сцэнарыі святаў на беларускай мове

Таццяна Уладзіміраўна ЛУСТА— настаўніца беларускай мовы і літаратуры Багушэвіцкай сярэдняй школы-сада Бярэзінскага раёна. Роднае слова 7. 2007

Рускі самародак, які стаў набыткам Беларусі

Сцэнар вечарыны, прысвечанай Уладзіміру Мулявіну

Мы дома песень менш знаходзім,
Удалеч шлях кіруем свой.
Шукаем сцежак невядомых,
Чужыя топчам бальшакі,
А песні нас чакаюць дома,
Ля цёплай матчынай шчакі.
Генадзь Бураўкін.

Абсталяванне:

Уступнае слова настаўніка. Сёння прыйшоў час ацаніць маштаб творчай постаці Уладзіміра Мулявіна. I акрэсліць гэты маштаб можна адным кароткім словам - геній. Слова гучнае, яго вартыя нямногія... Успомнім, каго называлі геніямі ў музыцы? Бах, Моцарт, Бетховен, Чайкоўскі...
Нават Мендэльсона, Брамса, Рымскага-Корсакава не ўзнагароджваюць гэтым званнем, абмяжоўваючыся тытулам "славуты". Ці да месца ў такой кампаніі стваральнік эстраднага ансамбля? Лічу, што да месца.
Яго голас пранізваў душу наскрозь, як пранізвае гарачыня або холад. Яму верылі заўсёды і вераць цяпер, пра што б ён ні спяваў: пра каханне, пра Беларусь, пра вайну. Голас асаблівай унутранай сілы, энергетыкі быў надзелены нейкай агульначалавечай інтанацыяй. I яна была зразумелая ўсім людзям, бо калі артыст спяваў, ён маліўся: "Я буду маліцца і сэрцам, і думамі, распетаю буду маліцца душой..."

1-ы вядучы. Калі пытаюцца ў людзей, што для іх з'яўляецца сімвалам Беларусі, першае, што яны называюць, - белы бусел. За ім ідзе ансамбль "Песняры". Яго кіраўніка Уладзіміра Мулявіна многія лічылі беларусам. Застаецца загадкай, як ён, рускі чалавек, за кароткі тэрмін жыцця на Беларусі ўлавіў і ўвасобіў у творчасці нацыянальны дух нашага народа - прыгожа, свежа, па-сучаснаму, без усялякай местачковай архаікі і слязлівага надрыву па нібыта страчаных каранях. Рускі па нацыянальнасці, Мулявін адкрыў для многіх беларусаў нашу песню. "Песняры" прынеслі беларускую песню ў Еўропу і ў свет.
2-і вядучы. Нарадзіўся ён 12 студзеня 1941 г. у Свярдлоўску. Дзяцінства будучага Песняра было не вельмі ружовае. Бацькі рана развяліся, і ўсё выхаванне траіх дзяцей - Уладзіміра, Валерыя і Наталлі - узялі на сябе маці Акуліна Сяргееўна і жонка яе старэйшага брата Піліпа цётка Маня. 3 бацькам Валодзя сустракаўся, але не часта, Георгій Арсенневіч памёр у 1962 г., а роўна праз год памерла і маці.
3-і вядучы. Музычнае жыццё хлопчыка пачалося рана, гадоў у 11 - 12. 3 гэтага ўзросту гітара стала найлепшай і жаданай сяброўкай. Іграў дзе давядзецца - дома, на вуліцы, у пад'ездах, у лесе, на беразе ракі Ісець. 3 14 гадоў ужо цвёрда ведаў, што будзе музыкантам.
4-ы вядучы. У1956 г. Уладзіміра прынялі ў Свярдлоўскае музычнае вучылішча на аддзяленне народ­ных інструментаў па класе балалайкі і гітары. Але ў хуткім часе за захапленне джазам, дакладней, "за пакланенне перад заходняй музыкай" з трэскам выгналі з вучылішча. Праўда, потым дзякуючы аднаму з выкладчыкаў зноў прынялі. Але хлопцу давялося пакінуць навучанне, каб зарабляць на жыццё. Выступаў ён на канцэртах у якасці артыста-інструменталіста. Рана, у 18-гадовым узросце, ажаніўся са спявачкай Лідзіяй Кармальскай. У 1964 г. маладая сям'я прыехала ў Мінск. Уладзімір Мулявін захапіўся фолк-рокам, у 1969 г. стварыў гурт "Лявоны", у аснове рэпертуару якога была беларуская народная музыка.
1-ы вядучы. У 1970 г. гэты гурт перайменаваўся ў вакальна-інструментальны ансамбль "Песняры". Само высакароднае, сакавітае, самабытнае паняцце "пясняр" да многага абавязвала. Дарэчы, ідэя наконт назвы калектыву прыйшла бас-гітарысту Леаніду Тышко (вялікаму гуманітарыю), калі ён гартаў у бібліятэцы творы Янкі Купалы. Тады гэтае слова было мала каму вядома, але музыкантам яно неяк "прывецілася" і прыжылося.
2-і вядучы. Упершыню ў новай якасці ансамбль набыў шырокую вядомасць увосень 1970 г. у Маскве, дзе ён атрымаў Гран-пры на IV Усесаюзным конкурсе артыстаў эстрады. Поспех быў ашаламляльны. Збылася запаветная мара юнацтва Мулявіна - ён вывеў на вялікую сцэну прафесійны калектыў.
3-і вядучы. Пачатак 1970-х гг. быў лёсавызначальны. У рэпертуар ансамбля, які тады плённа супрацоўнічаў з кампазітарам Ігарам Лучанком, увайшлі і аўтарскія песні Уладзіміра Мулявіна: "Александрына" на верш Петруся Броўкі, "Завушніцы" Максіма Танка, першыя апрацоўкі і аранжыроўкі беларускіх народ­ных песняў "Касіў Ясь канюшыну", "Купалінка", "Рэчанька", "Як я ехаў да яе", "А ў полі вярба" і інш.
Прыхільнасць У. Мулявіна да класічнай беларускай паэзіі - творчасці Якуба Коласа, Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Максіма Танка, Петруся Броўкі, Аркадзя Куляшова - давала яму магчымасць "трымаць узровень", а яго музычны дар дазваляў ствараць пес­ні, у якіх вершам вялікіх паэтаў адпавядала такая са­мая цудоўная музыка.

Гучыць песня "А ў полі вярба".

4-ы вядучы. Першыя пласцінкі выходзілі вялізнымі тыражамі -17 і 13 мільёнаў экзэмпляраў. Усяго на фірме грамзапісу "Мелодыя" было выпушчана 8 вінілавых дыскаў, 10 міньёнаў і шматлікія музычныя ўкладкі да часопіса "Кругозор".
1-ы вядучы. "Песняры" - першы эстрадны калек­тыў з былога Савецкага Саюза, які выехаў на гастролі на Захад і меў грандыёзны поспех. Ансамбль праехаў у 1976 г. па 30 штатах Амерыкі. Спачатку выступалі на "разагрэве" ў нейкага амерыканскага гурту. Але літаральна з другога выступлення прадзюсар Сіт Гарысан, убачыўшы, якую самабытную музыку іграюць хлопцы з Саюза, памяняў музыкантаў месцамі, і ўжо амерыканцы гралі на "разагрэве" ў "Песняроў".
3-і вядучы. У розны час у складзе ансамбля працавалі такія музыканты, як Леанід Барткевіч, Анатоль Кашапараў, Аляксандр Дзямешка, Ігар Палівода, Валянцін Бадзьяраў, Уладзімір Нікалаеў, Уладзіслаў Місевіч, Валеры Дайнека.
4-ы вядучы. Таленту Мулявіна хапала на тое, каб зрабіць зоркай кожнага ўдзельніка калектыву. Кіраўнік "Песняроў" дакладна ўгадаў, што "Александрына" стане зорнай для Барткевіча, "Вологда" - для Кашапарава, "Белавежская пушча" - для Дайнекі і інш.
1-ы вядучы. За 30 гадоў змянілася каля паўсотні музыкантаў: нехта стаў на самастойны шлях, нехта паехаў шукаць шчасця за мяжу, іншыя падаліся ў камерцыю, а некаторыя ўвогуле зніклі з музычнага далягляду, не вытрымаўшы цяжкага бярэмя славы. Але, разам з тым, многія пакінулі пра сябе памяць у песнях, іх галасы не забываюцца.

Гучыць песня "Белавежская пушча".

2-і вядучы. Званне заслужаных артыстам надалі ў 1979 г. Проста ў час аднаго з выступленняў. Тады, у гонар 10-й гадавіны, "Песняры" давалі 20 канцэртаў запар у мінскім Палацы спорту. На адным з іх за кулісы прыбег чалавек ад Машэрава: «Дзе "Александрына"? "Александрыну" давай!» Выйшлі і праспявалі. I тады задаволены Пётр Міронавіч сказаў: "Усім -заслужаных, а Мулявіну - народнага" (заслужаным Уладзімір Георгіевіч на той час ужо быў).

Гучыць песня "Александрына".

3-і вядучы. Немагчыма за кароткі прамежак часу апісаць, як Пясняр шукаў новыя формы, фарбы і рытмы, новыя жанры, як ажыццяўляў свае задумкі і праекты. Творчы працэс - вялікая таямніца. Артыст рыхтаваў толькі тыя праграмы, якія сам выпакутаваў, якія прыйшлі да яго аднекуль "зверху". Часам было так, што не ўсё ўспрымалася адэкватна нават аднадумцамі, як гэта было, напрыклад, з песнямі "Купалінка", "Ой, рана на Івана...".

Гучыць песня "Ой, рана на Івана..".

4-ы вядучы. Мулявін імкнуўся "ўлюбіць" у беларускую музыку і добрую паэзію не толькі слухачоў, але і ўсіх удзельнікаў свайго ансамбля. Зрабіў некалькі праграм на вершы Янкі Купалы. Да яго ў музыкан­та было асаблівае стаўленне. У вершах гэтага паэта ён знаходзіў адказы на многія пытанні. Як у Бібліі. Як у Шэкспіра і Пушкіна. Таму купалаўскія рэчы ў Мулявіна цудоўна атрымаліся.
Творчасць Янкі Купалы для Уладзіміра Мулявіна была стрыжнёвая. Ён звяраў свае думы, пачуцці з паэзіяй беларускага класіка. Да 100-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы "Песняры" прапанавалі на суд гледачоў праграму "Я не паэта". Пра гэты праект музыказнаўцы казалі: «Пачуццё слова, выхаванае пастаянным зваротам да сапраўднай паэзіі, мастацкі густ "Песняроў" праявіліся тут у поўную сілу».

Гучыць песня "Спадчына".

1-ы вядучы. Уладзіміру Георгіевічу быў уласцівы выдатны густ і пачуццё меры, што з'яўляецца ці не найгалоўнейшай прыкметай выбітнага таленту. Бо мала ж мець алмаз — трэба ж яшчэ здолець зрабіць з яго брыльянт! Мала мець багатую творчую фантазію - трэба яшчэ ўмець утрымаць яе ў межах густу. Такая здольнасць да "агранкі" не заўсёды сустракаецца на­ват у адораных асоб. У творах "Песняроў" нот было заўсёды роўна столькі, колькі неабходна - нават у самых складаных і насычаных аранжыроўках.
2-і вядучы. Магутны музычны дар Мулявіна (а ён быў, як кажуць, ад Бога) успрымаўся як само сабой зразумелае. А вось яго непаўторны, рэдкі характар многіх здзіўляў. Гэта быў чалавек, які спалучаў у сабе, здавалася б, тое, што нельга паяднаць. 3 аднаго боку - прынцыповы, жорсткі, вельмі патрабавальны і да сябе, і да іншых чалавек, які не ішоў ні на якія кампрамісы ў адносінах да таго, што датычылася працы, музыкі, выканання. 3 другога боку - мяккі, чулы, душэўны, ён не ўмеў адмаўляць у просьбе нават у тых жыццёвых сітуацыях, калі адмовіць было лёгка і проста.
3-і вядучы. Акрамя славутых песняў, плённымі ў творчасці "Песняроў" былі і набыткі ў жанрах рок-оперы, музычнай балады, паэмы, легенды. Першым такім творам стала кампазіцыя "Гусляр" па паэме Янкі Купалы "Курган" (музыка Ігара Лучанка), у 1976 г. з'явілася фолк-опера-прыпавесць "Песня пра долю" па матывах Купалавай паэмы "Адвечная песня". А ў 1985 г. у гонар 40-годдзя Вялікай Перамогі была створана праграма "Праз усю вайну". Максіму Багдановічу, якога Уладзімір Мулявін таксама вельмі шанаваў, ён усклаў вянок з музыкі ("Вянок", 1991).
4-ы вядучы. "Песняры" доўгі час заставаліся адным з найбольш папулярных гуртоў Савецкага Саюза. Пасля распаду СССР у 1991 г. калектыў страціў сваю аўдыторыю - жыхароў 14 рэспублік. Музыкан­ты засталіся ў вузкай культурнай прасторы, азначанай толькі межамі нашай краіны. А гэта было для артыстаў, якія аб'ездзілі палову зямнога шара, невыносна. Пайшлі ў мінулае небывалае шанцаванне, лёгкасць быцця і творчасці, адразу пачало нешта не ладзіцца. Ад Мулявіна сыходзілі адны музыканты, прыходзілі іншыя. Але ранейшае натхненне так і не вярнулася.
1-ы вядучы. У 1996 г. "Песняроў" зноў пабачылі на расійскай сцэне. У студзені 2001 г. у Маскве на Алеі Зорак адбылася закладка зоркі Уладзіміра Му­лявіна. Больш за тое, прэзідэнт Расіі Барыс Ельцын прапаноўваў Мулявіну добрую кватэру ў прэстыжным раёне Масквы. Але ён не паехаў, бо жыць мог толькі на беларускай зямлі.
2-і вядучы. Уладзімір Георгіевіч вельмі цяжка перажыў раскол "Песняроў", але свае пачуцці не афішаваў, лічыў гэта Божым выпрабаваннем.
3-і вядучы. 14 мая 2002 г. Мулявін трапіў у аўтамабільную аварыю, атрымаў найскладанейшую траўму пазваночніка.
4-ы вядучы. 26 студзеня 2003 г. на 63 годзе жыцця вядомы музыкант памёр у Маскоўскім інстытуце хірургіі імя Бурдэнкі.
28 студзеня пахаваны на Усходніх могілках у Мінску.
Слова настаўніка. Час... "Песняры" існавалі на працягу трэці стагоддзя, і за гэты час выраслі пакаленні тых, хто іх спазнаў, і палюбіў, і працягвае любіць, нягледзячы ні на што. Больш за тое, усё больш маладых адкрывае для сябе песняроўскую музыку: сёння запісы 20 - 30-гадовай даўніны гучаць... не, не сучасна — яны па-за часам! Вядома ж, тэмбры і фактура гучання інструментаў выдаюць эпоху, але эмацыйны зарад, які прысутнічае ў кожнай ноце, спетай і сыгранай "Песнярамі", прабівае тоўшчу дзесяцігоддзяў і робіць іх творчасць актуальнай і для нашага часу, і для будучыні. "Песняры" "слухаюцца" і цяпер, і не як рэтра, а як класіка. Упэўнены - іх будуць слухаць і заўтра, і паслязаўтра.

Гучыць песня "Малітва" Алега Молчана на верш Янкі Купалы.

У "Родным слове" (2004, № 1) змяшчаліся з нотамі песні Уладзіміра Мулявіна "Белая Русь" (на верш Уладзіміра Скарынкіна) і "Чырвоная ружа" (словы народныя), а таксама песня-рэквіем памяці У. Мулявіна "I змоўкла гітара..." (музыка Ізмаіла Капланава, верш Надзеі Салодкай ). Пра купалаўскія матывы ў творчасці ансамбля "Песняры" Таццяна Луста распавядала ў ліпеньскім ну мары за 2006 г.