сцэнарыі святаў на беларускай мове

Т. С. ЕРАСЦЕНКА, настаўніца вышэйшай катэгорыі ДУА «Разанцаўскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад — сярэдняя школа». Беларуская мова і дітаратура 1/2019

Ад Бесядзі да акіяна

Інтэлектуальна-пазнавальная гульня па творчасці А. Куляшова для вучняў X—XI класаў

Мэты: замацаваць і пашырыць веды навучэнцаў пра жыццё і творчасць А. Куляшова; выклікаць у іх жаданне самастойна весці пошук і вывучаць дадатковую літаратуру; развіваць пазнавальную актыўнасць; выхоўваць павагу да роднага слова, падтрымліваць цікавасць да беларускай літаратуры.
Абсталяванне: мультымедыйная сістэма для прэзентацыі, картка з тэмамі, нумарамі заданняў і іх коштам.
Апераджальнае заданне: вучні самастойна чытаюць літаратуру пра жыццё і творчасць А. Куляшова, настаўнік прапаноўвае спіс літаратуры, спіс твораў.

Ход мерапрыемства

Вучні загадзя размеркаваны на дзве каманды.
На фоне музыкі ( «Спадчына», муз. I. Лучанка, сл. Янкі Купалы) настаўнік пачынае аповед.

Настаўнік. Кожны чалавек знітаваны з той зямлёй, дзе нарадзіўся. Так, мы — дзеці нашай мілай маці-Беларусі. Зямля пад белымі крыламі, краіна, у якой мы жывём, — самы цудоўны падарунак лёсу, самае дарагое, што ў нас ёсць. Патрэбна толькі сэрцам адчуць еднасць з родным краем, ведаць яго мінулае, ганарыцца культурнай спадчынай нашага народа.
У кожнага чалавека свае жыццёвыя сцежкі, дарогі. Выбірай сам, якой ісці. Ад таго, якую выбераш, будзе многае залежаць потым у набыцці ўласнага вопыту, без якога жыццё — не жыццё.
Аркадзь Куляшоў прызнаваўся:
Я на ўсё жыццё абраў дарогу,
На якой калючак больш, чым руж.
Сэрца — як набат, што б'е трывогу
За мільёны падгарматных душ.

Аркадзь Куляшоў змог выбраць патрэбную дарогу ў сваім жыцці.
Чытальнік (выконвае верш А. Куляшова «Ёсць у паэта свой аблог цалінны...» ).
Ёсць у паэта свой аблог цалінны,
Некрануты прастор для баразён,
Дзе ён працуе з першае хвіліны
I да апошніх вечаровых дзён;

Ёсць думак прагавітае насенне,
У жменю назбіранае з дарог,
Што спелага чакае ўвасаблення,
Заліўшы хваляй жытняю аблог;

Ёсць сэрца маладое, без якога —
Без палкага, жывога пачуцця —
Няма ў яго нічога: ні аблога,
Ні плённых дум, ні самаго жыцця;

I ёсць адказнасць перад строгім вершам,
Перад яго пачаткам і канцом —
Каб баразну, радком пачаўшы першым,
У сноп звязаць шаснаццатым радком.

Настаўнік. Наша сустрэча прысвечана народнаму паэту Беларусі Аркадзю Куляшову. Ужо не адзін год мінуў з таго дня, калі Аркадзь Куляшоў пайшоў з жыцця, але доўжыцца яго паэтычны дыялог з намі, чытачамі, людзьмі новага XXI стагоддзя. Паэзія. А. Куляшова нязменна вабіць глыбінёй думкі і адметнасцю мастацкіх вобразаў, абуджае роздум пра жыццё і час, наталяе духоўна.
Паэзія А. Куляшова трывала паяднана з гістарычнымі этапамі краіны і нацыянальным грунтам. Паэт думаў філасофскімі катэгорыямі і паняццямі, асэнсоўваў важныя агульназначныя праблемы.
Аркадзь Куляшоў — гонар беларускага народа, яго творчая спадчына адносіцца да лепшых культурных здабыткаў. У лютым 2019 года мінае 105 гадоў з дня нараджэння паэта. Наш пачэсны абавязак — ведаць творчасць Аркадзя Куляшова, прапагандаваць яе як узор паэтычнага майстэрства і высокага мастацтва.
Сёння мы правядзём інтэлектуальна-пазнавальную гульню, прысвечаную памяці паэта-юбіляра. Яе правілы наступныя. Кожная каманда па чарзе выбірае намінацыю з прапанаваных на экране і, адпаведна, пытанне з пазначанай колькасцю балаў (ад 10 да 50). Калі каманда не здолее адказаць на пытанне, балы залічваюцца другой камандзе, якая агучыць правільны адказ.
У канцы гульні мы падвядзём вынікі і каманда-пераможца атрымае ўзнагароду (адпаведны сертыфікат). Але, спадзяюся, пераможаных не застанецца, бо галоўнае — гэта ўдзел у інтэлектуальным турніры, магчымасць прадэманстраваць свае веды, выявіць уласную эрудыцыю і здольнасці.
Сектар 1. На жыццёвым шляху.
10 балаў. Дзе нарадзіўся Аркадзь Куляшоў? (Вёска Саматэвічы Касцюковіцкага раёна.)
20 балаў. Што першапачаткова месцілася ў вясковым доме, дзе нарадзіўся А. Куляшоў? (Карчма.)
30 балаЎ. У якія гады і дзе А. Куляшоў вучыўся ў педагагічным тэхнікуме? (У 1928— 1930 гг., у Мсціславе.)
40 балаў. Які прадмет выкладаў Сцяпан Андрэевіч Брыліянтаў, любімы школьны настаўнік А. Куляшова? (Матэматыку.)
50 балаў. Які беларускі паэт — адзін з сяброў юнацтва А. Куляшова — вонкава быў падобны, паводле ўспамінаў Аркадзя Куляшова, да класіка рускай літаратуры А. С. Пушкіна? Як склаўся яго лёс? (Юлій Таўбін; лёс трагічны: стаў ахвярай сталінскіх рэпрэсій, расстраляны ў 1937 годзе.)
Сектар 2. На пачатку творчасці.
10 балаў. 3 якога ўзросту пачаў пісаць вершы А. Куляшоў? (3 сямі гадоў.)
20 балаЎ. У якім годзе і дзе быў надрукаваны першы верш А. Куляшова? (У 1926 годзе, газета «Наш працаўнік».)
30 балаў. У якім узросце А. Куляшоў напісаў першы варыянт верша «Бывай...»? (У 14 гадоў.)
40 балаў. У якім годзе пабачыў свет першы зборнік вершаў паэта «Росквіт зямлі»? (У 1930 г.)
50 балаў. Каму быў адрасаваны верш А. Куляшова «Бывай...»? (Аляксандры Васільеўне Карыткінай.)
Сектар 3. Даваенная творчасць паэта.
10 балаў. Якія тэмы былі асноўнымі ў творчасці А. Куляшова даваеннага часу? (Тэмы юнацтва, маладосці, прыроды, працы, усенароднага энтузіязму...)
20 балаў. Калі А. Куляшову споўнілася 18 гадоў, выйшлі два новыя зборнікі вершаў. Назавіце іх. («Па песню, па сонца!..», «Медзі дождж».)
30 балаЎ. Як называлася паэтычная нізка, створаная ў даваенны час? («Юнацкі свет».)
40 балаў. Як называецца паэма, у якой выявілася трывога ад прадчування блізкай вайны? («Хлопцы апошняй вайны».)
50 балаў. Назавіце паэмы А. Куляшова, напісаныя ў 1930-я гг. («Крыўда», «Аманал», «Антон Шандабыла», «Баранаў Васіль», «Песня аб разведчыках».)
Сектар 4. На вайне і пра вайну.
10 балаў. Алесь Рыбка — герой якой паэмы А. Куляшова? (Паэмы «Сцяг брыгады».)
20 балаў. 3 якога твора А. Куляшова гэтыя радкі: «Вось і ўсё. Перад бацькам Мінаем станьце, усе бацькі, на калені»? («Балада аб чатырох заложніках».)
30 балаў. Які сябар юнацтва А. Куляшова ў гады Вялікай Айчыннай вайны напісаў твор «Эдэм»? Яму і Юлію Таўбіну прысвечаны лірычны цыкл паэта «Маналог». (Змітрок Астапенка.)
40 балаў. Які паэтычны жанр стаў асноўным для А. Куляшова ў гады Вялікай Айчыннай вайны? (Балада.)
50 балаў. У якой армейскай газеце працаваў А. Куляшоў у гады Вялікай Айчыннай вайны? (У газеце «Знамя Советов».)
Сектар 5. Паэма «Сцяг брыгады».
10 балаў. У якім годзе была напісана паэма «Сцяг брыгады»? (У верасні-кастрычніку 1942 года.)
20 балаў. У якім годзе выдавецтва ЦК КП(б)Б «Савецкая Беларусь» (Масква) выдае паэму «Сцяг брыгады» асобнай кніжкай? (Увосень 1943 г.)
30 балаў. У якім годзе паэма «Сцяг брыгады» адзначана Дзяржаўнай прэміяй СССР? (У 1946 годзе.)
40 балаў. Каму з герояў паэмы «Сцяг брыгады» належаць наступныя радкі?
Не, не гэтак прыйду я ў дом,
3 новай каскай прыйду, са штыком,
Не нікчэмным, слабым жабраком,
А як бацька прыйду я ў дом.
(Алесю Рыбку.)

50 балаў. У часопісе «Знамя» (№ 2—3 за 1943 г.) у перакладзе была змешчана паэма «Сцяг брыгады». Хто пераклаў паэму на рускую мову? (Міхаіл Ісакоўскі.)
Сектар 6. Паэмы А. Куляшова 1960— 1970 гадоў.
10 балаў. Вобраз якой рэальнай гістарычнай асобы знайшоў мастацкае адлюстраванне ў паэме А. Куляшова «Хамуціус»? (Кастуся Каліноўскага.)
20 балаў. У якім годзе была напісана паэма «Варшаўскі шлях» і каму прысвечана? (У 1972 годзе, Аляксандру Твардоўскаму.)
30 балаЎ. Якую паэму А. Куляшова можна лічыць аўтарскім папярэджаннем адносна будучых тэхнагенных катастроф, у тым ліку і адносна аварыі на Чарнобыльскай АЭС? (Паэму «Цунамі».)
40 балаў. Якія рэкі ў паэме А. Куляшова «Хамуціус» з’яўляюцца сімваламі еднасці, агульнасці людскога імкнення да свабоды, братэрства і справядлівасці? (Нёман і Сена.)
50 балаў. У якой паэме, напісанай у 1972 годзе, А. Куляшоў звярнуўся да аўтабіяграфічных старонак жыцця, звязаных з бацькамі, сябрамі, каханай, увасобіў лёс свайго пакалення, дух эпохі? («Далёка да акіяна».)
Сектар 7. Цікава ведаць.
10 балаў. Якое дачыненне А. Куляшоў мае да кінамастацтва? (Працаваў на «Беларусьфільме», пісаў сцэнарыі.)
20 балаў. Хто быў рэдактарам першага зборніка А. Куляшова «Росквіт зямлі»? (Міхась Чарот.)
30 балаў. На колькі моў свету перакладзены творы А. Куляшова? (Больш як на 30 моў.)
40 балаў. Якія творы А. С. Пушкіна пераклаў на беларускую мову А. Куляшоў? (Паэму «Цыганы»,раман у вершах «Яўгеній Анегін».)
50 балаў. Назва верша А. Куляшова, напісанага ў 1947 годзе, у якім ён прадбачыў палёт чалавека ў космас. («Зямля».)
Сектар 8. Узнагароды.
10 балаў. У якім годзе А. Куляшоў атрымаў прэмію Ленінскага камсамола Беларусі імя Янкі Купалы? (У 1967 г.)
20 балаў. За якую працу ў 1970 годзе А. Куляшоў атрымаў Дзяржаўную прэмію БССР? (За паэтычныя пераклады.)
30 балаў. Якое званне было нададзена А. Куляшову ва Украіне? (Заслужаны работнік Украінскай ССР.)
40 балаў. У якім годзе А. Куляшову было прысуджана званне «Народны паэт Беларусі»? (У 1968 годзе.)
50 балаў. Якімі ордэнамі ўзнагароджаны А. Куляшоў? (Двума ордэнамі Леніна, Чырвонага Сцяга, двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга.)
Рэфлексія.
Разгарніце думку (на выбар):
Значэнне асобы Аркадзя Куляшова ў беларускай літаратуры ў тым, што ён...
Я зразумеў(ла), што Аркадзь Куляшоў...

Творчасць Аркадзя Куляшова мяне зацікавіла...
Падвядзенне вынікаў мерапрыемства. Віншаванне пераможцаў.
Гучыць песня «Алеся» (муз. I. Лучанка).

Дадатак

СектарКошт пытання
На жыццёвым шляху1020304050
На пачатку творчасці1020304050
Даваенная творчасць паэта1020304050
На вайне і пра вайну1020304050
Паэма «Сцяг брыгады»1020304050
Паэмы А. Куляшова 1960—1970 гадоў1020304050
Цікава ведаць1020304050
Узнагароды1020304050

Спіс выкарыстанай і рэкамендаванай літаратуры
Аркадзь Куляшоў = Аркадий Кулешов / склад. В. А. Куляшова, аўт. тэксту П. Е. Панчанка. — Мінск : Беларусь, 1985. — 79 с.
Беларуская літаратура : дапам. для вучняў 10-га кл. агульнаадукац. устаноў з беларус. і рус. мовамі навучання ; пад рэд. А. I. Бельскага, М. А. Тычыны. — Мінск : Адукацыя і выхаванне, 2009. — С. 145—162.
Бельскі, А. Класікі і сучаснікі ў школе / А. Бельскі. — Мінск : Аверсэв, 2005. — С. 77—86.
Бечык, В. Шлях да акіяна : кн. пра паэзію А. Куляшова / В. Бечык. — Мінск : Маст. літ., 1981. — 268 с.
Бярозкін, Р. Аркадзь Куляшоў: нарыс жыцця і творчасці / Р. Бярозкін. — Мінск : Нар. асвета, 1978. — 191 с.
Куляшова, В. Аркадзь Куляшоў. Лясному рэху праўду раскажу... : аповесць-эсэ / В. Куляшова. — Мінск : Маст. літ., 2014. — 260 с. — (Жыццё знакамітых людзей Беларусі).
Куляшоў, А. Збор твораў : у 5 т. / А. Куляшоў. — Мінск : Маст. літ., 1974. — Т. 1 : Вершы. — 430 с.
Навумовіч, У. А. Аркадзь Куляшоў / У. А Навумовіч // Беларуская літаратура : вучэб. дапам. / У. А. Навумовіч. — 2-е выд., дап. — Мінск : Вышэйш. шк., 2013. — С. 326—334.


Яшчэ на гэту тэму:

«Ёсць у паэта свой аблог цалінны...»