сцэнарыі святаў на беларускай мове

Ф. А. ПАЛАЧАНІН, намеснік начальніка аддзела адукацыі Докшыцкага райвыканкама. Беларуская мова і літаратура 1/2007

"На Беларусі Бог жыве"

Вечар-роздум

Эпіграфы;
...Голас Бога — у песні малітвы адвечнай,
Голас Бога — у волі святой бесканечнай.
Голас Бога — існуе ад веку да века,
Голас Бога — жыве ў душы чалавека.
Змітрок Бядуля

«На Беларусі Бог жыве», —
Так кажа мой просты народ.
Тут праўду сцвярджае раса ў траве
I адвечны зор карагод.
. . . . . . . . . . . . . . . . .
І пра тое кожны пяе салавей
Росным кветкам у роднай траве:
«На Беларусі Бог жыве», —
I няхай давеку жыве.
Уладзімір Караткевіч

Першы вучань. Свае адносіны да Бога, да рэлігіі беларускі народ выказаў яшчэ ў фальклоры. Гэтай тэме ён прысвяціў і шматлікія шэдэўры мастацтва.
Другі вядучы. Многія творы прысвечаны прызначэнню чалавека. Сэнс чалавечага жыцця — пазнаваць і славіць Бога, дзякаваць і прыпадабняцца Яму. Гэта значыць рабіцца лепшым, дабрэйшым і наследаваць Жыццё Вечнае.
Першы вядучы. Спрадвечнае жаданне чалавека выказана ў прыказцы: Хоць бы з краю, абы ў раю.
Другі вядучы. Але народ даўно пераканаўся: Хацела б душа ў рай, ды грахі не пускаюць.
Першы вядучы. Вядома людзям: Грэх не схаваеш у мех, не ўтопчаш у балота.
Другі вядучы. Рукі пабрудзіш — вадою адмыеш, душу забрудзіш — і мылам не адмыеш.
Першы вядучы. Збочыць з дарогі лягчэй, як на дарогу патрапіць.
Другі вядучы. Але ж чаму чалавек, ведаючы ўсё гэта, не спяшаецца развітацца з грахом?!
Першы вядучы. Бог надзяліў чалавека розумам, бессмяротнай душой і вялікім дарам — свабоднай воляй выбару паміж дабром і злом. Таму кожны чалавек адказвае за свае справы, учынкі, за сваё жыццё.
Першы чытальнік.
Грэшныя людзі
Гінуць у блудзе,
Гінуць у п’янстве,
Зле і паганстве.
Тут раскрадаюць,
Там прапіваюць.
Спрэс забабоны —
Людзі ў палоне.
3 ранку нап’юцца,
Вечарам б’юцца,
Быццам жывёлы,
Поўзаюць долу.
Людзі блукаюць,
Выйсця не знаюць.
Сутнасць размовы —
Брыдкія словы.
Ну й пакаленне:
Трацяць сумленне!
Гэй, супыніцеся!
Богу маліцеся!
Кайцеся, людзі,
Добра вам будзе!
А. Дылюк

Другі чытальнік.
Пякельны боль сціскае грудзі,
Плыве над сцішанай зямлёй...
За што нам кара гэта, людзі?
Чаму над пожнямі, раллёй
Маёй любімай Беларусі
Пранёсся страшны чорны смерч?
Курлычуць у прасторы гусі,
Гняздзечка ўтульнае шпакі
Зноў ладзяць, ды ў самотнай скрусе
Звіняць у небе жаўрукі;
Ліецца срэбрам смех дзіцячы,
А у маіх вачах — адчай...
Мы самі ў гэтым вінаваты,
Што атама злавесны грыб,
На волю вырваўшыся, ў хаты
Прынёс бяду, у кроў пранік,
Па жылах цэзіем пульсуе,
Жыцця нам скарачае век:
Бо Бога ў сэрцы не шануем
I над прыродай чынім здзек...
Няўжо і зараз не адчуем,
Які на нашых душах грэх?
М. Мацюкевіч

Гучыць песня «Мой духоўны. сад».
Трэці чытальнік.
Я шмат грашыў.
Свае грахі
не скінуць мне,
як дрэву лісце.
Не спадзяюся, што сухі
змагу з ракі жыццёвай выйсці
на бераг той,
дзе кожны з нас
трымаць павінен справаздачу.
Я сам
цану грахам спазнаў.
Таму не скарджуся.
Не плачу.
Слязьмі сабе не памагчы,
Не спагадаюць скаргам людзі.
I сном забыцца мне ўначы
усё цяжэй, я знаю, будзе.
Каршун раскаяння дзяўбе мне сэрца.
Вырваў бы адразу! Чаго малюся?
Бо сябе
ужо рыхтую да адказу.
А. Вольскі

Чацвёрты чытальнік.
Перад Богам стаўшы на калені,
тлум зямны адкінуўшы спярша,
я шукаю словы для малення —
словы, што выспельвае душа.

Адчуваю сам сябе аблудным
грэшнікам, што топіцца ў дрыгве.
Але вось —
павольна, як падспудна,
золак запаліўся
і плыве
ў вочы мне...

Падманны ды спакусны
свет зямны хаваецца ў імжы.
I паціху прамаўляюць вусны
словы, недаступныя ілжы.

I мяне выводзяць без прынукі
з цемрадзі, з духоўнае слаты
ў ласцы Божай знойдзеныя гукі,
што паклаў на сэрца Дух Святы.
А. Вольскі

Першы вядучы. Аб грахоўнасці людзей, аб неабходнасці пакаяння і вяртання да Бога, аб дараванні грахоў бліжняму Ісус Хрыстос часта казаў народу і вучням сваім у прытчах, на прыкладах,у вобразах.
Другі вядучы. I народная мудрасць вучыць: Таму цяжка, хто помніць зло.
Першы вядучы. Прапануем паглядзець фрагмент літаратурна-музычнай кампазіцыі Ф. Палачаніна «Ісус Хрыстос — наш Настаўнік».
Інсцэніроўка

Другі вядучы. Аднойчы апостал Пётр спытаў у Ісуса Хрыста: «Госпадзе! Колькі разоў можна дараваць брату майму, які грашыць супраць мяне? Ці не сем разоў?»
Голас Ісуса. Я табе не кажу сем разоў, але семдзесят разоў па сямі. Таму Царства Нябеснае ўпадобнена цару, які надумаў разлічыцца з рабамі сваімі.
На сцэне Цар сядзіць на троне.
Каля яго стаіць слуга са спісам даўжнікоў.
Ахоўнік прыводзіць Раба-даўжніка.

Цар (паказваючы на спіс даўжнікоў). Ты мне вінен дзесяць тысяч талантаў.
Раб-даўжнік. Памятаю, што вінен...
Цар. Ты павінен вярнуць іх мне цяпер. Раб-даўжнік. Я не маю чым аддаць. Цар (слугам). Прадаць яго, жонку, дзяцей і ўсё, што ён мае, і вярнуць доўг!
Раб-даўжнік падае ў ногі Цару і кланяецца.
Раб-даўжнік. Цару! Пашкадуй мяне і маю сямейку. Мы будзем і далей шчыра служыць. Злітуйся над намі! Пацярпі, і ўсё табе заплачу.
Цар (падумаўшы). Я дарую табе доўг. (Слугам.) Адпусціце яго!
Ахоўнік выводзіць Раба-даўжніка.
Той на вуліцы ўбачыў свайго Даўжніка.

Раб-даўжнік. Эй ты, Даўжнік! (Махае рукой.) Сюды хадзі!
Даўжнік падыходзіць. Раб-даўжнік абедзвюма рукамі хапае яго за шыю і, крычучы, пачынае душыць.
Аддавай мне доўг! Ты, можа, ужо забыўся на яго?!
Даўжнік (упаўшы ў ногі). Я памятаю, што вінаваты сто дынарыяў...
Раб-даўжнік (перапыняе яго). Калі памятаеш, дык чаму ж не аддаеш?
Даўжнік. Каб жа было чым аддаць... Раб-даўжнік. Ты, можа, спадзяешся, што я забудуся на іх?
Даўжнік. Не!..
Раб-даўжнік. Я табе іх не дарую ні за што!
Даўжнік. Пацярпі! Я ўсё адцам табе...
Раб-даўжнік (са злосцю). Чакаць больш не буду! Я адпраўлю цябе ў вязніцу, і будзеш там, пакуль не аддасі доўг.
Зацямненне. Калі загараецца святло, на сцэне зноў
Цар на троне, а перад ім Ахоўнік і Раб-даўжнік.

Цар. Мне сказалі, што ты за сто дынарыяў доўгу кінуў у вязніцу свайго таварыша. Гэта праўда?
Раб-даўжнік. А што ён думаў?! Калі пазычыў, то няхай аддае! Я яму іх так не дарую.
Цар (злосна). Ліхі раб! Я дараваў табе ўвесь доўг. Ці не варта было і табе пашкадаваць твайго брата, як я пашкадаваў цябе? Ці ведаеш, што твае таварышы за гэта вельмі пакрыўдзіліся на цябе?
Раб-даўжнік. Калі яны яго так шкадуюць, няхай скінуцца на доўг.
Цар (строга). Аддаць яго ў кабалу! Не вызваляць, пакуль не аддасць мне ўвесь доўг!
Ахоўнік выводзіць Раба-даўжніка.
Потым выходзіць Цар.

Голас Ісуса. Вось так і Айцец мой Нябесны зробіць з вамі, калі не будзеце ад сэрца дараваць свайму бліжняму яго грахі.

Пяты чытальнік.
Чакае твайго пакаяння
Твой Госпад не першы ўжо год,
Каб даць табе выратаванне
Ад марных нікчэмных турбот.

Чакае твой Госпад цярпліва,
Дае табе ежу й жытло,
Цябе ашчаджае рупліва,
Каб добра ў жыцці ўсё было.

А ты застаешся няўдзячным,
Клапоцішся ўсё пра сябе,
Сумуеш аб лёсе няўдачным,
Самотна жывеш у журбе.

О, як цябе Госпад чакае!
Яму ты патрэбны, павер!
На неба цябе запрашае —
Прымі запрашэнне цяпер.

Схілі перад Богам калені,
I сэрца сваё адчыні,
Прасі аб грахоў прабачэнні —
Дасягне твой стогн вышыні.

- Схіліся ў малітве гарачай,
Прасі даравання грахоў —
Душою адчуеш удзячнай,
Што Госпад наш Бог ёсць любоў.
А. Дылюк

Шосты чытальнік.
Карае, відаць, Усявышні
За даўнія нашы грахі
I самых патрэбных, як лішніх,
У свет выпраўляе другі.

Крывёю набраклі разоры,
Як у былыя вякі,
Палаюць злавесныя зоры
Па волі суровай рукі.

Знікаюць палацы і хаты,
Радню не знаходзіць радня:
Злачынныя б’юць аўтаматы
У чыстыя душы штодня.

Галосяць бязногія дзеці,
У вечнасць плывуць караблі.
Малю, каб на нашай планеце
Ўсе людзі, як людзі, жылі.

Мы літасці Боскай чакаем.
Адрынем нянавісць і страх,
Каб шчасце заззяла над краем,
Павінны пакаяцца ўсе ў грахах.
С. Грахоўскі

Сёмы чытальнік.
...як з Богам пачалі вайну
ў бясоўскім асляпленні —
Бог сорак першы папусціў —
для ўразумлення...
...пакаяліся —
перад Госпадам Распятым... —
праз церніі —
Бог даў нам — сорак пяты!..
...затым ізноў — вайна з Царквой —
на вынішчэнне...
і... быццам сорак першы йзноў —
для ўразумлення...
...пакаемся, браты...
у будні й святы...
душы ўзарэм рупліва, як араты,
малітваю і працаю зацятай...
і... зноў Гасподзь пашле нам —
СОРАК ПЯТЫ!..
Зьніч

Першы вядучы. Народная мудрасць вучыць нас: Умеў грашыць — умей каяцца.
Другі вядучы. Кароткая пацеха, а доўгае пакаянне.
Першы вядучы. Пасля смерці позна каяцца.
Гучыць песня «Пакаянне» іераманаха Рамана.
Восьмы чытальнік.
Паціхенечку, памаленечку
ад світальнай пары да змяркання
час мой цэдзіцца, як праз леечку,
у няўцямным святле чакання.

Па драбнюткай, ледзь бачнай кропельцы
час няўмольны ўсё капае, капае,
і ў душы штосьці жаласна робіцца —
вечнасць, мяккай пагладзь мяне лапаю.

Песня часу гучыць манатонна,
але ж сэрцу так хочацца біцца.
Ах, чаму ж ты, скажы, не бяздонная,
майго лёсу жывая вадзіца?

Ззяй мне сонейкам, лецечка-любачка.
Распагоджаны свет абдымаю.
Колькі ж кропель у тым маім кубачку,
што анёл нада мною трымае?
М. Дукса

Дзевяты чытальнік.
Ён прыйдзе.
Не з крыўдай. Не з помстай.
Стаптаўшы бязвер’я быльнёг,
Ён выведзе верных на мост той,
што ў Вечную Радасць пралёг.

Там будуць суцэльныя святы
для тых, хто маліўся і пасціў.
А той, хто дасюль вінаваты,
хто ў сэрца Хрыста не пусціў,

хай сам на сябе наракае.
Бо позна ўжо будзе тады,
калі гэты свет напаткае
пагібель у хвалях жуды.

Віруюць пякельныя рэкі.
А доўг наш расце ды расце.
Спяшаймася —
о чалавекі! —
ратунку шукайма ў Хрысце.
А. Вольскі

Першы вядучы. Прапануем фрагмент літаратурна-музычнай кампазіцыі Ф. Палачаніна «Ісус Хрыстос — наш Настаўнік». Для таго каб людзі заўсёды былі гатовы сустрэць Госпада, гэта значыць да суда Божага, Ісус Хрыстос расказаў прытчу аб дзесяці дзевах. У гэтай прытчы Гасподзь прыпадобніў нас дзевам, якія былі настроены на шлюб.
Другі вядучы. Па ўсходніх вясельных звычаях жаніх ішоў па маладую, якая чакала яго ў доме бацькі свайго. Сяброўкі яе, дзяўчаты, павінны былі з запаленымі свяцільнікамі познім вечарам сустрэць жаніха і прывесці да маладой.
Інсцэніроўка

На сцэне — уваход у дом, каля якога тоўпяцца дзесяць дзеў, сярод іх — пяць мудрых. Кожная трымае запалены свяцільнік. Дзевы разглядваюць сваё ўбранне, папраўляюць прычоскі.
Першая дзева (занепакоена). Штосьці доўга няма Жаніха.
Першая мудрая дзева. Затрымаўся.
Другая дзева. А можа, ён перадумаў і зусім не прыйдзе.
Другая мудрая дзева. Быць таго не можа...
Трэцяя дзева. Чаму не можа?! У жыцці і такое бывае.
Трэцяя мудрая дзева. Гэты Жаніх не перадумае. Прыйдзе!
Чацвёртая дзева. Дык чаму ж яго так доўга няма?
Чацвёртая мудрая дзева. Набярыцеся цярпення і чакайце!
Пятая дзева (смачна пазяхае). Чакаем, чакаем, а яго ўсё няма.
Чацвёртая дзева. Ужо і спаць захацелася.
Другая дзева. А я дык, мусіць, падрамлю... (Уладкоўваецца зручней.)
Трэцяя дзева. I мяне сон таксама змарыў.
Пятая дзева. А мае вочы зліпаюцца. Нічога не бачу.
Пятая мудрая дзева. Можа, і праўда крыху падрамаць...
Другая мудрая дзева. Калі хто перш пачуе, будзіце ўсіх!
Некаторыя дзевы садзяцца на лаўку, што стаіць непадалёку, іншыя ўладкоўваюцца на прыступках ганка. Свяцільні ва ўсіх паступова тухнуць. Дзевы спяць.
Першая мудрая дзева (радасна). Жаніх ідзе! Выходзьце на сустрэчу!
Дзевы, дружна ўскочыўшы, папраўляюць свае ўборы, запальваюць свяцільні. Мудрыя дзевы трымаюцца разам. Яны ўжо гатовы да сустрэчы Жаніха. У астатніх свяцільні тухнуць, як ні стараюцца іх запаліць.
Першая дзева (да мудрых). Дайце нам вашага алею, бо нашы свяцільні тухнуць.
Другая мудрая дзева. Мы разам са свяцільнямі ўзялі і алей у сасудах сваіх.
Трэцяя мудрая дзева. Маглі і вы так зрабіць.
Пятая дзева. Мы думалі, што хопіць таго, што ў свяцільнях быў.
Чацвёртая мудрая дзева. Каб не было недахопу і ў нас, як у вас, лепш схадзіце і купіце сабе ў прадаўцоў.
Пяць дзеў ідуць па алей. У гэты час з’яўляецца Жаніх.
Яго сустракаюць толькі мудрыя дзевы.

Жаніх. Добры вечар!
Мудрыя дзевы (разам). Вечар добры!
Жаніх. Прачакаліся?
Пятая мудрая дзева. Галоўнае — дачакаліся!
Трэцяя мудрая дзева. Не важна, колькі чакалі.
Мудрыя дзевы (разам). Калі ласка, заходзьце ў дом!
Жаніх, а за ім пяць мудрых дзеў уваходзяць у дом За імі зачыняюцца дзверы. Неўзабаве прыходзяць і астатнія дзевы і спрабуюць зайсці ў дом, але дзверы не адчыняюцца.
Першая дзева. Гасподзь! Гасподзь! Адчыні нам.
Голас з-за дзвярэй. Праўду кажу вам: Я не ведаю вас.
Дзевы, апусціўшы галовы, ідуць са сцэны.
Голас Ісуса. Дык вось, чакайце, бо не ведаеце ні дня, ні хвіліны, у якія прыйдзе Сын Чалавечы.

Дзесяты чытальнік.
— Хрыстос уваскрэсе!
— Ўсяісна ўваскрэсе!
і рэха —
як гром веснавы ў паднябессі...
і рэха — у сэрцах... і рэха — у песнях...
і вера, што кожны
ў Хрысце ўваскрэсне!..
...і цемрадзь адыдзе... і гора растане...
і смерць, быццам прывід пад сонцам
світальным,
міне ва ўспамін паўнаты
Дабравесця...
— Хрыстос уваскрэсе!
— Ўсяісна ўваскрэсе!
Зьніч

Адзінаццаты чытальнік.
Не маю ў душы замірэння,
квялю, распінаю сябе.
Ласку знаходжу і суцяшэнне,
Госпадзі, толькі ў Цябе.

Штодзень і вайна, і згрызоты,
штодзень існаванне ў журбе.
Дзе ратунак ад гэтай бядоты? —
Госпадзі, толькі ў Цябе.

Грэшны, сябе ачышчаю
ночнай малітвай ў цішы.
Госпадзі, ад адчаю
душу маю зберажы.

Адольвае скруха ў знямозе,
крок няпэўны ў хадзьбе.
Супачыць на Святым парозе —
Ты дазволь — у Цябе.

Дванаццаты чытальнік.
Кроіць сумленне жыццё адмыслова,
Ладзіць учынкаў найстрогі агляд.
Як жа балюча за кожнае слова,
Як жа балюча за кожны пагляд,
Крыўдай пякучай што ранілі сэрца,
Стрэмкаю вострай прабілі душу...
Божа магутны, карай міласэрна.
Я прад Табой даравання прашу.
Н. Салодкая

Трынаццаты чытальнік.
О мой Бог, я слабы і нікчэмны,
І няварты любові Тваёй!
О, прабач мне мой грэх патаемны
I ачысці Ісуса крывёй.
О, прабач маю недасканаласць,
Бо няздольны я праведна жыць.
Не хачу я, каб вера сканала,
Дай мне моцы, каб больш не грашыць.
А. Дылюк

Чатырнаццаты чытальнік.
Свет нябачны, свет духоўны,
неабсяжны і цудоўны,
я сабе адкрыў:
Справядлівасць там кіруе
і любоў валадаруе —
Дзіўны свет, сябры!

Свет маланкавы, агністы,
свет бліскучы, прамяністы,
Славы адкрыццё,
Шчасця поўны і пяшчоты,
мілаты, павагі, цноты, —
Вечнае жыццё.
А. Дылюк

Першы вядучы.
Божа наш, памілуй нас!
Тваёй сілай ахіляй,
Тваёй ласкаю ўвесь час,
Божа, нас багаслаўляй!
Другі вядучы.
Умацуй нашых бацькоў,
Каб па Праўдзе век жылі,
I папраў кіраўнікоў,
Да Святла каб нас вялі.
Першы вядучы.
Праўда і Святло для ўсіх —
Ты заўжды, Ісус Хрыстос!
Душы нашы ўваскрасі,
Як калісьці Сам ўваскрос.
Другі вядучы.
Божа наш, памілуй нас!
Тваёй сілай ахіляй,
Тваёй ласкаю ўвесь час,
Божа, нас багаслаўляй!
Л. Чэрняк

Гучыць песня «Госпадзі, памілуй!».