сцэнарыі святаў на беларускай мове

Алена ПАЛТО, выхавальнік дашкольнай адукацыі першай катэгорыі, Мотальскі дзіцячы сад Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Пралеска 05/2016

У нашым двары - сапраўдныя гаспадары

Забава для дзяцей старшай групы (5-6 гадоў)

Праграмныя задачы: фарміраваць уяўленні дзяцей пра гістарычны быт беларусаў; далучаць дзяцей да беларускай нацыянальнай спадчыны сродкамі вуснай народнай творчасці; садзейнічаць развіццю правільнага маўлення; з дапамогай фальклору выхоўваць цікавасць да мастацкага слова, любоў да Радзімы, нацыянальнай культуры.
Матэрыял і абсталяванне: касцюмы Гаспадыні і бабкі Агапкі для дарослых, дзіцячыя нацыянальныя строі для гасцей, Дамавіка, Алёнкі і Алеся, сімвалічная брама, памяшканне групы аформлена ў выглядзе вясковай хаты, цацачны кот, зроблены з паперы журавель, зерне фасолі, гароху і пшаніцы, аўдыязапісы народнай музыкі па выбару выхавальніка.

Ход мерапрыемства

Выхавальнік (В.). Народная творчасць — люстэрка чалавечай душы. Калі хочацца лепш даведацца, як жылі нашы продкі, звярніцеся да іх творчасці. Колькі ў ёй глыбокай мудрасці!

Пад гучанне народнай мелодыі ля сімвалічнай брамы збіраюцца дзеці-госці.

В.
Расчыняйце браму,
Едуць госці.
Едуць з вёсак дальніх,
3 маладосці.

Гаспадыня адчыняе браму.

1-ы госць.
Добры дзень таму,
Хто ў гэтым даму.
Шмат дарог мы прайшлі
I да вас зайшлі!

Гаспадыня.
Колькі тут дзетачак,
Прыгожых юных кветачак.
Гэй, сябры, вітаю вас!
Заходзьце хуценька да нас!

2-і госць.
Добры дзень, гаспадынька, як справы?
Гаспадыня. Нічога, жывём, хлеб жуём.
3-і госць.
Будзьце здаровы,
Як рыжыкі баровы!

4-ы госць.
Майце торбу грошай,
Жывіце ў раскошы!

5-ы госць.
Усяго даволі,
А бяды ніколі!

Гаспадыня. Добрым людзям і мы рады будзем.
6-ы госць.
Каб у хляве — парсюк гладкі,
А на стале — смачныя аладкі!

Гаспадыня. Дзякуй за цудоўныя пажаданні!

Чуецца гоман, выбягаюць Алесь і Алёнка.

Алесь.
Алёнка, Алёнка,
З’ела кароўку.
Алёнка.
Гром грыміць,
Зямля трасецца,
Алесь з торбаю нясецца.

Гаспадыня. Вы што, дзеткі, сварыцца надумалі? Ай-ай-ай, які сорам на вачах у гасцей творым.
Алесь. Гэта не сварка, а старадаўнія дражнілкі.
Гаспадыня. Хіба што кпінкі-дражнілкі. А што гэта ты, Алёнка з катом робіш?
Алёнка. Гуляю. (Цягне за хвост цацачнага ката.)
Гаспадыня. Ты ж яго балюча тузаеш. Калі б з табой так гулялі, ці добра было б? Алёнка. Вядома, нядобра.
Гаспадыня. Запомні сама, запомні Алесь, запомніце госці: не рабі другому, што не люба самому!
Алёнка. Добра, запомнім.
Гаспадыня. Малайцы, цяпер можам і заспяваць разам.

Выконваюць урывак з беларускай народнай песні «Чаму ж мне не пець».

Гаспадыня. Добра спяваеце, гэты твор даўно вядомы ў нашых краях. Нагадайце, калі ласка, як называецца наша Радзіма?
1-ы госць.
Куточак зямлі, дзе бярозкі шумяць,
Дзе ясныя зоркі ў азёры глядзяць,
Дзе клёкат бусліны нам песняй гучыць,
Куточак зямлі, як цябе не любіць!
Куточак зямлі, на якой, мы жывём
Ласкава цябе Беларуссю завём!
Я. Жабко
Гаспадыня. А як завуць людзей, якія жывуць у Беларусі?
2-і госць.
Блакіт нябёс і белы бусел,
I кветкі ў полі, як абрус.
Мой край завецца Беларуссю,
А сам я — хлопчык-беларус.
С. Сокалаў-Воюш
Гаспадыня. Правільна, хлопчыкаў называюць беларусы, а дзяўчынак — беларусачкі, размаўляюць яны паміж сабой па- беларуску.
3-і госць.
Я на роднай мове
Размаўляць вучуся.
Вы прабачце, людзі,
Мо дзе памылюся.
I. Цітавец
4-ы госць.
Мая родная мова —
Ручайкоў перазвон,
Птушак шчэбет вясновы,
Калыханка на сон.
5-ы госць.
Люба кожнае слова:
Мама, ластаўка, клён.
Будзе жыць мая мова —
Ручайкоў перазвон.
Л. Парэмскі

В. Здаўна беларусы лічацца гасціннымі людзьмі. Гасцей заўсёды запрашалі за стол. Ежу не салілі, затое дарагую на той час соль ставілі на стол. Калі кепскі чалавек прыходзіў, то яго лічылі нежаданым госцем і соль на стол не ставілі. Менавіта пра такога госця казалі: «Пайшоў, не солана еўшы».

Уваходзіць бабка Агапка.

Бабка Агапка.
Добры дзень!
Колькі вас усіх тут ёсць —
Кожнаму дам па зярнятку.
Кожны дарагі мой госць
Хай паслухае загадку.

Кожная сялянская хата мае сваю гаспадарку. Калі вы адгадаеце беларускія народныя загадкі, то даведаецеся, хто жыве на нашым падворку.

Стаіць на плоце
У чырвоным капоце.
Рана ўстае,
Спаць не дае. (Певень.)

3 людзьмі сябруе,
Хату вартуе.
Жыве пад ганкам,
Хвост абаранкам. (Сабака.)

Не араты, не каваль, не плотнік,
А першы на сяле работнік (Конь.)

Пасярод двара стаіць гара.
Спераду вілы, ззаду мятла. (Карова)

Цэлы дзень у рэчцы купаюцца,
А на бераг сухія выходзяць. (Гусі.)

Па зямлі ходзіць,
Неба не бачыць.
Нічога не баліць,
А ўсё стогне. (Свіння.)

Лыка дзярэ,
А лапці не пляце. (Каза.)

На полі і на лузе
Ходзіць у кажусе. (Авечка)

Бабка Агапка. Якія ж вы кемлівыя, усе мае загадкі адгадалі!
В. Пра асобных жыхароў вашай гаспадаркі мы нават гульню зладзім.

Гульня «Качка, качка, качка — гусь!»

Дзеці становяцца ў круг. 3 іх ліку выбіраецца вядучы з выкарыстаннем лічылкі:
Дзеці, дзеці, каршуны,
Загудзіце, як званы.
Той, хто загудзе не ў тон
Выйдзе вон лавіць варон — ты!

Вядучы ідзе па крузе і прыгаворвае: «Качка, качка, качка — гусь!» Той, на каго прыпадае апошняе слова, бярэ вядучага за рукі. Яны ласкава вітаюць адзін аднаго: «Добры дзень!» Затым бягуць па крузе ў розныя бакі. Той, хто не паспее заняць месца, якое вызваліў папярэднік, становіцца вядучым.
Гаспадыня. Бачу, дарагія госці, што не пазычаць вам спрыту і весялосці! Цяпер паслухайце маю старажытную загадку:
Яна галодная —
Хата халодная.
Яна пад’ела —
У хаце пацяплела.
Дзеці. Печ.
Гаспадыня. Так, гэта печ. Сядай, бабка Агапка, да цечы, пагрэй старэнькія плечы.
У нас тут сёння хлеб пячэцца. Хлеб з печы — вельмі смачны і духмяны. Мажліва, вы ведаеце прыказкі пра хлеб?
1-ы госць. Хлеб — усяму галава.
2-і госць. Будзе дождж ісці — будзе хлеб расці.
3-і госць. Колас добра не спее, калі сонца не грэе. 4-ы госць. Якая зямля — такі і хлеб. Гаспадыня. А ці ёсць сярод вас знаўцы іншых народных прыказак?
5-ы госць.
Добрая прыказка,
Як пры мяшку прывязка.
Хто прыказку скажа —
Мяшок вузлом звяжа.
6-ы госць.
Хто ўкраў парася,
У таго ў вушку пішчыць.
Вось і прыказка ўся
Не трэба доўга вучыць.

Гаспадыня. I з гумарам, дарагія госці, у вас поўны парадак.
Пад гукі музыкі заходзіць Дамавік.
Дамавік. Вітаю вас, сябры! Ці ведаеце, хто я такі? (Адказы дзяцей.) Я абараняю хату ад нечысці і дапамагаю гаспадарам. Скажыце, з чаго пячэцца хлеб?
Дзеці. 3 мукі.
Дамавік. А з чаго мелюць муку?
Дзеці. 3 зерня.
Дамавік. 3 якога зерня можа быць мука для выпякання хлеба?
Дзеці. 3 жыта, пшаніцы, аўса.
Дамавік. Бачу, што ў нашым двары — сапраўдныя гаспадары. На мае пытанні таксама правільна адказалі.
Гаспадыня. Паглядзіце, хто гэта з-за печы выглядае? Дык гэта ж твой кот, Алёнка. Напэўна яму спаць расхацелася, да нас захацелася.
В. Давайце разам з ім пагуляем.

Пальчыкавая гульня «Расхацеў каточак спаць»

Расхацеў каточак спаць,
Выйшаў коцік пагуляць.
(Сярэдні і безыменны пальцы прыціснуты да далоні вялікім пальцам,мезенец і ўказальны — выцягнутыя ўверх.)
Перайшоў ён цераз мосцік,
Намачыў свой шэры хвосцік
(Пальцы судакранаюцца, становішча рук гарызантальнае.)
Ішоў коцік ля балота,
(Сярэдні і безыменны пальцы прыціснуты да далоні вялікім пальцам, мезенец і ўказальны — выцягнутыя ўверх.)
Бачыць — на лужку вароты,
(Пальцы судакранаюцца, становішча рук гарызантальнае.)
За варотамі, як гномік
Зайчыкаў маленькі домік
(Кончыкі пальцаў разам, вялікіх — таксама, але яны адхілены ў бок — на сябе.)
Бег да доміка ён спрытна.
(Указальны і сярэдні «бягуць».)
Аказаўся той закрыты.
(Зрабіць кулакі, вялікі палец закрыты астатнімі)
Зайчанятка яшчэ зранку
Пайшло ў госці на палянку.
(Указальны і сярэдні пальцы разведзены безыменны і мезенец паўсагнутыя і адхіленыя да вялікага)

В. Малайцы, правільна выканалі ўсе рухі.
Гаспадыня. Безумоўна, малайцы, але патрэбна ваша дапамога. Бачыце, на стале перамяшаліся зярняты фасолі, гароха і пшаніцы. Дапамажыце з іх выбраць тыя, з якіх можна атрымаць муку, а пасля спячы пірог. (Дзеці выконваюць просьбу гаспадыні.)
Гаспадыня. Дамавік, ці ведаюць нашы госці, якое трэба зерне, каб змалоць муку?
Дамавік. Ведаюць.
Гаспадыня. СапраўдЫ, з імі не маркотна і працуюць вельмі ахвотна.
В. Вашы госці яшчэ і прыказкі аб працы ведаюць.
1-ы госць. Сон на заўтра адкладзі, а працу сёння зрабі.
2-і госць. Хочаш есці калачы — не сядзі на пячы.
3-і госць. Скончыў работу — гуляй у ахвоту.
Гаспадыня. Мы, дарэчы, скончылі работу, і таксама можам пагуляць у ахвоту.
Народныя гульні —
Вы ўсім на пацеху.
Фальклорныя гульні —
Вы з радасці, смеху.
Хуценька сюды, народ!
Запрашаем у карагод!

Карагодная гульня «Хустачка»

Дзеці бяруцца за рукі і ўтвараюць круг. 3 іх ліку з дапамогай лічылкі выбіраецца хлопчык-гаспадар:
Опа, опа, опа,
Амерыка, Еўропа,
Азія, Афрыка,
Індыя, Кітай,
А дзе наш край?
Падвядзі да мяжы
I ўсім дзецям пакажы:
Вось яна — відна здаля
Беларуская зямля.
А на ёй, на ўвесь абшар,
Уладарыць гаспадар.

Хлопчык-гаспадар становіцца ў сярэдзіну круга з хусцінкай у руцэ і пачынае скакаць. Астатнія ідуць карагодам і прамаўляюць:
Гаспадар, гаспадар,
На зямлі ты — уладар,
Але досыць скакаць —
Трэба нас, гасцей, склікаць!

Дзеці могуць так прамаўляць 2—3 разы, у любы момант гаспадар нечакана кідае хусцінку ўверх. Яе імкнуцца злавіць усе дзяўчаты. Хто яе зловіць, будзе выконваць ролю гаспадыні. Калі яна скача ў сярэдзіне карагода, астатнія прамаўляюць:
Гаспадынька, гаспадынька,
У цябе добрая хусцінка,
Але досыць скакаць —
Трэба нас, гасцей, склікаць!

В. Вось такія Мы, беларусы: любім і працаваць, і спяваць, і гуляць. Пра нас нават птушкі ведаюць:
Аблятаў журавель
Мораў сто і сто зямель.
Аблятаў, абхадзіў,
Свае крылы натаміў.
Мы спыталі ў жураўля:
Дзе найлепшая зямля?
Журавель у адказ...
Дзеці.
Няма лепшай, чым у нас!
П. Варанько (у перакладзе А. Вялюгіна)

1-ы госць.
Век дзяліся тым, што маеш —
2-і госць.
Хлебам-соллю, казкай-краскай.
3-і госць.
Ну, а ў госці запрашаеш,
4-ы госць.
Гавары ўсім:
Дзеці.
Калі ласка!
5-ы госць.
А з табой як тое будзе,
6-ы госць.
То за шчодры знак усякі,
7-ы госць.
Пакланіся добрым людзям
8-Ы госць.
I скажы ім шчыра:
Дзеці.
Дзякуй!
У. Паўлаў

Літаратура:

1 .Дубініна,Д.М. Культура Беларусі ў казках і паданнях: этнакультурная адукацыя дашкольнікаў: дапам. для педагогаў устаноў, якія забяспечваюць атрыманне дашкольнай адукацыі / Д.М. Дубініна, Д.У. Дубінін. — Мінск: Зорны верасень, 2008.
2. Дубініна, Д.М. РОдная прырода ў вуснай народнай творчасці: дапам. для педагогаў устаноў дашкольнай адукацыі / Д.М. Дубініна, А.А. Страха, Д.У. Дубінін. — Мінск: НІА, 2012.
3. На мове бацькоўскай зямлі: дапам. для педагогаў дашкольных устаноў / аўт.-уклад. А.І. Красіла. — Мазыр: Белы Вецер, 2003.