сцэнарыі святаў на беларускай мове

А. П. ЖЫГАР, дырэктар Малааўцюкоўскай сярэдняй школы Калінкавіцкага раёна. Беларуская мова і літаратура Красавік 2014 г.

Абрадавае свята «Юр’еўскі карагод»

(для вучняў VI—VIII класаў)

Часта думаю:
Што, каб не матчына песня?
Чым бы дыхаў?
На холадзе чым саграваўся б?
Папрасімцам, напэўна,
Бадзяўся б па свеце,
Жабраком
Між чужых і радні
Пабіраўся б.
Ніл Гілевіч.

Ход мерапрыемства

Звычайная сялянская хата. Гаспадыня рыхтуецца да прыходу гасцей, пячэ каравай. У хату заходзіць дзяўчынка Аленка.

Дзяўчынка Аленка. Добры дзень, цётка Маруся! Са святам вас, з Юр’евым днём! Ну, як тут у вас справы, падрыхтаваліся вадзіць карагод?
Цётка Маруся. А як жа, падрыхтаваліся. Вось бачыш, і каравай ужо гатовы, толькі што з печы да-стала, цудоўны атрымаўся. Павінен у гэтым годзе доб-ры ўраджай быць. Ты лепш не стой, а ідзі да дзяўчат і жанчын, кліч іх каравай упрыгожваць.
Жанчыны і дзяўчаты заходзяць у хату.

Жанчыны. Добры дзень, Маруся, з Юр’евым днём цябе.
Маруся. Дзень добры. Дзякую вам за віншаванне. Вас таксама з Юр’евым днём. Праходзьце, калі ласка, бярыцеся адразу за працу, каравай патрэбна ўпрыгожыць.
Жанчыны (упрыгожваюць каравай і спяваюць песню «Вясна-красна»).

Вясна-красна,
Вясна-красна,
Са стрэх вада капле.
Са стрэх вада капле.
Са стрэх вада,
Вада капле.
Са стрэх вада капле,
Вандрованькай пахне.

Цётка Маруся (тры разы падымае ўверх каравай, гаворыць).
Каравай, каравай, мы цябе праслаўляем
І шчасцем, і доляй.
Дай, Божа, нам усё маці
I разам усім Юр’я згуляці.

Дзяўчынка Вольга. Добры дзень, Ганначка! Нешта ты спазняешся. Прыбіралася, мабыць, доўга?
Ганначка. Не, я ўжо зранку на нагах! А каб даведацца, за чым я хадзіла, трэба адгадаць маю загадку.
Месяц убачыў — не забраў,
Сонца ўстала — падабрала!
Хто ведае, што гэта такое? (Раса.)
Яшчэ мая бабуля казала: раса ў юр’еўскую раніцу мае жыватворную сілу для раслін, жывёл і чалавека.

Першая жанчына. А мы, калі былі дзяўчатамі, дык выходзілі на першую расу, рассцілалі на жытнёвыя руні посцілкі. Калі ж яны намакалі, збіралі іх і неслі дадому. Дома посцілкі выкручвалі і гэтай расой апырсквалі жывёлу.
Другая жанчына. А добра яшчэ пакачацца па гэтай расе.
Цётка Маруся. Сапраўды, раса на Юр’я чароўная. Нездарма ў народзе гавораць: «На Юр’еву расу, ды на божую красу». Памыешся гэтаю расой і заўсёды будзеш прыгожым і здаровым.
Дзяўчына. А навошта граблі ў хату прынеслі?
Першая жанчына. Трэба ж нам фартухі павесіць.
Другая жанчына. Дзяўчаткі, зялёны фартух для поля, для багатага ўраджаю, для прыбытку ў гумне і на стале.
Трэцяя жанчына. А чырвоны — для добрага гаспадара. Вось калі будзем ісці на поле вадзіць карагод, тады зялёны фартух уперадзе, а калі з поля — чырвоны, добраму гаспадару.

У хату ўваходзяць маладыя хлопцы.

Xлопец. Са святам вас, ці прымеце вы нас разам з вамі карагод вадзіць, Юр’я ўслаўляць?
Дзяўчына. Дзе ж вы, хлопцы, валачыліся? Дзе так умачыліся?
Xлопец. А па палях, па росах ходзячы, лапці топчачы.
Дзяўчына. Свята сёння хлапечае — свята пастухоў. Бач, які каравай у нас добры атрымаўся, ты і будзеш вадзіць яго.

Хлопец бярэ каравай.

Жанчына (робіць узмахам рукі тры крыжы, затым гаворыць).
Благаславі нас, Божа,
На век вечны і на ўсё жыццё.
А цяпер можна і ў поле ісці.

Усе выходзяць з хаты. Хлопец — першым, потым жанчына з граблямі і ўсе астатнія. Ідуць па вёсцы з карагоднай песняй «Юр’я, устань рана...»:

Юр’я, устань рана,
Устань рана, Юр’я.
Юр’я, умыйся бела,
Умыйся бела, Юр’я.
Юр’я, ідзі ў поле,
Ідзі ў поле, Юр’я.
Юр’я, вазьмі ключы залатыя,
Юр’я, адамкні зямлю.
Адамкні зямлю, Юр’я.

Першая дзяўчына. Будзем карагод вадзіць, поле ўслаўляці, Юр’я заклікаці?
Другая дзяўчына. Калі жыта ўрадзіцца, прыйдзем з вамі падзівіцца.
Гаспадыня.
Дзе карагод ходзіць, там Бог жыта родзіць,
А дзе не бывае — там улягае.

Водзяць юр’еўскую песню-карагод «Ой, Юр’ева маці...»:

Ой, Юр’ева маці
Ды па рынку хадзіла.
Ключы ўпавала,
Слабажанцаў гукала:
— Слабажане-малойцы,
Выганяйце кароўкі
Ды на Юр’еву расу,
На дзявочую красу.
А Юр’ева раса —
Як дзявочая краса

Пастух (падымаецца і глядзіць сабе пад ногі).
Ух, і добрая сёння раса.
Першая жанчына. Хопіць і коням аўса. Першая дзяўчына. А як дождж на Юр’я? Другая жанчына. То будзе хлеб і ў дурня.
Другая дзяўчына. А як на Юр’я пагода?
Трэцяя жанчына. То будзе на грэчку няўрода.
Пастух. Трэба, хлопцы, да справы прыступаць, каровак замаўляць. (Падыходзячы да кожнага па чарзе, прызначае, каму кім быць.)
Быць табе, Васілька, «зайцам», табе, Пятро, — «сляпым», табе, Аляксей, — «калодай».

Гучыць песня «Вол бушуе...»:

Вол бушуе, вясну чуе.
Воран крача, сыру хоча.
Дзеўка плача, замуж хоча.

Пастух. Заяц, заяц, ці горкая асіна?
3аяц. Ой, горка!
Пастух. Дай бог, каб і наша скацінка для звяроў была горка!
Сляпы, а сляпы, ці бачыш ты?
Сляпы. Не бачу!
Пастух. Дай бог, каб і нашу скацінку не бачыла звярынка.
Калода, а калода, ці павернешся ты?
Калода. Не павярнуся.
Пастух. Дай бог, каб і звер да нашай скацінкі не павярнуўся!

Такое дзеянне адбываецца тройчы. Потым усе сядаюць есці яечню. Васілька, а за ім усе астатнія падкідваюць лыжкі ўгору.

Пастух. Каб наша скацінка так угору скакала.

Гучыць песня «А я бачыў, бачыў...»:

А я бачыў, бачыў,
Як ты валы гнала.
Хацеў цябе зачапіць,
Ды маці стаяла.

Я цябе не зачапіў,
Маці пабаяўся.
Не хацеў, каб яна знала,
Што ў цябе ўкахаўся.

Я цябе кахаю,
Любая дзяўчына.
Заганяй хутчэй валы —
Жджэ нас вечарына.

Як прыйшла дадому,
Маці проціў стала.
Яна мяне на вячоркі
Гуляць не пускала.

Што з табою зробіш?
Веру я дзіцяці.
Як кахаеш ты яго,
Няхай будзе зяцем.

Xлопец.
Хай засвеціць сонца,
Каб жылося людзям шчасна.
А зараз пойдзем іграючы ды спяваючы,
Слаўнага Юр’я праслаўляючы.


Яшчэ на гэту тэму:

«Юр’я светлы ключык адамкнуў зямлю»     "Святы Юр’я, устань рана!"