сцэнарыі святаў на беларускай мове

Заняткі вядзе фалькларыст Лія САЛАВЕЙ Роднае слова Снежань 1995 г.

Калядныя ігрышчы

Калядныя вечары — гэта час ігрышчаў. У розных мясцовасцях Беларусі існавалі розныя іх варыянты. Адрозненне ігрышчаў ад вечарынак, танцаў заключаецца ў тым, што тут размяркоўваліся пары на увесь вечар і абавязкова наладжвалася (у складчыну) застолле. На звычайных танцах складчыну не рабілі, на кожны танец хлопец запрашаў іншую дзяўчыну. Калі кавалер запрашаў адну дзяўчыну разы тры запар, «назіральнікі» адзначалі, што паміж маладымі існуе сімпатыя, што яны кахаюцца, што хлопец, відаць, збіраецца пасватацца.

«ЖАНІЦЬБА ЦЯРЭШКІ»

Найбольш яскравым і цікавым з’яўляецца старажытнае абрадавае ігрышча «Жаніцьба Цярэшкі», арэал якога даволі блізка супадае з тэрыторыяй колішняга Полацкага княства. «Жаніцьба Цярэшкі» да нашага часу практыкавалася амаль выключна на гістарычнай Полаччыне.
Ігрышча «Жаніцьба Цярэшкі» праводзілася ў першы дзень Калядаў, позна вечарам, дакладней, ноччу, бо пачыналася недзе каля апоўначы. Да размеркавання пар ставіліся так паважна, што цэлымі тыднямі ішла падрыхтоўка, намаўленне «бацькоў» — будучых вядучых ігрышча — злучыць менавіта гэтую пару. У традыцыйным асяроддзі «Жаніцьба Цярэшкі» была не проста забавай, а часткай жыцця, іншы раз вызначэннем лесу чалавека: пабыўшы ў пары на «Цярэшку», даволі часта маладыя людзі жаніліся. «Бацькам» і «маткай» выбіралі заўсёды вопытных, абазнаных людзей, якія ведалі ўсе сакрэты моладзі і стараліся апраўдаць яе давер — ніколі не злучалі ў непажаданыя пары, не рабілі «на смех» альбо «на злосць». Так патрабавала традыцыя.
Важнымі асобамі на ігрышчы былі музыкі — дудар, гарманіст, скрыпач. Яны задавалі рытм і настрой ігрышчу, суправаджалі  музыкай   усе  яго  дзеі.   Удзельнікі — толькі дарослая нежанатая моладзь.
«Маці» выходзіць на хату з песенькай:

Божа ж мой, галоўка баліць,
Як жа мне дзетак пажаніць?
Якую мне раду браці?
Які мне парадак даці?

Сяргейка — сынулечка,
Таццянка — дачушачка,
А й роўная парачка –
Нам гарэлкі чарачка!

Крутнуўшыся ў танцы пад «Лявоніху», «матка» з «бацькам» бяруць з гурта моладзі намечаных хлопца і дзяўчыну, якія таксама перакручваюцца пад «Лявоніху», узяўшыся пад рукі намітусь — стоячы тварам у процілеглым напрамку. Пасля гэтага яны становяцца «дзедам» і «бабай», г. зн. пажэненымі.
Пасля размеркавання на пары ўсіх удзельнікаў пад спевы «маці» і музыку «цярэшак» і «Лявоніхі» (часам полькі) пачынаецца пералоўліванне. Па чарзе кожная «бабулька» ўцякае ад свайго «дзядулі», а потым кожны «дзядуля» ўцякае ад сваёй «бабулі» пад вясёлыя жартоўныя песні-цярэшкі, пры гэтым выказваецца альбо захапленне сваім партнёрам, альбо незадавальненне, высмейванне яго (але робіцца гэта дасціпна і далікатна). Так, даганяючы «бабульку», «дзед» можа заспяваць:

А мая ж бабулечка,
А я ж твой дзядулечка.
Ці ж я табе лапцей ня сплёў?
Ці ж я табе абор ня звіў?

Лапцікі ліповыя,
Аборкі пяньковыя,
Анучкі бяленькія
Для сваёй міленькае.

Калі дзяўчына доўга «лётае», не здаецца «дзядулю», ён спявае:

Не ўцякай, бабулечка,
Во я ж твой дзядулечка.
Не ўцякай, бабка-заранка,
Каб табе у бакі разанка.

Паміж партнёрамі ўзнікаюць жартоўныя дыялогі-спрэчкі:

— Бабулечка, царыца мая,
Каротка спадніца твая!
— Дзядулечка, саколік мой,
Надтачы падолік мой!

Альбо:       

—Пайду я праз тын глядзець,
Як мая бабулечка прадзець.
Тоненька, танюсенька,
3 пальчыкам раўнюсенька.

— Пайду я з-за тыну глядзець,
Як жа мой дзядулечка арэць,
Баразна няпростая,
Кабылка бясхвостая.

Шмат    вынаходлівасці,    дасціпнасці    патрабуецца    ад удзельніка, калі ён хоча пахваліць партнёра:

Хаджу я кругом саду,
Знайду куст вінаграду.
Вінаград салодзенькі,
Дзядулечка малодзенькі.
Вінаград ня ломіцца,
Дзядулечка ня ловіцца.
Пайду я каля хаты,
Знайду я кусток мяты.
Кусток мяты бухматы,
Мой дзядулька багаты.
Мой дзедзька ўдаленькі,
Бяленькі, румяненькі,
У яго кучаркі ўюцца,
За яго дзевачкі б’ юцца.

* * *

У каморы на ложы,
Сядзіць дзядулька прыгожы.
Яго вочкі, як у павы,
Добрай чэсці, добрай славы,
I броўцы чарненькія,
I слоўцы міленькія.


* * *
Ішла я на рэчку, на стаў,
Мой дзедзька рыбачку дастаў.
Смачная рыбачка шчучка,
Тонкая ў дзядулькі ручка,
Смачная рыбачка акунь,
Скажы, мой дзядулька, адкуль?
Смачная рыбачка карась,
Пацалуй, дзядулька, хоць раз.

* * *
Я думала — сонца ўсходзіць,
Аж там мой дзядулька ходзіць,
Я ж думала — ліпа цвіціць,
Але там мой дзядулька сядзіць.

Пералавіўшыся і наспяваўшыся уволю, пары танцуюць агульную польку, якую заканчваюць «мосцікам» (апошняя пара прабягае пад рукамі ўсіх і становіцца першай, і так усе пары).
Потым ладзіцца застолле. Усе ўдзельнікі прыносяць штосьці для гэтага стала (загадзя дамаўляюцца). Пары рассаджваюцца ў тым парадку, як былі «пажэненыя». «Матка» з «бацькам» паглядаюць, каб быў парадак і весела было, самі жартуюць, штосьці падказваюць. Пасядзеўшы за сталом, моладзь зноў танцуе. Ігрышча працягваецца ўсю ноч да світання. (Былі выпадкі, што за ноч толькі паспявалі размеркаваць пары і пералавіцца, а застолле адкладвалася на наступны дзень).
Усе песні-цярэшкі спяваюцца на тыповыя напевы. Матэрыял для ажыццяўлення сцэнічнага варыянта «Цярэшкі» можна браць у томе «Жаніцьба Цярэшкі» з серыі БНТ (1993). Прапануем чытачам некаторыя аднарадковыя напевы.

Ноты напева

Ноты напева

Ноты напева

Ноты напева

Ноты напева

Ноты напева

«ЯШЧАР»

«Яшчар» — старажытная абрадавая гульня, якая ладзілася толькі адзін раз у год, на Каляды, паміж Раством і Вадохрышчам. Як і «Жаніцьба Цярэшкі», адбывалася яна ў вялікай хаце альбо ў карчме, звычайна позна вечарам. У розных мясцовасцях гулялі па-свойму, з удзелам толькі дзяўчат ці разам з хлопцамі. Аднак асноўныя моманты прасочваюцца ва ўсіх варыянтах: выбар Яшчара — хлопца (калі адны дзяўчаты — дзяўчыны); дзявочы карагод вакол Яшчара; адбіранне вянкоў; выпрошванне вянкоў назад пры ўскладнёных абставінах (Яшчар стараецца рассмяшыць дзевак, а патрэбна захаваць сур’ёзнасць, інакш вянок застанецца у Яшчара), Гэта нагадвае ініцыяльнае выпрабаванне маладых дзяўчат на даросласць, на ўменне кіраваць сваімі эмоцыямі.
Апісанне абставінаў гульні ў песні, сам Яшчар, які сядзіць у «залатым крэсле» ў чырвоным адзенні ды ў гарэхавым кусце, сведчаць пра тое, што Яшчар — міфалагічны персанаж, антыпод Перуна. Атрыбутам яго з’яўляецца арэшнік, па якім ніколі не біў Пярун (толькі па дубе ці іншых дрэвах, камянях, пабудовах), Менавіта для ўшанавання Яшчара моладзі раздаюць арэхі, і тая гуляе імі «у цот ці лішку», забаўляецца «свістунамі» і інш. Зіма — перыяд уладарства Яшчара, Пярун на гэты час недзе хаваецца. Характэрна, што «Яшчар», як і «Жаніцьба Цярэшкі», ладзіцца ў строга вызначаны тэрмін, адбываецца, па сутнасці, ноччу, што азначае своеасаблівую сакральнасць, дэманізм гэтага дзейства, бо ноччу, да світання, пануюць (з пункту гледжання хрысціянаў) розныя «нячысцікі», ведзьмы, чэрці, начніцы і г. д.
Варыянт «Яшчара», які прапануецца чытачам, з’яўляецца рэканструкцыяй, прызначанай як для ўласнай забавы ўдзельнікаў, так і для выканання на сцэне.
Яшчар — хлопец, незвычайна апрануты, дзіўна, страшна ці смешна характарызаваны (размаляваны, з маскай ці як інакш) сядзіць з кіем у «залатым крэсле». Вакол дзяўчаты, узяўшыся за рукі, водзяць карагод. Кожная дзяўчына ў «вяночку»: у сапраўдным вянку, хустцы, абручыку, з прыгожай заколкай, павязкай, бантам, стужкамі, каб было што аддаць Яшчару. Калі ўсе ў вянках, то вянок павінен быць асаблівы, каб не зблытаць з іншым. Дзяўчаты спяваюць:

Сядзіць, сядзіць Яшчар,
Ладу, ладу!
На залатым крэсле,
Ладу, ладу!
У чырвоным каптане,
Ладу, ладу!
У гарэхавым кусце,
Ладу, ладу!
Ён гарэшкі лушчыць,
Ладу, ладу!
У карабочак сыпле,
Ладу, ладу!    
Пашлем мы да Коўна,
Ладу, ладу!
3 Коўна да Кралеўца,
Ладу, ладу!
Па белыя гоўцы,
Ладу, ладу!
Па красную панну,
Ладу, ладу!
Па русую косу,
Ладу, ладу!
Па белую ручку,
Ладу, ладу!
Па залаты персцень,
Ладу, ладу!
Яшчар сакочыць,
Ладу, ладу!
Ён жаніцца хочыць,
Ладу, ладу!
Бяры сабе панну,
Ладу, ладу!
Каторую хочаш,
Ладу, ладу!

Пры апошніх словах Яшчар паказвае кіем на дзяўчыну, і тая аддае яму свой вянок і выходзіць з карагоду. Гульня працягваецца, пакуль усе вянкі не пяройдуць да Яшчара. Тады першая дзяўчына, у якой забраны вянок, падыходзіць да Яшчара, які яе страшыць і смяшыць рознымі грымасамі. Да яго далучаюцца і прысутныя хлопцы, каб рассмяшыць дзяўчыну. Яна спявае:

Яшчар, Яшчар, Яшчарочак,
Проша аддаць мой вяночак,
Што я віла, што я пляла,
Ад матулькі хавалася,
Ад татулькі тулялася,
Ад брацяткі, ад шапачкі,
Ад сястрыцы, ад касіцы.

Калі дзяўчына мае вытрымку і не засмяецца, Яшчар аддае ёй вянок. Настырная дзяўчына зноў просіць Яшчара аддаць вянок. Калі праштрафіцца, мусіць штосьці зрабіць дадаткова: праспяваць, паскакаць і інш. I так пакуль усе вянкі не вернуцца да сваіх гаспадыняў.