сцэнарыі святаў на беларускай мове

А. I. ДАШКЕВІЧ, настаўніца сярэдняй школы № 2 г. Новалукомля. Беларуская мова і літаратура Кастрычнік 2014 г.

«Жывое ў вяках беларускае слова...»

Падарожжа-віктарына для вучняў IX—X класаў

Мэта: пашырыць веды вучняў аб паходжанні і асноўных этапах станаўлення сучаснай беларускай літаратурнай мовы, ролі славутых дзеячаў нацыянальнай культуры ў яе развіцці, аб мінулым роднага краю, гістарычнай і культурнай спадчыне; стварыць умовы для актывізацыі пазнавальнай дзейнасці вучняў, фарміравання іх камунікатыўных уменняў і культуры маўлення; развіваць творчыя здольнасці вучняў; садзейнічаць выхаванню грамадзянскасці, пачуцця патрыятызму, гонару за Радзіму, павагі і любові да роднай мовы.

Абсталяванне: партрэты беларускіх асветнікаў; выстава кніг, прысвечаных тэме; магнітафон і дыскі з запісамі песень.

Запісы на дошцы выказванняў мастакоў слова пра родную мову:

Любіце і шануйце, як святыню, роднае слова, з якім вас літасцівы Бог на свет пусціў (Францыск Скарына).
Ніякае багацце людзей не бывае даражэйшым за іх родную мову (Якуб Колас).
Мова — гэта вялікі народны скарб. Яе нельга не паважаць, як нельга не паважаць родны народ (Іван Мележ).
Хто не шануе родную мову, той не шануе сябе самога, ні свой род, ні сваіх дзядоў-бацькоў, якія той жа мовай гаварылі (Вацлаў Ластоўскі).
Хто забыў сваіх продкаў — сябе губляе, хто забыў сваю мову — усё згубіў (Уладзімір Караткевіч).

Форма правядзення: падарожжа-віктарына.

Эпіграф:
Бясследна нішто не міне,
Гісторыю слова адродзіць.
Ты мост, па якім да мяне
Мінуўшчына ў госці прыходзіць.
Пятрусь Макаль.

Ход мерапрыемства

Гучыць беларуская музыка.
Першы чытальнік.
Слова наша роднае, хапала
На стагоддзі доўгія цябе.
Багдановіч, Колас і Купала
Прыпадалі да цябе ў журбе.
...Вымытае ў гулкіх навальніцах,
Нам як запавет перадалі,
Каб пілі і не маглі напіцца
I ўзнялі наўздзіў усёй зямлі.

Мова продкаў нашых і нашчадкаў —
Шэпт дубровы і пчаліны звон, —
Нам цябе ласкава і ашчадна
Спазнаваць ажно да скону дзён.
Па чужых краях не пабірацца.
Не аддаць цябе на забыццё.
Наша невычэрпнае багацце,
Наша несмяротнае жыццё.
Генадзь Бураўкін.

Настаўнік. «Родная мова... Яна ўваходзіць у наша жыццё з вуснаў маці. Прыгожае гучанне роднага слова мы пачынаем успрымаць з матчыных песень, цудоўных беларускіх казак, легендаў, паданняў. 3 роднай мовай мы пакідаем бацькоўскі парог, адпраўляючыся ў далёкія вандраванні. I пачуццё роднай зямлі, якое неяк губляецца, калі ты жывеш на ёй,
асабліва абвастраецца, калі апынаешся дзесьці далёка. I гэта невыпадкова. Бо мова — душа народа, векавая праца многіх пакаленняў, люстэрка духоўнага жыцця і творчасці грамадства, наш галоўны нацыянальны скарб. «Гэта мова першай матчынай калыханкі і апошняга "бывай", мова пажаўцелых статутаў і мова кахання», — пісаў Уладзімір Караткевіч.
Няма мовы — няма суцяшэння ў горы, няма слоў радасці. Ці доўга пражыве дрэва, калі ў яго абсякуць карані? Загіне дрэва. Якім жа стане чалавек, калі ў яго вырвуць зямлю з-пад ног, родную мову? Загіне чалавек. Нездарма Якуб Колас казаў: «Ніякае багацце людзей не бывае даражэйшым за іх родную мову».
Сённяшняе мерапрыемства будзе своеасаблівым падарожжам. Падчас гэтага падарожжа мы звернемся да гісторыі паходжання і станаўлення сучаснай беларускай літаратурнай мовы; прыгадаем імёны тых, хто зрабіў усё, каб беларускае слова жыло ў вяках.

Першы вучань. Беларуская мова — адна з трох усходнеславянскіх моў, якая распаўсюджана ў асноўным на тэрыторыі Беларусі і Усходняй Польшчы. Яна належыць да індаеўрапейскай моўнай сям'і, славянскай групы, усходнеславянскай падгрупы. Індаеўрапейскія мовы — самая вялікая ў свеце моўная сям'я. У наш час амаль кожны другі жыхар планеты гаворыць на мове індаеўрапейскага паходжання.
Беларуская мова — дзяржаўная мова Рэспублікі Беларусь.
Агульная колькасць людзей, якія валодаюць беларускай мовай — каля 10 мільёнаў чалавек.
Паводле перапісу 2009 года, 60 % жыхароў Беларусі (агульная колькасць жыхароў — 9,504 млн. чалавек) лічаць сваёй роднай мовай беларускую.

Настаўнік. Беларуская мова — гэта нацыянальная мова беларускага народа. Яна мае шматвяковую гісторыю. Мова прайшла доўгі шлях свайго развіцця — ад мовы беларускай народнасці ў далёкім мінулым да сучаснай мовы беларускай нацыі. Стваралася і развівалася беларуская нацыянальная мова ў складаных гістарычных умовах, у непарыўнай сувязі з фарміраваннем і развіццём беларускай нацыі.
Перш чым утварылася беларуская народнасць і сфарміравалася яе мова, у жыцці ўсходняга славянства адбылося шмат важных падзей, якія паўплывалі на яе стан і развіццё.
Да ліку такіх падзей адносіцца далучэнне славян у X стагоддзі да хрысціянскай цывілізацыі. Разам з хрысціянствам на ўсходнеславянскія землі прыйшла пісьменнасць на стараславянскай мове і паступова выціснула язычніцкую культуру і іншыя сістэмы літарнага пісьма, што існавалі ва ўсіх славян у IX стагоддзі.

Другі вучань.
А ці ведаеце вы:

  1. Калі адбылося хрышчэнне Полацкага княства? (У 992 годзе.)
  2. Хто з'яўляецца стваральнікам новай сістэмы пісьменнасці — кірыліцы? (Кірыл і Мяфодзій.)
  3. На аснове якога алфавіту была створана кірыліца? (На аснове грэчаскага алфавіту.)
  4. Назавіце буйныя цэнтры старажытнай пісьменнасці на Беларусі. (Полацк, Тураў, Пінск, Слуцк, Мазыр.)
  5. Які жанр рэлігійнай літаратуры быў найбольш папулярны ў той час? (Хаджэнні.)
  6. Якіх знакамітых хрысціянскіх аўтараў таго часу вы ведаеце? (Іаан Златавуст, КірылаТураўскі, Клімент Смаляціч.)
  7. Што ў перакладзе з грэчаскай мовы азначае слова «біблія»? (Кніга.)
  8. 3 якіх раздзелаў складаецца Біблія? (Стары Запавет і Новы Запавет.)

Настаўнік. Калыскай беларускай культуры, безумоўна, з'яўляецца Полацк. Зусім невыпадкова, што менавіта тут нарадзілася першая беларуская святая, без імя якой нельга ўявіць не толькі духоўнае жыццё Беларусі XII стагоддзя, але і гісторыю нашай Радзімы. Ефрасіння Полацкая...

Другі чытальнік.
У прачыстае князёўны
зорны лёс, такі цудоўны!
Шлях ёй з многасці дарог
паказаў нібы сам Бог.
Крывічанка Ефрасіння,
край жыве пад небам сінім
і пад небам залатым
з вобразам тваім святым.

Ефрасіння, ты — святая;
слава добрая твая
у стагоддзях вырастае,
зоркай свеціцца імя.

Як не будзе ў душах ладу,
цемната пакажа ўладу...
Супраць цемры, цемнаты
запаліла свечку ты.
Ефрасіння-палачанка,
неўміручая заранка,
храм святла — твой верны дом,
стала ты сама святлом.
Васіль Жуковіч.

Трэці вучань.
А ці ведаеце вы:

  1. Які помнік старажытнай беларускай літаратуры стаў асноўнай крыніцай біяграфічных звестак пра Ефрасінню Полацкую? («Жыціе Ефрасінні Полацкай».)
  2. Назавіце свецкае імя гэтай славутай асветніцы. (Прадслава.)
  3. Назавіце кірункі асветніцкай дзейнасці Ефрасінні. (Перапісванне і пераклад кніг; стварэнне школ, у тым ліку і жаночай, і інш.)
  4. Назавіце імя майстра, які паводле заказу Ефрасінні зрабіў славуты крыж. (Лазар Богша.)
  5. Незвычайны лёс Ефрасінні, самаадданае служэнне князёўны роднай зямлі прыцягваюць увагу гісторыкаў, мастакоў, пісьменнікаў. Назавіце творы, у якіх сучасныя пісьменнікі ўвасобілі яе вобраз. («Прадслава» Вольгі Іпатавай, «Спакуса» Таісы Бондар, «Святыя грэшнікі» Алеся Асіпенкі, «Пакліканыя» Валянціны Коўтун, «Крыж» Аляксея Дударава і інш.)
  6. Дзе ў Беларусі былі ўсталяваны помнікі ў гонар святой Ефрасінні Полацкай? (Першы помнік беларускай святой быў усталяваны ў 1999 годзе ў Мінску ў дворыку БДУ. Другі помнік Ефрасінні Полацкай быў усталяваны ў Полацку ў 2000 годзе. Трэці помнік знаходзіцца ў Мінску ля ўвахода ў Інстытут сродкаў аўтаматызацыі на праспекце Незалежнасці.)

Настаўнік. Ахвярная праца святой Ефрасінні і яе славутых сучаснікаў (Клімента Смаляціча, Кірылы Тураўскага) дазволіла ўзняць культуру на вельмі высокі ўзровень.
У XIII стагоддзі з'яўляецца новая дзяржава — Вялікае Княства Літоўскае. ВКЛ узнікла як саюз усходнеславянскіх княстваў (Полацкае, Пінска-Тураўскае, Берасцейскае і інш.), і на працягу XIV стагоддзя ўся тэрыторыя Беларусі ўвайшла ў яго склад. Гэта была дзяржава шматэтнічная, рознаканфесіянальная і шматмоўная. Этнічную большасць у Вялікім Княстве Літоўскім складалі нашчадкі былых усходнеславянскіх плямён, якія не растварыліся ў вялікай дзяржаве, а захавалі свае традыцыі, звычаі, веру, культуру, сваю мову, атрыманую з даўніх часоў.

Чацвёрты вучань.
А ці ведаеце вы:

  1. 3 якіх плямён утварылася беларуская народнасць? (Крывічы, радзімічы, дрыгавічы.)
  2. Калі ўпершыню сустракаецца тэрмін «Белая Русь»? (Тэрмін «Белая Русь» упершыню сустракаецца ў канцы XIV стагоддзя ў адносінах толькі да Полацкай зямлі. У далейшым ён пашырыўся на ўсю Беларусь.)

Настаўнік (працягвае). Менавіта ў ВКЛ на працягу XIV—XVI стагоддзяў старабеларуская мова выкарыстоўвалася ў якасці дзяржаўнай.
На беларускай мове былі створаны летапісы, арыгінальныя і перакладныя мастацкія творы, навучальная, публіцыстычная, юрыдычная літаратура; вялася дыпламатычная перапіска. Менавіта на беларускай мове быў створаны і выдадзены найбольш дасканалы ў Еўропе XVI—XVIII стагоддзяў звод асноўных законаў, што выконваў функцыі Канстытуцыі дзяржавы, — Статут ВКЛ.
У 1392—1393 гадах хан Арды Тахтамыш піша ліст польскаму каралю Ягайлу на старабеларускай мове!
На беларускай мове ўпершыню ў гісторыі ўсходніх славян на пачатку XVI стагоддзя з'явіліся друкаваныя кнігі.
Францыск Скарына... Яшчэ адно імя, вядомае ўсяму свету. Гэта ён — Францыск Скарына — «прынёс свае кнігі дадому», узняў беларускую мову і беларускую культуру на еўрапейскі ўзровень.

Трэці чытальнік.
Зямлю лапцямі прадзеды мясілі,
Гады лічылі дбайныя зязюлі...
Мужнелі продкі, гадавалі сілы,
ніякія каб злыдніне кранулі,
ніякая каб нечысць не скарыла
«крывіцкай, руськай, Богам данай» мовы,
каб некалі Францыск Скарына
увекавечыў дарагія словы...
Мікола Трафімчук.

Пяты вучань.
А ці ведаеце вы:

  1. Дзе і калі нарадзіўся Францыск Скарына? (Каля 1490 года ў Полацку.)
  2. Як называлася першая кніга, якую надрукаваў Францыск Скарына? Дзе і калі яна выйшла? («Псалтыр», 6 жніўня 1517 года.)
  3. Якія кнігі надрукаваў Францыск Скарына ў Вільні? («Малую падарожную кніжку», «Апостал».)
  4. Колькі кніг Бібліі выдаў Францыск Скарына? (Дваццаць тры.)
  5. Чым суправаджалася кожная кніга Францыска Скарыны? (Тытульным лістом, пранумараванымі старонкамі, прадмовай і пасляслоўем, ілюстрацыямі, віньеткамі — арнаментам на загаловачным лісце.)

Настаўнік. «Напісанае застаецца», — гаварылі старажытныя рымляне. Францыск Скарына пакінуў нашчадкам кнігі, якія сёння, ўспрымаюцца як самая дарагая рэліквія, як духоўны скарб, нацыянальная святыня, як сімвал усёй тысячагадовай беларускай культуры. Як запавет нашчадкам даносяцца да нас з XVI стагоддзя пранікнёныя і мудрыя словы Францыска Скарыны: «Любіце кнігу, бо яна крыніца мудрасці, ведаў і навукі, лекі для душы».

Першы вучань.
А ці ведаеце вы:

  1. Якімі яшчэ вядомымі асветнікамі, людзьмі энцыклапедычнай адукаванасці знакаміты гэты перыяд? (Мікола Гусоўскі, Сымон Будны, Васіль Цяпінскі, Андрэй Рымша, Лаўрэнцій Зізаній, Мялецій Сматрыцкі, Сімяон Полацкі і інш.)
  2. Хто ў 1580 годзе ў заснаванай ім уласнай друкарні выдаў «Евангелле» на царкоўнаславянскай і беларускай мовах? (Васіль Цяпінскі.)
  3. Як у сваёй прадмове да «Евангелля» Васіль Цяпінскі абгрунтаваў неабходнасць перакладу Бібліі на беларускую мову? (Васіль Цяпінскі лічыў, што без роднай мовы людзі не зразумеюць Божай навукі, што занядбанне роднай мовы варта асуджэння.)
  4. Хто выдаў у Нясвіжы першую беларускую кнігу «Катэхізіс»? (Сымон Будны.)
  5. Назавіце прозвішча вядомага беларускага паэта-гуманіста эпохі Адраджэння, аўтара твора «Песня пра зубра». (Мікола Гусоўскі.)

Настаўнік. У другой палове XVI стагоддзя пасля аб'яднання ВКЛ з Польшчай на аснове Люблінскай уніі (1569 г.) беларускія землі ўвайшлі ў склад Рэчы Паспалітай. Пры падтрымцы каталіцкага Рыма Рэч Паспалітая пачынае праводзіць палітыку апалячвання і акаталічвання беларусаў. У 1696 годзе Варшаўскі сейм прыняў пастанову аб забароне беларускай мовы ў дзяржаўных і судовых установах.

Чацвёрты чытальнік.
Жыць цяжка на крэсах усходніх,
Марнуецца дарма народ.
Гудзіць Навагрудак, Гародня,
Пад Вільню ідзе карагод
За ўціскі тутэйшага слова,
За крыўду бяспраўных дзяцей,
Якіх праз чужацкую мову
3-пад родных зрываюць грудзей.
Міхайла Грамыка.

Настаўнік. Аднак народ гаварыў на сваёй роднай мове, ствараў цудоўныя казкі, песні, паданні, легенды, прыказкі, загадкі, у якіх праўдзіва паказвалася жыццё народа.
У канцы XVIII стагоддзя (1795 г.) у выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай беларускія землі ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі.
Пяты чытальнік.
Уладны росчырк царскага пяра —
I стаў народ насельніцтвам правінцый
Без мовы, без культуры. І пара
Яму ў народах іншых растварыцца.
Няхай сячэ дрымучыя лясы,
Палюе звера для паноў вяльможных,
Яго жыццё ля плуга і касы,
Халоп нічога іншага не можа...
Зінаіда Дудзюк.

Настаўнік. У 1840 годзе Мікалай I забараняе ўжываць саму назву «Беларусь» (існавала назва «Северо-Западный край»). Афіцыйная перапіска і мастацкая літаратура на беларускай мове былі забаронены. Сваёй роднай мовай беларускі народ карыстаўся толькі ў бытавой сферы. Польскія і рускія вучоныя не прызнавалі беларускую мову самастойнай, разглядалі яе як польскі або рускі дыялект; вялі спрэчкі наконт таго, кім з'яўляюцца тутэйшыя жыхары: рускімі ці палякамі.

Шосты чытальнік.   
Але не зніклі з назвай Беларусь
Па царскаму загаду беларусы,
Што песнямі распальвалі зару
I ткалі мрояў тонкія абрусы,
Што з косамі выходзілі на бой
Супроць няпраўды горкай і нядолі,
За бунт плацілі ўласнаю крывёй,
Каналі і раджаліся на полі...
Зінаіда Дудзюк.

Настаўнік. Беларусы не скарыліся ні сацыяльнаму, ні нацыянальнаму прыгнёту. У 1863 годзе ў Польшчы ўспыхнуда нацыянальна-вызваленчае паўстанне, якое перакінулася на беларускія землі. Гэта было выступленне за волю і долю, за вяртанне беларусаў да гістарычнага жыцця ў свеце, прызнання іх як аднаго са славянскіх народаў, за плячыма якога вельмі багатая гісторыя.

Другі вучань.
А ці ведаеце вы:

  1. Хто ўзначальваў паўстанне ў Беларусі і Літве? (Кастусь Каліноўскі.)
  2. Як называлася першая газета на беларускай мове, якую выдаваў Кастусь Каліноўскі? («Мужыцкая праўда».)
  3. Колькі нумароў «Мужыцкай праўды» ўбачылі свет? (Сем.)
  4. Якія ідэі наконт беларускай мовы сцвярджаў Кастусь Каліноўскі ў «Мужыцкай праўдзе»? (Беларуская мова з'яўляецца неад'емным фактарам нацыянальнага быцця народа, неабходна ўвесці ў навучанне дзяцей родную мову.)
  5. Хто з беларускіх пісьменнікаў прымаў актыўны ўдзел у паўстанні, быў цяжка паранены, тайна лячыўся пад Беластокам? (Францішак Багушэвіч.)
  6. Якія зборнікі Францішка Багушэвіча, нягледзячы на царскую забарону аб друкаванні кніг, выйшлі за мяжой у канцы XIX стагоддзя? (Зборнікі «Дудка беларуская» і «Смык беларускі».)
  7. Каму належаць словы: «Шмат было народаў, што страцілі найперш мову сваю, так, як той чалавек перад скананнем, катораму мову зойме, а потым і зусім замёрлі. Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі»? (Францішку Багушэвічу.)

Настаўнік. Паўстанне было жорстка падаўлена царскім урадам. Тысячы ўдзельнікаў паўстання былі расстраляны, асуджаны на катаргу, сасланы ў Сібір. Па асабістым загадзе душыцеля паўстання генерала Мураўёва Кастусь Каліноўскі быў публічна павешаны на Лукішскай плошчы ў Вільні. У Беларусі на некалькі дзесяцігоддзяў настала чорная паласа рэакцыі.
У 1867 годзе царскі ўрад забараніў друкаванне кніг на беларускай мове. Гэта забарона праіснавала да рэвалюцыі 1905 года. За ўсё XIX стагоддзе, па падліках даследчыкаў, выйшла не больш за 75 кніг. Пасля паўстання 1863 года на працягу 30 гадоў на тэрыторыі Беларусі не было надрукавана ніводнай кнігі на беларускай мове. А тыя, што выходзілі ў свет, друкаваліся за межамі Расійскай імперыі. Сярод нешматлікіх твораў, якія з'явіліся ў XIX стагоддзі, найбольш значнымі лічацца паэмы «Тарас на Парнасе» і «Энеіда навыварат».
Як ні дзіўна, але менавіта ў час поўнага нацыянальнага заняпаду ў асяродку навукоўцаў-беларусістаў з'яўляецца ідэя беларускага нацыянальнага Адраджэння. Узнавіць беларускую культуру праз адраджэнне беларускай мовы — такую мэту ставілі перад сабой асветнікі ў пачатку XX стагоддзя.

Сёмы чытальнік.
Чаго вам хочацца, панове?
Які вас выклікаў прымус
Забіць трывогу аб той мове,
Якой азваўся беларус?

Чаму вам дзіка яго мова?
Паверце, вашай ён не ўкраў,
Сваё ён толькі ўспомніў слова,
3 якім радзіўся, падрастаў.
.............................................

Эх, кіньце крыўдамі карміцца, —
Кожны народ сам сабе пан;
I беларус можа змясціцца
Ў сям'і нялічанай славян!
Янка Купала.

Трэці вучань.
А ці ведаеце вы:

  1. Назавіце легальныя перыядычныя выданні на беларуская мове, якія выходзілі ў пачатку XX стагоддзя. («Наша доля», «Наша ніва», «Беларус», «Гоман» і інш.)
  2. Якія класікі беларускай літаратуры друкавалі свае творы ў «Нашай ніве»? (Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч, Цётка, Максім Гарэцкі, Змітрок Бядуля і інш.)
  3. Хто стварыў і выдаў у Пецярбургу «Беларускі лемантар, або Першую навуку чытання» — першы беларускі буквар? (Цётка.)
  4. Хто надрукаваў першы, напісаны на беларускай мове, нарыс гістарычнага жыцця беларусаў — «Кароткую гісторыю беларусаў»? (Вацлаў Ластоўскі.)

Настаўнік. У 1918 годзе была ўтворана Беларуская Народная Рэспубліка (БНР), затым, у 1919 годзе, — БССР. Беларуская мова ўпершыню пасля часоў ВКЛ набыла статус дзяржаўнай. Распачаўся працэс беларусізацыі. Да беларускага пісьмовага слова далучыліся мільёны людзей. Толькі за перыяд з 1920 па 1926 гг. пачалі сваю творчую дзейнасць каля 500 маладых літаратараў. Упершыню былі створаны на беларускай мове падручнікі для школ па ўсіх прадметах, слоўнікі. У канцы 20-х гадоў амаль уся літаратура (каля 90 %), якая выпускалася ў рэспубліцы, была беларускамоўнай, звыш 80 % школ вялі навучанне па-беларуску. Беларуская мова стала мовай справаводства, навукі.

Чацвёрты вучань.
А ці ведаеце вы:

  1. Назавіце імёны беларускіх літаратараў, якія распачалі сваю творчую дзейнасць у гэты перыяд (Уладзімір Дубоўка, Язэп Пушча, Андрэй Александровіч Адам Бабарэка, Міхась Чарот, Алесь Дудар, Кузьма Чорны, Кандрат Крапіва і інш.)
  2. Хто з'яўляецца аўтарам «Беларускай граматык для школ», якая выйшла з друку ў 1918 г? (Браніслаў Тарашкевіч.)
  3. Калі была адкрыта Дзяржаўная бібліятэка Беларусі? (У 1922 годзе.)
  4. Якія газеты і часопісы пачалі выходзіць у гэты перыяд? (Газета «Савецкая Беларусь», часопісы «Полымя», «Маладняк», дзіцячы часопіс «Зоркі» і інш.)
  5. Якія літаратурныя аб'яднанні былі створаны ў 20-я гады XX стагоддзя? («Маладняк», «Узвышша», «Полымя», БелАПП.)
  6. Літаратурнае жыццё ў канцы 1920-х гадоў прыкметна палітызавалася. Якой трагедыяй гэта скончылася? (Па надуманай справе «Саюза вызвалення Беларусі» былі асуджаны на высылку і творчую бяздзейнасць каля 180 пісьменнікаў, вучоных, грамадскіх дзеячаў.)

Настаўнік. У канцы 80-х — пачатку 90-х гг. мінулага стагоддзя ўзніклі новыя фактары, якія паўплывалі на моўную сітуацыю.
Пачаўся працэс дэмакратызацыі грамадства, распачалося будаўніцтва суверэннай дзяржавы.

Пяты вучань.
А ці ведаеце вы:

  1. У якім годзе беларуская мова набыла статус дзяржаўнай? (26 студзеня 1990 года ў адпаведнасці з Законам «Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь».)
  2. Калі была зацверджана дзяржаўная праграма развіцця беларускай мовы і іншых нацыянальных моў? (Верасень 1990 года.)
  3. Дзе былі канчаткова замацаваны новыя падыходы да развіцця дзяржаўнай мовы? (У Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. У артыкуле 17 першага раздзела Канстытуцыі запісана: «Дзяржаўнай мовай Рэспублікі Беларусь з'яўляецца беларуская мова. Рэспубліка Беларусь забяспечвае права свабоднага карыстання рускай мовай як мовай міжнацыянальных зносін.»)
  4. У якім годзе быў прыняты Закон «Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі»? (У ліпені 2008 года.)

Настаўнік. Сёння беларуская мова, якую наш народ пранёс праз вякі, з'яўляецца найвялікшым нацыянальным скарбам. Ад вас, моладзі, залежыць яе лёс. Авалодвайце яе таямніцамі, беражыце яе залатыя россыпы, каб вашы нашчадкі змаглі з гонарам сказаць: «Жывое ў вяках беларускае слова!».

Восьмы чытальнік.
Жывое ў вяках беларускае слова —
Народа душа і народа хвала.
Цябе абзывалі «мужыцкаю мовай»,
А нам жа ты матчынай мовай была.
.............................................................

У маках чырвоных гарыць прыгуменне...
О матчына мова! Маленства вясна!
Ніколі ніхто мне цябе не заменіць,
Бо ты, як і маці, на свеце адна.
.............................................

Як у спёку ратуе ад смагі вада,
Так і думы людскія ўратоўвае мова...
Не забудзьма ж нашчадкам сваім перадаць
У нязменнай красе наша добрае слова.
Алесь Бачыла.

Спіс літаратуры

Беларуская мова: энцэкл./ пад рэд. А. Я. Міхневіча. - Мінск : БелЭн, 1994. - 655 с.
Беларусь на мяжы тысячагоддзяў. -Мінск : БелЭн, 2000. - 432 с.
Ігнатоўскі, У. М. Кароткі нарыс гісторыі Беларусі / У. М. Ігнатоўскі. - Мінск : Беларусь, 1991. - 190 с.
Малажай, Г. М. Пазакласная праца па беларускай мове / Г. М. Малажай, С. Р. Рачэўскі. - Мінск : Вышэйш. шк., 1990. - 245 с.
Паўлоўская, В. І. Мова: цікава і займальна / В. І. Паўлоўская. - Мінск : Нар. асвета, 1989. - 219 с.


Яшчэ на гэту тэму:

Падарожжа з Несцеркам па вуснай народнай творчасці     Пяшчотная матуліна мова