сцэнарыі святаў на беларускай мове

Святлана БУЙВІЛА, музычны кіраўнік вышэйшай катэгорыі, дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці г.Клецка Мінскай вобласці. Пралеска 12/2017

Калядныя акорды

Забава для дзяцей старшай групы (5-6 гадоў)

Праграмныя задачы: пашыраць уяўленні дзяцей пра народнае свята Каляды; развіваць эмацыянальную сферу выхаванцаў на аснове пашырэння дыяпазону эстэтычных перажыванняў; выхоўваць цікавасць да беларускіх народных традыцый і абрадаў, пачуццё любові да роднага краю і гонару за яго.
Матэрыял і абсталяванне: стол, 4 лавы, сундук, «аладка», мех, сена, шост са званочкамі і зоркай, стол, абрус, ручнікі, манета, гаршчок, талеркі, лыжкі, кубкі, муляжы страў, макеты нечы, сцяны сялянскай хаты, касцюмы Каляднага Дзеда, Зорканошы, Механошы, Несцеркі, Павадыра, Казы, Цыгана, Чорта — для дарослых, беларускія нацыянальныя жаночы, мужчынскі, 2 дзіцячыя касцюмы, дзіцячыя музычныя інструменты, аўдыязапісы: беларускай народнай музыкі, песні «Калядачкі» (сл. і муз. народныя, у апрац. У. Мулявіна) у выкананні ансамбля «Песняры».

Ход мерапрыемства

Зала мае выгляд пакоя ў вясковай хаце. Гучыць аўдыязапіс беларускай народнай музыкі. Гасцей сустракае Калядны Дзед, у яго руках шост са званочкамі і зоркай.

Калядны Дзед.
Шчасця вам, добрыя людзі!
Жартаўліва сёння будзе.
Усіх вітаць мы вельмі рады,
Набліжаюцца Каляды!

Калядны Дзед б’е шастом аб падлогу і садзіцца ў «чырвоны кут». Заходзіць гаспадар Васіль з сенам, раскладвае яго на стале, музыка тым часам сціхае.

Васіль. Ганна, дзе ты?
Ганна (заходзіць). Тут я, дзе ж мне быць? Вось куццю прынесла.

Засцілае стол абрусам, ставіць гаршчок з «куццёй», талеркі, муляжы страў, кубкі, кладзе лыжкі. Васіль дапамагае.

Ганна і Васіль (па чарзе).
Ой, ладачкі-ладкі,
Надышлі Калядкі.
Вось тут, калі ласка,
3 жэрдачкі каўбаска.
Вось кавалак пірага,
Каб не брала і туга.
Бохан — поўняй яснаю,
Яйкі, бульба, скваркі.
Гэта ўсё — з уласнае
Нашай гаспадаркі.
А. Вольскі (апрац.)
Васіль. Ужо зорка ўзышла, час за с.тол сядаць! А дзе ж дзеці падзеліся?

Убягаюць дзеці.

Дзеці. Мы тут!
Усе сядаюць за стол.
Дзеці.
Ой, ладачкі-ладкі —
Пляскаем у ладкі!
Ой, ладачкі-ладкі —
Святкуем Калядкі!
А. Вольскі (апрац.)

Калядны Дзед некалькі разоў стукае шастом аб падлогу.

Ганна. Хто там стукае?
Калядны Дзед. Гэта стукаюць цёплая мокрая вясна, гарачае небурлівае лета, сухая і багатая восень, снежная і марозная зіма.
Васіль і Ганна (кланяюцца). Калі ласка, просім да нас!
Калядны Дзед садзіцца за стол побач з Васілём.

Калядны Дзед.
Добры вечар,
Шчодры вечар,
Усім людзям на ўвесь свет!
Трэба куццю есці!

Гаспадар «зачэрпвае» лыжкай «куццю».

Васіль.
Мароз, мароз, ідзі куццю есці.
Каб ты не марозіў ячменю,
Пшаніцы, гароху, проса, грэчкі
I ўсяго таго, што мне трэба пасеяць.

«Куццю» «зачэрпвае» гаспадыня.

Ганна.
Мароз, мароз, ідзі куццю есці,
Каб ты не марозіў расады,
Агуркоў, капусты, морквы
I ўсяго таго, што я пасею.

«Куццю» «зачэрпваюць» дзеці.

Дзеці.
Мароз, мароз, ідзі куццю есці,
Каб ты не марозіў нас,
Каб мы не сумавалі,
Каб саначкі лёгка нас каталі.

Усе кладуць лыжкі.

Калядны Дзед.
Прыйшоў Святы вечар — зорка ўзышла.
Светла стала ўначы. Хай жа песня гучыць!

Песня «Добры вечар, пане гаспадару»

(сл. І муз. народныя)
Калядны Дзед.
Калядоўшчыкі па хатах ходзяць,
Словы добрыя для ўсіх знаходзяць.

Чуюцца спевы, шум і смех, заходзяць калядоўшчыкі.

Калядоўшчыкі (па чарзе).
Прыйшла Каляда, калядуючы,
А за ёю калядоўшчыкі, шчадруючы.
Пайшла Каляда ў адну хату,
А ў гэтай хаце куццю таўкуць.
Пайшла Каляда ў другую хату,
А там серабро звініць.
А ў трэцяй хаце золата блішчыць.
А у чацвёртай — сала шыпіць.
А ў пятай хаце каўбасу пякуць.
Калядоўшчыкі (разам). А ў вас што?
Ганна.
А наша хата поўная гасцей.
Усе яны пець, гуляць хочуць.
Зорканоша.
Добры вечар таму,
Хто ў гэтым даму!
А людзей тут цераз край,
Хоць ты лыжкай мяшай.
А ці рады вы нам?
Ганна, Васіль, дзеці. Рады, рады!
Механоша.
Калі вы нам рады,
Мы вам да парады.
Несцерка.
Хай вам даспадобы будуць жарты, песні,
Бо без песні жыць няёмка, хоць ты трэсні.

Дзеці выконваюць прыпеўкі.

Васіль. Цудоўна! Якія малайцы!
Ганна. Добра спявалі, ладна і вельмі складна!
Цыган.
А без скрыпкі і дуды
Ходзяць ногі не туды.

Аркестр «Лявоніха»

Дзеці выконваюць беларускую народную мелодыю на дзіцячых музычных інструментах.

Павадыр.
А ты, Каза, не ляніся!
Туды-сюды павярніся,
Ножкамі пастукачы,
Рожкамі паляскачы.
Цыган.
А вы, людцы добрыя, не сядзіце.
Казу-весялуху ў карагод вазьміце.
Хто з Казою патанцуе,
Таму ў новым годзе пашанцуе.

Карагод «Калядачкі»

пад песню «Калядачкі» (сл. і муз. народныя, у апрац. У. Мулявіна) у выкананні ансамбля «Песняры»

Несцерка.
Я — Несцерка, плясун і весялун.
Усім дапамагаю, людзей забаўляю.
(Пад музыку танцуе,усе пляскаюць у далоні)
А зараз, сябры і сяброўкі,
Вызначым, хто больш шпаркі і лоўкі.

Гульня «Карусель»

Дзеці становяцца ў круг, бяруцца за рукі, рухаюцца ў адзін бок усё хутчэй і хутчэй, спяваюць пад акампанемент музычнага кіраўніка:
Дружна мы ўсе разам селі
На вясёлай каруселі.
Хутка-хутка закружылі,
Да аблокаў мы даплылі.
Хутка карусель кружылі,
А цяпер яе спынілі.

Рух паступова запавольваецца да спынення.
Несцерка.
Разварот, у іншы бок паварот!
Весялей, весялей,
Не шкадуйце лапцей!

Гульня паўтараецца некалькі разоў. Нечакана да круга падскоквае Чорт, «пужае» і імкнецца злавіць дзяцей.

Несцерка.
Хутчэй адсюль бяжыце, дзеці,
Чорт з’явіўся ў нашым свеце!

Дзеці ўцякаюць, садзяцца на крэсельцы.

Чорт.
Спужаліся? Я — хітры Чорт,
Вітаю шчыра ўвесь народ!
Бачыце ў маёй далоні пятак?
(Дэманструе манету.)
Аддам за гульню, не за так.
Пятак не медны, а залаты,
Хто хоча яго атрымаць, можа, ты?
Несцерка.
Не, Чорт, не патрэбны твой пятак
Ні за гульню, ні за так.
Чорт.
Баіцеся? Дык адразу скажыце,
Але самі сябе не падманіце.
Несцерка (узмахвае рукой).
Цяжка Чорта за пояс заткнуць,
Але ў гульні можна яго падмануць.

Гульня «Шчодра»

Дзеці становяцца кругам і прыгаворваюць:
Чорт ідзе, золата нясе,
Дзе золата — хто адгадае,
Той шчасце сваё спаткае.

Чорт ідзе па крузе, а манету хавае ў далонях, за ім -- Несцерка, сочыць, каму Чорт аддасць манету. Калі ўпільнуе, то зойме месца Чорта, а за ім будзе хадзіць той, хто а трымаў манету. Калі не ўпільнуе, то манета застаецца ў гульца і гульня спыняецца. Чорт садзіцца ў цэнтр круга і падначвае дзяцей:
Пільнуйце, шукайце,
Пятак мой хавайце!
Несцерка (пляскае ў далоні).
Чорта не спужаліся,
Удосталь нагуляліся!
Чорт.
Даволі, дзеткі, пляскаць у ладкі,
Лепш адгадайце мае загадкі!
Я прыгожы ды касы,
Не стары, а ёсць вусы.
Хвосцік мой маленькі, з пальчык,
Называюць мяне... (зайчык).
Н. Галіноўская
Працуе ноч і дзень,
I дзень і ноч не спіць.
Ён стоячы ідзе,
А ідучы — стаіць. (Гадзіннік.)
В. Жуковіч
Ён калючы змалку,
Гэты маладзец,
Шмат іголак мае,
Толькі не кравец. (Вожык.)
М. Маляўка
Ходзяць чужымі нагамі,
Мяч адбіваюць насамі. (Чаравікі.)
М. Пазнякоў
Несцерка.
Вось пацеха дык пацеха!
3 загадкамі Чорт выскачыў з меха.
Але й дзеткі не драмалі —
Усе загадкі адгадалі.

Гульня «Гарачая аладка»

Гульцы становяцца адзін за адзін у калону. Пакуль гучыць музыка, перадаюць адзін аднаму «аладку». Калі музыка спыняецца, той, у каго яна апынулася, называе беларускую прыказку ці прымаўку, напрыклад:
Зямлю грэе сонца, а чалавека — праца.
Без працы не будзе шчасця.
Хто дбае, той і мае.
Якая Справа — такая і слава.
Без працы няма чаго хлеба шукаці. I г.д.
Несцерка. Малайцы!
Ганна. Што за Каляды без варажбы?
Калядны Дзед. Варажыць на Каляды дапамагае Каза. Давайце запытаемся ў яе, што нас усіх наперадзе чакае.
Павадыр. Адкажы, Казелінька,
Пакажы, Казелінька,
Што дзяўчатам у наступным годзе рабіць?
Каза (імітуе, як дзяўчына ў люстэрка прыхарошваецца).
Вось і так,
Так і гэтак,
Так дзяўчатам рабіць.
Павадыр.
Адкажы, Казелінька,
Пакажы, Казелінька,
Што хлопцам у наступным годзе рабіць?
Каза (імітуе, як хлопцы трэніруюцца).
Вось і так,
Так і гэтак,
Так хлопцам рабіць.
Павадыр.
Адкажы, Казелінька,
Пакажы, Казелінька,
Што гаспадыням у наступным годзе рабіць?
Каза (імітуе, як гаспадыня на кухні завіхаецца ).
Вось і так,
Так і гэтак,
Так гаспадыням рабіць.
Павадыр.
Адкажы, Казелінька,
Пакажы, Казелінька,
Што гаспадарам у наступным годзе рабіць?
Каза (імітуе, як гаспадар у полі працуе).
Вось і так,
Так і гэтак,
Так гаспадарам рабіць,
Калядны Дзед.
Прыйшла Каляда — дзеці рады,
Рады гаспадары, прыпаслі дары.
Калядоўшчыкі будуць калядаваць,
А гаспадары іх частаваць.
Васіль, Ганна, дзеці (па чарзе).
Мы для Казы дадзім каўбасы.
Цыгану Мішку — аўса міску.
Калядоўшчыкам — з макам ламанцаў,
А з Несцеркам — вып’ем узвару па шклянцы!
А табе, Чорт, — дзіравы бот:
Не разяўляй рот, не зводзь народ!
Чорт. Эх! Пашыбую ў іншае месца.

Пакідае залу.

Калядоўшчыкі (па чарзе выказваюць пажаданні).
Дзякуй табе, гаспадар, што пусціў у хату.
За гэта зычым табе жыта багата.
Каб было ў вашай хаце заўсёды што даці.
Каб цвіла гаспадыня, бы вішня-маліна.
Каб было ў вас столькі дочак,
Як у курніку квочак.
I столькі сыноў,
Як у статку бараноў!
А яшчэ жадаем, каб жылі вы з Богам, А не з ліхам-бядою,
Ды шчыра віншуем усіх з Калядою!
Л. Кебіч (апрац.)

Песня «Калядная»

(сл. і муз. народныя, у апрац. Л. Захлеўнага)
Калядоўшчыкі з песняй выходзяць.


Калядны Дзед.
Магутны Божа! Уладар сусвету,
Вялікіх сонцаў і сэрц малых,
Над Беларуссю, ціхай і светлай,
Рассып прамені свае хвалы.
Дай урадлівасць жытнёвым нівам,
Учынкам нашым пашлі ўмалот.
Зрабі магутнай, зрабі шчаслівай
Краіну нашу і наш народ!
Н. Арсеньева

Гучыць аўдыязапіс беларускай народнай музыкі.

Літаратура:

1. Беларускі дзіцячы фальклор: традыцыйныя запісы, апрацоўкі і аўтарскія творы. — Мінск: Беларусь, 1994.
2. Ліцьвінка, В.Д. Святы і абрады беларусаў / В.Д. Ліцьвінка. — 2-е выд. — Мінск: Беларусь, 1998.
3. Старжынская, Н.С. Заняткі па развіцці маўлення і маўленчых зносін у дзіцячым садзе: дапам. для педагогаў устаноў дашкольнай адукацыі з бел. мовай навучання / Н.С. Старжынская, Д.М. Дубініна. — Мінск: Нац. ін-т адукацыі, 2008.

Яшчэ на гэту тэму:

Калядная казка     Калядныя забавы