сцэнарыі святаў на беларускай мове

Ірына БАЧЫЛА, музычны кіраўнік ясляў-сада № 307 Мінска. Часопіс Пралеска

Зіма з Вясною сустракаюцца

Сцэнарый свята для дзяцей старэйшай групы

Свята праходзіць на пляцоўцы дзіцячага сада.

1-ы зазывала.Мы клічам сюды ўсіх, хто любіць вяселле, песні і смех.
2-і зазывала. Мы адзначаем свята провадаў Зімы.
3-і зазывала. Зіму праводзіць будзем, а Вясну сустракаць.
4-ы зазывала. Вас чакаюць гульні, жарты — быць пахмурным тут не варта!
5-ы зазывала. Што, госцейкі, мабыць, змерзлі? Пагрэцца не жадаеце? Тады давайце патанцуем.

Танец па выбару музычнага кіраўніка.
На пляцоўцы з ’яўляюцца дзеці ў касцюмах зімовых месяцаў.


Снежань, Студзень, Люты (разам).
Боты ў полі звоняць меддзю,
Вецер свішча наўздагон,
Развітацца Зіма едзе у
Цэнтральны наш раён.
Снежань.
Сіні лёд дрыжыць, белы конь бяжыць,
На санях Зіма ў кажусе ляжыць.
Студзень.
Яна едзе ў даль на апошні баль,
I за гэта ёй — ледзяны медаль!
Люты.
Ля новых варот робіць паварот,
Гэй, дарогу дай, расступіся народ!

На пляцоўку выходзіць Зіма.

Зіма.
Шанаванне добрым людзям, хай вам радасці прыбудзе!
Хлопцы, дзеўкі, мамы, таты, запрашаю вас на свята!
Слухайце маю аб’яву:
Абяцаю ўсім забаву,
Зараз будуць песні, скокі,
А дзе ж нашы скамарохі?
Зазывала.
А мы Масленку чакалі,
Тару сырам набівалі,
Зверху маслам палівалі!

Гульні "Перакаці колца", "Зайка".
З’яўляюцца Баба Яга і Лясун.


Баба Яга. Паглядзі, Лясун, колькі тут народу сабралася. Вось бачыш — у іх свята, а нас не запрасілі. Тады мы будзем ім помсціць.
Зіма. А зараз мы ў апошні раз пагуляем у хакей.
Гульня "Хакей".

Зазывала.
А вось для вас яшчэ сюрпрыз,
Хто дастане, той і возьме прыз.
Гульня "Дастань прыз".

Зіма.
Галаву вядзе да сну,
Моц акоў маіх слабее,
Але з вамі шчэ паспею
Адамкнуць Вясну-красну.

Зазывала. Давайце клікаць Вясну.

Карагод "Дзе ж ты, Вясна?".
З’яўляецца Вясна.


Зіма.
Вясну з прыходам вітаю
I трон свой ёй я уступаю.
Я ж ад’язджаю на спакой
Ў паўночны край любімы мой.
Хай цёплы дзень смялей ступае —
Табе пасад я уступаю,
Хай новы дзень здабыткам будзе,
Нясе вам шчасце, радасць, людзі!

Зіма адыходзіць.

Зазывала.
Гэй, Вясна-красна,
Што ты нам прынясла?
Вясна.
Я вам прынясла
Шаўковую траву на вясну,
Буйное жыта на лета,
Ядрыцу-грэчку на восень.

Карагод "Да нас весначка прыйшла", гульня "Дожджык".

Вясна. Асілкаў смелых, моцных, дужых Заву я зараз да сябе.

Гульня "Асілкі". Умомант гульні Баба Яга і Лясун крадуць Вясну.

Зазывала. Дзеці, дзе ж гэта дзелася Вясна? Напэўна, Баба Яга і Лясун яе ўкралі. I як жа мы будзем без Вясны? Трэба нам усім ісці шукаць яе!

Дзеці знаходзяць Вясну, ідуць на пляцоўку.

Вясна. А зараз пагуляем у вельмі цікавую гульню. Вы ўсе будзеце пінгвінамі.

Гульня "Пінгвіны".

Зазывала. А дзе ж гэта наша Масленіца? Давайце паклічам яе:
Масленіца-палізуха,
Палізала сыры, яйцы, каравайцы.

Песня "У нас сёння Масленіца ".

Зазывала. Каб лета было шчодрае, каб вырас добры ўраджай, трэба спаліць чучала Масленіцы.

Падпальвае чучала, дзеці спяваюць песню "Ой, Масленка-няшчасненька”

Зазывала.
Гэй, народ, збірайся ў карагод.
Раскрывайце ўсе кішэні, даставайце кашалі,
Купляйце вырабы з саломы і сурвэткі на сталы.
Пачастункаў смачных — горы,
Кожнаму роту знойдзем работу.
Каму масла, каму сала, каму сыр,
Хто заплаціць — таму пір.
Чалавек галодны ні на што не годны!
3 самавара валіць пара — прыкмячай, дзе вараць чай.
Блінок, маслены каток, сам каціся ў раток.

Усе частуюцца блінамі з гарбатай.



Яшчэ на гэту тэму:

Масленіца     Гукайце, дзеці, Масленіцу!