сцэнарыі святаў на беларускай мове

В. У. ПАЛАЎКО, загадчык бібліятэкі, і. П. ПАЛАЎКО, бібліятэкар (сярэдняя школа № 3 г. Пінска) Беларуская мова і літаратура 9/2017

Жыццё і творчасць Максіма Танка

Інтэлектуальная гульня-віктарына для вучняў IX—XI класаў

Ход мерапрыемства

На стэндах аформлена выстава кніг і твораў Максіма Танка, публікацый пра яго жыццё і творчасць.

Першы вядучы. Сёння мы сабраліся, каб згадаць народнага паэта Беларусі, грамадскага дзеяча, акадэміка НАН Беларусі Максіма Танка. 17 верасня 2017 года выдатнаму паэту спаўняецца 105 гадоў з дня нараджэння. Максім Танк — беларускі пісьменнік, творчасць якога аднолькава разумеюць усе, каму дарагія такія каштоўнасці, як Дабро, Праўда, Жыццё, Каханне, Мастацтва.
Другі вядучы. Сонца яго паэзіі сагравае нас і сёння — усіх, каму дарагія спачуванне, ласка, шчырасць, хто не шукае для сябе палёгкі на доўгіх і кароткіх жыццёвых дарогах ды верыць, што на свеце ёсць дабрата, што галоўная служба мастацтва заключаецца ў тым, каб прайсці праз вернасць гэтай дабраце і чалавечнасці.
Першы вядучы. Менавіта яму, Максіму Танку, прысвечана інтэлектуальная гульня «Жыццё і творчасць Максіма Танка».
Другі вядучы. У гульні прымаюць удзел дзве каманды. Кожная каманда па чарзе выбірае намінацыю. Тая каманда, якая набярэ больш балаў, і будзе пераможцай.

Біяграфія

1. Якое сапраўднае імя і прозвішча Максіма Танка? (Яўген Іванавіч Скурко.)
2. Калі і дзе нарадзіўся паэт? (17 верасня 1912 г. у вёсцы Пількаўшчына Мядзельскага раёна Мінскай вобласці.)
3. Як звалі бацьку Максіма Танка? (Іван Фёдаравіч Скурко.)
4. Як звалі маці Максіма Танка? (Домна Іванаўна Скурко, да замужжа Хвалько.)
5. У якім годзе Яўген Скурко апынуўся ў Маскве? Чаму? (У 1916 годзе. У час Першай сусветнай вайны бацька быў мабілізаваны ў войска, а маці з сынам выехала ў бежанства і апынулася ў Маскве.)
6. У якім годзе сям’я вярнулася на радзіму ў Пількаўшчыну? (У 1922 годзе.)
7. Хто чакаў сям’ю Скурко ў роднай хаце? (Дзед Фёдар Маркавіч, які ў вайну пільнаваў родную хату.)
8. Куды паступіў Яўген у 1923 годзе? (У пачатковую польскую школу ў вёсцы Шклёнікава.)
9. Дзе з 1926 па 1932 год вучыўся Максім Танк? (Вучыўся ў гімназіях: спачатку ў рускай прыватнай у Вілейцы, потым у беларускай у Радашковічах і Вільні, адзін час наведваў меліярацыйныя курсы і навучаўся ў рускай Віленскай гімназіі імя Пушкіна.)
10. Чаму Максім Танк не скончыў гімназію і не атрымаў атэстат сталасці? (У сакавіку 1932 г. быў арыштаваны за ўдзел у падпольнай камсамольскай рабоце.)
11. Куды быў накіраваны Максім Танк як інструктар ЦК КПЗБ? (У Вільню.)
12. Дзе працаваў Максім Танк у Вільні? (Спачатку паэт вёў «Беларускую калонку» ў польскай народнафрантавой газеце «Рорrostu», а са снежня 1935 года — літаратурны аддзел у беларускай газеце «Наша воля», затым у часопісе «Беларускі летапіс», супрацоўнічаў у часопісе «Калоссе».)
13. Хто напісаў прадмову да першага паэтычнага зборніка Максіма Танка? (Рыгор Шырма, які выступіў пад псеўданімам Р. Баравы.)
14. Як звалі жонку Максіма Танка? (Любоў Андрэеўна, дзявочае прозвішча Асаевіч.)
15. Якія імёны далі дзецям Яўген Іванавіч і Любоў Андрэеўна? (Сын — Максім, дочкі — Ірына і Вера.)
16. Дзе застала Максіма Танка Вялікая Айчынная вайна? (Вайна застала ў Беластоку.)
17. Куды быў накіраваны Максім Танк па рашэнні Палітупраўлення ў час вайны? (У рэдакцыю франтавой газеты «За Савецкую Беларусь».)
18. Хто быў рэдактарам франтавой газеты «За Савецкую Беларусь»? (Міхась Лынькоў.)
19. 3 якім беларускім пісьменнікам Максім Танк быў побач на Бранскім фронце? (3 Міхасём Лыньковым.)
20. У якім годзе Максіму Танку прысвоена званне народнага паэта Беларусі? (У 1968 г.)
21. За якую кнігу паэту ў 1948 г. прысуджана Дзяржаўная прэмія СССР? («Каб ведалі».)
22. За які зборнік паэзіі Максім Танк у 1959 г. атрымаў Літаратурную прэмію імя Янкі Купалы? («След бліскавіцы».)
23. За які зборнік паэзіі Максім Танк у 1966 г. атрымаў Дзяржаўную прэмію Беларусі імя Янкі Купалы? («Мой хлеб надзённы».)
24. За якую кнігу паэту ў 1978 г. прысуджана Ленінская прэмія? (За кнігу «Нарачанскія сосны».)
25. У якім годзе Максім Танк стаў ганаровым грамадзянінам г. Мінска? (У 1987 годзе.)
26. Калі памёр і дзе пахаваны Максім Танк? (7 жніўня 1995 г„ пахаваны на радзіме.)
27. Дзе і калі адкрыты першы ў Беларусі помнік Максіму Танку? (У Мядзелі, 2014 год.)
28. Ахарактарызуйце асобу Максіма Танка. (Змагар, рэвалюцыянер-падпольшчык, патрыёт, майстар вершаванага слова, паэт-філосаф, паэт-наватар, перакладчык, дзяржаўны дзеяч...)

Творчая дзейнасць

1. Назавіце рукапісны рэвалюцыйны часопіс, які выдалі па сваёй ініцыятыве Яўген Скурко і старэйшы за яго школьны сябар Янка Гарох у апошнім класе гімназіі? («Пралом».)
2. Якое дачыненне да Максіма Танка маюць наступныя ўласныя назоўнікі: «А. Граніт, А. Сівер, Віктар»? (Гэта псеўданімы паэта.)
3. Назавіце рукапісны турэмны часопіс, які з канца 1933 г. па ініцыятыве Танка пачаў выходзіць у Лукішках. ( «Краты».)
4. Калі да Максіма Танка прыйшла творчая сталасць? (Калі ў Польшчы і ў іншых краінах Еўропы разгарнуўся шырокі антыфашысцкі рух, што атрымаў назву Народнага фронту.)
5. У якім годзе выходзіць першы зборнік вершаў Максіма Танка? Назавіце яго. (У 1936 г. «На этапах».)
6. Як называецца верш, прачытаны аўтарам на вечары беларускай паэзіі і песні ў зале Снядэцкіх Віленскага ўніверсітэта ў сакавіку 1936 года? Змест верша складае размова палітвязня з бацькам-селянінам, які прыехаў на спатканне ў турму. Стары селянін падрыхтаваўся ўбачыць сына-пакутніка, а ўбачыў мужнага чалавека, які ўмее валодаць сваімі пачуццямі, умее жыць годна, уздымаецца над асабістай няволяй. Палітвязень распытвае бацьку пра хатнія справы так, нібыта нядаўна там быў і неўзабаве будзе ізноў. Бацька спрабуе вытрымаць зададзены тон гаворкі, ало пачуцці падводзяць яго: «успомніў жыта і авёс... А вочы... мокрыя ад слёз». Сын, каб суняць бацькаву жальбу, расказаў старому пра дружную грамаду палітвязняў, якая вернецца «вясной», каб «яшчэ ўбачыць свет зары». (Верш «Спатканне».)
7. Вясновай раніцай палітвязень устаў і выглянуў праз зачыненае акно камеры. Тое, што ён убачыў на турэмным двары, ахмяліла яго, ён не пазнаў звычайнага куста бэзу, які «расцвіў, агнём гарыць, такім пахучым, мяккім, сінім; на дрот калючы, на муры, як хустку, полымя ускінуў». Герой твора — чалавек духоўна багаты і эмацыянальны: цвіценне бэзу здаецца яму дзіўнай праявай свабоды, а свабода — найвялікшым хараством. Краса ва ўспрыманні героя выступае казачным цудам, які вабіць і кліча на змаганне за разняволенне жыццёвых сіл:
Я ціха разбудзіў другіх.
Ад слёз сінелі вочы бэзам.
I недзе хруснула ў худых
Руках іржавае жалеза.
(Верш «Паслухайце, вясна ідзе...».)

8. Герой гэтага верша, рэвалюцыянер, — рамантычны вандроўнік. Марозным адвячоркам зайшоў ён пагрэцца ў сялянскую хату, яго сустрэлі гасцінна, вараць вячэру, гаспадар — дзед — яшчэ апраўдваецца перад госцем за беднасць пачастунку і клапатліва прапануе слаба апранутаму падарожнаму «пераспаць начлег». Селянін вядзе размову з вандроўнікам. Расказвае пра ўнука, беларускага школьніка, схіленага над старою кніжкай, роднаю кніжкай, якой улады не дапускаюць у дзяржаўную школу. Лірычны герой з размовы даведваецца пра пакутлівы лёс жонкі палітвязня. Вандроўнік звяртаецца да дзеда і выдае яму адну з таямніц свайго жыцця: «Я, стары, таксама з-пад страхі сялянскай, быў і там, дзе сёння твой гаруе сын...». Стары гаворыць:
Кажаш — ужо хутка выпрастаем плечы,
Кажаш аб шырэйшых нівах, аб вясне.
Вось і я, здаецца, вылез бы з-за печы,
Хай пакліча моладзь і мяне.
(Верш «Песня кулікоў».)

9. Як называецца паэма, якая напісана па жывых уражаннях, што вынес аўтар з паўстання нарачанскіх рыбакоў? («Нарач».)
10. Галоўны герой паэмы «Нарач». (Грышка.)
11. Назавіце жанр паэмы «Нарач». (Па жанры — ліра-драматычная паэма.)
12. Як называецца паэма, у якой інтымнае жыццё паўстае як нешта складанае і незалежнае ад логікі сацыяльных і нацыянальных узаемаадносін? Раіна, дачка беларускага селяніна Баўтрука, парвала дружбу з вясковым хлопцам Васілём і пачала кахацца з польскім асаднікам, былым легіянерам, уланам, які засляпіў ёй вочы бляскам медалёў, зухаватасцю, расказамі пра свае вайсковыя прыгоды. (Паэма «Журавінавы цвет».)
13. Назавіце жанр паэмы «Журавінавы цвет». (Па жанры — ліра-эпічная паэма.)
14. Шляхамі якіх беларускіх пісьменнікаў ішоў Максім Танк, выкарыстоўваючы фальклорныя, казачна-фантастычныя матывы ў творчасці? («Казка пра Музыку» ідзе ў ідэйным ключы з першым творам Максіма Багдановіча «Музыка», а таксама з паэмамі Якуба Коласа «Сымон-музыка» і Янкі Купалы «Курган».)
15. Як называецца паэма, у якой сцвярджаецца надзённая патрыятычная ідэя, а менавіта — неўміручасць нацыянальных традыцый, жыватворная сіла гераічных легендаў пра асілкаў, волатаў, змаганне, подзвігі? Герой паэмы Вяль з’яўляецца важаком сялянскага войска, на чале якога ён перамагае князя ў адкрытай бітве. Але, на жаль, у бітве ідэй князь аказаўся спрытнейшым: падарункамі ён падкупіў Вялеву дружыну і, калі сам важак з крыўдаю адышоў ад кіраўніцтва, князь загадаў падпільнаваць яго і заваліць соннага ў лесе падсечанымі дрэвамі. (Паэма «Сказ пра Вяля».)
16. У якім творы Максіма Танка галоўны герой паказаны як павадыр паўстання сярэдзіны XIX ст., а паўстанне — вызваленчым рухам? (Паэма «Каліноўскі».)
17. Каму Максім Танк абавязаны ідэйнай задумай паэмы «Каліноўскі»? (Свайму сябру па падполлі — сакратару ЦК Камсамола Заходняй Беларусі Мікалаю Дворнікаву.)
18. Як называецца мемуарна-дакументальны твор Максіма Танка, напісаны на падставе дзённікавых нататак, лістоў, артыкулаў і неапублікаваных вершаў заходнебеларускага часу? ( «Лісткі календара».)
19. Назавіце верш, у якім галоўная тэма — роздум паэта пра лёс народа, нацыянальнай культуры, увасобленай у багацці і харастве роднай мовы. Напісаны верш у гады вайны як унутраны маналог, звернуты да роднай мовы, якая здаецца паэту цудоўным адбіткам народнага жыцця. (Верш «Родная мова».)
20. У гэтым вершы раскрываецца маральная трагедыя нямецкіх салдат, якім даводзілася ваяваць і гінуць за ганебныя разбойныя планы Гітлера. Праз завіруху сунуцца ноччу прывіды салдат, што знайшлі бясслаўную смерць пад Масквой. Яны ўдзельнікі злачыннай агрэсіі — самі адначасова ахвяры фашысцкай сістэмы. I пасля смерці ім закрыты шлях да адступлення: вартавы-фашыст запыняе на заградрубяжы нават мёртвых. Злою воляй фюрара яны павінны назаўжды застацца ў чужой зямлі:
Адзін — ледзь рызманом прыкрыты,
3 забінтаванай галавой,
Другі — аблеплены зямлёй,
У касцы, кулямі прабітай.
— Ідзём ад самае Масквы.
Там і зямля нас не прымае,
А дома сем'і нас чакаюць...
Як называецца верш? У якім годзе ён напісаны? (Верш «У завею», 1942 г.)
21. Верш апавядае пра перажыванні старой сялянкі, якая не можа заснуць і ўсю доўгую асеннюю ноч трывожыцца пра сына. Ноч — пара партызанскіх засад, баёў, дыверсій, ноч — пара смяротных развязак. I маці-сялянка сама бярэцца за варажбітныя сродкі, каб з іх дапамогай адвесці ад сына-партызана смяротную небяспеку:
Паўночны сон не хмарыць маці.
На шыбах пачынае днець,
чырвонай ніткаю закляцце
тчэ на кужэльным палатне.

Закляцце ад варожай кулі,
ад лютай смерці, ад пятлі,
ад груганоў, каб праз кашулю
дастаць да сэрца не змаглі.
(Верш «Маці».)

22. У гэтым вершы паэт прыгадвае і асэнсоўвае матывы «Божай камедыі» Дантэ, твора, у аснове якога апакрыфічны сюжэт пра вандраванне чалавека па пекле. Горш за пякельныя пакуты той боль і скруха, якую адчувае воін-паэт, ідучы па руінах разбуранага вайной роднага горада:
— Горад мой, горад мой,
Колькі гордых іх, мужных і смелых
Тут лягло пад табой,
На руінах тваіх анямелых?! —

Толькі цені ўстаюць —
I цень кожны гаворыць мне імя —
I праз горад ідуць,
I, як Дантэ, іду я за імі...

Гэта, можа, страшней
Ад усіх падарожжаў у пекла,
Дзе б агнямі мяне
За грахі катавалі і секлі.
(Верш «Мы ў свой горад прыйшлі...».)

23. Якую паэму пачаў пісаць Максім Танк на Бранскім фронце, а закончыў яе ў Маскве ў 1942 годзе? (Паэма «Янук Сяліба».)
24. Назавіце твор, які адзін з першых у беларускай паэзіі даў ацэнку подзвігу абаронцаў Брэсцкай крэпасці. (Балада «У Брэсце», 1946 г.)
25. У аснове гэтага твора канфлікт народнага ўмельца, разьбяра, з саноўнікам царквы, які па законах феадальнага грамадства вёў нагляд за душамі «паствы», кантраляваў мастацкую фантазію, асабіста вырашаючы, што ў ёй ад Бога, а што ад д’ябла. (Паэма «Люцыян Таполя».)
26. Хто, робячы навагоднюю батлейку, паказаў Багародзіцу падобнай да вясковай прыгажуні Тэклі, а цара Ірада зрабіў падобным да свайго прыгонніка-пана? Чаму? (Мастак Люцыян Таполя. Мастак слухаў голас сэрца, арыентаваўся на праўду жыцця, шукаў і знайшоў святых і грэшнікаў сярод добрых і паганых людзей.)
27. Гэты верш Максіма Танка можна лічыць паэтычным падагульненнем творчых намаганняў пасляваеннага дзесяцігоддзя і агульнай праграмай на будучае. У вершы паэт сцвярджае, што чалавечае шчасце даступна толькі таму, хто разумее і прымае ўвесь цяжар грамадскага гістарычнага лёсу, калі высокія ўсплёскі радасці студзяцца халодным прыбоем жыццёвых нягод. Шчасце заўжды выпакутаванае ў барацьбе, заўжды цяжкае. (Верш «Быць чалавекам я рад».)
28. Назавіце зборнікі вершаў для дзяцей Максіма Танка. («Галінка і верабей», «Казкі лірніка», «Ехаў казачнік Бай», «Светлячок», «Быліна пра касмічнае падарожжа мураша Бадзіні», «Лемантар».)
29. Адзін з асноўных, улюбёных відаў верша ў творчасці Максіма Танка. (Верлібр.)
30. Назва апошняга зборніка паэта, выдадзенага пасмяротна. («Еrratа».)
31. Хто напісаў музыку на верш «Завушніцы»? У чыім выкананні прагучала гэта песня? (Уладзімір Мулявін, ансамбль «Песняры».)
32. Творы якіх пісьменнікаў Максім Танк перакладаў на беларускую мову? (А. С. Пушкіна, А. Міцкевіча, Ю. Славацкага, У. Маякоўскага, У. Бранеўскага і інш.)
33. Колькі тамоў налічвае апошні выдадзены «Збор твораў» Максіма Танка? (Трынаццаць.)
34. Назавіце даследчыкаў жыцця і творчасці Максіма Танка. (Уладзімір Калеснік, Мікола Арочка, Алег Лойка, Дзмітрый Бугаёў, Вячаслаў Рагойша, Уладзімір Гніламёдаў, Анатоль Верабей, Мікола Мікуліч...)
Падвядзенне вынікаў. Узнагароджанне пераможцаў.

Спіс выкарыстанай літаратуры

Арочка, М. Максім Танк: жыццё ў паэзіі / М. Арочка. — Мінск : Навука і тэхніка, 1984. — 272 с.
Бугаёў, Д. Паэзія Максіма Танка / Д. Бугаёў. — 2-е выд., выпр. і дап. / Д. Бугаёў. — Мінск : Беларус. навука, 2003. — 311 с.
Калеснік, У. Максім Танк: нарыс жыцця і творчасці / У. Калеснік. — Мінск : Маст. літ., 1981. — 189 с.
Мікуліч, М. Максім Танк. Талент, заручаны з небам / М. Мікуліч. — Мінск : Літ. і Мастацтва, 2012. — 338 с.
Танк, М. Збор твораў : у 13 т. / М. Танк. — Мінск : Беларус. навука, 2006—2012. — 13 т.
Танк, М. На камні, жалезе і золаце : успаміны, эсэ, прысвячэнні / М. Танк. — Мінск : Маст. літ., 2012. — 273 с.