сцэнарыі святаў на беларускай мове

Ірына БАЧЫЛА, музычны кіраўнік ясляў-сада N 307 Мінска. Часопіс Пралеска

Рады вас вітаць, з калядамі віншаваць!

Сцэнарый ранішніка

Гучыць у грамзапісе беларуская народная песня.

Музычны кіраўнік. Добры вечар! Сёння мы з вамі ў гасцях у народнай казкі. Слухайце яе. Жылі-былі на свеце дзядзька Цярэшка і цётка Шчодра. Давайце зазірнем у іх хату.
Пакой стылізаваны пад беларускую хатку. У ёй знаходзяцца Цярэ­шка і Шчодра. Дзед, лежачы на печы, спявае, баба вышывае.

Шчодра. Дакуль ты, Цярэшка, ляжаць будзеш? Вось кошыкі так-сяк сплёў, а пра пранік забыўся. Дакуль я буду хадзіць да суседак?
Цярэшка. Ды годзе табе, Шчодра, зраблю табе пранік.
Шчодра. Дык чаго ты ляжыш, уставай ды рабі! А то суседу пара грошы вяртаць, а адкуль іх узяць?
Цярэшка. Ой, нешта мне ў спіну страляе...
Шчодра. Ай, людзі добрыя, што за гаспадар такі?
Цярэшка. А ты сама, што там робіш?
Шчодра. А вось ужо апошні узор вышываю на ручніку. Ручнік незвычайны... Хто яго атрымае, будзе жыць у радасці і шчасці. Я павіншую ім таго, хто першы завітае да нас на Каляды.
Устае, бярэ лыжкі, посуд, прыбірае на стале. Раптам лыжкі падаюць.

Шчодра. Ой, нешта лыжкі пападалі. Мусіць, госці да нас прыйдуць.
Цярэшка. Што, госці? Пайду сустрэну, а то снегу намяло, яшчэ дарогі не знойдуць.
Шчодра. Во каб працаваць так хацелася, як скакаць.
Цярэшка. Мая гаспадыня—сэрца залатое, але бывае і такое.
Выходзіць.
Шчодра. Трэба трохі і самой прыбрацца.
Раздаецца калядная песня. Уваходзяць калядоўшчыкі. Песня "Шчодры вечар ".

Цярэшка. Вось, сустрэў.
Традыцыйныя словы прывітання калядоўшчыкаў. Выкананне імі беларускага танца. Цярэшка і Шчодра дзякуюць, даюць механошы гасцінец. Чуваць стук у дзверы. Заходзіць яшчэ група калядоўшчыкаў. Малыя выконваюць на дзіцячых музычных інструментах мелодыю "Зайграй жа мне, дударочку", садзяцца на месцы. Убягае чорт, падыходзіць да доміка пана і стукае. Выходзіць. пан.

Пан. Чаго стукаеш-грукаеш? Якія весткі прынёс да мяне? Што дзе новага ў маёй воласці?
Чорт. У Цярэшкі і Шчодры саматканы, вышываны ручнік, ды ён не звычайны, а чароўны. Хто яго атрымае, будзе заўсёды жыць у шчасці і радасці.
Пан. Пакуль што ты ў мяне на службе знаходзішся, прынясі гэты ручнік. Я вельмі хачу быць шчаслівым.
Чорт. Слухаю, вяльможны пан, будзе зроблена...
3 крыкам бяжыць певень, за ім гоніцца ліса.
Певень. Ратуйце, ліса хоча мяне з’есці.
Шчодра. Пачакай, ліска. Калі зараз яго з’ясі, увесь год будзеш галадаць. Лепей давай мы цябе з ім памірым.
Пацешка "Певунок". Гульня "Бой пеўнікаў". Цярэшка даганяе Шчодру.

Цярэшка. О мая ж ты бабулька, я твой дзядулька!
Хоць жа павалюся, за табой паганюся.
Хоць я ножку зламлю, а цябе злаўлю.
Шчодра (хаваецца). Ці бачыш ты мяне?
Цярэшка. Не, не бачу!
Шчодра. Каб жа ты свету не бачыў за стагамі, за копамі, за вазамі, за снапамі.
Цярэшка. А ці бачыш ты мяне?
Шчодра. Не бачу.
Цярэшка. Каб жа ты не бачыла мяне за агуркамі, за гарбузамі, за капустаю, за буракамі.
Шчодра. Каб твае словы ды праўдаю сталі!
Цярэшка. Каб было шчодра на стале і ў агародзе, мая бабка пад абрус клала сена або жытнюю салому.
Шчодра сцеле на стол сена ці салому. Чуецца стук у акно, і яно адчыняецца.

Калядоўшчык. Слаўны вечар, Кадяда, Каляда!
Добры вечар, Каляда, Каляда!
Паночак, гаспадарочак, ці ты спіш, ці ляжыш?
Ці ты нас не чуеш? Адчыні ты сенцы, выгляні ў акенца!
Паночак, гаспадарочак, просім не трымаць,
Бо кароткія світкі, памерзлі лыткі, сцюдзёна стаяць.
Лепейка ў хату калядку запрашаць.
Цярэшка. А вы, каляднікі, заходзьце, нашых дзетак павесяліце.
А мы з вамі гуляць будзем, калядачкі святкаваць будзем.
Шчодра. Дзеці, давайце сустрэнем калядоўшчыкаў.
Гучыць у грамзапісе беларуская народная мелодыя. Уваходзяць калядоўшчыкі, распранаюцца.

А з чым вы прыйшлі да нас?
Калядоўшчык. Прыйшлі мы з казою шэраю, вельмі смелаю.
Інсцэніроўка песні "Казачка ". Гульня "Каза".
Калі каза бадае гульцоў, сыплюцца манеты. Гэта бачыць чорт, які крадзе у гэты момант ручнік.


Калядоўшчык. Прымай ад нас у дар гэту цудоўную казу. У цяжкую гадзіну яна вам дапаможа.
Шчодра. А мы табе даруем вось гэты незвычайны ручнік... Цярэ­шка, ты не ведаеш, куды ён падзеўся?
Цярэшка. Не, я не ведаю.
Шчодра. Дзеці, а вы не бачылі, куды падзеўся ручнік?
Адказы дзяцей.
Што ж нам рабіць? Як у чорта забраць ручнік?
Цярэшка. Вось не захавала! А ўсё мяне лаеш, што я нязграбны. Ён, напэўна, пану аднясе, а ў таго ўжо забраць ніяк нельга будзе.
Чорт прыносіць пану ручнік. Пан загадвае чорту прывесці казу, выходзіць за дзверы. У залу ўваходзіць з каляднай песняй група хлопчыкаў і дзяўчынак—Лявончыкі. Танец "Лявоніха". У канцы танца чорт надзявае на галаву казе мяшок і валачэ яе за дзверы.

Аддай маю казу вучоную, рожкі залачоныя!
Бяжыць за дзверы, каб дагнаць.
Шчодра. Хваліўся кот, што ён уброд раку перабрыдзе.
Ды як пайшоў, і не прайшоў, няма ката нідзе.
I ты ніколі не хваліся, калі не можаш—не бярыся.
Ці згодны вы, дзеткі, пахваліцца ведамі прыказак ды прымавак?
Адказы дзяцей. Ўваходзіць сумны Цярэшка.
Цярэшка. Не дагнаў, казюленьку не адабраў! Што рабіць?
Садзіцца, сумны, на лаву. Гучыць цыганская мелодыя. Уваходзяць Цыган з мядзведзем і цыганятамі. Цыганскі танец. Мядзведзь весяліць дзяцей. Гульня "У мядзведзя на бару",дзеці чытаюць вершы. Песня "Сядзіць мядзведзь на покуці". Гульня "Дастань каўбасу".

Шчодра. Тут вельмі многа дужых і спрытных мужыкоў, мядзведзь ёсць, няўжо вы не можаце адолець пана і чорта і забраць у іх ручнік і казу? Давайце, мужыкі, збірайцеся да пана ў госці.
Чуецца шум за дзвярыма, забягаюць чорт і пан. Дзеці адбіраюць ручнік, а казу, пана і чорта праганяюць са свята.
Цярэшка. Давайце ўсе паскачам.
Дзеці танцуюць. Гульня "Гаршэчнік". Пад гукі музыкі з’яўляецца карова на ролікавых каньках.

Калядоўшчык. Ці Каляды тут бывалі? А мяне сюды не бралі!
На канькі прыйшлося ўстаць ды за імі паспяшаць.
Вельмі рада вас вітаць, з Калядамі віншаваць!
Цярэшка. А што гэта за званочак у цябе? Вельмі ён мне спадабаўся!
Калядоўшчык. Гэта чароўны зва­ночак. Бяры яго...
Ты, званочак мой, зайграй, ды нас на свята запрашай,
Цуды цудныя, цуды чароўныя...
Хай частуе тут хутчэй печ з куццёю і блінамі ўсіх гасцей!
Бяры, Шчодра, пачастункі з печы!
Песня "Бывайце здаровы ",
Шчодра. Зараз запрашаем усіх пачаставацца смачнымі блінамі з куццёю.
Гучыць беларуская народная мелодыя ў грамзапісе. Усе частуюцца.


Яшчэ на гэту тэму:

Каляда-калядзіца     Прыйшлі Каляды, ўсе людзі рады...