сцэнарыі святаў на беларускай мове

Ала БАРБАШ, выхавальнік дзіцячага сада. Пралеска 11-1998

На палянку да Лесавічка

Сцэнарый экалагічнага свята з удзелам бацькоў і дзяцей старэйшай групы

Прыгожа аформленая зала. Арганізавана выстаўка вынікаў конкурсу сярод бацькоў ( Прырода і мы», для бацькоў аформлена выстаўка мастацкай і прыродазнаўчай літаратуры.

Вядучая (В.). Сёння мы з вамі сабраліся, каб пераканацца ў тым, як шмат дзеці ведаюць аб прыродзе. Яны вучылі вершы, адгадвалі і прыдумвалі загадкі, слухалі апавяданні аб жывых істотах, збіралі і засушвалі прыродны матэрыял у скарбонку «Прырода і мы», хадзілі на экскурсіі. У падрыхтоўцы прыроднага матэрыялу для гуртковай работы актыўны ўдзел прымалі і бацькі. Дзякуючы ім мы сёння здолелі аформіць выстаўку, прысвечаную прыродзе.
Чуецца голас. Так-так, хто тут аб прыродзе гаворыць? Дзень добры, дзеці! А ці ведаеце вы, хто да вас завітаў? Я — уладар усіх лясоў, я захоўваю і шаную прыроду, нікому не дазваляю яе знішчаць. А завуць мяне Лесавічок.
В. Мы таксама шануем прыроду і захоўваем яе.
Лесавічок (Л.). Тады прабачце. Але, каб берагчы і захоўваць прыроду, трэба шмат ведаць пра яе. Я хачу вас запрасіць на палянку цудаў і загадак.
В. А што гэта за палянка?
Л. Яна знаходзіцца ў лесе. Але перш чым трапіць туды, трэба ведаць правілы паводзін у лесе.
(Лесавічок чытае, а дзеці тлумачаць, што можна рабіць у лесе, а што — не.)

1.
а) У лесе можна ламаць галінкі, ірваць кветкі. Падумаеш, шмат раслін яшчэ вырасце!
б) Галінкі не ламіце, дрэвы не калечце, ні травінку, ні ліст дарма не рвіце!

2.
а) Непаваротлівую жабу, паўзучага вужа, тлустых вусеняў можна прагнаць, але лепш, каб іх не было зусім.
б) Звяры ўсялякія патрэбны. Кожны з іх у прыродзе робіць сваю карысную справу.


Л. Вось цяпер мы адправімся ў лес, на палянку цудаў. У мяне ёсць чароўны кіёчак, які нам дапаможа ў дарозе.

(Гучыць ціхая, спакойная мелодыя, святло ў зале выключана, расстаўляюцца дэкарацыі лесу.)

Л. Вось і наша палянка цудаў і загадак. Якія прыгожыя і розныя дрэвы на ёй! А вось на елачцы і першая цудоўная рэч (здымае канверт, адкрывае яго. Чытае пытанні, а дзеці адказваюць).
Назавіце адным словам: елка, дуб, сасна, таполя—гэта... дрэвы.
Дрэва—гэта расліна ці не?
Назавіце дрэвы, якія растуць у нашым лесе.
Раскажыце пра будову дрэва. Навошта патрэбны карані?
У якіх дрэў не бывае лістападу? Што неабходна для жыцця раслін?
Л. Малайцы, дзеці, яшчэ прашу вас помніць, што такое расліны: дрэвы, кусты, трава, кветкі—гэта жывыя істоты.
В. А цяпер, Лесавічок, паспрабуй адгадаць загадкі нашых дзяцей.
Я засяваю дол ігліцай.
Спрадвеку слаўлюся жывіцай. (Сасна)

У сто гадоў я малады.
Маё насенне—жалуды. (Дуб)

Шмат на ёй іголак, але ўсе без вушак (Елка)

В. А цяпер—хвілінка-весялінка. Мы пагуляем у гульню «Пасадзі дрэва».
Л. Мы пагаварылі пра дрэвы і расліны. Дзе ж мой чароўны кіёчак? (Узмахвае ім.)
3’яўляецца Сарока - з канвертам (у ролі Сарокі—школьніца). Дастае з канверта ліст, чытае.

1. Дзе жывуць гэтыя птушкі? (Паказвае шпака, ластаўку, бусла.)
2. Якія птушкі застаюцца ў нас зімаваць?
3. Якая птушка не ўе гнязда і не выседжвае яек?
4. Якая птушка прылятае да нас вясной першай?

В. А зараз паслухаем нашых дзяцей. Адны пачытаюць вершы пра птушак, а другія загадаюць загадкі. Лесавічок, ты павінен адгадаць, што гэта за птушкі, і знайсці іх на дрэвах, а дзеці дапамогуць табе.
Загадкі

1. Прыляцела да кармушкі
Размалёваная птушка,
Паспытала сала,
Сябровак пазвала. (Сініца)

На месцы не сядзіцца
I ў снег, і ў золкі вечар.
Шчаслівая сініца
Гайдаецца на вецці.

2. Шустранькі, маленькі,
Сам у шэрай світцы,
Шукае канапелькі,
Каб трошкі пажывіцца. (Верабей)

Верабейчык, верабей,
Шэранькая птушка,
Не чырыкай на вярбе,
Не будзі дачушку.

3. Па дарожцы скок ды скок—
Чорны хвост і белы бок.
Ляскаюць ляшчоткі
Ў гаварлівай цёткі. (Сарока)

— Чэ-чэ, чэ-чэ, сарока,
А дзе была далёка ?
—Была ў пана на таку,
Малаціла асаку.

Рухомая гульня разам з бацькамі «Совачка».

Л. Вось і пагаварылі з вамі, дзеткі, пра птушак. Вы пра іх многа ведаеце. Але не забывайце ў зімовы час іх падкормліваць, а ў летнюю пару не разбурайце гнёзды.
Ой, а дзе ж мой чароўны кіёчак? Стары ўжо, ды і вас заслухаўся, не памятаю, дзе паклаў (шукае каля дрэў. 3-за дрэва выскаквае Зайчык (школьнік), падае яму кіёчак). Дзякую, Зайка, за дапамогу. Якое ж яшчэ заданне прыдумаць дзецям? (Зайка шэпча Лесавічку на вуха, размахвае лапкамі.) А, зразумеў. Яшчэ раз шчырае дзякуй.
(Бярэ ў Зайкі канверт, дзе намаляваны звяры—заяц, вавёрка, воўк, ліса. Паказвае іх дзецям і задае пытанні.)
✓ Хто з гэтых звяроў мяняе футра зімою?
✓ Хто любіць спаць усю зіму?
✓ Якога звера не баіцца чалавек?

В. А цяпер бацькі прапануюць вам заданне.

(Бацькі пад музыку імітуюць рухі жывёл, а дзеці адгадваюць.)

В. Вось лісты паперы, на якіх праведзена фламастэрам некалькі ліній.
Хто з вас здольны адгадаць, што я пачала маляваць? (Дае кожнаму дзіцяці ліст паперы.) Закончыце малюнак.
Дзеці выконваюць заданне. Лесавічок хваліць іх і частуе ляснымі арэхамі.
Гучаць песні «Ліс-разбойнік» і «Рыжая вавёрка» на музыку А. Чыркуна.


В. Тое, што нас акружае, называецца прыродай, Кожная расліна, кожная жывёла—адзіная і непаўторная. Прырода—вялікі настаўнік. I здароўе чалавека залежыць ад яе. Кожны разумны і сумленны чалавек зберагае і захоўвае прыроду, тым самым зберагае і захоўвае сябе. Таму чалавек павінен несці адказнасць за стан прыроды на ўсёй Зямлі. (Звяртаецца да Лесавічка.)
Прабач, Лесавічок, але нам пара ў дзіцячы сад. Як нам выйсці з лесу?
Л. У гэтым вам дапаможа мой чароўны кіёчак. На развітанне я дару вам яго. 3 ім вы пазнаеце многія тайны. Жадаю ўдачы! Да пабачэння!
(Узмахвае кіёчкам, выключаецца святло, збіраюцца дэкарацыі, гучыць музыка. Потым святло ўключаецца.)
В. Вось мы і вярнуліся ў дзіцячы сад. Наша свята закончылася.


Яшчэ на гэту тэму:

Люблю свой край     Прыйшла вясна шумлівая