сцэнарыі святаў на беларускай мове

Л. Д. КАВАЛЁВА, загадчыца дзіцячай бібліятэкі № 7 г. Мінска. Пачатковае навучанне 10/2010

«Над Белай Руссю — белы бусел»

Вядучы. Усе мы жывём на планеце Зямля. Гэта дом для ўсіх нас. Каб зберагчы гэты вялікі дом, неабходна спачатку палюбіць невялічкую яго частку, якую называюць Радзімай.
Наш родны край — гэта Беларусь, самая прыгожая, самая любая краіна. Ты жывеш тут, тут жывуць твае мама і тата, бабуля і дзядуля.
Што такое Бацькаўшчына, знаеш?
Вучань.
Гэта рэчка, сцежачка лясная,
гэта ў лузе залатая пчолка,
а ў вачах тваіх — вясёлка.
Вядучы. Бацькаўшчына — гэта дом твой, школа, гэта песні, што звіняць наўкола.
Вучань.
Гэта тата твой і мама,
I сябры твае таксама.
Вучаніца.
Я — дзяўчынка-беларуска
3 васільковымі вачыма.
Хоць малая, але знаю:
Беларусь — мая Радзіма.
Вядучы. Усяго нас беларусаў амаль 10 млн. чалавек. Калі б усе мы, старыя і малыя, сталі побач і ўзяліся за рукі, то наш жывы ланцужок працягнуўся б аж да далёкай-далёкай Афрыкі і апошні ў ланцужку змог бы павітаццца са сланом ці кракадзілам.
А што за народ беларусы? А што за суседзі жывуць побач з намі? А якое надвор'е пануе ў Беларусі?
Вядучы. Для таго каб больш даведацца пра сваю краіну, мы вырашылі адкрыць у нашай бібліятэцы клуб «Буслік». Разам з вамі мы зазірнём у мінулае і сучаснае нашага краю. I вы зразумееце, што ваша жыццё, якое толькі пачынаецца, — гэта працяг жыццяў вашых продкаў, а тое, што вакол вас, - гэта след іх жыцця. Гэта наша спадчына, якая даецца кожнаму разам з жыццём. Спадчына — гэта народныя звычаі і культура, гэта наша мова, гэта веліч і слава народа.
Гучыць песня «Спадчына» (муз. I. Лучанка, сл. Я. Купалы.)
Вядучы. Сімвалам нашай краіны з’яўляецца белы бусел. Народнае павер’е сцвярджае, што бусел прыносіць у дом удачу, дзяцей і шчасце.
Вучань.
Бусел-бусел, клёка-клёка,
Дзе ты жыў?
Бусел-клёка.
Я жыў далёка:
За гарамі, за лясамі,
Там, дзе Ніл, на поўдні самым.
Вучань. Што за Ніл?
Бусел-клёка.
Рака такая,
Нібы мора, гаманкая,
А ў тым Ніле, хлопчык мілы,
Ёсць страшылы-кракадзілы.
Вучань. Як жа ты там, бусел, жыў?
Бусел-клёка.
Я не жыў, — усё тужыў,
Дзе б ні быў, дзе б ні лятаў,
Родны край успамінаў.

Вядучы. Белы бусел — вельмі прыгожая птушка. Не заўважыць яе нельга. Магчыма, таму пра яе так многа складзена розных паданняў і легенд, казак, прымавак і прыказак. Вось, напрыклад: «Ты не згарыш ніколі, браце, калі бусел ёсць на хаце».
Вучань.
Яшчэ з маленства такую прымету
Я знаю пра бусла, пра птушачку гэту:
Як буслік на хаце, то і шчасце ў хаце.

Вядучы. У народным фальклоры буслы вядуць свае паходжанне ад людзей і нават ад анёлаў. Буслы ахоўвалі жытло ад Перуна, былі ўзорам сумлення і вернасці. Таму ім дапамагалі сяліцца побач з домам, майстравалі буслянкі. Ці даводзілася вам бачыць у нашай вёсцы бусла і як часта гэта бывае?
Паведамленні дзяцей.
Вядучы. А што вы можаце расказаць пра жытло бусла?
Паведамленні дзяцей.
Вучань.
Няма радзімы без бацькоўскай хаты;
Бусліны клёкат — гэта родны дом;
Ты будзеш жыць шчасліва і багата,
Калі над хатай — буслава гняздо.
П. Панчанка.

Вядучы. У нашай краіне жыве шмат розных жывёл і птушак. Ёсць у нас і помнікі прыроды, вядомыя не толькі ў нашай краіне, але і далёка за яе межамі.
Вучань.
Зямля з блакітнымі вачамі —
Святло азёр, прастор лугоў!
Тут называюць Васількамі
На Беларусі хлапчукоў.
Звіняць крыніцы, як цымбалы,
Сцяжынкі свецяць у лясах.
Палі, узгоркі, перавалы —
Прасторны шлях, далёкі шлях.

Вядучы. Вас не здзівіла назва — «зямля з блакітнымі вачамі»? I сапраўды, якія вочы могуць быць у зямлі? А між тым менавіта так вельмі часта называюць нашу радзіму — Беларусь. Як вы думаеце, чаму?
Вядучы. Паглядзі на неба. Якога яно колеру? А якога колеру вочкі многіх тваіх сябровак і сяброў? Асабліва шмат блакіту ўлетку — блакітная рэчка і блакітнае возера.
Беларусь не толькі край блакітных азёр і запаветных лясоў. Беларуская зямля заўсёды славілася сваімі людзьмі: добрымі, шчодрымі, таленавітымі. Беларусь багатая на славутыя імёны, якія яркімі зоркамі ззяюць нам праз стагоддзі. Мы помнім Ефрасінню Полацкую, Францыска Скарыну, Льва Сапегу, Адама Міцкевіча. Гэта Беларусь дала свету Марка Шагала, Казіміра Малевіча. Аб іх мы таксама будзем гаварыць на паседжаннях нашага клуба.
Кожны любіць краіну, дзе жыве. Мы ганарымся тым, што мы — беларусы. Беларусы — працавітыя людзі. Але ўмеем мы не толькі працаваць, але і адпачываць. 3 даўніх часін гуляюць беларускія дзеці ў розныя гульні. Давайце зараз і мы з вамі ўспомнім некаторыя з іх.

Гульня «Кароль»

«Кароль» сядзіць на лавачцы. Дзеці тайна ад яго дамаўляюцца, што будуць рабіць (напрыклад, капаць бульбу, рваць яблыкі, вудзіць рыбу, касіць і г.д.). За- тым падыходзяць да «караля»:
— Добры дзень, дзядуля кароль!
— Добры дзень, дзеці. Дзе вы былі?
— На панскім двары.
— А што вы там рабілі?
— Мы не скажам, а пакажам!

Пасля гэтага дзеці імітуюць тую работу, пра якую яны дамаўляліся, а «кароль» услых адгадвае. Як толькі адгадае, даганяе дзяцей. Той, каго «кароль» зловіць, становіцца новым «каралём», і гульня працягваецца.
Вядучы. Умеюць беларусы і жартаваць.
Дзеці расказваюць смяшынкі.

Хітры хлопец

— Мама, дай мне гароху.
— Добра, вазьмі сабе поўную жменю.
— Аж поўную жменю! То ты, мама, дай сама, бо твая жменя большая.

Хто старэйшы

— Хто з вас старэйшы — ты ці твой брат? — спыталі ў малога Міколкі.
— У мінулым годзе мама казала, што брат на год старэйшы за мяне. Так што сёлета я з ім зраўняўся, — адказаў Міколка.

У фельчара

— Вось, цётка, будзеш даваць гэта лякарства свайму старому па 10 лыжак у дзень.
— А божа ж мой! Дзе я вазьму столькі лыжак? У мяне іх толькі 4.

Дзед і ўнук

— Дзядуля, а ты быў калісьці маленькім, — пытаецца ўнук.
— Быў, унучак, быў...
— Вось ты быў смешны тады са сваёй лысінай і барадой.

Вядучы. Таксама беларусы адукаваныя і вельмі кемлівыя людзі. Давайце зараз дакажам гэта. Як? Мы будзем адгадваць загадкі.
Дзеці адгадваюць загадкі.
Вучань. Давайце крыху пагаворым пра наш родны горад Мінск.
Вучань.
Нарадзіўся я ў Мінску,
Тут я гадаваны.
Родны горад — плошчы, скверы,
Вуліцы, фантаны.
Пра свой горад я складаю
Вершы-карацелькі:
«Мінск — сталіца Беларусі.
Я — мінчук маленькі».
Л. Пранчак. «Мінчук».

Вядучы. А ці любіце вы свой родны горад? Зараз мы гэта праверым.
Дзеці адрываюць пялёсткі рамонкаў. На пялёстках — пытанні:
✓ Якія тэатры ёсць у Мінску?
✓ Якая самая салодкая фабрыка ў сталіцы?
✓У якіх парках можна цікава і весела бавіць час?
✓ Як раней называўся горад Мінск?
✓ Які самы хуткі сталічны від транспарту?
Вядучы. Малайцы, вы ўсе адказалі правільна. Сёння мы крыху пазнаёміліся з нашай краінай, яе традыцыямі. На наступных сустрэчах мы яшчэ шмат пра што даведаемся. Я спадзяюся, што вы будзеце з годнасцю несці сваё імя — беларус.
Няхай шчаслівай будзе зямля пад белымі крыламі, наша з вамі зямля!


Яшчэ на гэту тэму:

Наша радзіма — беларусь      Перазовы роднага краю