сцэнарыі святаў на беларускай мове

Р. С. ШЫПАВА, настаўніца вышэйшай катэгорыі (г. Жодзіна). Беларуская мова і літаратура 12/2010

"Вечная мелодыя жыцця"

(літаратурная гасцёўня для вучняў IX—XI класаў)


Мэта: 1) развіваць эстэтычны густ і духоўнасць вучняў на аснове твораў пра каханне; 2) паказаць, як праз адносіны да кахання выяўляецца сутнасць характару лірычнага героя; 3) выхоўваць у вучняў адчуванне чысціні, гармоніі, прыгажосці першага кахання.
Эпіграфы:
Пачынаецца ўсё з любві.
А інакііі і жыць немагчыма,
Яўгенія Янішчыц
Благаславёна будзь каханне, —
Самае высокае пачуццё на зямлі!
А. С Пушкін

Ход мерапрыемства

Настаўнік. Добры дзень, шаноўныя аматары беларускай паэзіі! Я рада вітаць вас. Мы сабраліся сёння ў літаратурнай гасцёўні, каб здзейсніць невялічкае падарожжа па самай цудоўнай краіне — Краіне кахання. А што такое каханне? Мы паспрабуем знайсці адказ на гэтае пытанне падчас нашага мерапрыемства.
Дапамагаць мне будуць творчыя групы, якім прапанаваны заданні па наступных тэмах:
1. «Мілая, каханая, любая...».
2. «Пакуль кахаю — я паэт...».
3. Няроўны шлюб.
4. «Яго мадонны — храм нябесны».
Спачатку высветлім этымалогію слоў «кахаю, люблю». Што нам вядома пра значэнне гэтых слоў? (Адказы вучняў.)
• Цікава, як пра гэтыя словы сказала ў сваім вершы «Я Вас люблю» Ніна Мацяш:
На Ваша «ты» сказаць Вам «ты» не смею,
I калі позірк позіркам лаўлю,
Як птушанё, спалохана нямею,
Я не кахаю Вас. Я Вас люблю.

Святла, што падарылі, не растрачу
I шчырых слоў ніколі не згублю.
...Нашто журба у цёплых зрэнках Вашых?..
Я не кахаю Вас. Я Вас люблю.

Запіс песні на словы Н. Мацяш «Я Вас люблю» (муз. М. Марозавай) можна паслухаць у інтэрнэце па адрасе: nastaunік.іnfо/workshор/for-teacher/biellit/?id... -; ТЭКСТ і ноты змешчаны ў часопісе «Роднае слова» за 1993, № 9, 0, 73.
• Якія пачуцці перадае гэты верш? (Розныя адценні найпрыгажэйшых пачуццяў з чалавечага жыцця — кахання, любові.)
• Чаму паэтэса робіць акцэнт на слове «люблю»? (Паэтэса выказвае пачуццё глыбокай прыхільнасці, сімпатыі, шанавання, гаворка тут ідзе пра немагчымасць любоўна-інтымных адносінаў Яго і Яе.)
Настаўнік. Прадстаўляем слова Паэзіі. «Паэтычны ручай» нас павядзе ў цікавае падарожжа. Правесці яго мне дапамогуць юныя аматары паэтычнага слова.
Першы вядучы. Пачатак усяму лепшаму ў жыцці чалавека — каханне і любоў.
Другі вядучы. Першымі радасцямі і першымі пакутамі будуць радасці і пакуты кахання.
Першы вядучы. Закаханыя звычайна сустракаюцца ўвечары, іх вабіць прыгажосць прыроды, позіркі Яго і Яе частка скіраваны да зорак на начным небе.
Другі вядучы. Верш Яўгеніі Янішчыц прадстаўляе група «Мілая, каханая, любая...».
Ты пакліч мяне, пазаві...
Ты пакліч мяне. Пазаві.
Там заблудзімся ў хмельных травах.
Пачынаецца ўсё з любві,
Нават самая простая ява.
I тады душой не крыві
На дарозе жыцця шырокай.
Пачынаецца ўсё з любві —
Першы поспех і першыя крокі.
Прыручаюцца салаўі
Там, дзе выбеглі ўдаль канавы.
Пачынаецца ўсё з любві —
Адчужэнне, і боль, і нянавісць.
Ты пакліч мяне. Пазаві.
Сто дарог за маімі плячыма.
Пачынаецца ўсё з любві.
А інакш і жыць немагчыма.

• Якія карціны паўсталі перад вамі?
• Якія пачуцці перадае гэты верш?
Першы вядучы. Мастакі і паэты ўважліва, глыбока ўзіраюцца ў свет жаночай душы, жаночага сэрца.
Другі вядучы. Закаханымі былі ўсе паэты. Няма, відаць, паэта без кахання. Пад уплывам гэтага пачуцця яны стваралі цудоўныя вершы, некаторыя з якіх загучалі песнямі.
Першы вядучы. Цікава, як гэта ўсё пачынаецца...
Другі вядучы. Група «Пакуль кахаю — я паэт...» прадстаўляе наступны твор — верш Міхася Шушкевіча.
Ты мне вясною прыснілася...
Летняя ночка купальная
Яснай растаяла знічкаю,
Падаюць зоры світальныя
У чыстыя воды крынічныя.

Ой ты, дзяўчыначка, мілая,
Як жа ты свет упрыгожыла.
Ластаўка ты легкакрылая,
Светлы мой сон растрывожыла.

Ты мне вясною прыснілася
Неразгаданымі чарамі,
Сэрца парыўна забілася
Вольнымі крыламі — марамі.

Пэўна, цябе, ненаглядная,
Стрэў я часцінай удалаю.
Ты мая доля спагадная,
I не шкадую німала я.

Запіс песні на словы М. Шушкевіча (муз. Ю. Семянякі) можна паслухаць у інтэрнэце: Ты мне вясною прыснілася + канцэрт, прысвечаны 25-годдзю «Песняроў» + уоutubе.соm.
Настаўнік. Паслухайце ўспаміны М. Шушкевіча пра тое, як нарадзіўся верш, каму ён прысвечаны.
Гісторыя зусім простая, звычайная: спаткаў дзяўчыну — роднасную душу. Яна любіла паэзію, музыку, захаплялася, як і я, песнямі Іва Мантана і спявала іх без перакладу, па-французску, бо ведала некалькі замежных моў. Нам выпала ўсяго некалькі сустрэч. Аднойчы мы доўга блукалі па вуліцах горада, гаварылі аб усім на свеце. Была якраз купальская ноч і ўжо бралася на світанак, калі я праводзіў дзяўчыну да веснічак яе дому на тады ціхай Лодачнай вуліцы па- над Свіслаччу... Вярнуўся да сябе — святлО ўключаць ужо не трэба было. Сеў да стала і без «паложаных» творчых пакут і пошукаў рука нібы сама сабою вывела першы радок «Летняя ночка купальная...». Праз якую гадзіну верш быў закончаны.
Праз пару дзён пазваніў Юрыю Уладзіміравічу Семяняку, напрасіўся на сустрэчу. Прыйшоў — ачомаўся, зніякавеў: турбую вялікага творцу сваім начным трызненнем? Хацеў схаваць лісток, а кампазітар выхапіў яго ў мяне, прабег вачыма — і расплыўся ў шырокай усмешцы. «Пачакай, я зараз!» — і шпарка, ледзь не подбегам скіраваўся да раяля, пальцы пабеглі па клавішах. «Чуеш, чуеш, што выходзіць!» — аж свяціўся музыкант. Але толькі тады я паверыў, што нешта атрымалася, калі песню ўзялі «на ўзбраенне» «Песняры» і яна паляцела па абсягах былога Саюза.
...Аб тым яна нават не паспела даведацца. Можа, не ведае і цяпер. Неяк імкліва выйшла замуж і з'ехала кудысьці далёка. А мне пакінула зорны міг. Дзякуй ёй.
• Праз якія вобразы ў вершы выяўляецца аўтарскі ідэал кахання?
Першы вядучы. Цікава, ці заўсёды каханне з’яўляецца перадумовай шлюбу?
Другі вядучы. А на гэта пытанне нам паспрабуе адказаць група, якая рыхтавала заданне на тэму «Няроўны шлюб».
1. Не заўсёды моладзь шлюбуецца па каханні. Бывае, што кімсьці кіруе матэрыяльны разлік, завабліваюць пры гэтым маёмасныя выгоды. Нярэдка шлюб абрываецца ўжо на першым ці другім годзе жыцця маладых, а некаторыя церпяць адно аднаго ўсё сваё сумеснае жыццё. Надараюцца выпадкі, калі Ён і Яна прывыкаюць, гадуючы дзяцей, і паступова разумеюць, што кахаюць і не ўяўляюць жыцця з іншым чалавекам.
2. Ніл Гілевіч пра няроўны шлюб у адным са сваіх твораў трапна і дасціпна заўважыў:
...А ў той жа час плюгаваморды
I віслазады бегемот —
Глядзіш — вядзе пад ручку, горды,
Такую жонку — Божа мой!
Ну рыхтых — з казкі Васіліса!
Нашто ж ёй гэны вымяед?
Ды на яе гатоў маліцца
Найлепшы, можа быць, паэт!
Не знаю, лёс тут неабачны?
Ці так само пайшло здаўна?
Найлепшы яблык — самы смачны
I cамы спелы — есць свіння.
(Урывак з рамана ў вершах «Родныя дзеці».)

Настаўнік. Бернард Шоу назваў людзей, якія не зведалі каханне, сапсаванымі. Ці згодны вы з такой думкай?
Першы вядучы. Закаханыя мастакі стваралі свае найлепшыя палотны.
Другі вядучы. Чацвёртая група прадстаўляе верш Генадзя Пашкова пра мастака Аляксея Кузьміча.
У майстэрні Аляксея Кузьміча
Маляваў мастак Мадонну.
Мо далася яму ў знак —
на Мадонну, як ікону,
свята моліцца мастак.
Утрапёнаю душою
ловіць любае пагляд.
А яна ўзыходзіць мрояй
над суровым лёсам хат,
над магіламі,
над полем,
над вір'ём крутых падзей.
Нескароная ніколі,
туліць дзетку
Да грудзей.
Што было,
што будзе потым
увабраў гаротны лёс, —
мацярынскую пяшчоту
і крапліны даўкіх слёз.

Мір душы тваёй і дому.
I навекі будзе так! —
на славянскую Мадонну
ціха моліцца мастак.

Адзін вучань з групы агучвае ўрыўкі з гутаркі з А. Кузьмічом.
Яго мадонны — храм нябесны...
...Я вельмі доўга шукаў менавіта сваю мадонну. ...Вельмі многа прыгожых жанчын ходзіць па белым свеце, але таямніцай мадонны валодае для мастака толькі адна з іх...
Я жыў тады на вуліцы Валадарскага, а там магазін «Падарункі» побач. Аднойчы зайшоў туды, а яна завушніцы прымярае. У мяне, як я ўбачыў, усё так і абарвалася ўнутры... Я толькі і змог выдыхнуць: «Вы багіня!» А яна ў адказ заззяла такой боскай усмешкай... Вось так мы і пазнаёміліся — проста ў магазіне. I яна засталася са мной навечна. I скажу вам праўду: чым больш я пішу яе, тым больш не магу раскрыць яе таямніцу... Таямніцу мадонны наогул немагчыма раскрыць. Рафаэль спрабаваў раскрыць, Леанарда, Батычэлі, Тыцыян... I нікому гэта не ўдавалася. Бо мадонна — гэта наша мама, наша бяссмерце, наша ўсё... Яна нарадзіла Сусвет.
• Як вы разумееце словы паэта: «Утрапёнаю душою // ловіць любае пагляд»?
Першы вядучы. Мастак лічыць, што, як і стагоддзі назад, чалавек імкнецца да кахання і красы свету.
Другі вядучы. Безумоўна, кожнаму наканаваны свой лёс, свая дарога, сваё шчасце і каханне, але бясспрэчным застаецца адно — трэба быць на зямлі чалавекам (зварот да эпіграфаў ).
Настаўнік. У беларускай мове шмат слоў, якімі можна выказаць свае пачуцці каханай або каханаму. Давайце падбяром самыя цёплыя і ласкавыя словы для закаханых. (Яркая зорачка, мілавіца, ластаўка ты мая мілая, чараўніца ты мая, мая ты журавінка, любая ты мая, ягадка, гожая красачка...)


Яшчэ на гэту тэму:

Святло кахання не згасае      «Свяці, кахання чыстая зара...»