сцэнарыі святаў на беларускай мове

Валянціна ЯКІМОВІЧ, сябра Беларускага саюза фалькларыстаў. Роднае слова 4. 2005

Традыцыйныя абрады. Купалле

Традыцыйныя абрады і святы - гэта час, калі раскрываецца сутнасць нацыянальнага харак­тару чалавека, і ў гэтым выяўленні чысцее і мацнее яго душа, знікае пачуццё самоты і безабароннасці, асоба, яднаючыся з прыродаю і грамадою, пачынае разумець адзінства жыцця з касмічнай прасторай.

Усе традыцыйныя абрады і святы, акрамя хрэсьбінаў, вяселля і пахавання, звязаныя з колазваротам сонца і прымеркаваныя да земляробчага календара. Найважнейшыя з іх - гэта Купалле, што ладзіцца ў самую кароткую лет­нюю ноч, і Каляды — у самую доўгую зімовую ноч, Вялікдзень і Дзяды, якія ў старадаўнасці адзначаліся строга ў дні веснавога і восеньскага раўнадзенстваў, а таксама Гуканне вясны, Радаўніца, Багач (Дажынкі).

Сутнасцю духоўнага жыцця старадаўніх насельнікаў Беларусі быў фальклор, язычніцкі ў сваёй аснове. Хрысціянізацыя нашых продкаў прывяла да пэўнага знішчэння іх міфалагічных паданняў і народных святаў, узнікла блытаніна. Колішнім паганскім багам і духам надаваліся імёны хрысціянскіх святых. Пры гэтым за імі пакідаліся асноўныя функцыі язычніцкіх. 3 цягам часу каталіцкія і праваслаўныя святары пачалі служыць набажэнствы да земляробчых святаў. Спецыфіка сялянскай працы вяла да захавання пад хрысціянскай афарбоўкай аграр­ных язычніцкіх культаў і звязанага з імі фальклору. Але хрысціянскія сюжэты ў ім складаюць меншасць, хоць мінула тысячагоддзе афіцыйнага прыняцця хрысціянства. Так, да святкавання Купалля быў прымеркаваны дзень Яна Хрысціцеля (Івана Купалы): у каталікоў у ноч з 23 на 24 чэрвеня, а ў праваслаўных — у ноч з 6 на 7 ліпеня [так атрымалася з-за таго, што Руская праваслаўная царква не прыняла грыгарыянскі каляндар (новы стыль), а ў юліянскім календары (стары стыль) Купалле таксама прыпадае на ноч з 23 на 24 чэрвеня, але па свецкім календары — з 6 на 7 ліпеня].

Астранамічнае ж летняе сонцастаянне адбываецца 19 — 21 чэрвеня, і язычнікі святкавалі Купалле менавіта ў гэты перыяд — вядома ж, стан сонца на небе больш надзейны арыенцір, чым каляндар.

Купала - назва самога свята і рытуальнага вогнішча, а яшчэ і сімвалічнай саламянай лялькі. Відаць, Купала — старажытная багіня ўрадлівасці, звязаная з вадой і вобразам Мары, прыходу якой чакалі і баяліся, а таксама хацелі заручыцца яе падтрымкай у купальскую ноч.

Мяркуецца, што святкаванне Купалля ўзнікла яшчэ ў палеаліце і было элементам ініцыяцыі дзяўчат, на што звяртае ўвагу вялікая колькасць купальскіх песняў з тэкстамі пра страту дзяўчынаю свайго вянка (сімвала дзявоцкасці) і пра нараджэнне пазашлюбнага дзіцяці, да якога грамада ставілася спаконвечна з пашанай як да раўнапраўнага, бо ўсё гэта было асвечана вераю і тысячагадовымі звычаямі продкаў:

А на гарэ агонъ гарыць,
А ў Манечкі жывот баліць.
— Ай, Ванечка, ратуй, ратуй,
Калысачку гатуй, гатуй!
 Калысачку зыблівую
Дзіцятачку крыкліваму.

Выглядае, што Купалле было дзявочым святам. У мезаліце ўзнік звычай адзначаць ініцыя­цыі дзяўчат праз пяць дзён пасля Купалля (сёння гэта дзень святых Пятра і Паўла). Часавая блізкасць святаў шмат у чым прадвызначыла тое, што пятроўскія песні склалі своеасаблівы працяг купальскіх. Яны маюць шмат агульных сюжэтаў, якія адрозніваюцца толькі зачынам. У пятроўскіх песнях акцэнт паволі пераносіцца з любоўнай тэматыкі на замужжа, сямейнае жыццё, у іх больш лірычнай паэзіі, дзе арганічна . спалучаюцца абрадавыя песні з пазаабрадавай лірыкай выяўлення душэўных перажыванняў, пашыраецца прыём маналогу з відавочным узрастаннем індывідуальнага пачатку. На Пятра хлопцы ішлі ў сватанне да дзяўчат, а ўвосень гулялі вяселлі. У купальскіх песнях пераважае дыялог. У адной з іх ёсць радкі:

А ў цёмным лесе агонь гарыць,
Каля агня Купалка сядзіць,
Купалка сядзіць і ўголас плачаць.
-  Чаго ты, Купалка, плачаш?
Ці табе тут соўнейка мала?
— Ох, ні мала мне яснага соўнейка.
Тут досыць усяго, усяго!
І плачу я таго, таго,
Што мяне людзі ня так пераймаюць,
Толькі і робяць,
Што агні раскладаюць.

Відавочна, што плач Купалкі адлюстроўвае смутак невядомага аўтара пра страту сучасні-камі важных элементаў Купалля, можа, нават пра страту цэласнага міфа Купалля.
Таму па фрагментах, якія захаваліся, мы спрабуем узнавіць цэласны купальскі міф — мэту, сэнс і касмагонію містэрыі летняга сонцавароту.
Само свята Купалля разглядалася як касмічнае шлюбаванне між Бацькам-Небам і Маці-Зямлёй, гэта злучэнне вогненнага сонца з вадой, у сакральным значэнні — эратычны акт, які прыносіць плоднасць зямлі.

"Да Дабравешчання Зямля цяжарная", - казалі раней. Калі ўзяць умоўна перыяд ад купальскай ночы з 20 на 21 чэрвеня да 25 сакавіка (свя­та Звеставанне, ці Дабравешчанне), гэты тэрмін прыкладна роўны працягласці жаночай цяжарнасці. Паводле беларускага павер'я, на Звеставан­не з выраю прылятаюць буслы, таму і прынята лічыць, што бусел прыносіць дзяцей. (Тое, што канец сакавіка быў перыядам родаў, пацвярджаецца звесткамі з фальклору і міфалогіі.)

У старажытнагрэцкай міфалогіі касмаганічны акт стварэння свету пачынаўся з раз'яднання асноўных стыхій, якія да таго знаходзіліся ў
бязладдзі, у стане першастваральнасці (хаосу), і гэтак атрымалася таму, што нарадзілася наймагутнейшая і ўсёадольная сіла - Эрас (каханне), які даваў ("удыхваў") жыццё, рабіў яго гарманічным і прымушаў асобныя яго элементы ўступаць у шлюбныя зносіны і падтрымліваць іх далей.

Боская пара Неба і Зямля пад уплывам Эраса сталі мужам і жонкай. Менавіта таму Эрас лічыцца адной з тых сілаў, якія ўладкоўвалі прадуманае стварэнне высокаарганізаванага Све­ту з першаснага Хаосу.
Пэўная разняволенасць у эратычных адносінах паміж купальшчыкамі не з'яўлялася самамэтай, а была праявай культу ўрадлівасці і аграрнай магіі, а ў больш архаічныя часы — ідэі працягу людскога роду і ўсяго жывога. Купалле — не адзінае свята з эратычнай афарбоўкай, але найвялікшае, скіраванае на шлюбаванне, працяг роду і ўзрастанне быцця. Гэта быў своеасаблівы гімн жыццю.
Мажліва, абрад Купалля народжаны страхам перад невядомымі сіламі прыроды альбо гэта выдатнае адлюстраванне вучэння пра зямныя і касмічныя законы. А мо абрад Купалля зводзіўся да народнай сімпатычнай магіі, з дапамогай якой нашы продкі спрабавалі далучыцца да жыватворных сілаў прыроды.

Купальскія карагоды

Большасць старадаўніх купальскіх карагодаў мае форму кола, у якім людзі рухаюцца ўслед за сонцам. Але акрамя пабудовы па коле купальскія карагоды бываюць і дзвюхлінейнымі, калі, у адпаведнасці з песенным дыялогам, выканаўцы выстройваюцца "гуртам супроць гур­ту", ці прасторавыя.
Тэксты купальскіх і пятроўскіх песняў прыдатныя для карагодных гульняў шлюбнага характару, кульмінацыйны момант якіх — выбар шлюбнай пары.
Многім карагодным песням уласцівая мелодыя шырокага дыяпазону, светлая, цёплая, з бліскучай афарбоўкай голасу і зменай працяжнасці гуку на гутарковую інтанацыю. Традыцыйныя рэфрэны "то-то-то", "ту-ту-ту" і падобныя зачыны суправаджаюцца падскокамі, плясканнем у далоні, стукамі, часам звонам маленькіх званочкаў.
Іншыя карагодныя мелодыі выконваюцца валадарна, прыўзнята, але без надрыву, без экзальтацыі. Кожная страфа песні двойчы паўтараецца згодна з рытмікай карагоднага шэсця.
Перажыванні, у тым ліку пачуцці кахання, прыязні, у танку (карагодзе) выказваюцца агульна, ад імя ўсёй грамады. Але ўвасобленае ў сло­вах песні ўспрымаецца індывідуальна. За агульным вобразам, у якім характэрнае, тыповае, кожны ўдзельнік свята можа знайсці асабістае. Ад імя закаханых хор спявае тыя простыя і адзіныя словы, што па-свойму адгукаюцца ў сэрцы кожнага ўдзельніка купальскіх гульняў-карагодаў.
У танку чалавек знаходзіцца ў трох іпастасях: лепшым, горшым і такім, як ёсць. Пра гэтыя выяўленчыя мажлівасці мастацтва разважаў яшчэ Арыстоцель. Узгодненасць калектыўных рухаў, арганізаванасць і парадак, якія ўзнікаюць у танцы, замест сумятні, неарганізаванасці натоўпу нараджаюць пачуццё гармоніі. У танцы, у атмасферы раскаванасці, душэўнага ўздыму вольна выяўляецца народная самасвядомасць.

Сягоння ў нас Купала, то-то-то!

Сягоння ў нас Купала, то-то-то!*
Ня дзеўка агонь клала,
Сам бог агонь раскладаў,
Усіх святых да сябе зваў,
Звала Купала Іллю:
--Ты прыйдзі да нас, Ілля!
Ты прыйдзі на Купалля!
-- Няма часу, Купала,
-- Гэту ночку мне ня спаць,
Трэба жыта пільнаваць,
Каб змяя не хадзіла,
І жыта не ламала,
Каб куклаў не круціла,
Карэннёў не капала.

* То-то-то! паўтараецца ў канцы кожнага радка.

Зап. у в. Быстрыца Астравецкага р-на.

Рытуальны карагод "Пасалонь" выконваецца пры спальванні Купалы-Марэны. Вядучая (ці вядучы) - наперадзе. Удзельнікі карагода бяруцца за рукі і, не замыкаючы кола, ідуць простым

Малюнак Карагода Пасалонь
Малюнак 1. Карагод "Пасалонь". Крыжыкам (+) пазначаны "слупы" - хлопцы.

крокам вакол агню, у якім спальваецца лялька Купалка-Русалка-Марэна, спачатку па коле, потым змеепадобным рухам — "васьмёркамі" вакол "слуцоў" пад магічны заклён-рэфрэн "то-то-то!". 3 падскокамі, стукам, плясканнем у далоні ўсе рухаюцца па сонцы, то набліжаючыся да агню, то адыходзячы ад яго, зноў абыходзяць вакол "слупоў" і вяртаюцца ў незамкнёнае кола. Тэкст песні паўтараецца тройчы, з кожным разам вышэй на актаву і хутчэй, удзельнікі ад кроку паступова пераходзяць ці не на бег. Рэфрэн "то-то-то!" ад прыглушанага тону памацняецца амаль да крыку, якім спевакі-танцоры нібы палохаюць злыя нячыстыя сілы.

Кузьма на дварочку

Кузьма на дварочку*,
Ўсе дзеўкі ў радочку.
Аднэй Ружы нету,
Ні Ружанай маці.
Маці Ружу чэшаць,
Чэшаць, навучаіць:
- Ты, Ружа, дачушка,
Не стой з Кузьмом ўпоплеч.
Кузьма хітры малец,
Ён цябе абманіць.
Кузьма дагадаўся,
Узяў ды прыбраўся
У белая белля,
Дзявоча адзення.
Ружа не спазнала,
3 Кузьмой ўпоплеч стала.
Схваціў Кузьма Ружу
На белую ложу.
— А што за падружка!
Цісніць маю ручку,
Топчаць маю ножку,
Пальчыкі ламаіць,
Пярсцёнкі здзіраіць,
Вочкамі міргаіць.
Пішаць Кузьма лісты
Да Ружанай маці:
Не жджы, маці, Ружу,
Не жджы у вяночку,
А жджы у платочку.
Не жджы з белым сырам,
А жджы з малым сынам.

* Кожны радок паўтараецца.

Зап. А. Шлюбскі у 1914 г. у в. Белая Дуброва Віцебскага павета.

Малюнак карагоду Кузьма на дварочку
Малюнак 2. Крыжыкам (+) пазначаны "слупы".

"Кузьма на дварочку", як і "Чырвоная рожа", можа выконвацца па коле, простым крокам, а калі ўдзельнікаў зашмат, то ўтвараюцца два карагоды — адзін у другім. Тады ўнутраны кружыцца ў процілеглы бок (малюнак 3). Калі ж і ў гэтым выпадку цеснавата, то можна ўтварыць прасторавы "крывы танок" — разарваць кола і стаць у адзіны ланцуг, якім кіруе вядучая ці вядучы (малюнак 2).

Чырвоная рожа

Чырвоная рожа, ня стой пры дарозе*,
Ня стой пры дарозе, ня стой пры шырокай,
Хто йдзець, той ламаець, хто йдзець, той шчыпаець.
Жанаты ламаець дзецям на забаву,
Халасты ламаець дзеўкам на спадману,
Хлопцы — ў карманочкі, дзеўкі — у вяночкі.
Зманіў парань дзеўку розавым цвяточкам,
Розавым цвяточкам, шоўкавым платочкам.
Й чорненькім чулочкам, і маленькай дочкай,
І беленькім сырам, і маленькім сынам.

* Кожны радок паўтараецца.

Зап. у в. Маставуха Полацкага р-на.

Малюнак карагода 3
Малюнак 3

А на гарэ жыта, пад гарой пшаніца

А на гарэ жыта,
Пад гарой пшаніца,
Чэріз тоя жыта
Сцежачка убіта**.

А па тэй жа сцежачцы
Мой мілінькі ходзіць,
Мой мілінькі ходзіць,
Падушачку носіць.

Падушачка, падушачка,
Ды ты пухавая,
Дзяўчыначка, дзяўчыначка,
Ды ты маладая.

Падушачку пухавую
Табе падарую.
А дзевачку маладую
Я сам пацалую.

** Апошнія два радкі кожнай страфы паўтараюцца.

Карагод "Падушачка". Зап. 3. Мажэйка ў в. Сава Горацкага р-на.

Малюнак карагода 4
Малюнак 4

Гульнёвы карагод "Падушачка" (малюнак 4) блізкі да вясельнага рытуалу. Праз аднаго хлоп­цы і дзеўкі, пабраўшыся за рукі, стаяць па коле, простым крокам ідучы "па сонцы", пачынаюць спяваць. У цэнтры кола імправізавана танчыць хлопец, абірае сабе з карагода дзяўчыну, дорыць ёй хустачку ці маленькую падушачку ("ясічак"). Абраная дзяўчына выходзіць да хлопца на сярэдзіну кола, дзе яны цалуюцца. Хлопец займае месца дзяўчыны ў карагодзе, а дзяўчына ідзе па крузе, выбіраючы сабе хлопца. Калі ж абраная дзяўчына падаруе хлопцу вянок, надзеўшы яму на галаву, то пацалунак нібы замацоўвае іх заруку ў вернасці і каханні, якое мусіць увосень завяршыцца шлюбам.

I па возеру па сіненькім

— І па возеру па сіненькім,
Ай, Дунай, Дунаю*.
І плувець, плувець стада вутачак.
І адна вутачка папярод плувець,
Папярод плувець — вутачак завець.
Вутачак завець — вадзіцу гоніць.
 І вадзіцу гоніць, траснічок ломіць.
І сталі па ёй вутачкі кракаць.
— І не кракайце, мае вутачкі,
Прыйдзець лета, будзіць вам гэта.
Па вуліцы па шырокай
А там ідзець карагод дзевак.
Млода Леначка папярод ідзець,
Папярод ідзець, дзевачак вядзець.
І дзевачак вядзець, вулачку мяцець.
Сталі па ёй дзевачкі тужыць.
— Іне тужыце, мае дзевачкі,
Прыйдзець лета, будзіць вам гэта.
Прыйдзець восень, прыедзець к вам восем.

*Паўтараецца пасля кожнага радка.

Малюнак карагоду 5

Усе бяруцца за рукі, ідуць простым крокам. Вядучая "вутачка" ідзе спераду, праводзячы карагоднікаў пад рукамі тых, хто спачатку стаіць на месцы, абыходзячы іх праз аднаго то спераду, то ззаду, пакуль зноў усе не выстраяцца ў ланцуг, і г. д. (малюнак 5).

Нотны дадатак

Сягоння ў нас Купала, то-то-то !

Ноты песні Сягоння ў нас Купала

Кузьма на дварочку

Ноты песні Кузьма на дварочку

Чырвона рожа

Ноты песні Чырвоная рожа

А на гарэ жыта, пад гарой пшаніца

Ноты песні А на гарэ жыта

І па возеры па сіненькім

Ноты песні І па возеры па сіненькім

Тэксты песняў падаюцца ў тым выглядзе, як запісаны фалькларыстамі. Пры ўзнаўленні карагодаў на Купалле варта тэксты песняў адаптаваць да вымаўлення, характэрнага для сваёй мясцовасці.


Яшчэ на гэту тэму:

Красачкі купальскія     А на купалу рана сонца іграла