сцэнарыі святаў на беларускай мове

Валянціна СТАТКЕВІЧ, выхавальнік вышэйшай катэгорыі, ДУА «Санаторныя яслі-сад № 539» Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь. Пралеска Красавік 2013 г.

«Жавароначкі, прыляціце!»

Канспект заняткаў, прысвечаных святу Саракі ў старэйшай групе

Музычная зала ўпрыгожана як вясновы лес, палянка. На сталах падрыхтаваны загатоўкі птушак з паперы. Дзеці пад беларускую народную музыку «залятаюць» праз «брамку», танцуюць павольна (творчы танец).
3 хаты выходзіць Гаспадыня.


Гаспадыня. Добры дзень, дзеткі. Сёння прыгожае народнае свята — Саракі. Вы да мяне прыляцелі, як сапраўдныя птушкі. Лічыцца, што ў гэты дзень да нас прылятаюць сорак птушак, і сярод іх — жаваронак. Яго ласкава называюць у нас і жаўрук, і жаўранак. Напярэдадні гаспадыні рабілі птушак з саломы, паперы, гліны, выпякалі жаўрукоў з цеста, а ў дзень свята ўпрыгожвалі імі галінкі дрэў і насілі іх па вуліцы, спяваючы песні. Давайце і мы зробім сабе такіх птушак.

Дзеці пад кіраўніцтпвам выхавальніка робяць птушак з паперы.


Гаспадыня. Вось і мы падрыхтаваліся да свята птушак. Давайце падымем іх высока і пагукаем Вясну, каб яна там у дарозе не бавілася, а спяшалася да нас.

Песня «Жавароначкі, прыляціце».

Гаспадыня. Выдатна праспявалі! А вось і Вясна да нас ідзе.
Пад музыку ўваходзіць Вясна.

Вясна. Прывітанне, дзеці. Я бачу, вы ўжо падрыхтаваліся да сустрэчы птушак, ужо птушачак з паперы нарабілі. Запрашаю вас разам са мной пайсці ў лес і ўпрыгожыць галінкі дрэў, паслухаць раніцу. А каб было весялей, заспяваем песню.

Дзеці (спяваюць).
Вясна наша вясёлая — гу!
Развесяліла зямлю, ваду — гу!
Вясна.
Зямлю, ваду, мяне маладу — гу!
Дзеці.
Ой, вясна вясёлая,
Нарасла трава зялёная — у-у-у!

Вясна. Паслухайце, як; узрадаваліся птушкі вяртанню дамоў.
Гучыць фанаграма птушынага спеву, дзеці слухаюць.


Гаспадыня. А давайце і мы сыграем, як спяваюць птушкі ў лесе.

Аркестр «Раніца ў лесе» (паводле С. Галкінай).

Вясна. Калі птушкі вяртаюцца дамоў, спачатку звіваюць сабе гняздзечка. Запрашаю ўсіх на вясёлую гульню.

Беларуская народная гульня «Займі гняздо».

Вясна. Нагуляліся, ацяпер трохі адпачнем. Паспрабуйце адгадаць мае загадкі.

Доктар дзюбкай стукае,
Трубкаю не слухае.
Тук-тук-тук ды тук-тук-тук,
Пэўна, чулі ў лесе стук?
Ледзь паспее адпачыць
I давай ізноў лячыць. (Дзяцел.)
3 выраю першы вяртаецца,
3 песняй да свету звяртаецца.
Поля і неба сябрук,
гэта, вядома... (жаўрук).
У церамку жыве,
Прыгожы голас мае.
Спяваць вялікі ён мастак,
Ну, а завецца птушка... (шпак).
Інсцэніроўка «Прыляцелі шпакі» (паводле П. Падкавырава).
Вясна.
Доўгая шыя, чырвоныя боты, Белы ды шэры, ідзе па балоце. (Бусел.)
Так, дзеці, гэта бусел. Ён з’яўляецца для беларусаў найбольш значнай і свяцейшай птушкай.* А жыве ён дзе? (Паблізу тых мяцінаў, дзе ёсць рэчка ці вадаём.) Там, ля балота і сырых мясцінаў, дзе шмат маленькіх жабянят, можна ўбачыць бусла.

Беларуская народная гульня «Бусел».

Гаспадыня. А яшчэ да нас прылятаюць гусі-лебедзі. Вось і гаспадынька знайшлася, якая будзе даглядаць за імі.

Беларуская народная гульня «Гусі-лебедзі і воўк».

Вясна. Ой, як весела з вамі! А цяпер яшчэ раз заспявайце мне вясновую песеньку.
Дзеці спяваюць «Жавароначкі, прыляціце» і «змейкай» выходзяць з музычнай залы.

* Можна дапоўніць расповед пра бусла звесткамі з матэрыяла «Птушкі Беларусі»: «Жавароначкі, прыляціце...», «Бусел, бусел, клёка...» («Пралеска», 2009, № 5).


Яшчэ на гэту тэму:

Свята Саракі     Як сарока з жаваранкам паспрачалася