сцэнарыі святаў на беларускай мове

Наталля МАЛАШАНКА, загадчык дзіцячага сада N 7 Добруша. Пралеска 199?/6

Дзень нараджэння - цудоўнае свята

Сцэнарый святкавання Дня нараджэння з ужываннем элементаў этнапедагогікі

Мэта: садзейнічаць выхаванню ў дзяцей і бацькоў цікаўнасці і павагі да нацыянальных традыцый, даць магчымасць адчуць ім прыгажосць і глыбіню народных абрадаў, іх непарыўную і гарманічную сувязь з прыродай.

Ход свята

(Дзеці і дарослыя рыхтуюцца да свята. Раптам раздаецца стук, і ў групавы пакой уваходзіць Буслік з кошыкам у руках.)
Буслік.
Добры дзень, дзіцяткі!
Хлопчыкі, дзяўчаткі!
Дзеці. Добры дзень!
Буслік.
Буслік я, усім знаёмы,
3 калыханкі, вам вядомай.
Я дзяцей прыношу ў хаты
Для матуляў і для татаў.
Выхавацель.
Добры дзень, уваходзь, калі ласка,
Сёння ў групе ў нас свята-казка.
Буслік.
Што за свята сёння ў садзе,
Не магу я зразумець:
Пэўна, свята дзеткі ладзяць,
Вочкі сталі зіхацець.
Дзеці.
Імяніннікаў нашых мы сёння віншуем,
Пець будзем з імі і патанцуем.
Буслік.
А дзе ж імяніннікі, як іх пазнаць?
У кошыку для іх падарункі ляжаць..
Выхавацель.
Ціха, дзеткі, памаўчыце,
Бусліку нічога не кажыце.
(Да Бусліка.)
Ану, Буслік-чарадзей,
Адшукай імяніннікаў сярод дзяцей!
Буслік (выцягвае з кошыка люстэрка, кружыцца).
Ты, люстэрка, мне дапамажы,
Імяніннікаў, люстэрка, пакажы.
Хлопчыкі, дзяўчаткі!
Хлопчыкі, дзяўчаткі,
Запрашае вас люстэрка ў карагод,
Каб я даведаўся, маляткі,
Каму з вас споўнілася .. год.
(Карагод "Люстэрка".)
Выхавацель.
От і Буслік, малайчына!
Цудадзей дый годзе!
Імяніннікаў знайшоў
Люстрам у карагодзе.
(Да дзяцей.)
Ну-ка, дзеткі, імяніннікаў за ручкі бярыце
Ды да стала з караваем вядзіце.
Вакол каравая, дзеткі, пахадзіце
I татулю з мамай моцна вы любіце.
3 братамі, сястрычкамі жывіце ў згодзе.
3 бабулямі і дзядулямі — у лагодзе.
А цяпер на пачэснае месца сядайце,
Нашыя віншаванні прымайце!
(Дзеці садзяцца на кажух.)
Няня.
3 днём нараджэння віншуем,
На кажух саджаючы,
Добрую долю гатуем,
Здароўя ды шчасця жадаючы.
Буслік (насыпае ў міскі з вадой авёс).
У вадзіцу аўса насыпаем,
Тварыкі ясныя ўмываем.
(Да хлопчыкаў.)
Каб былі моцныя, як гэта вада,
Шчодрыя, як матухна-зямля.
Вясёлыя, як жвавы ручаёк,
Прыгожыя, здаровыя, як малады дубок.
(Да дзяўчынак.)
Каб жыццё было светлае, як гэта вада,
I ніколі вас не напаткала бяда.
Каб былі вясёленькімі, здаровенькімі, дзетачкі,
Прыгожымі, як вясновыя кветачкі.
(Да ўсіх.)
Тут авёс і вада —
Няхай і вас абыдзе бяда!
Будзьце ўсе здаровыя,
Прыгожыя, вясёлыя.
Маці хлопчыка.
Ручнічок табе гатавала.
Любоўю, пяшчотай яго вышывала,
Шчаслівай жадала долі,
Каб не сумаваў, сыночак, ніколі.
Маці дзяўчынкі.
Дачушачка, кветачка мая!
Табе я ручнік гатавала,
Каб радасць і шчасце ў жыцці ты спазнала,
Я сэрцам яго вышывала.
(Маці ручнікамі выціраюць дзецям тварыкі, ручкі)
Маці хлопчыка.
Хай чыстымі вашы ручкі будуць,
Справы добрыя не забудуць.
Матулям і татулям дапамагаюць,
Шчасця ў жыцці здабываюць.
Маці дзяўчынкі.
Хай чыстымі будуць вочкі ў вас,
А сэрца будзе добрым.
Такі даём мы вам наказ,
Дзеткам нашым родным
Выхавацель.
На галоўкі вяночкі вам надзяваем,
Жыцця доўгага ўсім жадаем.
Каб хлопчыкі, як дубкі, мацнелі, раслі,
А дзяўчаткі, як каліна ды вішня, цвілі.
Каб шчодрымі былі ўсім надзіва,
А багатымі, як жытняя ніва.
I зіхацелі радасцю вочкі,
Як кветкі роднай Беларусі — васілёчкі!

(Хлопчыкам надзяваюць вяночкі з дубовага лісця, дзяўчынкам — з кветак і лісця каліны і вішні. Запальваюць свечкі і абыходзяць з імі вакол імяніннікаў тры разы, прыгаворваючы.)
Свечка, гары, душу ,весялі,
Ліха адганяй, дзіця аберагай.
Расці, дзіцятка, не хварэй,
Хваробу, агеньчык, гані ад дзвярэй.
Агеньчык пагасне, а ты будзеш жыць.
Татулю, матулю, сяброў весяліць.
Дабрыню і спагаду нясі ад душы,
Дзьмухні мацней ды свячу патушы!
(Дзеці тушаць свечкі)
Буслік.
Надышоў і мой час вас адарыць.
У кошыку маім падарунак ляжыць.
Зусім незвычайны, ад маці- зямліцы,
Адтуль, дзе цячэ жывая вадзіца.
Дала мне галінкі святая вярба,
Калі яны побач — абыдзе журба.
Долю яны захаваюць у хаце,
А сум і тугу не будуць пускаці
Дык вось для вас, мае вы дзетачкі,
Зрабіў я з вярбы чарадзейныя кветачкі.
(Аддае дзецям кветкі з лазы, а дарослыя, прасунуўшы рукі пад пахі дзіцяці і прыціснуўшы далоні да яго вушэй, падымаюць дзіця ўгору і задаюць яму столькі пытанняў, колькі яму споўнілася гадоў.)
Кім хочаш быць?
3 кім сябраваць?
Каго будзеш любіць?
Аб кім будзеш клапаціцца?
Пра што хацеў бы ведаць?
Буслік.
Няхай вам будзе, як з чарадзейнага рога:
Шмат добрага ўсяго, шчаслівая ў жыцці дарога.
1-я маці.
А цяпер за святочны стол запрашаем усіх:
Дзетак, бацькоў, гасцей дарагіх.
За стол наш, госцікі, сядайце,
Імяніннікам здароўя жадайце!
2-я маці.
Частуйцеся на здароўе, калі ласка!
Вось пірагі, а вось і каўбаска.
(Бярэ гаршчочак кашы.)
А яшчэ зварыла смачную кашу
Старэнькая бабулька наша,
Каб імяніннікаў пачаставаць,
Здароўя моцнага ім пажадаць.

(Маці частуюць усіх кашай, Буслік праводзіць з малымі розныя гульні, атракцыёны, арганізуе імправізаваны канцэрт. Карагод "Люстэрка". На запеў дзеці ідуць па кругу. У сярэдзіне яго з люстэркам у руках кружыць Буслік. На прыпеў малыя ідуць у цэнтр круга да Бусліка, які працягвае люстэрка імянінніку, і той застаецца з ім.)
1.
У каго, у каго
Сёння імяніны?
У Сяргейкі, у Надзейкі
Ці то ў Яніны?
Прыпеў:
Зараз, зараз
Люстэрка нам скажа,
Зараз, зараз
Нам яно пакажа!

2.
У каго, у каго,
Сёння імяніны?
У Міхалкі, у Таццянкі
Ці то ў Ярыны?
Прыпеў:
3.
У каго, у каго,
Сёння імяніны?
У Алёны, Мікалая
Ці то ў Васіліны?
Прыпеў:


Яшчэ на гэту тэму:

Дзень нараджэння - цудоўнае свята.     На нашы імяніны вас шчыра запрашаем