сцэнарыі святаў на беларускай мове

Зоя Міхайлаўна ШЧУПЛЯКОВА — настаўніца СШ № 1 п. Дружны Пухавіцкага раёна. Роднае слова Красавік 2002 г.

Бывай школа

Сцэнар выпускной вечарыны

У зале спецыяльна падрыхтаваныя да вечарыны газеты з дзіцячымі фотаздымкамі выпускнікоў, інтэрв'ю, узятымі ў настаўнікаў, бацькоў, з жартоўнымі характарыстыкамі на кожнага; тут і вясёлыя выставы "Зрабі сам", "Маленькія хітрыкі" (можна экспанаваць шпаргалкі, сшыткі за першы клас, самыя неахайныя сшыткі і г. д.), тут і кветкі, абмен пажаданнямі, аўтографамі ў альбомах выпускнікоў.
Па школьным радыё гучыць песня "На мяжы расстанняў і сустрэч" (верш Уладзіміра Някляева, музыка Уладзіміра Будніка)*, потым чытальнікі дэкламуюць вершы:

3 вуліцы, з перапынку
Сонца прынеслі многа...
Вялікія вы, дзяўчынкі,
3 дзесятага, выпускнога!
Дзесяць гадоў — за вамі,
Нібы ў вясёлым абозе...
Цяпер, як вы кажаце самі,
Усё ў вас на поўным сур'ёзе.
Урок — як адна мінута,
А што за урокам чакае?
Нялёгкія інстытуты,
Журба, невядома якая?
I невядома, якія
Словы наклічуць горыч,
I невядома, якія
Хлопчыкі будуць поруч...
Цяпер усё ў даляглядзе.
Значыць, далей глядзіце!
Па купінах, па лістападзе
Ідзіце, дзяўчынкі, ідзіце!
Еўдакія Лось. Выпускніцы.

Пад гукі мелодыі выпускнікі парамі ўваходзяць у залу. Сярод іх — вядучыя вечарыны. Яны спыняюцца перад сцэнай.

Вядучы. Ты верыш, што ўсё гэта адбываецца з намі?
Вядучая. Пра што ты гаворыш?
Вядучы. Пра тое, што ужо адзінаццаць гадоў прайшло і ўсё засталося за плячыма.
Вядучая. Яшчэ не ўсё. Хіба калі-небудзь у нас быў выпускны? Не. Хадзем хутчэй, бо нас ужо чакаюць.

Вядучы. Мы — перад выбарам. Куды нас павядзе жыццё, як складзецца лес?
1-ы чытальнік.
Дарог у свеце вельмі многа,
А ты між іх сваю знайдзі.
Няхай нялёгкая дарога,
А ты ідзі,
А ты ідзі!
Няхай цябе віхор збівае,
Няхай трывожна даль гудзіць,
Няхай сцяжынку замятае,
А ты ідзі,
А ты ідзі!
Няхай звісаюць цемрай ночы,
А ты на зорку ўдаль глядзі,
Няхай пясок і золь у вочы,
А ты ідзі,
А ты ідзі!
Пятрусь Броўка. А ты ідзі!

Гучыць песня "Світанак" (верш Уладзіміра Някляева, музыка Ігара Лучанка).

Вядучы. Дык давай азірнёмся назад. Адзінаццаць гадоў — усё-такі доўгі час. Што там было на пачатку вучобы? Табе не страшна?
Вядучая. Не, наадварот — цікава. Што ў нас за спіной?

Азіраюцца. У іх за спінамі — гадзіннік, а на гадзінніку абазначаны 1991-ы год.
Галасы часу (другая пара вядучых) рухаюць стрэлкі на гадзінніку і чытаюць тэкст, які тычыцца таго ці іншага года.


1-ы голас часу. Мы пайшлі ў школу. Кожны з нас стараецца вучыцца.
Вядучы. Галоўная праблема — чаму мяне сягоння не выклікалі? Я ж так высока трымаў руку!
Вядучая. У нас упершыню ў жыцці першае верасня. Вось мы ўжо і ўпэўнены, што два плюс два — чатыры.

1-ы чытальнік.
Я — вучань. Птушкі пішуць мне
У тонкі сшытак даўнія імёны.
Я ведаю замовы і праклёны,
Я чую, што гавораць дождж і снег.
2-і чытальнік.
Я — вучань. Мне настаўнік загадаў
Вучыць на памяць рэкі, хмары, дрэвы,
Імжу і слоту, сонца і залевы,
I кроплі свет, адкуль пайшла вада.
3-і чытальнік.
Я — вучань. Я імкнуся разгадаць
Пергаменты нябёсаў, кнігі жыццяў,
Валошкі сіняву у спелым жыце
I вусны, на якіх вякоў пячаць.
Мне так нялёгка, я паспець хачу,
Звініць званок, чуваць далёкі рокат...
I бачыцца, што ў бездань я лячу,
I страшна, што не вывучыў урока.
Навум Гальпяровіч. Я — вучань. Птушкі пішуць мне...

Слова даецца першай настаўніцы. Гучыць песня "Белыя крылы" (верш Генадзя Бураўкіна, музыка Эдуарда Зарыцкага).
Стрэлкі гадзінніка паказваюць 1996-ы год.


1-ы голас часу.
Ізноў гармонік поўніць класы.
Як вулей, школа ўся гудзе.
Пра лета слаўнае расказы
Дзятва, сабраўшыся, вядзе:
Хто — пра паходы ў захапленні,
Пра сотні ўцех і розных спраў.
А хто — пра песні і легенды,
Што ў родным краі назбіраў.
2-і голас часу.
Хто бераг рэчкі ўспамінае,
Хто — мора ласкавую шыр,
А хто — гербарыі вымае —
Дарунак школе ад душы.
Ва ўсіх і радасць, і заслуга:
Цудоўна лета правялі.
Найлепш жа той, хто з поля, з лугу
Прынёс у жменях... мазалі.
Ніл Гілевіч. Пасля канікул.

Вядучы. Нам было па 12 гадоў. Той самы ўзрост, калі кожны чалавек займае акрэсленую жыццёвую пазіцыю.
Вядучая. Большасць вучняў старалася вучыцца.
Вядучы. Аднак былі і іншыя.
Вядучая. Цяпер вучні прачытаюць вершы, а вы паспрабуйце пазнаць у іх сябе.

1-ы чытальнік.
Брат сядзіць і ледзь не плача —
Не рашаецца задача.
Вось бяда, такое гора:
Як знайсці квадратны корань?
Віця бачыць роспач брата
I бяжыць у сад з лапатай.
Тут зямля ўся пад нагамі
Заплялася каранямі.
Ён дзірван зразаў да зморы:
Дзе ж ты, дзе, квадратны корань?
Зрыў зямлю і потым ціха
Кажа Віця:
— Што за ліха?
Карані, дзе ні капаю,
Толькі круглыя вымаю.
Віктар Гардзей. Дапамог.

2-і чытальнік.
Назаўтра,
Як пачаўся урок,
Гультай трымаўся смела:
Падказка тут непадалёк —
За першай партай села.
Настаўнік гультая якраз
Паклікаў.
Стала ціха,
А ён ні "а", ні "бэ" ў адказ,
Што сталася са слыхам?
Крычыць Падказка — ўсё адно
Не чуе ён, ды й годзе.
I вось настаўнік двойку зноў
У дзённіку выводзіць.
Яшчэ быў выкліканы ён.
А за падказ Падказку
Географ выгнаў з класа вон —
Час і закончыць казку.
Рыгор Барадулін. Назаўтра, як пачаўся урок...

На матыў песні "Белы ветразь" (верш Булата Акуджавы, музыка Яўгена Глебава) гучаць словы:
Сарваўся голас мой высокі,
Калі на памяць верш чытаў.
Стаяў ля дошкі адзінокі,
Слязу глытаў, глытаў, глытаў.

3-і чытальнік.
Выхваляўся ў школе Слава,
што ў далёкай старане
на канікулах ён плаваў
вольным стылем на спіне;
пахваліўся перад класам,
што яго там звалі асам.
Як ён плаваў там, далёка,
уявіць не можа клас,
а вось "плавае" на уроках —
адным стылем кожны раз:
моўчкі мнецца каля дошкі,
моцна моршчыць лоб, нібы
ўсё ён ведаў, але трошкі
разгубіўся і — забыў...
Васіль Жуковіч. "Ас".

Вядучы. Пазналі вы сябе ці не?
Вядучая. Я вельмі задаволена, што ніхто з нашых выпускнікоў не пазнаў сябе ў героях вершаў.

Слова мае адзін з настаўнікаў, які вучыў выпускнікоў.
Гучыць мелодыя песні "Музыка для ўсіх" (верш Уладзіміра Някляева, музыка Васіля Раінчыка).
Тым часам стрэлкі гадзінніка набліжаюцца да 2000-га года.


1-ы голас часу. Вясна. Красавік. Хутка закончыцца навучальны год. Кожны з нас радасны, задаволены.
2-і голас часу. I ніхто не ведае, на якую ж тэму мы будзем пісаць ліст.
1-ы голас часу. Настаўніца заходзіць у клас і аб'яўляе: «Сёння мы напішам незвычайны ліст на тэму "Я пішу гэты ліст, каб сказаць "дзякуй..."».
2-і голас часу. Напэўна, тады мы ўпершыню адчулі сябе дарослымі і самастойнымі.
Вядучы. Вось вытрымкі з вучнёўскіх работ.
Вядучая. Я хачу сказаць дзякуй Еўфрасінні Полацкай за тое, што яна імкнулася дапамагаць пакрыўджаным. Была суцяшэннем смуткуючым, распранутым — адзеннем, хворым — наведваннем ці, проста кажучы, — для ўсіх была ўсім.
Вядучы. Я хачу шчыра падзякаваць усім тым мужным, адважным людзям, якія аддалі свае жыцці для перамогі ў час Вялікай Айчыннай вайны.
Вядучая. Дзякуй настаўнікам, якія вучаць мяне. Без ведаў нельга жыць. Але галоўнае тое, што яны імкнуцца выхаваць мяне добрым чалавекам.
Вядучы. Дзякую ўсім тым людзям, якія ахоўваюць прыроду: саджаюць дрэўцы, кусты, кветкі — упрыгожваюць наваколле і ачышчаюць паветра, не забруджваюць вадаёмы, не засмечваюць лясы.
Вядучая. Дзякуй сябрам за тое, што яны вясёлыя, разумныя, могуць, калі трэба, падтрымаць, падбадзёрыць таварыша добрым словам.
Вядучы. Дзякуй бацькам, якія выхавалі, навучылі паважаць старэйшых, дапамагаць тым, хто трапіў у бяду. Я хачу сказаць дзякуй усім добрым людзям на зямлі, пісьменнікам, настаўнікам. Дзякуй нашай зямлі, якая перанесла шмат войнаў і бедстваў. Шкада, што ў наш час вельмі рэдка можна пачуць словы ўдзячнасці.

Гучыць "Песня пра маці" (верш Генадзя Бураўкіна, музыка Ігара Лучанка).
Слова даецца аднаму з бацькоў.
Стрэлкі гадзінніка набліжаюцца да лічбы 2002.


1-ы голас часу.
Пад кронамі купчастымі
Ляжыць ружовы снег...
Сцяжынкай пакручастаю
Прабег раптоўны смех.
Ідуць дзесяцікласніцы
3 апошняга званка.
Лагодзіць твары ласкаю
Духмянасць свежака.
Мяцеліцы пялёсткавай
Шчымлівы халадок
Прымае ў сэрца з лёгкасцю
Семнаццаты гадок.
2-і голас часу.
Ён верыць —
хутка спраўдзіцца
Надзей усіх прагноз
3 нязначнаю папраўкаю
На час і ўласны лёс.
Іх хвалю запаветную
Страмчэй,
жыццё,
ўздымай!
Шуміць зялёным ветразем
Над светам добры май.
На незнаёмым беразе
Прыстануць іх чаўны...
Зямля ў сукенцы беленькай
Бяжыць на выпускны.
Сяргей Законнікаў. Дзесяцікласніцы.

Вядучы. Старажытныя рымляне казалі: "Думай пра смерць". А навошта пра яе думаць? Мы яшчэ маладыя, і наперадзе — цэлае жыццё.
Вядучая. I ўсё ж такі трэба думаць. Чалавечае жыццё не вечнае. А ў канцы жыццёвай дарогі кожны з нас павінен адказаць на пытанне: "Які след пакінуў я пасля сябе?.."
Вядучы. Існуе мудрае выказванне, што чалавек пражыў жыццё не дарэмна, калі пабудаваў дом, пасадзіў дрэва, выгадаваў сына.
Вядучая. I яшчэ — чалавек павінен пакінуць сваім нашчадкам не разбураную і разрабаваную зямлю, а цудоўны свет, у якім яны маглі б жыць і гадаваць дзяцей.
Вядучы. У маладосці, як пісаў Якуб Колас, "сотні новых, шчаслівых дарог рассцілае жыццё прад табою".
Вядучая. Які ж шлях выбраць у гэтым бязмежным жыцці? Чаму прысвяціць сябе?
Вядучы. Чалавек павінен жыць дзеля дабра, быць патрэбны людзям.
1-ы голас часу. Дазвольце ўмяшацца і ўнесці прапанову. Давайце складзем кодэкс выпускнікоў 2002 года — жыццёвыя правілы, якія кожны павінен не толькі запомніць, але і выконваць.
1-ы чытальнік.
Сюды цябе ўпусцілі па знаёмству,
сюды цябе ўпусцілі па любві.
Твой абавязак — перадаць патомству
агонь жыцця, які ў тваёй крыві.
Якія ўсходы на зямлі ўзгадуе гісторыя —
дуэль дабра і зла?
Усё на свеце, што любоў будуе,
нянавісць прагне спапяліць датла.
Таму — ахвочы ты ці не ахвочы —
з табой сам-насам цэлы белы свет
глядзіць з мальбой аб паратунку у вочы,
пытае свет, які пакінеш след...
Пятрусь Макаль. Сюды цябе ўпусцілі...

2-і чытальнік.
На нягоды жыцця не жальцеся,
Не было б перамог без нягод.
Нараджайцеся, нараджайцеся
Кожны месяц і кожны год.
У вачах любімай дзяўчыны,
У вачах суседзяў, сяброў.
У вачах прафесараў чынных
I забеганых дактароў.
I ў шырока раскрытых дзіцячых
Вачанятах,
I ў плыткай вадзе.
Не старэйце, людзі, дачасна,
Нараджайцеся кожны дзень.
Пімен Панчанка. На нягоды жыцця не жальцеся...

3-і чытальнік.
Век жыві і кахай
I на хлеб зарабляй.
I нашчадкаў гадуй
Самай светлай пароды....
Пімен Панчанка. Век жыві і кахай...

4-ы чытальнік.
Будзь заўсёды, як Радзіма, добры,
Будзь ласкавы, як яе трава,
Будзь высокі, без памкненняў дробных,
Як над полем неба сінява.
Просты будзь, як калыханка маці,
Дбайны будзь, як сейбіт і ратай.
Нават калі ўсё на свеце страціў —
Заклінаю: гэта — не аддай!
Васіль Зуёнак. Будзь заўсёды, як Радзіма, добры...

1-ы чытальнік.
Дружа, не будзь да аблудных бязлітасна
строгі:
То не віна, а бяда іх; бяду — не карай.
Крыўдна, вядома, што збіліся людзі з дарогі
I не шануюць, як трэба, бацькоўскі свой край,
Хоць гаварылі яшчэ мудрацы-скамарохі:
"Помні: на роднай зямлі — і пад елкаю рай".
Простыя ісціны часам так цяжка даюцца:
Покуль адолееш — слёз ручаіны пральюцца.
Ніл Гілевіч. Дружа, не будзь да аблудных бязлітасна строгі...

2-і чытальнік.
Калі прайшоў ты і агонь, і снег,
Смак працы ўведаў і ад славы збег,
Кахаў жанчын, піў асалоду кніг —
Не думай, што усё ў жыцці спасціг.
Галоўны страх і горычы глыток
Яшчэ ў цябе наперадзе, браток...
Калі адчуў ты, як мінае час,
Як менее ў душы вясны запас,
Як многа значыць кожны дзень і міг —
Не думай, што цану жыцця спасціг.
Галоўны сэнс і мудрасці глыток
Яшчэ ў цябе наперадзе, браток...
Генадзь Бураўкін. Калі прайшоў ты і агонь, і снег...

3-і чытальнік.
Той дзень прапаў і страчаны навекі,
Калі ты не зрабіў таго, што мог;
Калі не паспрыяў ты чалавеку,
Няшчыры быў, зманіў, не дапамог.
Той дзень збяднеў, зліняў на сотні радуг
I, попелам пасыпаны, сканаў,
Калі не падзяліў з суседам радасць
I больш за дзень узяў ты, чым аддаў.
Той дзень зусім закрэслены табою,
Калі ты раўнадушна абмінуў
Бяду чужую, пабаяўся болю,
Абразу хама моўчкі праглынуў...
Пімен Панчанка. Той дзень прапаў і страчаны навекі...

4-ы чытальнік.
Углядайся, мой сыне, пільней углядайся
У святыя абрысы бацькоўскай зямлі.
На чужыя спакусы душой не паддайся,
Каб нашчадкі мяне за свой лес не клялі.
Пімен Панчанка. Углядайся, мой сыне, пільней углядайся...

5-ы чытальнік.
I з далёкіх,
і з блізкіх дарог
Лёгкі крок на бацькоўскі парог,
Хоць і вісне, як хмара,
знямога,
Цяжалее хатуль зім і лет...
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
А ў матулі адна дарога,
А ў матулі дарога — трывога
За цябе,
за людзей,
за ўвесь свет.
Сяргей Законнікаў. I з далёкіх, і з блізкіх дарог...

4-ы чытальнік.
Вам наканавана
Ісці далей.
Усё аддаём вам:
Розум і сэрца,
Мы не пакрыўдзімся нават,
Калі могільнік наш
Ператворыцца ў гай,
Дзе вольна будзе
Кветкам, птушкам
і дрэвам.
Толькі гэты гай несмяротны
Абавязкова перадайце
Дзецям сваім.
Вам наканавана
Ісці далей.
Анатоль Грачанікаў. Вам наканавана...

Вядучы. Паважаныя выпускнікі, якія яшчэ жыццёвыя правілы вы можаце прапанаваць ? Удзельнікі вечарыны робяць свае прапановы. Напрыклад:
— Сяброў не выбіраюць, а адчуваюць.
— Адзін не для ўсіх, а для кожнага.
— Паважай чужую адзіноту.

Выконваецца песня "Брыганціны" (верш Валянціна Лукшы, музыка Ігара Лучанка).
Стрэлкі гадзінніка спыніліся на лічбе 2002, чэрвень.


1-ы голас часу. Вось і засталіся ззаду выпускныя экзамены.
Ці святкаваць свой першы перавал?
Якое ззянне кветкавай даліны?
На жаль, свабоднай ні адной хвіліны.
Раскоша легкадумная — прывал.
Не лес яшчэ — шматлікія цагліны.
Быў сонечнай размінкаю урок,
Гайдалі сэрца калыханкі-кніжкі.
Жаданая цяпер не перадышка —
У новы дзень спружыністы рывок,
Дзе зорны дождж і помслівыя шышкі.
2-і голас часу.
У вузел пругкі волю завязаць,
Спаліць былую маску шалапута,
Напружыцца і развярнуцца крута
I хоць бы прыступам узяць
У рэшце рэшт пагорак інстытута.
Своечасова стрэціць у жыцці
Чыю-небудзь спагаду ці апеку —
За ўдачай мройнай гнацца, як па трэку....
Ці ўдасца з поспехам прайсці
Па конкурсу на званне чалавека?
Мар'ян Дукса. Выпускныя экзамены.

Вядучы. За гады вучобы ў школе мы даведаліся пра многае, навучыліся думаць, разважаць, шукаць адказы на пастаўленыя пытанні.
Вядучая. Мы ведаем, што здаваць уступныя экзамены вельмі складана.
Вядучы. Давайце на хвіліну ўявім сябе абітурыентамі.

Інсцэніроўка трэцяй дзеі камедыі Ніла Гілевіча "Формула іржавіны". Гл. Дадатак.

Вядучая. Спадзяемся, што такія выпрабаванні мы пройдзем з годнасцю.
Вядучы. Аднак давайце не будзем забывацца на асноўнае.
Вядучая. Сёння мы сабраліся для таго, каб атрымаць атэстаты.

Слова мае дырэктар школы, які ўручае атэстаты. Пакуль вучань ідзе да сцэны, можна сказаць колькі добрых слоў пра яго. Па чарзе бяруць слова выпускнікі.

Вядучы. Чалавечае жыццё ў параўнанні з вечнасцю — імгненне, і пражыць яго, як пісаў Максім Багдановіч, трэба ярка, хвалююча.
Вядучая. Хіба можна прайсці па жыцці, "не пакінуўшы нават свайго ценю на сцяне"?
1-ы чытальнік. "Жыццё пражыць — не поле перайсці", — вучыць народная мудрасць.
2-і чытальнік. I з ёй нельга не пагадзіцца. Чалавеку, як Ікару, трэба расправіць крылы і здзейсніць задуманае: пакінуць пасля сябе добрыя справы.
3-і чытальнік. Сёння мы абяцаем усім, хто прысутнічае ў гэтай зале, што будзем вартыя сваіх бацькоў і сваёй Радзімы.

1-ы чытальнік.
Люблю цябе, жыццё, любоўю кроўнай.
Я не нахлебнік твой. Я на зямлю
Не для таго прыйшоў, каб жменяй поўнай
Уцехі браць. Я — аддаваць люблю.
Тым, што зрабіў, любоў я вымяраю.
I калі мой апошні час праб'е,
Павінен ведаць я, што паміраю,
Аддаўшы ўсё да кропелькі — табе.
Ніл Гілевіч. Люблю цябе, жыццё, любоўю кроўнай...

2-і чытальнік.
Я хачу прайсці па зямлі
Самым верным, любімым сынам.
Каб дарогі мяне вялі
Пад вятрамі прасторам сінім,
Каб няўмоўчна ў мяне на плячах
Росным раннем спявалі птушкі,
Каб я кветкамі ўсімі прапах
Ад падэшваў да самай макушкі.
...Я хачу прайсці па зямлі,
Каб мне людзі сэрца адкрылі,
Слёзы шчасця і мазалі
Па-братэрску са мной падзялілі.
Генадзь Бураўкін. Я хачу прайсці па зямлі...

3-і чытальнік.
Я дзякую сябрам за дружбу
(Інакшых не хачу сяброў).
Зямлі — за хлеб, лясы і ружы,
Сям'і — за чуласць і любоў.
Пімен Панчанка. Я не магу судзіць нікога...

4-ы чытальнік.
Я ўдзячны лесу,
што ва ўсе часы
Мая блакітнавокая радзіма
Не засланіла мне чужой красы,
Мяне ад свету не адгарадзіла,
Што не магла, не умела быць другой,
Жыла ў братэрстве і сяброў цаніла
I што ў краіне нашай дарагой
Яе завуць сястрою мілай...
Генадзь Бураўкін. Я ўдзячны лесу...

5-ы чытальнік.
Забуду трывогі і стому,
Адкіну шаўкі і парчу,
Як вольная птушка,
Дадому
Праз тысячы вёрст палячу.
Аб вецер ламаючы крылы,
Высільвацца буду тады,
Дзе родныя дрэмлюць магілы
I спяць чараты ля вады,
Дзе маці квяцістаю хусткай
Махае з грады маладой.
Абмыю сасмяглыя вусны
Салодкай крынічнай вадой.
Прысяду над плыткай ракою.
Пачую начных салаўёў.
I там я навек супакою
Знямоглае сэрца свае.
Генадзь Бураўкін. Забуду трывогі і стому...

Вядучая. Да світання яшчэ далёка. Не будзем расставацца, будзем глядзець адзін аднаму ў вочы, запамінаць адзін аднаго, жадаць шчасця...

На матыў песні "Развітанне з Алімпіядай" (верш Мікалая Дабранравава, музыка Аляксандры Пахмутавай) усе спяваюць:
Ў калідорах становіцца ціха,
I змаўкае дзіцячы наш смех,
Да спаткання, радзімая школа,
Новы шлях нас чакае цяпер.
Да спаткання, наш клас, да спаткання,
Парта школьная, чуеш, бывай.
Пажадай выканання жаданняў,
I сустрэчу пазней абяцай.

Пад гукі мелодыі песні "Світанак" (верш Уладзіміра Някляева, музыка Ігара Лучанка) вучні парамі пакідаюць актавую залу.

Дадатак

ІНСЦЭНІРОЎКА ТРЭЦЯЙ СЦЭНЫ КАМЕДЫІ НІЛА ГІЛЕВІЧА "ФОРМУЛА ІРЖАВІНЫ"


Аўдыторыя для экзаменаў па хіміі. За сталом сядзяць экзаменатары — Дрозд і Пусці-Павалюся.
Перад імі — абітурыентка. Далёка на заднім радзе абдумвае пытанне Аскольд. Ён — апошні. Абітурыентаў больш няма.


Дрозд (да Пусці-Павалюся).
Ну, што ж, дакладна ўсё і без запіначкі!
Такі адказ, прызнацца, я цаню.
Абітурыентка.
Мне можна йсці?
Дрозд.
Чакайце паўхвіліначкі:
Скажыце — вы да нас упершыню?
Залетась не здавалі вы мне хіміі?
Абітурыентка (уздыхнуўшы).
Я двойчы паступала ўжо да вас.
Дрозд.
I ўсё няўдачна?
Абітурыентка моўчкі ківае галавой.
Дрозд.
Дзе ж вы двойчы схібілі?
Абітурыентка.
Паўбала не хапала кожны раз.
Пусці-Павалюся.
Ну, сёлета вам месца забяспечана!..
Абітурыентка.
Мяне й з "пяцёркамі" бярэ ўжо страх...
Дрозд.
Дарэмна! Вам ужо баяцца нечага!
На гэты раз усё прайшлі без страт.
Жадаем поспеху ў вучобе!
Абітурыентка.
Дзякую!

Забірае экзаменацыйны ліст і выходзіць .

Дрозд (да Пусці-Павалюся).
I дзіўна ж атрымоўваецца ў нас:
За першым разам — дрэнь бяром усякую,
А той, хто варт, — штурмуе ў трэці раз!
Заходзіць Вікторыя Васілеўна. Падышоўшы да стала, нахіляецца да выкладчыкаў і напаўголаса гаворыць.

Вікторыя Васілеўна (ківаючы галавой у бок Аскольда).
За гэнага — жадалі вам здароўечка.
Адтуль — жадалі.
Дрозд.
Як вас разумець?
Вікторыя Васілеўна (усміхаючыся).
Ну, мабыць, там не задаволіць "троечка".
Дрозд (спакойна, роўным голасам). На колькі знае — столькі й будзе мець.
Вікторыя Васілеўна. Жартуеце, Мікола Апанасавіч!
Дрозд.
Не! I размову лішняю лічу. Вы хочаце, каб я душой грымаснічаў?
Вікторыя Васілеўна (незалежным тонам). Ды я ад вас нічога не хачу! Я ж не кажу, што вы мне ласку зробіце! Я толькі гавару — і вам, і вам, — (ківае абоім галавою)
Што за яго — жадалі вам здароўіца. А ўжо хай кожны з вас рашае сам!..
Пусці-Павалюся (лісліва усміхаючыся да Вікторыі Васілеўны, тонам заспакаення і згоды). Ну, добра, добра! Вы так не хвалюйцеся! Па-першае, ён можа знаць прадмет, А па-другое — мы таксама людзі ўсе, Не ўчора ж нарадзіліся на свет!
(Паварочваецца да Дразда.)
Хіба не так, Мікола Апанасавіч?
Дрозд.
Я ўжо сказаў.
Вікторыя Васілеўна (іранічна усміхаючыся). Дык памагай вам бог!
Важнай, упэўненай паходкай выходзіць з аўдыторыі.
Пусці-Павалюся (да Аскольда). I так, Аскольд Пятровіч, будзьце ласкавы!
Аскольд ідзе і садзіцца перад экзаменатарамі.
Пусці-Павалюся.
Ну-с, што вы скажаце нам,галубок?
Аскольд глядзіць у білет і маўчыць. Пачынаючы непакоіцца, Пусці-Павалюся працягвае руку і бярэ яго білет.
Пусці-Павалюся. О, вокіслы ў вас? Гэта паважаем мы! Ну, што ж, пачнём з жалеза ці з чаго? I так, якая формула іржавіны?
Аскольд разяўляе рот, нібы што хоча сказаць, лыпае вачамі і маўчыць. Пусці-Павалюся прыходзіць на выручку.
Пусці-Павалюся. Ну, што задумаліся?
Аскольд (выбуховым голасам). Аш — два — о!
Дрозд ад нечаканасці зарагатаў, але тут жа асёкся і адным позіркам папрасіў у Пусці-Павалюся прабачэння.
Пусці-Павалюся (да Аскольда). Не гарачыцеся! Не гарачыцеся! Іржавіна ўтвараецца на чым? Што есць яна здаровае і чыстае? Калі ад вільгаці не берагчы?
Аскольд маўчыць, не падымаючы вачэй.
Дрозд (скарыстоўваючы паўзу). Пытанне мае важны сэнс увогуле: Іржавіна нам шмат чаго псуе! Іржавіна пераядае многае!..
Пусці-Павалюся. Ну-с, назавіце ж формулу яе!
Аскольд маўчыць. Пусці-Павалюся стараецца "выратаваць" становішча.
Пусці-Павалюся. I так, жалеза — ферум, болей правільна, Жалеза і?.. і кіс?..
Аскольд (узрадавана). ...ларод!
Пусці-Павалюся. Во-во! Ну, дык якая формула іржавіны?
Аскольд зноў атупела ўнурыўся ў білет.
Пусці-Павалюся. Ну! Мы ж амаль сказалі!
Аскольд (выбуховым голасам). Аш-два-о!
Дрозд весела рагоча.
Пусці-Павалюся са стогнам адкінуўся назад.

Пусці-Павалюся (трацячы цярпенне). О, божа мой! Аскольд Пятровіч, міленькі! Адкуль жа аш, калі ў вас ферум — тры?
Аскольд маўчыць. 3 хвіліну цягнецца паўза.
Дрозд (да Пусці-Павалюся). Агей Агеевіч — падводзім вынікі? Іржавіна, відаць, пайшла знутры.
Пусці-Павалюся (супакоіўшыся, цяжка ўздыхнуўшы).
Ну, добра. 3 ферумам — няма разгорнення.
Мы вам пытанне іншае дамо.
Лепш назавіце вокісь медзі ў формуле.
Аскольд не падымае галавы.
Пусці-Павалюся. Ну! Што вы ўнурыліся?
Аскольд (нясмела, запытальным тонам). Не аш-два-о?
Дрозд голасна рагоча. Пусці-Павалюся глядзіць на Аскольда амаль з нянавісцю, здаецца, гатоў стукнуць яму.
Пусці-Павалюся (злосна, узбуджана). Што трэба ўзяць для вокісі — па логіцы?
Аскольд маўчыць.
Пусці-Павалюся. Скажыце: Купрум — о! Ну!
Аскольд. Цукрум — о!
Пусці-Павалюся (амаль крычыць). Не цукрум — купрум!
Цукрам чай салодзіцца, А гэта ж вокісь!.. (Зноў добразычлівым тонам.)
Ну, дармо, дармо!.. Вы, мабыць, вельмі падрыхтоўкай змучаны? Аскольд ківае галавой: так!
Дрозд (сур'ёзна, настойліва). Агей Агеевіч, пара канчаць.
Пусці-Павалюся (да Аскольда). Мы вас папросім выйсці на мінутачку I там, на калідоры, пачакаць.
Аскольд падымаецца і выходзіць. Пусці-Павалюся глядзіць разгублена на Дразда.
Пусці-Павалюся. Ну, што вы скажаце?
Дрозд. А вы што скажаце?
Пусці-Павалюся. Я думаю, што гэта нейкі шок. Ён захварэў. Здаровы так не спляжыцца!
Дрозд. Не, ён не хворы. Ён — пусты мяшок! Я стаўлю "два".
Пусці-Павалюся (з жахам). Вы гэтага не зробіце! Вы ўспораце мне кішкі без нажа!
Дрозд падцягвае да сябе ведамасць. Пусці-Павалюся хапае яго за рукаў.
Пусці-Павалюся. Апомніцеся: гэта ўжо не дробязі! Яго правал на уступных — гэта жах!
Дрозд (крыху гарэзліва ўсміхаючыся). Нічога страшнага, Агей Агеевіч, Нічога страшнага, паверце мне. Не быць жа нам нікчэмнымі пігмеямі, Якіх хто хоча, той туды і гне!
Пусці-Павалюся (з мальбою). Мікола Апанасавіч, за родзіча Я не прасіў бы так, як за яго. Ды і сабе самому вы нашкодзіце: Вам лезці на ражон няма чаго.
Дрозд нейкі час моўчкі, са шкадаваннем глядзіць на Пусці-Павалюся.
Дрозд. Як гэта сталася, Агей Агеевіч? Няўжо Вы ўсё жыццё былі такім? Я б зразумеў трымценне перад геніем. А гэты подлы страх ваш — перад кім?
Пусці-Павалюся (злосна). Вы хто такі, што гэтак спавядаеце? Вы малады яшчэ — мяне вучыць! Ваюйце! Рэжцеся, калі жадаеце! А я прывык з людзьмі па-людску жыць. Збірае свае паперы ў папку.
Дрозд (спакойна, настойліва).
I ўсё ж я вельмі Вас прашу: рашыцеся —
I будзьце чалавекам. Вось лісток:
Пастаўце чэсна "двойку", распішыцеся — І ўсё!
I сплюньце подлы страх набок!..
Пусці-Павалюся (падымаецца, папраўляе гальштук). Паставіце і самі — не знясілены. Мне ўжо давалі досыць па гарбе. Совае папку пад паху.
Я далажу Вікторыі Васілеўне, Што Вы ўзялі адказнасць на сябе.
Выходзіць. Дрозд праводзіць яго сумна-насмешлівым поглядам.
Дрозд (сам сабе ўголас). Да безнадзейнасці бядак затурканы. Ну, што ж, упішам "двойку" без яго.
Бярэ ведамасць, лісток і піша.
Хай гэны татаў шалапай прыдуркавы Ідзе дамоў і вып'е аш-два-о!



Яшчэ на гэту тэму:

Бывай, дзіцячы сад, бы-вай!     Дзякуй мой чацвёрты клас.