сцэнарыі святаў на беларускай мове

Н. С. ГАЎРУСЁВА, настаўніца вышэйшай катэгорыі сярэдняй школы № 10 г. Барысава. Беларуская мова і літаратура 5/2017

Паклон вам, песняры!..

Літаратурная гасцёўня, прысвечаная 135-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа (IX—XI класы)

Мэта: актуалізацыя і пашырэнне ведаў вучняў пра жыццё і лёс Янкі Купалы і Якуба Коласа, іх грамадзянскую пазіцыю і дзейнасць.
Задачы: зацікавіць вучняў неардынарнымі асобамі паэтаў, іх шматграннай творчасцю; садзейнічаць развіццю творчых здольнасцей вучняў, уменняў самастойнай працы з навукова-папулярнымі крыніцамі інфармацыі; спрыяць выхаванню нацыянальнай самасвядомасці школьнікаў.
Абсталяванне: партрэты Янкі Купалы і Якуба Коласа, выстава іх кніг, камп’ютар, мультымедыйны праектар.

Ход мерапрыемства

Першы вядучы. Кожнаму чалавеку лёс адводзіць свой зямны куток, дае бясцэнны дар жыцця і непаўторную матчыну ласку, родную мову і святое адчуванне ўласнай годнасці. А вось неба над намі адно — неабдымнае і загадкавае, глыбокае і неспазнанае, адкуль зоркі свецяць, не зважаючы на дзяржаўныя межы і розніцу ў людскіх характарах, не слухаючыся грозных валадароў і не заўважаючы хуткаплынных змен.
Другі вядучы. Нібы адчуваючы нейкую віну за шматвяковую цяжкую і маркотную долю Беларусі, 135 гадоў назад Бог шчодра кінуў сваю зыркую іскру адразу ў дзве душы сялянскіх сыноў — і ў свет прыйшлі два нацыянальныя геніі, на небасхіле культуры ўспыхнулі найярчэйшыя зоркі беларускай літаратуры.
Першы вядучы. Людвіг Феербах некалі пісаў, што таленты заўсёды з’яўляюцца тады, калі ў іх ёсць патрэба. Янка Купала і Якуб Колас і творчасцю, і ўсім сваім жыццём пацвердзілі гэта. Яны ўзнялі паходню свайго мудрага слова на пераломе сацыяльных эпох, у перыяд, названы першай рускай рэвалюцыяй, калі той-сёй з цароў і царанят ставіў пытанне: а ці ёсць такі народ — беларускі, а ці патрэбна мова такая — беларуская?
Другі вядучы. Ёсць! Патрэбна! — разам з Максімам Багдановічам, Цёткай, Алесем Гаруном адказалі Янка Купала і Якуб Колас і даводзілі гэта найперш самім беларусам, а пасля і ўсяму свету. Ёсць народ, калі ён нараджае такіх геніяў! Патрэбна мова, каб на ёй ствараць шэдэўры!
Першы вядучы. Яны розныя — заснавальнікі новай беларускай літаратуры — і як асобы, і як творцы: парывісты, тэмпераментны і ўзнёслы Янка Купала.
Дэманструюцца партрэты Янкі Купалы і Якуба Коласа.
Другі вядучы. Ураўнаважаны, дыхтоўны, падкрэслена рэалістычны Якуб Колас.
Першы вядучы. Адзін — вястун і прарок.
Другі вядучы. Другі — летапісец і флосаф.
Першы вядучы. I калі ў шчаслівым яднанні духоўнага і матэрыяльнага, што, дарэчы, дадзена зразумець, асэнсаваць і выказаць толькі нямногім, у першага спачатку ідзе духоўнае, то ў другога — матэрыяльнае. Але ў абодвух пры гэтым пульсуе тонкае адчуванне душы чалавека і дакладнае веданне яго побыту, працы, узаемадачыненняў і ўзаемадзеянняў з прыродай і зямлёй. Як ва ўсіх геніяў, часовае ў іх эліта з вечным, нацыянальным, нацыянальнае — з агульначалавечым, асабістае — з усялюдскім.
Другі вядучы. Зямны шлях свой яны пачалі аднолькава. У самую кароткую летнюю ноч з 6 на 7 ліпеня, калі па паданні зацвітае на Беларусі кветка папараці, што прыносіць шчасце таму, хто яе знойдзе, у маленькай хатцы вясковага арандатара Луцэвіча нарадзіўся сын, якога назвалі Іванам. Непадалёку ад хаты пры рацэ гарэлі вогнішчы, ля якіх весялілася моладзь: дзяўчаты пускалі вянкі па вадзе, спявалі купальскія песні. Хто ведае, можа, вось гэта, адна з іх, была першай калыханкай, якую пачуў будучы паэт.

Дэманструюцца фотаздымкі мясцін і хаты, дзе нарадзіўся Янка Купала.
У выкананні вакальнай групы гучыць беларуская народная песня «Купалінка».


Першы вядучы. Можа таму, калі прыйшлося паэту, паводле літаратурнай традыцыі, выбраць псеўданім, ён выбраў гэты — Яька Купала.
Другі вядучы. А праз пяць месяцаў 3 лістапада таго ж 1882 года ў сям’і лесніка князя Радзівіла ў засценку Акінчыцы, што на Стаўбцоўшчыне, нарадзіўся Канстанцін Міцкевіч. (Дэманструюцца фотаздымкі хаты і мясцін, дзе нарадзіўся Якуб Колас.)

У Канстанціна Міцкевіча было шмат псеўданімаў, аднак галоўным стаў адзін — Якуб Колас. Чаму Якуб Колас? Свой псеўданім паэт ніколі не тлумачыў. Ёсць тры версіі яго паходжання. Паэта некалі вельмі ўразіў верш польскай паэтэсы Марыі Канапніцкай «Колас». На зжатай ніве выпадкова застаўся адзін каласок. Сіратліва выглядаў ён на голым полі. Такім жа адзінокім адчуваў сябе наш будучы пясняр на ніве беларускай літаратуры на пачатку XX стагоддзя. Яму і Купалу лёсам было наканавана пачынаць новую беларускую літаратуру. Па другой версіі, у маладосці паэт чытаў шмат нелегальнай літаратуры. Аднойчы яму трапіліся творы рускага дзекабрыста Языкава. У адным з іх галоўным героем быў чалавек, якога звалі Якуб Колас. Гэты літаратурны персанаж паэту вельмі спадабаўся. Магчыма, адтуль і псеўданім. Аднак, на думку некаторых знаўцаў жыцця і творчасці Якуба Коласа, самай верагоднай з’яўляецца трэцяя версія. Паэт жыў у сям’і, для якой галоўным скарбам была зямля. Калі ляснічы перавёў бацьку ў Ласток, там яму не плацілі грошай. Дабрабыт сям’і поўнасцю залежаў ад ураджаю, які дасць зямля. Бацькі кожны дзень гаварылі, які сёлета будзе колас. Як колас на полі, так і наш Якуб Колас вырас на народнай ніве. I гэта ён падкрэсліў сваім псеўданімам.

Першы вядучы. А вось завяршылі свой зямны шлях яны па-рознаму: адзін трагічна загінуў далёка ад бацькоўскай зямлі, у Маскве, літаральна за два дні да ўрачыстага вечара, прысвечанага 60-годдзю з дня нараджэння, а другі адплыў у вечнасць пад родным небам, трохі не дажыўшы да салідных 75 год. Яны пахаваны побач на Вайсковых могілках у Мінску.

Дэманструюцца фотаздымкі помнікаў Янку Купалу і Якубу Коласу на Вайсковых могілках.

Другі вядучы. А паміж нараджэннем і смерцю было жыццё. I колькі было ў іх роднаснага і аднолькавага і ў трывогах, і ў парываннях, і ў горкіх развагах! Горача і самаахвярна любілі яны і пясчаную сваю зямельку, і цягавітага ды маўклівага братку-беларуса, і поўную хараства і замілавання матчыну песню.
Першы вядучы. Дзеля гэтай любові спазналі і ператрывалі яны і крывавыя пісягі царскай цэнзуры, і абразлівыя здзекі сталінскіх катаў, і палыновую гаркоту расчараванняў і адчаю. Бог даў ім рэдкі талент, але і дастаткова выпрабаванняў на трывучасць і на адданасць Бацькаўшчыне. Можа, таму часам і здаюцца іх чыстыя зоркі дзвюма яснымі слязінкамі.
Другі вядучы. Геніі могуць быць незразуметымі або недаацэненымі пры жыцці, але шчасце народнага прызнання і пакланення ніколі не абміне іх, бо ёсць жа і ў свеце, у якім мы жывём, найвышэйшая справядлівасць. Яна можа запазніцца, але яна ёсць. I тады шчасце паэтаў становіцца шчасцем Радзімы, якой яны аддалі ўсё, што мелі, нават болей таго.
Першы вядучы. Янка Купала і Якуб Колас пры жыцці паспелі адчуць народную любоў і ўдзячнасць. Ім пашанцавала: іх асабістае шчасце ўжо тады станавілася шчасцем Радзімы. Але толькі з гадамі пачынаем мы разумець усю глыбіню іх азарэння і вышыню ўзлёту.
Другі вядучы. Дык давайце сёння паўзіраемся ў прасторнае неба духоўнасці, якое атуляе ўсіх нас і кліча да вышыні. Успомнім, што ў сузор’і Тараса Шаўчэнкі, Аляксандра Пушкіна, Адама Міцкевіча, Уолта Уітмена ёсць і зоркі з простымі беларускімі імёнамі — Янка і Якуб. Давайце паклонімся ім. Яны вар- тыя таго. Першы чытальнік выконвае верш Якуба Коласа «Неба».

Другі чытальнік выконвае верш Янкі Купалы «3 песень аб маёй старонцы».
У выкананні вакальнай групы гучыць песня «Спадчына» (сл. Янкі Купалы, муз. I. Лучанка ).


Першы вядучы. I сапраўды, яшчэ ў самым пачатку сваёй творчасці Янка Купала і Якуб Колас прысягнулі любіць свой край больш, як жыццё. Беларусь для іх — святыня і найвялікшая каштоўнасць.
Другі вядучы. Яны прыйшлі ў жыццё, каб сказаць: «Вось мы, беларускі народ! Вось у чым наш нацыянальны геній, без якога ты, вялікі свет, быў бы нашмат бяднейшы. А таму — расступіцеся, пасуньцеся трохі, мілыя суседзі, мы зоймем сваё месца пад гэтым небам. Сваё месца ў бясконцай гісторыі чалавецтва. Мы маем на гэта права». Права быць беларусамі, «людзьмі звацца».
Першы вядучы. Усё гэта ў творчасці Янкі Купалы і Якуба Коласа сцверджана, паказана і даказана: хто мы і за што нас трэба паважаць у свеце.

Інсцэніроўка верша Янкі Купалы «А хто там ідзе?».

Другі вядучы. I народ ішоў на барацьбу і змаганне за сацыяльныя і нацыянальныя правы, ішоў на Вялікі сход, па Бацькаўшчыну. I клікалі яго Купалавы ды Коласавы песні.
Трэці чытальнік выконвае верш Янкі Купалы «Пойдзем».
Чацвёрты чытальнік выконвае верш Якуба Коласа «Беларусам».
Пяты чытальнік выконвае верш Янкі Купалы «Што ты спіш?».
Шосты чытальнік выконвае верш Якуба Коласа «Будзь цвёрдым».

Першы вядучы. Прыйшоў час прачытаць Янку Купалу і Якуба Коласа нанова. Зрэшты, кожная эпоха сваіх вялікіх мастакоў слова прачытвае нанова і па-новаму. Купалу і Коласа, нягледзячы на безліч даследчыцкіх прац, ім прысвечаных, яшчэ не прачыталі па-сапраўднаму не толькі літаратуразнаўцы, але і філосафы, і эканамісты, і палітыкі. Зразумела, гэта нялёгка зрабіць, бо перад намі — глыба, у якой — мудрасць і духоўны вопыт цэлага народа.
Другі вядучы. Сённяшняе прачытанне Купалы і Коласа дае магчымасць у многім па- іншаму зірнуць на жыццё, на гісторыю беларусаў, лепш і глыбей зразумець іх душу, характар, светапогляд, адчуць і ўбачыць найвялікшы цуд, створаны геніем народа — яго мову.
Першы вядучы. Не губляюць актуальнасці і сёння вершы Янкі Купалы і Якуба Коласа. У творах народных паэтаў можна знайсці адказ на важныя пытанні чалавечага быцця.
Сёмы чытальнік выконвае верш Янкі Купалы «Ворагам беларушчыны».
Восьмы чытальнік выконвае верш Якуба Коласа «Беларушчына».
Інсцэніроўка верша Янкі Купалы «Маці і сын».

Другі вядучы. А колькі сёння праўды дазнаёмся мы з публіцыстычных твораў Янкі Купалы, напісаных у 1919—1920 гг., з артыкулаў-разважанняў пра тое, якім шляхам ісці беларусам: ці ствараць і будаваць сваю незалежную дзяржаву, ці ісці зноў пад чужую апеку.
Першы вядучы. У 1930-я гады Купалу прыгадаюць гэтыя артыкулы, скажаючы іх сэнс. Яго абвінавацяць у контррэвалюцыйнай дзейнасці, прымусяць пайсці на публічнае пакаянне, пасля чаго паэт зробіць спробу самазабойства. Прыслужнікі Сталіна не давалі спакою Янку Купалу нават у гады Вялікай Айчыннай вайны. Загадкавай стала смерць Янкі Купалы. Але сёння многія даследчыкі яго жыцця сыходзяцца ў думцы: гэта яны, энкавэдысты, скінулі паэта з дзясятага паверха гасцініцы «Масква».
Другі вядучы. А вось «Запавет» Якуба Коласа, які быў знойдзены ў архівах паэта і апублікаваны напрыканцы мінулага стагоддзя.
2 красавіка 1946 года
«Я — рыба, выкінутая на пясок. Калі б хто хацеў, каб рыбу пакінуць жывою, то ён ці той — дагадаўся зараз жа кінуць у вядро з чыстаю, халоднаю вадою гэту рыбу. Такіх добрых душ няма. А я і не крыўджуся. Я — часовы вандроўнік, чые гадзіны адлічаны. Я — той, каму пара сказаць: Я — ваш нядоўгі госць.
Падыходзіць вясна. Жыццё абуджаецца з новаю сілаю, а я так моцна звязаны з жыццём, што мне не хочацца пакідаць вас, мае сябры, мае лясы, мае лугі, мае рэчкі, мае крыніцы і чорнагаловыя баравікі.
Я прыйшоў у жыццё не для сябе самога — я прыйшоў дзеля вас. Калі Вам будзе добра, калі Вы (я тут разумею ўвесь комплекс жыцця) пойдзеце па праўдзівай дарозе жыцця, калі Вы будзеце мець на ўвазе не толькі сябе, але і народ, які Вас пусціў у жыццё, і калі Вы будзеце жыць з народам дзеля народа, тады я скажу: няхай будзе шчаслівая Ваша дарога».

Так гаворыць у хвіліны шчырасці паэт і чалавек, улюбёны ў жыццё, красу прыроды і свету, адданы Беларусі і роднаму народу. Ён у одуме, на душы яго неспакой.
Першы вядучы. Як, з якой нагоды былі напісаны гэтыя шчырыя радкі? Чаму народны пясняр адчуваў сябе ў красавіку 1946 года як рыба, выкінутая на пясок? На жаль, мы можам толькі меркаваць, бо сведак, якія б маглі дакладна распавесці пра гісторыю напісання «Запавету», цяжка знайсці. А ў тыя часы было не прынята аддаваць на суд шырокіх чытацкіх колаў падобныя дакументы. Пра іх хто-ніхто ведаў, але за лепшае лічыў памаўчаць, бо гэта не адпавядала стандарту аптымістычнай філасофіі, да якой прызвычаіліся ў адносінах да вялікіх людзей. I ў нашым уяўленні яны рабіліся манументамі. А Якуб Колас быў чалавекам з параненай душой. Уявіце сабе 1946 год. Гарады роднай Беларусі знявечаны вайной. Галеча ў зруйнаваных, папаленых вёсках. Ён, мудры і дасведчаны, разумеў, якіх намаганняў, ахвяр будзе каштаваць усё гэта ягонаму народу, які і без таго пацярпеў у вайне больш, чым хто іншы.
Другі вядучы. А злавесны будынак, дзе панаваў кат Цанава, прыслужнік Сталіна ў Беларусі, крыважэрны апетыт якога не абмежаваўся і пасля Перамогі.
Першы вядучы. I скруха па нядаўна памерлай жонцы.
Другі вядучы. І разуменне таго, што сын Юрка, які загінуў на фронце, не пераступіць больш роднага парога.
Першы вядучы. Ён быў чалавекам. Але ён быў геніем, сэрца якога балела не адно за сябе, але і за народ, які нас «пусціў у жыццё». Колас верыў у свой народ і яго моц. I веру гэту выказаў у радках «Запавету».
Другі вядучы. Колас ведаў свой народ. Бо хіба змог бы ён напісаць без гэтых ведаў сваю неўміручую «Новую зямлю»?

У выкананні вакальнай групы гучыць песня на словы Якуба Коласа «Мой родны кут» (муз. I. Лучанка).

Першы вядучы. Як словы з гэтай песні сталі для нас роднымі, і мы іх успрымаем як народныя, так і ўся паэма павінна быць настольнай кнігай для кожнага беларуса. Таму што там усё — і духам, і зместам — Беларусь! Па гэтай кнізе можна беспамылкова распазнаць усё тое, чым вызначаецца беларускі народ у вялікім свеце нацыянальна-этнічных супольнасцей. I, вядома ж, усё тое, што мы не павінны страціць, калі хочам застацца сабою, беларусамі, народам з уласным абліччам.

У выкананні чытальнікаў гучаць урыўкі з паэмы «Новая зямля»; «Міхал ідзе, а думкі ходзяць...» з раздзела «Воўк», «Настаў дзянёк, даўно чаканы...» з раздзела «Летнім часам», «I вось вячэра зачалася...» з раздзела «Каляды», «Малюнкі родныя і з’явы...» з раздзела «Вечарамі».
Дэманструюцца ілюстрацыі да раздзелаў паэмы Якуба Коласа «Новая зямля».


Другі вядучы. Сёння мы гаварылі пра Купалу і Коласа як пра асоб, грамадзян, творцаў. Прачытанне Купалы і Коласа ў кожнага павінна быць сваё, асабістае. Іх творчасць — повязь пакаленняў, духоўная сувязь паміж продкамі і нашчадкамі.
Першы вядучы. Мы — галіны, яны — карані аднаго вялікага дрэва. Гэта яны трымаюць нас і пояць сокамі з глыбінь зямлі. Таму чытайце Купалу і Коласа, чэрпайце іх мудрасць, вучыцеся ў іх любіць усё, што вас акружае, і ў першую чаргу сваю родную зямлю. I тады на нашай беларускай ніве абавязкова вырастуць новыя таленты, якія стануць прыкладам для нашчадкаў і гонарам для продкаў.

Спіс выкарыстанай літаратуры

Гніламёдаў, У. Янка Купала: новы погляд / У. Гніламёдаў. — Мінск : Нар. асвета, 1995. — 176 с.
Лужанін, М. Колас расказвае пра сябе : аповесць-эсэ / М. Лужанін. — Мінск : Маст. літ., 2010. — 430 с.
Сачанка, Б. Сняцца сны аб Беларусі... : літ.-крытыч. артыкулы, інтэрв’ю / Б. Сачанка. — Мінск : Маст. літ., 1990. — 332 с.
Якуб Колас. У думках, у сэрцах, у песнях : успаміны, нарысы, эсэ, прысвячэнні / уклад. М. Міцкевіч. — Мінск : Маст. літ., 2012. — 607 с. — (Серыя «Жыццё знакамітых людзей Беларусі»).

Яшчэ на гэту тэму:

"Я адплаціў народу, чым моц мая магла..."     «Славутыя сыны зямлі беларускай»