печы,
Потым ем, у акно гляджу
I на печы зноў ляжу.
Янінка, а ты есці згатавала?
Янінка. Цімошык, а ты дровы накалоў?
Цімошык. Нават у лес не хадзіў.
Янінка. А што ж ты цэлы дзень рабіў?
Цімошык. Мух лічыў.
Янінка. I шмат налічыў?
Цімошык. Усе мае! А ты, Янінка, бульбы натушыла?
Янінка. А ты ў печы запаліў?
Цімошык. Нават дровы не калоў.
Янінка. А што ж ты цэлы дзень рабіў?
Цімошык. Камароў душыў.
Янінка. I шмат надушыў?
Цімошык. А ўсе мае!
Янінка. Ну і Цімошык, ну і лайдак, зараз я табе пакажу! (Бярэ палівачку і пырскае вадой.)
Цімошык (уцякаючы). Не трэба на мяне пырскаць, не трэба паліваць. Сам я буду працаваць! I дровы калоць, і ў печы паліць, і ваду насіць!
Вядучы. Упэўніліся, што працаваць трэба?

Дзяўчынка з хлопчыкам у беларускіх нацыянальных касцюмах падносяць гасцям хлеб-соль.

Дзяўчынка.
Хто працуе на сяле шчыра і заўзята,
Каб было ў нас на стале усяго багата?
Хлопчык.
Чорны, белы хлеб ці здобу
Еш, але не забывай:
Быць удзячны хлебаробу,
Што вырошчваў ураджай!

Інсцэніроўка казкі “Пшанічны каласок”

Вядучы. Жылі-былі на двары курачка Сакатушка, гусак Шыпун і індык Балбатун.

Аднаго разу знайшла курачка пшанічны каласок. Змалола зярняткі, замясіла цеста і напякла смачных булак. Гусак і індык ленаваліся ёй дапамагаць. А вось як пачулі пах булак, дык першыя кінуліся за стол.

Індык. Так, так. У пару прыйшлі.
Гусак. Ага-ага!
Курачка. Пачакайце, не спяшайцеся лезці за стол. Адкажыце на мае пытанні.
Гусак. Пытайся!
Індык. Толькі хутчэй!
Курачка. Хто каласок знайшоў?
Індык і гусак. Ты.
Курачка. Хто змалаціў каласок?
Індык і гусак. Ты.
Курачка. Хто зярняткі на млын насіў? Хто дровы калоў, у печы паліў, булкі пёк?
Індык і гусак. За гэта табе і слава.
Курачка. Дык вось — каму слава, таму і булкі!
Вучаніца.
Паглядзі вакол — поле каласіцца,
Ураджай, наш ураджай, золата-пшаніца.
Радзі, Божа, жыта, радзі і пшаніцу,
На другое лета, лепшае за гэта.
Вядучы. А зараз адгадайце загадку.
Што такое ў нашым краі
Другім хлебам называюць?
Слухачы і гледачы,
Здагадаўся — не маўчы!
Правільна! Гэта бульбінка-беларусачка, пекная паненачка, шэрая сукеначка, зялёная хустачка.
З’яўляюцца бульбінкі.

Бульбінкі.
Мы сяброўкі-рассыпушачкі,
Мы вясёлыя таўстушачкі.
Усе ў полі нарадзіліся,
Пагасціць да вас з'явіліся.
Вось якія мы паненачкі,
У нас шэрыя сукеначкі,
У Беларусі нарадзіліся,
Пагасціць да вас з’явіліся.
Вядучы. Бульбінкі правядуць з вамі хвілінку-весялінку. Устаньце, калі ласка!
(Кожны радок паўтараецца.)
Хлеб мы сеем, сеем, сеем (маршыруем, скачам),
А ён рунню зелянее (рукі падымаем, нахіляемся ўбок),
Спіць пад снегам (прысядаем, заплюшчваем вочы),
Узрастае (пацягваемся).
Цягнецца да сонца (становімся на дыбачкі),
Наліваецца (пляскаем у далоні),
А затым на стол (маршыруем, бяжым)
Спяшаецца (працягваем бегчы, скакаць).

Вядучы. Дзякуй вам, бульбінкі! Хлопчыкі і дзяўчынкі, а якія стравы з бульбы вы ведаеце? (Адказы вучняў.)
Вучань.
3 бульбы ў нас галушкі вараць,
Нашу бульбу ўсюды хваляць,
3 бульбы — клёцкі,
з бульбы — каша,
Неблагая страва наша!
Бульбу там і бульбу тут
Людзі хваляць, як ядуць.
Вядучы.
Дарагія гледачы,
Трэба мне дапамагчы.
Хай той запляскае ў ладкі,
Хто любіць з бульбачкі аладкі!
Хто любіць зразы і бабку?
Хто клёцкі?
Бульбяную кашу?
Салянікі?
А дранікі?
А зараз мы бульбачкай пачастуемся!
Вядучы бярэ паднос з бульбай. У залу ўбягае Казёл і пачынае "бадаць”дзяцей, хапае паднос.
Вядучы.
Козлік-казлішча, ты куды?
Ты наробіш рознае бяды!
Казёл.
Не дам я бульбы, не дам агуркоў,
А за капусту змагацца гатоў.
Ме-ме-ме-ме!
Вядучы.
Ты, Козлік з зялёнымі вачыма,
Ідзі прэч ад нас,
не марнуй наш час!
Ды не тупай капытамі,
Не бадай дзяцей рагамі!
Казёл.
А я казёл белы,
Па агародзе бегаў,
Дзе я біў нагою,
Там будзе жыта гарою,
Дзе рагамі —
Там будзе жыта стагамі.
Вядучы.
А ты, Казёл, не хлусіш?
Казёл.
Дзе казёл бывае,
Там шчасце вітае.
А вы мне зайграйце
Ды песню заспявайце.

Вучні выконваюць беларускую народную песню “Бульба”.
Казёл. Добра песню заспявалі!
Вядучы. Вось табе яшчэ адзін падарунак.
Дзеці танцуюць польку-трасуху.
Вядучы. Ці спадабаліся табе, Козлік, нашы падарункі?
Казёл. Так. Жадаю вам, каб у садочку, у хлявочку, у полечку, у дамочку ўсё радзіла і пладзіла!
Вядучы. Дзякуй табе, Козлік.
Хлеб смачны з малаком, салам, супам... Без хлеба няма абеду! Давайце ўспомнім прыказкі і прымаўкі пра хлеб. (Школьнікі адказваюць.) Шмат прыказак і прымавак вы ведаеце. Малайцы!
Вучаніца.
Дзе шчырая праца, там густа,
А дзе лянота — там пуста!
Вучань.
Праца і корміць, і поіць, і вучыць,
Старанны народ зямля наша любіць.
Вядучы. А зараз паслухайце невялічкую казку Леаніда Улашчанкі пра хлеб.

Была нядзеля. Гаспадыня накрыла святочны стол. Чаго толькі на ім не было: і грэцкая каша, і салата, і смажанае мяса, і нават фаршыраваны шчупак. Усе стравы атрымаліся вельмі смачныя. Але не паспела гаспадыня выйсці, як заспрачаліся стравы паміж сабою, якая з іх самая галоўная. Кожная была ўпэўнена, што яна найважнейшая. Як тут быць? “А давайце дамовімся, — прапанавалі раптам агуркі, — каго першага людзі возьмуць у рукі, той і галоўны”. На тЫм і пагадзіліся.

Гаспадыня запрасіла гасцей да стала. Калі ўсе паселі, самы стары і паважаны дзед агледзеў стол і запытаўся, ці ў кожнага ўсё ёсць. Потым яшчэ раз зірнуў на стол і хітравата ўсміхнуўся:

— Гаспадынька, а нешта ж я не бачу на стале самага галоўнага...
— Чаго? — падхапілася гаспадыня.
— Паглядзі, сама ўбачыш...
Жанчына акінула ўважлівым вокам стол і пляснула далонямі:
— Гэта ж трэба — хлеб не падала! Так закруцілася, што пра самае галоўнае забылася.

Людзі за сталом заўсміхаліся, павесялелі, а гаспадыня прынесла вялікі бохан свежага духмянага хлеба і падала дзеду. Той узяў нож і пачаў лусту за лустай кроіць яго. Рукі гасцей самі сабой пацягнуліся да хлеба.

Усе стравы сціхлі.
Вядучы. Хлеб! Ён ніколі не прыядаецца і ніколі не лішні. Ён і ёсць усяму галава.
Вучаніца.
Надыходзіць сумны час —
Вось і развітанне.
Запрашаем шчыра вас
На новыя спатканні!
Вучань.
Будзем рады мы сябрам
I сустрэнем ласкай.
Няхай свеціць сонца вам,
Як у добрай казцы!
Дзеці (разам).
Вам шчасця і долі,
I хлеба ўволю!

Усе выконваюць песню “Бывайце здаровы" (словы А. Русака, музыка I. Любана).
Усе частуюцца булачкамі; вучні дораць гасцям закладкі.


Яшчэ на гэту тэму:

Хлеб - жыцця аснова     Хлеб