сцэнарыі святаў на беларускай мове

Святлана ЗАЙЦАВА, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 140 г. Мінска. Роднае слова 2012/11

Беларускія вячоркі

Сцэнарый пазакласнага мерапрыемства (V клас)

Госць. Добры дзень, шаноўнае спадарства! Віншуем усіх вас са святам! Бо сустрэча з вамі - гэта і ёсць свята!
Госці спяваюць песню “Гуляць дык гуляць”.
Гаспадыня. Нічога не скажаш. Дружны, вясёлы народ тут сабраўся.
Хлебам-соллю Вас сустракаю. Калі ласка, у хату сваю запрашаю!
Госці (разам).
Сышліся разам,
I нам тут не цесна,
Бо ўсе з аднаго мы
Вясёлага цеста.

Гаспадыня.
I чаму ж мне не пець?
Чаму ж не гудзець?!
Гаспадыня спявае песню “Чаму ж мне не пець?”, госці падпяваюць.
Песня “Чаму ж мне не пець?”.
1. Чаму ж мне не пець,
Чаму ж не гудзець,
Калі ў маёй хатачцы
Парадак ідзець? - 2 разы
2. Чаму ж мне не пець,
Чаму ж не гудзець?
Тут і дзеці, і бацькі,
Разам сэрца б’ець. - 2 разы
3. Чаму ж мне не пець,
Чаму ж не гудзець?!
Вось такіх паплечнікаў
Трэба ўсім нам мець. - 2 разы
4. Чаму ж мне не пець,
Чаму ж не гудзець?!
Станьце ў дружны карагод,
Будзем танчыць, пець. - 2 разы

Гаспадыня.
Весела, цудоўна мы зараз спявалі.
Каб доўга так разам вы ўсе сябравалі!
Вучні выконваюць народны танец.
Гучыць павольная музыка. Усе збіраюцца вакол гаспадыні, якая перабірае саломку.

Гаспадыня. Паслухайце, дарагія госцейкі, што я вам раскажу пра саломку.
Вырабы з саломы маюць старажытную гісторыю. Прызначэнне іх у колішнім народным побыце было вельмі шырокае. Саламяныя вырабы часта выкарыстоўваліся ў сельскагаспадарчых абрадах, святах.

I цяпер з саломы робяць прыгожыя і патрэбныя рэчы. Сучасныя майстры плятуць сурвэткі, робяць з саломкі фіранкі, інкрустуюць драўляныя шкатулкі, дэкаратыўныя пано. Мне гэта вельмі спадабалася, і я вырашыла гэтай справе навучыцца. Вось, паглядзіце, што ў мяне атрымалася. (Гаспадыня дэманструе вырабы з саломкі.) Але як можна глядзець на такую прыгажосць і не паспрабаваць самому зрабіць?

Частка дзяцей садзіцца паўкругам каля гаспадыні і пачынае імітаваць работу з саломкай. Другая частка - выходзіць бліжэй да гледачоў і спявае прыпеўкі.
• Прыпеўкі.
1-ы вучань.
Як цудоўна ў вашай хаце,
Упрыгожан кожны кут.
Сонца свеціць вам, як маці,
Птушкам, кветкам цёпла тут.
Гаспадыня.
Дрэва славіцца пладамі,
Хаты славяцца садамі,
Чалавек жа працаю
Славіць зямлю нашую.
2-і вучань.
На ўсе рукі майстарыца,
На ўсе справы здатная.
Цяжкай працы не баіцца
Гаспадыня спраўная.
Гаспадыня.
Навучу вас працаваць,
Прыгажосці вырабляць.
Не святыя гаршкі лепяць,
Веды трэба набываць.
3-і вучань.
Геаграфію краіны
Вывучае кожны клас.
Ад Літвы да Украіны
Назвы рэк цікавяць нас.
4-ы вучань.
Як цікава мы праводзім
Святы ўсе народныя.
Кожнай песняй ўслаўляем
Слова наша роднае.
Гаспадыня.
“Жыватворная крыніца”
Па жыцці вас правядзе.
Хай душа ваша іскрыцца,
Як праменьчык на вадзе
.
Паглядзім, што атрымалася ў маіх выхаванцаў. (Удзельнікі дэманструюць уласныя саламяныя вырабы, зробленыя раней.)
Гучыць мелодыя песні “Бывайце здаровы!”. Гаспадыня спявае.
Гаспадыня.
Цудоўна, прыгожа вы тут танцавалі,
Вясёлыя песні мы разам спявалі.
Вучыцеся добра вы і не сумуйце,
I родную мову сваю вы шануйце.
Прыходзьце часцей! Я заўсёды вам рада.
Паслухайце ўсе гаспадынькі парады.

Гаспадыня працягвае спяваць на матыў народнай песні, на кожны куплет выкладае на магнітнай дошцы (імправізаванае акно) блакітную валошку з лічбай 10 на пялёстках, дошка (акно) упрыгожана беларускім ручніком.
• Песня “Ой, хацела ж я сказаць”.
(Удзельнікі падпяваюць прыпеў.)
1. Ой, хацела ж я сказаць:
Усе вучыцеся на “пяць”.
А тут новыя законы,
Трэба ўсё пераглядаць.
Гэта не пакута -
“Дзесяць” - гэта крута!
Ой, хацела ж вам сказаць. - 2 разы
2. Каб “дзясятку” атрымаць,
Трэба веды здабываць.
Хто без навукі -
Той, як бязрукі.
Ой, хацела ж вам сказаць. - 2 разы
3. Каб “дзясятку” атрымаць,
Трэба кніжак шмат чытаць.
Болей прачытаеш -
Болей спазнаеш.
Ой, хацела ж вам сказаць. - 2 разы
4. Каб “дзясятку” атрымаць,
Трэба многа працаваць.
Працаваць палюбіш -
Чалавекам будзеш.
Ой, хацела ж вам сказаць. - 2 разы
5. Каб “дзясятку” атрымаць,
Сэрца трэба аддаваць.
Пажыві ты для людзей -
Пажывуць і для цябе.
Ой, хацела ж вам сказаць. - 2 разы
6. Каб “дзясятку” атрымаць,
Трэба ўмець вам гасцяваць.
Калі ласка, ў хату -
Будзеце багаты!
Ой, хацела ж вам сказаць. - 2 разы
7. Каб “дзясятку” атрымаць,
Трэба край свой шанаваць.
Будзем жыць прыгожа,
Нягоды пераможам.
Ой, хацела ж вам сказаць. - 2 разы

Гаспадыня. Малайцы! Добра вывучылі мае парады. I за гэта я вас пачастую смачнымі піражкамі.
Гаспадыня частуе ўдзельнікаў.
Госці (па чарзе).
- Дзякуй за парады!
- Вам заўсёды рады!
- “Дзясяткі” пойдзем зарабляць,
Гаспадыньку радаваць!
- Па веды!
- Усім гуртам!
Дзеці (разам). Бо “10” - гэта крута!!!
Паднімаюць карткі з “дзясяткамі” і спяваюць.
Госці (разам).
Будзем жыць прыгожа,
Нягоды пераможам!
Ой, хацелі ж вам сказаць!


Яшчэ на гэту тэму:

Беларускія вячоркі     Запрашаем на вячоркі