сцэнарыі святаў на беларускай мове

Альбіна ГЛЕЙЗЕР, музычны кіраўнік ясляў-сада № 9 Полацка. Пралеска Сакавік 1992 г.

Залатыя дні - веснавыя дні

Сцэнарый для дзяцей старэйшай групы дзіцячага сада

У зале стаяць дэкарацыі (на густ музычнага кіраўніка). Пажадана каб у афармленні пераважалі вясновыя матывы. Дзяўчынкі у касцюмах птушак і кветак (можна масках).
Гучыць мелодыя песні "Залатыя дні - веснавыя дні" (муз. С. Альхімовіч, сл. А. Вольскага). Пад гукі мелодыі дзеці уваходзяць у залу і садзяцца.

Вядучая. Дзеці, хто з вас ведае, якая пара года зараз наступіла? (Адказы дзяцей)

Вядучая.
А зіма аж пачарнела—
Годзе ёй тут кроены ткаць!
Гэй, маленства, жыва, смела
Выйдзем вясну прывітаць!
Я.Колас.
1-е дзіця.
Хмара снегам не цярушыць,
I не гнуць вятры бяроз.
Ні за шчокі, ні за вушы
Не шчыпае Дзед Мароз.
Рамантуюць гнёзды галкі,
Рэчка поплаў заліла,
I плывуць зімы кавалкі
Каля самага сяла.
І. Муравейка
Вядучая.
Радасна працуюць пчолкі,
Птушкі гімн пяюць вясне.
Вецер сонечны, вясёлы
Падпявае ім і мне.
М.Пазнякоў.

Песня «Вясна» (апр. Р. Пукста).

2-е дзіця.
Завея зранку віравала,
Круціла злосна мокры снег,
Ды сонца весела зайграла
Апоўдні на цымбалах стрэх.
А хутка з поля да ракіты
Зіму пагоняць ручайкі.
I ў небе радасна-блакітным
Развесяць бомы жаўрукі.
М.Пазнякоў.

Вядучая.
Сонейка вясновае
Радасна ўсміхаецца.
Ззяе ўсё абноваю:
—Прывітанне, раніца!
За лясамі сінімі
Гром гудзе - стараецца,
Гурт дзяцей вясёлых
У калгас спяшаецца.
У. Карызна

Ці не паехаць на дзеці у вёску сустракаць вясну? Хуценька садзіцеся ў "аўтобус" і паімчымся. (Едуць. Прыпынак. Дзяцей сустракае хлопец Мікіта)

Мікіта. Добры дзень, даражэнькія! Калі ласка, да нас. А я вас ужо чакаю з ранку.
Вядучая. Добры дзень, Мікіта! А мы завіталі, каб сустрэцца тут з вясной. Ці прыйшла яна ўжо да вас?
Мікіта.
Выйшаў ранкам я на ганак,
Не рыпеў марозны снег.
Нібы з тонкіх-тонкіх кранаў
Кроплі падалі са стрэх.
Луг прачнуўся, зелянее,
Сняцца лесу казкі-сны.
I прырода разумее
Мову цёплую вясны,
П.Прануза.

Вядучая. А скажы нам, Мікіта, ці прыляцелі ўжо з цёплых краёў птушкі?
Мікіта. Так, так...
У родны край з-за акіяна,
3-за высокіх сініх гор
Жураўлі ляцяць клінамі,
Абуджаючы прастор.
Л. Шырын.
А яшчэ ляцелі гусёлкі цераз мой садочак.

Вядучая. Вось як добра! А мы ведаем песеньку пра гусёлак. Давайце, дзеці, заспяваем яе.

Беларуская народная песня “Ляцелі гусёлкі” (апр. А. Залётнева)

Мікіта.
Разбудзілі мяне рана
Галасістыя шпакі,
Я стаю усхваляваны
-- Малайчыны, спевакі!
Н. Галіноўская.

Паглядзіце, якую шпакоўню я збудаваў для шпакоў. У такой хатцы шпакам вельмі ўтульна.
Вядучая.Малайчына, Мікіта. Нашы дзеці, Мікіта, ведаюць верш пра шпакоўню і шпакоў. Паслухай, калі ласка.
3-е дзіця.
Як сады зазелянелі,
Зашумелі раўчукі,
К нам з-за мора прыляцелі
Два вясёлыя шпакі.
Аглядзелі дом навокал:
Зверху, знізу і з бакоў—
I прыветна, і высока...
Чым не дача для шпакоў?
Нацягалі траў, саломкі,
Ложак выслалі пушком.
Цэлы дзень іх голас звонкі
Весяліць шпачыны дом.
А. Жаўрук,

Малышы выконваюць песеньку «Прыляцелі шпакі» (муз. П. Падкавырава).

Мікіта.
Бусел, бусел, клекатун,
Цягнуў жабу за каўтун!
Ён ляцеў, махаў крыламі
Нізка-нізка па-над намі.

К. Цвірка

Дзеці выконваюць беларускую народную песню"Бусел" (са зборніка "Крынічка")
Гульня "Бусел і жабы"

Мікіта. А зараз паспрабуйце адгадаць маю загадку. Яна таксама пра птушачку.
Ціха ў полі, ціха ў лесе,
Чуць балбоча ручаёк,
А высока ў паднябессі
Льецца звонкі галасок.
Я.Колас.

Беларуская народная песня «Жавараначкі, прыляціце» (апр. В.Сярых).
У дзяцей ў руках—птушкі-жаваранкі (цацкі).


Вядучая. Бачым мы, што кусты і дрэвы ўжо трохі зазелянелі. Лаза расплюшчыла ўжо вочкі, бо надакучыла ёй спаць.
Мікіта.
Пасадзілі дрэўцаў шмат
Мы з дзядулем каля хат.
Ля дарог і пры даліне...
Край наш родны ў зеляніне.
Л.Шырын.

Вядучая. Паглядзіце ужо каля плоту падрастае крапіва.
Дзіця.
Бяжыць булькоча за кустамі
Вясновы радасны ручэй.
І крапіва ўжо падрастае,
Рукой краніся – апячэ.
Зямлі абуджанай прыкмета,
Несамавітая трава.
Але не горш ад першых кветак
Душу хвалюе крапіва.
М. Пазнякоў.

Вядучая.
Наш Мікіта на дудзе
Чары-гукі разліе.
Як пачуеш, як угледзіш,
Дык не ўстоіш, дык не ўседзіш.
Рукі ў бокі –
І пайшоў, пайшоў у скокі.
Л. Шырын.

Гульня “Мікіта”

Вядучая.
Шмат у сонейка сяброў –
Кожны стрэць яго гатоў.
Ля шпакоўні ранкам веснім
Шпак страчае сонца песняй.
Пчолка – мёдам залацістым,
Траўка – чыстай роскай.
Праца дружнай - трактарысты
У палях за вёскай...
Л. Шырын

Вельмі добра тут, праўда Мікіта? Але мы ўсе жадаем сустрэцца з Вясной - красной.
Ці скора ж ты, жаданы час
Вясны – красны, ідзеш да нас?
Сагрэй ты нас, цяплом абвей…
Ідзі Вясна, ідзі скарэй!
Я. Колас

Усе.
Вясна - красна – гу!
Прыйдзі ясна – гу!

Вясна. Добры дзень, дарагія дзеці! Прывітанне, Мікіта!
Мікіта.
Маладая вясна!
Залатая пара!
Будзь красна і ясна,
Не шкадуй нам дабра!
Вядучая.
Вокам моўчкі зірні
Бледнасць з твару згані!
Дай уздужаць малым
Пад паветам тваім.
Я.Колас.

Вясна. Кожны з вас, што краска, Красуйцеся, калі ласка!
Усе. Краса-Вясна, што ж ты нам прынесла?
Вясна.
Я вам дам жменю ячменю,
Жыта карыта, мерку пшаніцы,
Вады з крыніцы!
Птушкам—пачастунак!
Дачушцы—падарунак!
Сынкам—пацешка!

Вядучая. А нам?
Вясна.
А вам—усмешка!
Насіце, хваліцеся,
3 усімі дзяліцеся.
Г.Іванова.

Вядучая. Вялікае дзякуй Вясна - красна! А мы табе вяночак спляцём, а яшчэ песню спяём. (Дзеці надзяваюць Вясне вянок)
Гучыць песня "Залатыя дні - веснавыя дні" (муз. С. Альхімовіч), яна суправаджаецца адпаведнымі рухамі.

Вясна. А зараз я вам загадаю свае загадкі.
3-пад снегу выйшла, расцвіла,
I так, што аж зіма ўцякла.
(Пралеска.)

То празрысты і вясёлы.
То працяглы і густы.
Луг яго чакае, поле,
А яшчэ— чакаеш ты.
Пройдзе ён, і каля хаты
Ручаінкі зазвіняць,
Выйдзеш, і бясконца рады
Ты караблікі пускаць.
(Дождж.)

Сінявокі, слаўны, чысты,
Галавасты, залацісты,
Дасць абноў ён людзям шмат,
Будзе кожны вельмі рад.
(Лён.)

Вядучая. Запрашаем цябе, Вясна - красна, у наш карагод.

Карагод"Медуніца лугавая" або «Пасеялі дзеўкі лён» (апр. А. Рашчынскага).

Вядучая. А зараз, усе пусцімся у вясёлыя скокі.

Танец «Трасуха».

Вясна.
Бывайце, дзеці, спявайце, у гульні розныя гуляйце,
Лецейка краснае чакайце.
Пра мяне, Вясну, не забывайце.


На развітанне Вясна можа падарыць малым невялічкія букецікі пралесак.
Дзеці выказваюць Мікіту сваю падзяку за сустрэчу з вясной.Развітваюцца з ім. Едуць на "аўтобусе" дахаты.

Залатыя дні -- веснавыя дні

Прыйшла, прыйшла, нарэшце,
Да нас вясна.
На возерцы, на рэчцы
Сагнала лёд яна.
П р ы п е ў:
Ах, вясна, ах, красна,
Жартаўніца - вясна.
Чуваць і гоман гулкі,
І смех рабят, --
Выходзіць на прагулку
Увесь дзіцячы сад.
П р ы п е ў:
Слаўны сад, дружны сад,
Наш дзіцячы сад.
Смяецца сонца ярка
Нам з вышыні.
А як прыгожа ў парку
У веснавыя дні.
П р ы п е ў:
Эх, і дні, ну і дні --
Залатыя дні.
Эх, і дні, ну і дні --
Веснавыя дні.
Прыпеў паўтараецца два разы