сцэнарыі святаў на беларускай мове

Алена ЛАНЕЎСКАЯ, выхавальнік I катэгорыі ясляў-сада № 6 г.Барысава. Пралеска жнівень 2010 г.

Дзень беларускай мовы

Канспект заняткаў-гульні ў групе «Фантазёры» з выкарыстаннем тэхналогіі «першы крок»

Зала аформлена па-святочнаму. На сцяне вісяць партрэт Я. Купалы, беларускія узоры, ручнікі, малюнкі дзяцей па творах Я. Купалы. Збоку стаяць сталы, на якіх раскладзены кнігі песняра, непадалёку — сялянскі посуд (збанкі, драўляныя лыжкі), лялькі ў беларускім адзенні, цацкі з гліны, кветкі.
Пад гукі беларускай мелодыі дзеці ўваходзяць у залу і садзяцца на дыван.

Выхавальнік (В.) пачынае заняткі з пытанняў:

В. Вось сёння мы з вамі цэлы дзень будзем размаўляць на роднай беларускай мове. Зараз пачнём вітацца між сабой на бе­ларускай мове, як сапраўдныя беларусы.
Размінка «Прывітанне».
Дзеці ствараюць сцэнку знаёмства: называюць ветлівыя словы (прывітанне; добры дзень; скажыце, калі ласка; дазвольце спытаць і інш.),
В. Вось якія малайцы! I на­строй адразу стаў лепшы.
Дзеці, а вы многа ведаеце беларускіх слоў? Вось мы за­раз праверым, пагуляем у гульню «Друкавальная машынка», але друкаваць будзем толькі беларускія словы.

Гульня -«Друкавальная ма­шынка».

В. Малайцы! Сёння ў нас будуць працаваць тры цэнтры: «АБэВэГэДэйка» — знаёмства з творчасцю Я. Купалы, «Вясёлка» — практычная дзейнасць, «Мастак» — маляванне: роспіс беларускага нацыянальнага адзення.

Цэнтр «АБЭВЭГЭДЭЙКА».

Мэта: пазнаёміць дзяцей з жыццём і творчасцю Я. Ку­палы; расказаць пра тое, што любіў пісьменнік; развіваць у дзяцей цікавасць да беларускай літаратуры; выхоўваць любоў да нацыянальных твораў.
Выхавальнік падыходзіць да партрэта Я. Купалы і пачынае гутарку.

В. Паглядзіце на гэты пар­трэт — вы пазналі, хто гэта? Так, гэта Янка Купала, беларускі пясняр. Паглядзіце, якая ў яго добрая усмешка, ласкавы позірк! Адразу бачна, які ён быў добры чалавек. Ён вельмі любіў дзяцей.
Адкажыце, а вы любіце слухаць цікавыя гісторыі? Адну з іх я хачу вам сёння расказаць. Было гэта вельмі даўно, калі на свеце яшчэ не было ні вас, ні вашых бацькоў. А прадзеды і прабабкі былі такія, як вы цяпер. Нарадзіўся тады ў фальварку Вязынка, што недалёка ад Радашковічаў, ад Мінска, ад Маладзечна, хлопчык Янка. Бацька радаваўся: «Добра, што гэта сын! Вось вырасце, будзе мне памочнікам». Ён ужо марыў, як навучыць свайго Яську пра­цаваць на зямлі, каб той змог стаць сапраўдным гаспадаром. А ў хаце, за шырокай печчу, ён павесіў калыску. Маці люляла сына і ціха напявала.

Спі, сыночак міленькі,
Галубочак сівенькі.
Мой сыночак будзе спаць,
А я буду калыхаць.
А-а-а, лю-лі.

Янкавы бацькі працавалі на зямлі, якую яны арандавалі ў паноў. Нялёгкая гэта была праца, бо ўсё трэба было рабіць сваімі рукамі. На дапамогу даводзілася наймаць сялян. Былі вы ў вёсцы? Бачылі, як сякуць дровы? А як косяць траву, сеюць жыта? Цяпер гэта робіць машына, а раней усю работу людзі рабілі самі.
А хто з вас ведае, які самы любімы занятак быў у Янкі? Ён вельмі любіў слухаць казкі, песні, вершы, розныя гісторыі. А як навучыўся чытаць, ад кніжкі было не адарваць яго — чытаў усё, што траплялася.
А хочаце паслухаць казку, якую любіў Янка? (Выхавальнік чытае казку «Бегаў Бай па сцяне».)
Ці спадабалася вам казка? (Дзеці выказваюць свае ўражанні.) Акрамя казак Янка любіў музыку, з задавальненнем слухаў ігру на скрыпцы, цымбалах.

Гучыць беларуская народная казка «Перапёлачка». Дзеці на музычных інструментах іграюць беларускую народную песню «Сядзіць камар на дубочку».

В. У школе Янка правучыўся толькі адзін год: у бацькі было слабае здароўе, а сялянскай працы было шмат, і таму ён сказаў сыну: «Чытаць і пісаць умееш? То і хопіць!» Пазней Янка напісаў верш, у якім расказаў пра свой шлях навукі.
Чытае дзіця.

Мне мудрасці кніжнай
не даў бог спазнаці.
Мой бацька не мог даць
раскошаў такіх.
Наўчыўся я слоў беларускіх ад маці
I дум беларускіх без школы і кніг.

В. Захапленне Яся кнігамі перайшло ў жаданне самому пісаць вершы. Першы верш ён прысвяціў сваёй сястры, потым напісаў пра суседак. Янка вельмі любіў свой край, свой народ. Паслухайце, які верш напісаў Янка пра Беларусь і беларусаў.
Выхавальнік чытае дзецям верш «А хто там ідзе?».
Выконваецца карагод «Ой, рана на Івана».

В. Янка Купала вельмі любіў дзяцей і напісаў для іх шмат вершаў. Яго жонка Уладзіслава Францаўна працавала у дзіцячым садзе. А вы ведаеце вершы Янкі Купалы?

Чытае дзецям вершы «Юрачка», «Хлопчык і лётчык», «Алеся».

Хутка вы пойдзеце ў школу, навучыцеся самі чытаць. Будзеце знаёміцца з цікавымі кнігамі, сярод якіх сустрэнеце творы Янкі Купалы.

Цэнтр «ВЯСЁЛКА»

Стварэнне гульнявой сітуацыі і практычная дзейнасць дзяцей,
Мэта: знаёміць дзяцей з размяшчэннем колераў у спектры, сфарміраваць уменне спалучаць фарбы і атрымліваць новыя колеры і розныя адценні, практыкаваць ва ўменні і навыках перадачы ўяўленняў і свайго настрою ў малюнках.
Матэрыял: фарбы, палітры, пэндзлікі, адзенне і матэрыял для мастака (капялюш, накідка, бант, вялікага памеру пэндзаль і палітра).
В. (у адзенні мастака). Добры дзень, дзеці! Вы ведаеце, хто я? Так, я — мастак. Пачуў я, што вы любіце маляваць, і вось прыйшоў да вас. Паглядзіце, якія ў мяне чароўныя фарбы.
Мастак бярэ фарбы і пэндзлі і пачынае «чарадзейнічаць»: спалучае жоўтую фарбу з чырвонай і атрымлівае аранжавую, жоўтую з сіняй атрымлівае зялёную. Пры гэтым дзеці называюць колеры фарбаў, якія бярэ мастак. Просіць дзяцей назваць колеры, якія яны хацелі б атрымаць, і выконвае іх жаданні.
В. А зараз вазьміце крышку белай фарбы і дадайце да яе кропельку сіняй, чырвонай. Які колер у вас атрымаўся? (Блакітны.) Вам падабаюцца мае чароўныя фарбы і пэндзаль? А вы б хацелі стаць чараўнікамі? Зараз я дакрануся да вас сваім пэндзлем — вы ўсе ператворыцеся ў мастакоў. Вось у нас тут 4 дарожкі: жоўтая — восень, белая — з і м а, зялёная — вясна, блакітная — лета.
Дзеці дзеляцца на чатыры групы.
В. Калі вы пойдзеце па адной з гэтых дарожак, то знойдзіце лісты паперы. Вам трэба намаляваць агульную карціну пра восень, зіму, вясну, лета.
Дзецям даецца ўстаноўка: фарбы можна выкарыстоўваць і састаўляць, хто якія хоча, на палітрах і ў слоіках, маляваць можна пэндзлем і тампонам.
В. Я мяркую, што карціны атрымаюцца прыгожымі, яркімі. Вы можаце маляваць на іх усё, што хочаце. Хто намалюе самую цікавую карціну, той атрымае прыз.
Дзеці малююць.

Цэнтр «МАСТАК»

Маляванне. Роспіс беларускага нацыянальнага адзення
Мэта: фарміраваць уменне самастойна распісваць вырабы па матывах беларускай вышыўкі, практыкаваць у маляванні палос, крыжыкаў, квадрацікаў, вугалкоў і камбінаваЦь іх з улікам месца размяшчэння узору ў залежнасці ад характару вырабу (у ф а р т у х а — на кішэні і ўнізе; у б л у з к і, к а ш у л і — ля гарлавіны, на грудзях, на рукавах; у с у р в э т ц ы, абрусе — па краях, вуглах).
Матэрыял: сілуэты блузак, кашуль, фартухоў, паясоў, папера прамавугольнай формы (для сурвэтак, ручнікоў), фарбы (чырвоная, чорная), фламастары.
Папярэдняя работа: разгледзець каляровыя фотаздымкі ў альбомах «Беларускі сувенір», «Беларуская народная творчасць», вышываныя рэчы. Адзначыць асноўныя месцы размяш­чэння вышыўкі.
В. Дзеці, паглядзіце, што гэта ў нас ляжыць на стале? Але не яны прыцягваюць увагу. Чаму? (Яны белыя.) А што мы можам зрабіць? (Упрыгожыць.) Распісваць мы іх будзем паводле ўзораў беларускага арнаменту. Давайце з вамі ўспомнім, дзе размяшчаецца арнамент у ручніка? (Па краях.) У сурвэткі? (Па баках, вуглах.) А. у фартуха? (Па кішэні, унізе ) У блузкі і кашулі? (Ля гарлавіны, на грудзях.) Малайцы! А зараз выбірайце сабе сілуэт, які вы будзеце распісваць і ўпрыгожваць, і пачынаем працу.
Дзеці малююць. Выхавальнік пры неабходнасці дапамагае.
У канцы заняткаў дзеці абменьваюцца ўражаннямі.

ЛІТАРАТУРА:
Беларусь — наша Радзіма. Падарунак Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнкі першакласніку. - Мінск, 2004.
Ладутько,Л.К. Познаем мир и себя. — Мн.: УП «ИВЦ Минфина», 2002.
Мой родны кут / уклад. В.А. Цяленчанка. — 2-е выд. — Мазыр: Белы Вецер, 2007.



Яшчэ на гэту тэму:

Па старонках роднай мовы     Роднай мовы пералівы