сцэнарыі святаў на беларускай мове

Любоў ПАРМОН, настаўніца пачатковых класаў, Людміла САХАРЭВІЧ, выхавальніца, Наталля ТРЫГУБОВІЧ, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Уздзенскай санаторнай школы-інтэрната. Роднае слова 7/2006

“Па ручніку, што з роднай хаты, мы пазнаём сваю Радзіму... ”

Сцэнар вечарыны

Па адметным, своеасаблівым узоры на ручніку можна не толькі пазнаць сваю Радзіму, але і спазнаць яе, зазірнуць у гісторыю роднага краю. Калі прачытаць выкарыстаныя ва ўзорах руны, можна даведацца, пра што марылі і чаго жадалі майстрыхі тым, для каго ткалі ды вышывалі ручнікі.

На сцэне інтэр’ер беларускай сялянскай хаты, упрыгожанай вышыванымі ручнікамі. На пярэднім плане сцэны справа — куфар.
Выходзяць юнак і дзяўчына. Дзяўчына на ручніку трымае хлеб-соль.

Дзяўчына.
На ручніках, расшытых пеўнямі,
Хлеб-соль падносім для гасцей,
Вядзём за стол, каўшамі пеннымі
Частуем брагай пагусцей.
Юнак.
Спіной не гнуліся жабрацкаю...
І хоць шануем свой мазоль,
Мы дзелім хлеб рукою брацкаю,
І любяць нас, і ў гэтым - соль!
Гаўрусёў С. Хлеб-соль.

Выконваецца песня “Беларуская гасціннасць” (перш Н. Аксёнчык, муз. А. Аўсіюка; Роднае слова, 2002, №3,с. 102).
Выходзіць бабуля разам з дзецьмі.

Бабуля (адчыняе куфар)
Яшчэ ён не пусты,
Наш куфар старажытны.
Цвіце ў ім лён густы
І каласіцца жыта.
У куфры тым ляжаць
3 ільну і кветак скарбы.
Лясы і сенажаць
Далі свае ім фарбы.
Абрусы, ручнікі
І посцілкі - надзіва.
Любоў, жыццё, вякі
І ўся мая радзіма...
Не буду варажыць
Аб густах і жаданнях.
Я знаю: скарб ляжыць
У куфрах старадаўніх.
Панчанка П. Куфар.

Як вы думаеце, чаму ручнікі, побач з посцілкамі, абрусамі, мы называем вялікім скарбам?
Юнак. Таму, што ручнік - гэта не проста кавалак тканіны, якім выціраюць твар і рукі. На Беларусі шмат звычаяў, звязаных з выкарыстаннем ручнікоў.
Дзяўчына. На ручніку падносяць хлеб-соль, калі вітаюць дарагіх гасцей, таму што ручнік — сімвал чысціні, цяпла беларускай зямлі і роднай хаты.
Бабуля. Калісьці ўбілі нам у галовы, што лён - гэта ад беднасці, бо і сапраўды беларусы ўсё сваё жыццё хадзілі ў палатняным.
Унук. Няшчасныя беларусы! Колісь усё жыццё ў палатняным...
Бабуля. Ільняныя вырабы, між іншым, высока цанілі старажытныя вучоныя Гамер і Плутарх. У Старажытным Рыме амаль такія самыя абрусы, як нашы продкі засцілалі штодня на стол, былі прыкметай раскошы.
Унук. Ці не таму, што здалёк, мо з-над Нёмана, прывозілі?
Бабуля. Так, так, саколік, і не толькі таму, што здалёк, а і таму, што цяжкай працай здабывалася палатно. На нашай зямлі быў калісьці лён адной з самых шанаваных раслінаў, бо і апранаў, і карміў. Беларускія жанчыны падчас найважнейшых святаў, што спраўляліся ў зімовы і летні сонцавароты ды на вясновае раўнадзенства, звярталіся да магічных дзеянняў, каб вырас добры лён. На Масленіцу спецыяльна ездзілі як мага далей на санках, каб лён быў доўгі. А на Купалле дзяўчаты і маладзіцы кідалі ў вогнішча бярозавыя галінкі ды прыгаворвалі: “Каб мой лён быў такі ж вялікі, як гэта бярэзінка”. А ўжо працы беларускія жанчыны не шкадавалі.

Выконваецца песня “Ох, і сеяла Ульяніца лянок”. Заходзяць госці.
1-ы госць. Вось гляджу я на гэтыя ручнікі і думаю: служаць яны нам усё жыццё, а потым яшчэ і ў апошні шлях праводзяць.
2-і госць. Ручнік шырока выкарыстоўваўся ў радзінна-хрэсьбіннай абраднасці. Яму надавалася магічная сіла. Памыўшы першы раз дзіця, яго выціралі ручніком. У час адведак жанчыны прыносілі хлеб, падарункі, гасцінцы, загорнутыя ў ручнік.
Маці дзякавала бабцы-павітусе так: “Дзякуй Вам, бабуся, што паслухалі-папрацавалі. Няхай Вам Гасподзь Вашу працу верне”. Потым падавала ручнік, кавалак палатна, дзве булкі і хлеб.

Гучыць песня “Туман ярам”. Калі спяваюць: “А я з табой на ручнік стану...”, выходзяць “маладыя" ў вясельных строях, становяцца на ручнік.
Маладая. Спачатку мая маці рыхтавала ручнікі да*майго вяселля, а потым і я пачала дбаць пра свой пасаг.
Юнак.
Ды бяліла Ганка ручнікі,
Пабяліўшы, спаць лягла.
Прыйшла да яе маці яе.
Маці.
Да хадзі, дзіцятка, спаць!
Усё тваё сватоўе ў полі.
Маладая.
Ды няхай, матка, у полі.
Усе мае ручнікі гатовы.
Да сарака саракоў
Я ўткала ручнікоў.
Вясельная песня.

3-і госць. Ручніком бацька перавязваў рукі маладых і, узяўшыся за яго канцы, абводзіў будучых мужа і жонку тры разы вакол стала перад вянчаннем Пасля вянчання маладая цягнула за сабой ручнік. Гэта рабілася для таго, каб сяброўкі цягнуліся за ёю — выходзілі замуж.
Бацькі сустракалі маладых пасля вянчання хлебам-соллю на ручніку.
Маладая. А калі прыеду ў хату свекрыві, павешу ручнікі над вокнамі, на бажніцы.
Малады.
Паўзе, паўзе да мурашачка,
Нясе, нясе да падарачкі:
Падаркі бяленькі,
Ад слёзак макрэнькі.
А казалі, Ганначка не прала,
А казалі, Ганначка не ткала -
Яна ж рана ўставала,
Яна ж тоненька прала,
Часценька ўсё ткала,
Бяленька бяліла,
Усім сваім баярам дзяліла -
Кожнаму дзевяру па рушнічку,
Кожнай залоўцы па намётцы.
Была скрыня поўна,
Цяпер палавіна,
Мацер адабрала,
Баяр даравала.
Вясельная песня.

Мая Ганначка адарыла ўсіх мужчын з маёй радні ручнікамі, а жанчын - наміткамі.
4-ы госць. А раней ручнік быў нават часткаю вясельнага галаўнога ўбора. (Дэманструюцца фотаздымкі.) Вясельны ручнік — своеасаблівы сімвал аб’яднання двух родаў.
5-ы госць. Шырока выкарыстоўваўся ручнік і ў жалобнай абраднасці. І сёння труну апускаюць на ручніках.
На могілках на крыжы памерлым мужчынам вешаюць ручнікі, а жанчынам — фартушкі.
Калі памерлы ляжаў у труне ў куце, за акно, каля якога стаяла труна, вывешваўся ручнік. I ў знак жалобы, і для “патрэбаў” нябожчыка, які, паводле павер’я, можа вярнуцца ў пакінутую хату.
6-ы госць. На Гомельшчыне на акно ставілі шклянку з чыстай вадой і вешалі ручнік, каб душа нябожчыка мела магчымасць памыцца і чыстай з’явіцца на той свет.
7-ы госць. Ручнік ужываўся і пры ўшаноўванні духаў продкаў на Дзяды. Так, на Магілёўшчыне пасля вячэры на адзін канец стала клалі ручнік, кавалак мыла, ставілі кубак з вадой. На стале пакідалі поўную чарку і вячэру. Людзі верылі, што дзяды прыйдуць уночы на вячэру і будуць мыць рукі.
8-ы госць. Рытуалы з ручніком адрозніваюцца паводле формы, але іх аб’ядноўвае сутнасць самога абраду - ушаноўванне продкаў. Ручнік паўстае перад намі як сімвалічны пасярэднік паміж светам жывым і светам нябачным.
Юнак. Ці бачылі вы, сябры, крыжы-абярэгі на скрыжаваннях дарог?
Чым яны звычайна ўпрыгожаны?
Ад чаго аберагаюць гэтыя крыжы?

Вучні з залы адказваюць.
Чытальнік.
У вёсках палескіх,
Як белыя здані,
Стаяць на раскрэсах
У шызым тумане
Крыжы-абярэгі...
Я помню з маленства
Магічныя знакі:
Ад буры, пажару,
Вады і маланкі
Ахоўвалі стрэхі...
На Божыя святы
3 малітвай жанчыны
Ручнік ускладалі
На крыж пуцявінны
І білі паклоны...
Крыжы-абярэгі...
Ля іх бласлаўлялі
Дзяцей у дарогу,
Страчалі гасцей
І маліліся Богу...
Да самага скону
Былі яны побач.
І ў шлях той апошні
Ад вёскі праз пожню
Ішлі да пагосту
Крыжы-абярэгі...
Башлыкоў М. Крыжы-абярэгі.

Дзяўчына. Ручнікі, у залежнасці ад прызначэння, бываюць розныя: уціральнікі (імі выціралі твар), скарачы, або трапкачы (для выцірання посуду, рук, у іх пераносілі керамічны прсуд з ежай). Маладыя стаялі на ручніку-падножніку, а чырвоны кут упрыгожвалі набожнікі, або абразныя ручнікі. Яшчэ былі пасцяныя, якія вешаліся ў час Вялікага посту, і святочныя.

Пад песню “Ручнікі” (верш В. Вярбы, музыка М. Пятрэнкі; Роднае слова, 1991, № 10, с. 79) выконваецца танец з ручнікамі.
Чытальнік.
3 каласоў жытнёвых ён сатканы,
Наш ручнік, наш беларускі ўзор,
Васільком, пралескай вышываны,
Хвалямі блакітнымі азёр.
Наш ручнік, як золата, свіціцца,
Кветкамі вясновымі цвіце
І ў прасторных хатах, у святліцах
На вяселлі радуе гасцей.
Быццам веюць ветрыкам дубровы
І прыемнай свежасцю сады,
І пад лёгкі шолах ручніковы
Песні, пацалункі маладых.
Зіхаціць ручнік наш саматканы,
Родны беларускі наш узор,
І глядзіш, глядзіш зачараваны
На дзівосны, казачны убор.
Дзеружынскі А. Наш беларускі ручнік.

Дэманструюцца на экран фотаздымкі беларускіх ручнікоў.
Дзяўчына. Як вы заўважылі, ручнікі бываюць тканыя, вышываныя, з карункавай аздобай. На іх сінія валошкі з макамі ў вяночак, галубок і пеўнік, ягады каліны, наготкі, рамонкі, гожыя вяргіні. У кожнай мясціне вышыўка была непаўторнай, каларытнай, адметнай, не такой, як у суседзяў, хоць вядома, якой яна ні была б, чалавек заўсёды скажа: “Вось польскі ручнік, вось украінскі, а вось гэта - беларускі”.
Арнамент на беларускім ручніку часцей геаметрычны. Меней чорнага колеру. Пераважае “вясёлка” - жоўты, чырвоны, сіні, блакітны і інш.
Юнак. Узгадваюцца паэтычныя радкі Максіма Багдановіча:
І тчэ, забыўшыся, рука
Заміж персідскага узору
Цвяток радзімы васілька.

Звяргаецца ўвага на ручнік з вышытымі васількамі.
Дзяўчына. Вось ён, наш беларускі васілёк. Сінія васілёчкі, як мілага вочкі,

Выконваецца песня “Цвяток радзімы” (верш Л. Пранчака, муз. Л. Захлеўнага; Роднае слова, 2001, № 6, с. 108).
Чытальнік.
Вышывала маці... У руках,
Як вясёлкі, ніткі мільгацелі.
Клаліся на белых ручніках
Роднай нівы фарбы і адценні.
Расцвіталі ружы і ляны
Ў непаўторных веснавых узорах.
Упляталіся напевы, сны,
Промні сонца і далёкіх зорак.
Дочкі і сыны ў жыццёвы шлях
Гэты дар-благаславенне бралі;
Ў партызанскіх баравых лясах
Ручнікі на ранах абгаралі;
Тлелі пад сцягамі і дажджом
На магільным помніку Герою.
Сёння ў хатах многіх над Сажом
Ўзоры тыя ж зіхацяць зарою.
На далёкім полі цаліны
Выцірае хлопец твар спацелы,
За паўсвету ў свет,
За край лясны
Ручнікі, як птахі, заляцелі.
Крылы ільняныя... Ручнікі...
Ружы незавялыя і краскі...
Прыкладзешся вільгаццю шчакі,
Быццам матчыну пачуеш ласку.
Пысін А. Ручнікі.

Вучні праводзяць прэзентацыю ручнікоў сваіх матуль, бабуль, прабабак.
Юнак. Чаму нашу Радзіму называюць Белай Руссю? Існуе некалькі тлумачэнняў. Адны лічаць, што наша зямля атрымала такую назву, бо не была заваяваная іншаземцамі (белая — значыць чыстая, вольная, незалежная). Другія мяркуюць, што белае льняное адзенне, светлыя валасы нашых продкаў паслужылі для яе назвы. А можа, так зямля стала называцца ад ручнікоў, разасланых па берагах рэчак і азёраў, якія ад сонца і вады станавіліся бялюткімі-бялюткімі? Ад тых палатняных белых ручнікоў-крылаў, што ў кожнай нашай хаце...

Выконваецца песня “Святая зямля” (верш Л. Пранчака, муз. Л. Захлеўнага; Роднае слова, 2001, № 6, с. 107).
Бабуля. Ой, загаманіліся мы з вамі. Пара развітвацца. Але як добра, што сёння сабралася разам наша школьная сям’я. А сабраў нас усіх ручнік. Хочацца, каб гэта была не апошняя наша сустрэча. І каб мы ніколі не забываліся на матчын ручнік - сімвал чыстага і светлага жыцця.
Літаратура
Гуд П. Ад Каляд да Пакроваў. - Мінск, 2000.
Канус М., Прыймак Ж. Гучы, роднае слова. — Мінск, 1994.
Караткевіч У. Зямля пад белымі крыламі // Падручнік-хрэстаматыя “Родная літаратура” для 6 кл. / Аўт.-склад. М. Лазарук. - Мінск, 1994.
Фадзеева В. Беларускі ручнік. - Мінск, 1994.


Яшчэ на гэту тэму:

“Свая хатка - як родная матка”     Прыгажосць і ўтульнасць беларускай хаты