сцэнарыі святаў на беларускай мове

Т. А. БОЙКА, С. В. ЖУКАВА, настаўніцы пачатковых класаў. г. Орша. Пачатковая школа 2000/1

"Гэй, музыка, грай!"

Сцэнарый, прысвечаны святу Масленіцы

За некалькі тыдняў да Масленіцы складаецца план мерапрыемства. Настаўнік знаёміць вучняў з гэтым святам. Адбываецца размеркаванне роляў. Кожны клас атрымлівае заданне: знайсці і падабраць загадкі, прымаўкі, прыказкі, песні да свята; спытаць у старых людзей, як раней святкавалася Масленіца; развучыць беларускія народныя танцы і песні; пашыць беларускія народныя касцюмы; зрабіць саламянае пудзіла; падрыхтаваць матэрыял для ўпрыгожвання святочнай залы.

Сцяна залы ўпрыгожана плакатам “Запрашаем на Масленіцу”. Пасярэдзіне стаіць стол з прынесенай вучнямі традыцыйнай ежай: блінамі, смятанай, сырам, мёдам. У кутку — пудзіла.
Вядучая. Вось і надышло першае свята вясны. Ці ведаеце вы, што гэта за свята? Не? Ну, тады паслухайце.

3 даўніх часоў гэта свята называецца Масленіца. Старыя людзі кажуць, што гэтак зіму праганялі, вясну сустракалі. Але зіма не вельмі жадала адыходзіць. I тады сталі людзі яе замасліваць. “Паеш, госця дарагая, блінчыкаў ды ў дарогу збірайся. Сонейка прыпячэ, снег растопіць, а там птушкі прыляцяць, вясну на крылах прынясуць”. А яшчэ палілі саламянае пудзіла, і кожны прыносіў смецце, клаў яго ля пудзіла, а потым паліў, каб адышло ўсё благое.

(Выбягае Зіма.)

Зіма.
Я нікому і ніколі
Расквітнець пакуль не дам:
Ні гарошку лугавому,
Ні гародам,
Ні садам.
Гэй, мароз і снег, ляціце на падмогу!

(Гульня-карагод "Мароз".)

Дзеці.
Дзед Мароз, Дзед Мароз,
У цябе чырвоны нос.
Разам з намі пагуляй,
Не марозь, а даганяй.
Вядучая. Мы, матухна-зіма, не гонім цябе. Але прыйшоў час вясне гаспадарыць на зямлі. Ты не злуйся на нас. Твой час мінуў. Збірайся, калі ласка, у доўгі шлях на поўнач.
Зіма. Вось вы якія! На поўнач мяне збіраецеся адправіць! Не выйдзе! Я вас усіх зараз замарожу.
Вядучая. Дзеці, а давайце вясну паклічам!
(Дзеці выконваюць песню “Ой, прыляталі два галубочкі”. Выходзіць Вясна.)

Зіма. Прыцягнулася! Паспела!
Вясна. Добры дзень, зіма-матухна! Ты яшчэ не пакінула мае прасторы?
Зіма. Я і не збіраюся гэтага рабіць.
Хлопчык. А давайце так: хто больш загадак ведае, той і будзе гаспадарыць на зямлі.
Дзеці. Давайце!
Вясна. Карова бяжыць, а скура ляжыць. (Рака і лёд.)
Зіма. Бегла ліска каля лесу блізка, ні сцежкі, ні дарожкі, толькі залатыя рожкі. (Маладзік.)
Вясна. Крыж на крыжы. Хто ведае, не кажы. (Клубок.)
Зіма. Не разаб’еш гаршка, не з’ясі кашы. (Арэх.)
Вясна. На вадзе ляжыць, ды не тоне, па агні бяжыць, ды не гарыць. (Цень.)
Зіма. Я больш загадак не ведаю!
Хлопчык. Ура! Вясна перамагла! Вясна-красна, што ты нам прынясла?
Вясна.
Я, Вясна-красна,
Вам прынясла
Бохан хлеба, ступу солі,
Старым бабкам — па кіёчку,
А дзяўчынкам — па вяночку.
Вядучая. А зараз зойдзем у госці да Мікіты і паглядзім, як ён свята сустракае.
(Інсцэніраваная песня “Мікіта".)

Хлопчык.
Сёння ў нас Масленіца,
Прыляцела ластавіца.
Села-пала на жэрдачку,
Добрую прынесла вестачку.
Вядучая.
Гэй, музыка, грай,
Жару паддавай.
Зробім круг вялікі,
Скачуць чаравікі.
(Карагод “У карагодзе мы былі".)
Хлопчык. Кругленькае, жоўценькае, быццам тое сонейка. Многа грошай не бяром, амаль дарам аддаём.

(Песня “Бліны”. Дзяўчынкі частуюць гасцей блінамі.)

Вядучая. Пакуль госцейкі частуюцца, мы праспяваем вам жартоўную песню.
(Выконваецца інсцэніраваная песня “Мышка”.)

Хлопчык.
Гэта пудзіла, браткі,
Разарвём мы на шматкі.
Занясём на агарод,
Каб быў урадлівы год!
(Дзеці выносяць пудзіла з залы.)
Вядучая. Зіме канец, вясне пачатак. Хай будзе весела ў гэтае свята. Гэй, музыка, грай, жару паддавай! (Танец “Лявоніха".)

Яшчэ на гэту тэму:

Сёння Масленка, прыляцела ластаўка     Масленіца