сцэнарыі святаў на беларускай мове

Надзея БЕЛАВУС — настаўніца роднай мовы і літаратуры - Перарубскай базавай школы Іванаўскага раёна. Роднае слова 1997/08

Дзень маці

Літаратурна-музычная гасцёўня

Свята адзначаецца 14 кастрычніка. У госці варта запрасіць бабуль, маці вучняў. На сценах плакаты.
Маці — пачатак усіх пачаткаў, апора і надзея, будучае народа, падтрымка ў горы і радасці. С. Грахоўскі
Пакуль у нас ёсць маці, мы ў любым узросце застаёмся маладымі. Таму ой як трэба берагчы, шанаваць і любіць сваіх мацярок; не гаркату, а толькі радасць і кветкі прыносіць ім. С. Грахоўскі
Не знаю,
Ці ёсць жыццё
На нейкіх зорках.
Я знаў толькі адну зорку —
Пяцікрылую далонь маці,
На якой выраслі
Мы, наш хлеб, нашы песні.
Святло якой
Вечна струменіць.
М. Танк

Запрошаныя сядзяць за столікамі з печывам, гарбатай, кветкамі. На сцэне — два вядучыя з мікрафонамі.
1-ы. Добры дзень!
2-і. Добры дзень!
1-ы. Як добра і справядліва, хто 14 кастрычніка зацверджана ў нашай краіне як Дзень Маці. Народная мудрасць сцвярджае: “Банька фармуе розум, а маці — лашчыць цела, душу”. I гэта сапраўды так. Мужчына імкнецца прадоўжыць сябе ў справах сваіх рук і розуму, у імені і прозвішчы дзіцяці, а жанчына дае жыццё новаму чалавеку, вучыць адрозніваць дабро ад зла. Ад маці мы атрымліваем свае першыя ўрокі.
2-і. Маці — найлепшае і найцудоўнейшае з усяго, што створана калі-небудзь прыродай.
1-ы. Маці — гэта дом, адкуль мы выйшлі. Маці — гэта цяпло і спакой.
2-і. Вось чаму дзень 14 кастрычніка па прыкладу многіх краін свету ў 1996 г. узведзены і ў Беларусі ў ранг асаблівых.
1-ы. Дзень Маці супадае з вялікім народным святам Пакроваў. Паводле тлумачэнняў праваслаўнай царквы, Пакровы — пакрывала Божай Маці, якая абараніла людзей ад бяды...
2-і. Нашы маці гатовы ратаваць нас ад любога няшчасця, засланіць сваімі грудзьмі, каб толькі з намі нічога не здарылася.
1-ы. Адразу прыгадваецца старадаўняя прыпавесць пра юнака, які па загадзе няўмольнай і хцівай каханкі прынёс ёй у ахвяру матчына сэрца. Ён бег з ім у руках, моцна выцяўся аб камень і застагнаў. “Ой, табе ж баліць, сынок?! Ідзі цішэй, дзіцятка”, — азвалася матчына сэрца.
2-і.
Сэрца маці!
Наш боль быў тваім,
Не іначай.
Сорам наш
Ты касіла вялізарным горам,
Кропля ж кожная
Радасці светлай дзіцячай
Напаўняла цябе,
Разлівалася морам.
Ніл Гілевіч. Маці

На сцэну выходзіць вучань. Ён чытае верш “Маці”*.
____________
* Словы гэтага верша напісаны вучаніцай Галяй Кахнюк

Цераз вокны ў хату
Месяц пазірае,
Спіць уся сямейка,
Ноч адпачывае.

Толькі наша маці
Шые, вышывае,
Калыханку сыну
Ціхенька спявае.

— Спі, сыночак родны,
Лю-лі, лю-лі, лю-лі.
Пад страхой ўсе птушкі
Ўжо даўно паснулі.

I ручнік на шчасце
Вышые сыночку.
3 песняй ля калыскі
Прасядзіць ўсю ночку.

На сцэне на лаўцы сядзіць дзяўчынка з лялькай у руках. Яна ціхенька спявае калыханкі **:
____________
** Калыханкі склалі вучаніцы Вера Пуцыковіч і Наталля Крэчка.
Мой сыночак нагуляўся
Ды на ложак спаць паклаўся.
Спі, сыночак, засынай
Ды вялікі вырастай.

Наша мушка-залатушка
Да сыночка прыляцела,
У куточку ціха села.
Яна бзумкала-спявала,
На Алёшку пазірала,
Каб ляжаў ён ціха-ціха,
Каб не ведаў хлопчык ліха.

Два каточкі тут гуляюць
I сыночка забаўляюць,
Вы, каточкі, ціха будзьце
Ды мурлыкаць не забудзьце.
Мой сыночак будзе спаць,
А я буду калыхаць.

Зоркі з неба пазіраюць,
Малых дзетак забаўляюць.
Добры месяц срэбрабокі
Захаваўся за аблокі.
Трэба ўсім адпачываць.
Спаць, спаць, спаць...

1-ы.
Раней за ўсіх яна ўстае,
Пазней за ўсіх кладзецца.
Яна жыве, яна пяе, —
I дзецям лепш пяецца.

2-і.
Ты не шкадуй ласкавых слоў
Для роднай, для адзінай.
Адказвай маці на любоў —
Будзь верным, добрым сынам!

На сцэну запрашаюцца два юнакі і дзве маці. У руках хлопцаў кветкі. Жанчыны садзяцца ў крэслы. Юнакі, ставячы ступню за ступнёю, павінны дайсці кожны да сваёй маці, гаворачы пры гэтым ёй ласкавыя словы. Пераможа той, хто першы дойдзе да сваёй маці, падорыць ёй кветкі і скажа больш ласкавых слоў.

1-ы. Ніхто цябе так не шкадуе і не любіць, як маці.
2-і. Ніхто так горка не тужыць па табе ў адзіноце, як маці.
1-ы. Ніхто не ўмее так чакаць, як яна. Ніхто, як маці, не радуецца нават самым маленькім радасцям дзяцей сваіх.
2-і. Ніхто не ўмее цярпець і дараваць, так як маці.
1-ы. (Чытае верш “Маці”*.)
Вецер свішча за цёмным акном.
Ціха-ціха ў хаце.
Ля іконы стаіць перад сном
Мая добрая маці.

Аб чым, ведаю, молішся ты —
За дзяцей і за ўнукаў.
У акно, бы вандроўнік чужы,
Вецер ціха пастукаў

Замарылася. Цяжка адной
Упраўляцца па дому.
Думкі светлыя мрояцца ёй,
Адганяючы стому.

Вецер свішча за цёмным акном.
Ціха-ціха ў хаце.
Ля іконы стаіць перад сном
Мая добрая маці.

2-і. А цяпер паслухайце легенду пра маці. Думаю, што для многіх яна будзе павучальнай.

Даўным-даўно на беразе Чорнага мора жылі людзі. Яны аралі зямлю, пасвілі скаціну і палявалі на дзікіх звяроў. Восенню, калі заканчваліся палявыя работы, людзі выходзілі на бераг мора і наладжвалі вясёлыя святы. Спявалі, танцавалі ля вогнішчаў, бавілі час у гульнях, якія заканчваліся кіданнем стрэлаў — стрэлаў шчасця.

Калі юнак хацеў стаць паляўнічым, ён пускаў стралу ў бок лесу; калі пастухом — у бок статку; калі ж аратым — у бок поля. Глядзець на гэтыя гульні выходзіў з мора сам цар Няптун. Кожны раз, гледзячы на гульні, ён усміхаўся і казаў:

— Як людзі ні выхваляюцца сваёй сілай, а мяне ўсё ж баяцца. Ніхто з іх не адважыўся пусціць стралу ў бок маіх уладанняў.
Аднойчы выйшлі да вогнішча юнакі, раптам павярнуліся ў бок мора і ўсе, як адзін, пусцілі туды стрэлы. Няптун прыйшоў у шаленства.

— Я ўсіх вас пахаваю ў бездані марской! — закрычаў ён.
Жанчыны задумаліся: марскі цар на самой справе можа пахаваць іх дзяцей у моры. А жанчыны былі гут вельмі дужыя, прыгожыя і ніколі не старэлі. Думалі яны, думалі і вырашылі аддаць усю сваю сілу сынам. Юнакі, узяўшы мацярынскую сілу, падышлі да самага берага мора. Каб не пусціць іх да вады, Няптун узняў вялікія хвалі, але хлопцы не пабеглі назад. Затое іх маці пасля гэтага сталі слабымі.

1-ы. Вы бачылі калі-небудзь слабых жанчын? Калі сустрэнеце, ведайце: гэтыя жанчыны аддалі ўсю сваю сілу дзецям.

Калі Няптун убачыў, што юнакі не адступіліся, ён дзіка рассмяяўся і злосна закрычаў жанчынам.
— Няхай сабе вашы сыны выстаялі супраць мяне тут, на беразе, але ў моры я парву ім рукі!
Жанчыны зноў задумаліся. Так, марскі цар і гэта зрабіць можа, у яго моцныя жылы. Пакуль яны думалі, на паверхню вады выплылі дочкі Няптуна. Яны, як і іх бацька, былі вельмі непрыгожыя і таму папрасілі:

— Жанчыны, аддайце нам сваю прыгажосць, а мы дастанем з дна мора моцнай травы, спляцем з яе жылы для вашых сыноў, і рукі ў іх будуць такія ж моцныя, як у нашага марскога бацькі.
Жанчыны адразу пагадзіліся і аддалі дочкам марскога цара сваю прыгажосць.

2-і. Калі вы ўбачыце дзе-небудзь непрыгожую жанчыну, ведайце, што яна ахвяравала сваім хараством дзеля дзяцей.
1-ы. Цар Няптун даведаўся аб тым, што зрабілі яго дочкі і разгневаўся, — выкінуў іх з мора і ператварыў у чаек.
2-і. Вы чулі, як чайкі плачуць над морам? Гэта яны просяцца дахаты, але жорсткі бацька не пускае іх назад і нават не глядзіць на іх.
1-ы. Затое маракі заўсёды глядзяць і наглядзецца не могуць на чаек, таму што яны носяць прыгажосць іх маці.
2-і. Юнакі, адчуўшы моц у руках і плячах, нарэшце выйшлі ў мора. Выйшлі і прапалі. Чакаюць іх маці, чакаюць — не вяртаюцца сыны. Паявіўся зноў перад жанчынамі Няптун і засмяяўся так, што ад яго смеху нават хвалі захадзілі па моры.
— Не дачакацца вам цяпер сыноў! — рагатаў ён. — Яны ж блукаюць. Вы забыліся, што на моры няма ні дарог, ні сцяжынак.
I ён зноў зайшоўся ў страшным смеху.
1-ы. Тады жанчыны ўсклікнулі.
— Няхай будзе ў нашых вачах менш святла, але няхай над нашай зямлёй яшчэ ярчэй гараць зоркі, каб нашы сыны знайшлі па іх дарогу да родных берагоў.
Толькі сказалі так, і ў небе адразу ярка-ярка заблішчалі зоркі. Юнакі ўбачылі іх і хутка вярнуліся дамоў.
2-і. Вось чаму маракі моцныя і непераможныя. Маці аддалі ім усё лепшае, што мелі.
Вучань чытае верш “Маці”*.
_____________
* Словы верша напісаў вучань Сяргей Паліўка
Кажуць мне, падобны да цябе я.
Усмешка, як твая, пагляд вачэй.
Колькі ж, мама, з добраю надзеяй
3-за мяне не спала ты начэй?
Ростам я з табой амаль зраўняўся,
Ці ж змагу я сэрцам дарасці?
Каб як ты, я праўды не баяўся,
Каб як ты, жыццём сваім ісці?

Усе дзеляцца на дзве каманды, паміж якімі праводзіцца конкурс: хто больш ведае песняў і вершаў пра маці. Трэба праспяваць або расказаць хоць адзін слупок. Каманда- пераможца атрымлівае прыз — торт, вязанку бублікаў і г.д. За гэты час на сцэне ідзе падрыхтоўка да дзеі “У госці да маці”, у якой заняты мужчына гадоў 30, старэнькая бабуля, жанчыны-калгасніцы.

Сцэнка адбываецца па аўтобуснай станцыі, дзе вісіць шыльда з яе назвай. На лаўках у чаканні аўтобуса сядзяць людзі, пераважна жанчыны-калгасніцы, што прывозілі на рынак гародніну і цяпер вяртаюцца дахаты з пустымі кошыкамі. Яны маўчаць і толькі аднаму мужчыну не сядзіцца і не маўчыцца. Ен паварочваецца да адной суседкі, да другой, спрабуе пачаць гаворку. Пад рукой — пусты мех. 3 кішэні вытыркаецца рыльца бутэлькі. Сам ужо на добрым падпітку.

Мужчына (да суседкі, што сядзіць справа). — Ну што, цётка, усё працала, што прывозіла? Бачу, што ўсё, бо кошык пусты. Во ўсе цяпер у гандаль кінуліся. Нават старыя. Камерсанты! Ха-ха-ха!
(Жанчына моўчкі адварочваецца ад яго.)
Мужчына (звяртаецца да другой суседкі). — Вось ты мне скажы, цётка. Возіце, возіце на гэты рынак усё, гандлюеце. А навошта вам тыя грошы? Навошта, га? Колькі ж вам трэба? Дык не! Усё цягнеце! Добра, калі якая разумнейшая, ды хоць дзецям аддае, а то ж ёсць і такія, што абцугамі з іх “зайца” не выцягнеш. Вось я хачу табе сказаць...
(Жанчына адмахваецца ад яго, устае і пераходзіць на другую лаўку. Мужчына, не закончыўшы фразы, глядзіць ёй услед здзіўлена. У гэты час прыходзіць сівенькая бабулька, займае свабоднае месца ля мужчыны.)
М. Здароў, маці!
Б. Здароў, сынок!
М. У гасцях была?
Б. Адгадаў. У дачкі.
М. Пачаставала дачка? Паўлітэрку паставіла?
Б. Не мой гэта клопат — паўлітэрка. Унучкаў паняньчыла.
М. Яно так. I мая маці не п’е. А цяпер куды едзеш?
Б. Дамоў. Да сына.
М. Так ужо і не выпіла ніколечкі? А я таксама ў госці еду. Да маці.
Б. Дай Божа ёй здароўя.
М. Яна ў мяне харошая старая. Я люблю сваю матулю. і Часцяком наведваю яе. Не забываю.
Б. Адна жыве?
М. Ёй і адной няблага. У яе агарод, парсюк. У тую нядзелю быў, памог кабанчыка асвежаваць. У яе сала пакінуў. Не пакрыўдзіцца. А цяпер гасцінец вязу (ляпае рукою па кішэні з бутэлькай).
Б. (Не разабраўшыся). Добра, што вязеш гасцінец. На маці нельга забывацца.
М. Я і не забываюся. Кожны выхадны еду. А памагаць ёй няма патрэбы — свая бульба расце. Увосень накапае, і мне мяхоў пяць перападзе. А то купляў бы на рынку. Харошая ў мяне матуля! (Плюе пад ногі.) Вось толькі слабенькая зусім стала. Самой цяжка з агародам упраўляцца. Суседзяў просіць памагаць.
Б. А сам памагаеш?
М. А як жа! Кабанчыка вось у тую нядзелю асвежаваў... Ёй увага дарагая, а не якія там грошы. Грошы для яе не галоўнае. Яна іх у мяне і не просіць. I даў бы, але ведаю — не возьме. У суседзяў пазычыць, а ў мяне не папросіць. (Закурвае, і суседка, адмахваючыся ад дыму, перасаджваецца на другое месца.)
М. Зараз прыеду, сяду з мамачкаю за стол. Пагаворым, вып’ем. Вось толькі шкада — не п’е яна.
Ж. А чаму б яе да сябе не ўзяць? (Пытае жанчына, што перасела.)
М. А што ёй рабіць у горадзе? Яна ж прывыкла ўсё жыццё працаваць? А потым хто ж агарод дагледзіць, хто парсючка згадуе? (Памаўчаўшы.) I не хачу я, каб мая жонка яе крыўдзіла. Нявесткі і свякрухі заўсёды не ладзяць. Не, няхай мая маці лепш сама будзе гаспадыняю. Вось заеду зараз. О то маці будзе рада! Агуркоў мне навыбірала зялёненькіх на засол... Сядзем за стол, пагаворым.
Ж. А вось і аўтобус наш!
Усе хапаюць кошыкі і бягуць.
1-ы вядучы. Ну, што, пазналі ў галоўным героі каго- небудзь са сваіх знаёмых, сваякоў, суседзяў? На жаль, такіх “клапатлівых” сыноў і дачок многа. Але ж памятайце, што маці сагравала нас сваім сэрцам. Яна адкрывала нам гэты дзівосны свет. Бяссонымі начамі люляла і песціла, суровым паглядам гартавала душу. Не шкадавала сіл сваіх, сілу давала нам.
Бо яна — Маці!
2-і. Невычэрпны сэнс гэтага адзінага слова, зразумелага, бадай, на ўсіх мовах свету. У ім і ласка, і шчымлівы боль, і любоў, і надзея.
1-ы. Калі нам бывае вельмі балюча, з глыбіні душы вырываецца енк: “Ма-ма!” I, здаецца, адразу становіцца лягчэй. Так было ў маленстве, так будзе заўсёды.
2-і. А цяпер паслухаем, што і як пішуць пра сваіх маці вучні нашай школы.
Зачытваюцца сачыненні вучняў. Гэта можа зрабіць настаўніца, самі вучні.

Яшчэ на гэту тэму:

Любоў да маці свет трымае     Адзіная мая