сцэнарыі святаў на беларускай мове

Л. А. ЯКАЎЛЕВА, настаўніца вышэйшай катэгорыі сярэдняй школы № 20 г. Бабруйска

Літаратурная гульня-падарожжа. На лепшага знаўцу беларускай літаратуры

Для V класа

Мэты: падагульніць веды пяцікласнікаў па курсе беларускай літаратуры, замацаваць асобныя тэарэтычныя паняцці; развіваць навыкі выразнага чытання, пазнавальную актыўнасць, творчыя здольнасці вучняў; выхоўваць павагу і любоў да роднага краю, беларускай мовы, традыцый і звычаяў свайго народа, цікавасць да чытання мастацкіх кніг і твораў.
Абсталяванне: карта Беларусі, схема-карта падарожжа, аўдыязапіс беларускіх песень, раздатачны матэрыял, выказванні беларускіх пісьменнікаў пра беларускую мову і літаратуру, выстава мастацкіх кніг для дзяцей сярэдняга школьнага ўзросту, літаратурныя і дзіцячыя перыядычныя выданні, партрэты беларускіх пісьменнікаў, «літаратурнае» дрэва.

Ход мерапрыемства

Гучыць аўдыязапіс песні «Мой родны кут» (сл. Якуба Коласа, муз. I. Лучанка).

I. Уступнае слова настаўніка.

Настаўнік. Сёння ў нас свята. Мы з вамі адправімся ў цікавую краіну — літаратуру... (Гучыць музыка.) Запрашаем удзельнікаў дзвюх каманд.
Вы адкажаце на розныя пытанні па беларускай літаратуры, будзеце ўдзельнічаць у цікавых конкурсах, прадэманструеце свае паэтычныя і артыстычныя здольнасці... А ў канцы нашага падарожжа мы даведаемся, прадстаўнікі якой каманды з'яўляюцца лепшымі знаўцамі беларускай літаратуры.
Падарожжа пройдзе ў форме літаратурнай гульні. Кампетэнтнае журы аб'ектыўна будзе ацэньваць наша спаборніцтва.
Спачатку каманды прывітаюць адна другую і абароняць назвы сваіх каманд.

II. Правядзенне гульні.

1. Абарона каманд:

Назва, эмблема — 1 бал; дэвіз — 1 бал. Максімальная колькасць — 2 балы.

2. Конкурс па фальклоры.

Настаўнік. Пачынаецца наша падарожжа... Распачнецца яно з краіны народнай творчасці — нікім да канца не прачытанай, чароўнай і мудрай кнігі. Мілагучныя калыханкі вашых бабуль і матуль, цікавыя і чароўныя казкі, мудрыя і паэтычныя прыказкі. А з паданняў і легенд паўстае перад намі гісторыя нашага народа, роднай Беларусі. Конкурс па фальклоры складаецца з трох этапаў.
Нашу кемлівасць і назіральнасць развіваюць загадкі. Яны вучаць параўноўваць з'явы, пашыраюць кругагляд. Таму зараз кожнай камандзе я прачытаю загадкі, а ваша справа — адгадаць іх. (Удзельнічаюць дзве каманды — «Эрудыты» і «Музыкі». Кожнай з іх прапануецца па чатыры загадкі; 1 бал за кожную адгадку. Дадаткова налічваецца 0,5 б., калі каманда не ведае, а адказвае каманда-саперніца.)

Першы этап. Загадкі

Для каманды «Эрудыты»
  1. Дзе мароз улетку жыве? (У халадзільніку.)
  2. На лузе браточкі
    3 аднае сямейкі:
    Залатыя вочкі,
    Беленькія вейкі. (Рамонак.)
  3. У вадзе купалася, ды сухой засталася. (Гусь.)
  4. Дзе гарады без людзей, а рэкі без вады? (Карта.)
Для каманды «Музыкі»
  1. Што за дрэва, што ўдзень па адным лістку асыпаецца? (Каляндар.)
  2. Нос вусаты,
    Лоб паласаты,
    Хвост пушысты,
    Сам кіпцюрысты. (Кацяня.)
  3. Які год цягнецца адзін дзень? (Новы.)
  4. Без ног, а ходзіць. (Гадзіннік.)

Другі этап. Прыказкі

Настаўнік. Мудрасцю і паэтычным хараством уражваюць беларускія прыказкі. Пачынаем другі этап гульні-падарожжа. Ваша задача — знайсці і злучыць часткі адной прыказкі (кожнай камандзе прапануецца па чатыры прыказкі. Максімальны бал — 4. За хуткасць дадаецца 0,5 бала).
Для каманды «Эрудыты»
  1. 3 мора вады не выбераш, (з песні слова не выкінеш).
  2. Чужым розумам (не пражывеш).
  3. Які музыка, (такое і гранне).
  4. Хлеб-соль еш, а (праўду рэж).
Для каманды «Музыкі»
  1. Старога паважай, (малога павучай).
  2. Дай, Божа, старым вочы, а (маладым розум).
  3. Як гукнеш, (так і адгукнецца).
  4. Людзей слухай, а (свой розум май).

Трэці этап

Настаўнік. Далей неабходна расшыфраваць выслоўе і назваць тэму. Пабачым, хто гэта зробіць хутка і правільна. (Максімальны бал — 4; за хуткасць дадаецца 0,5 бала.)
Гучыць музычнае суправаджэнне.
Для каманды «Эрудыты»
7-в 7-а 11-6 4-в 1-а 11-б 6-б 7-б 7-в 9-в 4-в 1-а 7-а 1-в 1-а 3-а 2-а 5-в 11-б 3-в 2-б 6-а 1-б 1-а б-в 6-а 5-в 4-а 9-а 10-б (Усякая птушка сваё гняздо бароніць.)

Для каманды «Музыкі»
4-в 6-а З-б 5-в 1-а 5-б 7-в 7-а 1-в 6-а 4-б 4-в 7-в 7-б 6-а 4-в 5-б 4-а 5-а 10-а (Кожнаму свой куток мілы.)

Падказка для расшыфроўкі прыказкі
Ноты песні Там у полі ёлка

3. Конкурс «Пазнай партрэт пісьменніка».

Настаўнік. Наступны конкурс нашага падарожжа — «Пазнай партрэт пісьменніка». (Кожнай камандзе прапануецца па чатыры партрэты беларускіх пісьменнікаў; максімальны бал — 2; за хуткасць дадаецца 0,5 бала.)
Для каманды «Эрудыты»
  1. Уладзімір Караткевіч.
  2. Янка Купала.
  3. Максім Танк.
  4. Рыгор Барадулін.
Для каманды «Музыкі»
  1. Якуб Колас.
  2. Максім Багдановіч.
  3. Пятрусь Броўка.
  4. Ніл Гілевіч.

4. Конкурс «Пазнай літаратурнага героя».

Настаўнік. Мы з вамі не толькі вывучаем літаратурныя творы, але і знаёмімся з героямі, даём ім характарыстыку, перажываем за іх, разам з героямі радуемся і сумуем...
Наступны конкурс — «Пазнай літаратурнага героя».
Неабходна па характарыстыцы ці апісанні:
а) пазнаць літаратурнага героя;
б) назваць твор;
в) назваць аўтара твора.
(Максімальны бал — 3.)
Каманды ўважліва слухаюць апісанне літаратурнага героя. Якая з каманд пазнае першай, тая падае сігнал.

1. ...Жыла дзяўчына-сіраціна. Вочы яе блакітныя, колеру азёрнай хвалі, заўсёды весела ўсміхаліся.
Залацістыя валасы тугой касой абкручвалі галаву. Голас у яе быў высокі і гучны. Бывала, сядзе на беразе пад клёнам, дзе збіралася звычайна моладзь, на гусельках грае і спявае. (Найрыта. Легенда «Нарач».)

2. Бывала, толькі чуць разднее,
Чуць трошкі ў лесе пасвятлее,
Глядзіш — на рэчку ён шыбуе
I лёд сякеркаю мацуе.
То падбяжыць і скаўзанецца,
I сам сабе ён засмяецца.
(Костусь. Твор «На рэчцы» Якуба Коласа.)

3. А сам... [ён], з вузел ростам,
Ў сваім уборы бедным, простым,
У зрэбных портках і кашулі,
Стаяў, як бы яго прыгнулі...
(Яська. Твор «Дарэктар» — урывак з паэмы «Новая зямля» Якуба Коласа.)

4. Яму было за семдзесят. Добра памятаў яшчэ першую, «царскую» вайну, з якой прывёз Георгіеўскі крыж, потым «гражданскую». Вялікая вайна зачапіла яго мацней: не вярнуўся з фронту сын, а жонку — добрую, рухавую Параску — расстралялі немцы дома. Нехта падказаў, што ён у партызанскім атрадзе. (Дзед Агей, «Цітаўкі» Анатоля Кудраўца.)

5. ...Не спала ты асеннімі начамі,
Хоць падала ад зморы галава,
Глядзела ў змрок вільготнымі вачамі,
Прывычная да гора ўдава...
(Маці. «Мама» С. Грахоўскага.)

6. Стала яму вельмі горача, падкошваліся ногі. Але ён устаў, выцер успацелы лоб, стараючыся зразумець, што ж адбылося з ім, з маці, з яго маленькай сястрычкай. На сэрцы было пуста і чорна, нібы ўзяў хто яго маленькае сэрца і выціснуў з яго ўсю гарачую кроў. Ды каменем навісла над ім неадчэпная думка: нешта ж трэба зрабіць. (Міколка. «Васількі» М. Лынькова.)

7. Ён адразу выдзеліўся сярод падлеткаў. Ужо нават тады, калі выходзіў з таксі, шпацыраваў з маці ды сястрою па вёсцы альбо калі ішоў першы раз у школу. Ён апрануў ужо руды плашчык, начапіў на шыю шалік адпаведнага колеру, на галаву — карычневую кепачку з чорным гузікам наверсе. I яшчэ быў ён у акулярах, надзвычай белы... (Міця Бокуць. «Страта» Генрыха Далідовіча.)

5. Конкурс «Таямнічая скрыня».

Настаўнік. Пяты конкурс нашай гульні-падарожжа называецца «Таямнічая скрыня». У чорнай скрыні знаходзяцца два прадметы (рэчы). Вы павінны па апісанні і тлумачэнні здагадацца, што гэта за прадметы і з якога яны твора.

1. У адной з беларускіх народных казак адзін герой другому загадаў, каб дачка апошняга «гэта» сцерла, спрала, выткала і пашыла кашулю. Пра што ідзе гаворка? Што ляжыць у таямнічай скрыні? Назавіце твор. (Пра тры сцяблінкі лёну. Казка «Разумная дачка».)
2. Героі гэтага твора па чарзе абаранялі «гэта» ад злодзея (як яны лічылі), які павадзіўся да іх гаспадаркі. Пра што ідзе гаворка? Што ў таямнічай скрыні? Назавіце твор. (Пра залатыя яблыкі, казка «Залаты птах».)

6. Конкурс «Ты — мне, я — табе».

Настаўнік. Да гэтага конкурсу вы рыхтаваліся загадзя. Кожная з каманд задае па два пытанні камандзе-саперніцы. Улічваецца цікавасць, арыгінальнасць пытанняў (дадаткова 0,5 бала). За правільны адказ каманд — 2 балы. Даецца 30 секунд камандзе на абмеркаванне кожнага пытання.

7. Конкурс капітанаў.

Настаўнік. У падарожжы заўсёды ёсць той, хто мацнейшы за ўсіх, хто дапаможа і падкажа ў складаны момант. Таму наша наступнае спаборніцтва — «Конкурс капітанаў».
На нашым шляху сустракаецца «літаратурнае дрэва», на галінках якога — зялёныя лісты. Капітаны па чарзе акуратна, каб не сарваць, чытаюць пытанні на гэтых лістках. Кожнаму капітану падрыхтавана па чатыры пытанні. За правільны адказ — 1 бал. Максімальны бал — 4. Калі не ведае капітан, то адказаць мае права капітан другой каманды.

  1. Назавіце твор і яго аўтара, дзе ёсць такі герой, як караткахвостае звяглівае стварэнне. («Цітаўкі» Анатоля Кудраўца. Бобік.)
  2. Што такое параўнанне? Прывядзіце прыклад. (Мастацкі прыём, супастаўленне двух прадметаў або з'яў на аснове іх падабенства. Напрыклад: чысты як сляза.)
  3. Што такое павер'е? Прывядзіце прыклад. (Народнае выслоўе, у якім людзі асвятлялі невядомы факт, грунтуючыся не на жыццёвым вопыце, а на выдумцы, фантазіі. Прыклад: чалавеку не пашанцуе, калі сустрэне чорнага ката.)
  4. Што такое прыкмета? Прывядзіце прыклад. (Трапныя народныя выслоўі, у якіх прадказваецца пэўны вынік, пацверджаны народным вопытам. Прыклад: май дажджлівы — год урадлівы.)
  5. Якім творам уласцівы такі пачатак: былі ў аднаго чалавека тры сыны... (Казкам.)
  6. У якога твора можа быць такі пачатак: «...У гушчары старых бароў, як сляза, што ўпала з неба, блішчала вялікае возера. Вельмі прыгожае яно было». (Легенда.)
  7. Калі пачалася і калі скончылася Вялікая Айчынная вайна? Назавіце апавяданне на тэму «дзеці і вайна». (1941—1945 гады. «Васількі» Міхася Лынькова.)
  8. Якое свята штогод адзначае наша краіна 3 ліпеня? Які паэтычны твор, прысвечаны падзеям Вялікай Айчыннай вайны і стратам на ёй, мы чыталі і хто яго аўтар? (Дзень Незалежнасці, вызвалення Беларусі ад гітлераўскіх захопнікаў; «Бацьку» Рыгора Барадуліна.)

8. Конкурс «Хто хутчэй?».

Настаўнік. Мы працягваем наша падарожжа. Распачынаем конкурс «Хто хутчэй?».
Дзвюм камандам па чарзе будуць задавацца бліц-пытанні. Ваша задача — за адну хвіліну адказаць на як мага больш пытанняў. За кожны правільны адказ — 1 бал.

Для каманды «Эрудыты»
1. Сапраўднае імя Максіма Танка. (Яўген Іванавіч Скурко.)
2. Аўтар верша «Бацькаўшчына». (Уладзімір Караткевіч.)
3. 3 якой мовы прыйшло да нас слова «фальклор»? (3 англійскай.)
4. Назавіце аўтара верша «Зімой». (М. Багдановіч.)
5. Сапраўднае імя Якуба Коласа. (Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч.)
6. На аснове чаго ўзнікла мастацкая літаратура? (На аснове вуснай народнай творчасці.)
7. Загадка — гэта... (Жанр фальклору; вобразнае апісанне ўтоенага прадмета ці з'явы, якое патрабуе разгадкі.)
8. Васілёк і Галіна — персанажы якога твора і хто аўтар? («Ля вогнішч начлежных». Максім Танк.)
9. Эпіграф — гэта... (Выслоўе або кароткая цытата, што змяшчаецца аўтарам перад тэкстам і выяўляе ідэю твора.)
10. Назавіце герояў твора У. Караткевіча «Нямоглы бацька». (Пятро, бацька Пятра, сусед Гнат, сусед Максім, Велікан.)
11. Назавіце аўтара і твор пра сапраўднае і шчырае сяброўства, пра душэўныя пакуты і перажыванні. (Апавяданне Генрыха Далідовіча «Страта».)
12. Што такое ідэя твора? (Асноўная абагульненая думка твора, якая вызначае яго змест.)

Для каманды «Музыкі»
1. Прыклад эпітэта. (Срэбразвонны ручэй, цёмная ночка.)
2. Назавіце аўтара верша «Калі ласка». (П. Броўка.)
3. Што азначае слова «фальклор» (дакладны пераклад)? (Народная мудрасць.)
4. Назавіце твор і аўтара, адкуль цытата: Мой чароўны беларускі край, Бацькаўшчына светлая мая. («Бацькаўшчына» У. Караткевіча.)
5. Сапраўднае імя Янкі Купалы. (Іван Дамінікавіч Луцэвіч.)
6. Аўтар зборніка «Вянок». (Максім Багдановіч.)
7. Адрозненне прыказкі ад прымаўкі. (Прыказкі часцей складаюцца з дзвюх частак (паведамлення і вываду), маюць пераносны сэнс.)
8. Да якога літаратурнага твора падыходзіць выраз «шануйце і паважайце сваіх бацькоў»? («Нямоглы бацька» У. Караткевіча.)
9. Што такое тэма літаратурнага твора? (Жыццёвая з'ява або кола з'яў, пра якія ідзе размова ў творы.)
10. Назавіце герояў апавядання М. Лынькова «Васількі». (Міколка, бацька, дзед Нупрэй, маці, сястрычка Міколкі.)
11. Назавіце аўтара і назву твора, дзе ёсць наступная радкі: «...сінімі васількамі адцвіталі вочы хлопчыка». («Васількі» Міхася Лынькова.)
12. Што такое алегорыя? (Iншасказанне.)

Слова мае журы. Падводзяцца вынікі папярэдніх конкурсаў.

9. Конкурс малюнкаў.

Настаўнік. Нашы каманды стаміліся, таму, пакуль яны адпачываюць, мы правядзём для балельшчыкаў конкурс малюнкаў.
Балельшчыкам дэманструюцца малюнкі да твораў. Трэба назваць, да якога твора яны намаляваны, хто аўтар. За правільны адказ балельшчыкі прыносяць адзін бал сваёй камандзе.

10. Творчы конкурс.

Настаўнік. Мы з вамі працягваем нашу літаратурную гульню-падарожжа. Спадзяюся, вы ведаеце і шануеце беларускую літаратуру, а мастацкія творы вучаць вас дабрыні, кемлівасці, спагадзе, любові да людзей, павазе да роднай спадчыны і традыцый. Вы ўсе здольныя і маеце творчыя схільнасці. У вас ёсць магчымасць праявіць сябе. Пачынаем творчы конкурс. Ён складаецца з трох этапаў.

Першы этап. «Прадоўжы твор»

Умовы конкурсу: чытаюцца першыя радкі літаратурнага твора па чарзе для кожнай каманды. Членам каманды па памяці неабходна прадоўжыць гэтыя радкі. За правільны адказ — 2 балы. Кожнай камандзе будзе прапанавана па тры ўрыўкі з твораў.
  1. Здароў, марозны, звонкі вечар!
    Здароў... (...скрыпучы, мяккі снег!)
  2. Марозік крэпіць, лёд таўшчэе,
    I... (...рэчка вольная нямее...)
  3. Мова! Як сонца маё беларускае,
    Ты... (...свецішся словам кожным).
  4. ...На ніцях белай павуціны
    Прывозяць... (...восень павучкі).
  5. Паверыць цяжка мне таму,
    Што больш... (...не прыйдзеш ты дадому).
  6. Стаяў той асабліва прыгожы дзень, якія...
    (...бываюць звычайна ў канцы жніўня месяца...)

Другі этап. Конкурс на лепшага чытальніка

Кожнай камандзе прапануецца незнаёмы верш. Прадстаўніку ад каманды неабходна прачытаць гэты верш па-мастацку выразна, прыгожа, эмацыянальна. Максімальны бал — 3.

Усіх нас гадуюць
Матчыны казкі.
Яны вучаць
Родную мову любіць,
На крылах юнацтва
Ўздымацца пад хмары,
3 няпраўдай змагацца,
А з праўдай дружыць
I аб недасяжным
I сонечным марыць...
Максім Танк.

Трэці этап. Конкурс інсцэніровак

Мэта творчага конкурсу — выявіць артыстычныя здольнасці вучняў, праверыць іх фантазію. Улічваюцца артыстызм, цікавасць падабранага матэрыялу для інсцэніроўкі, сама пастаноўка, займальнасць, валоданне мовай. Максімальны бал — 6.

Конкурс паміж балельшчыкамі.

Настаўнік. Пакуль удзельнікі рыхтуюцца, мы зноў правядзём конкурс паміж балельшчыкамі. Калі вы адкажаце правільна, то зможаце прынесці сваёй камандзе дадатковыя балы. За кожны правільны адказ — 0,5 бала.

Пытанні
1. Прадоўжыце прыказкі:
а) Хто рана ўстае... (...таму Бог падае).
б) Як ты да людзей... (...так і людзі да цябе).
2. Фальклор — гэта... (вусная народная творчасць).
3. Віды казак... (Чарадзейныя, бытавыя, пра жывёл.)
4. Назавіце галоўных герояў твора «Цітаўкі». (Кастусь, стары Агей, Валік, Мішка, пастух Лёкса.)
5. Прыклад эпітэта. (Сінявокая ноч, звонкі вечар.)

Інсцэніроўка казкі. Падвядзенне вынікаў творчага конкурсу.

11. Крыжаванка.

Настаўнік. Наша гульня-падарожжа заканчваецца. Але мы яшчэ не развітваемся. Вам застаўся апошні конкурс на кемлівасць і веды, атрыманыя па беларускай літаратуры. Дзвюм камандам будзе прапанавана адна і тая ж крыжаванка. Вам неабходна як мага хутчэй адказаць на ўсе пытанні. Максімальны бал — 5, за хуткасць даецца 1 бал. Адказы — толькі па гарызанталі. Па вертыкалі ў вас атрымаецца слова. Яго неабходна назваць.

Крыжаванка
Крыжаванка

Пытанні

1. Як называецца карціна прыроды ў літаратурным творы?
2. Назавіце псеўданім Яўгена Іванавіча Скурко.
3. Заўсёды перамагае...
4. Назавіце аўтара наступных радкоў:

У любімай мове, роднай, наскай,
Ах, якія словы: «Калі ласка!..»

5. 3 якога верша наступныя радкі:

Не выйшаў ты і ў гэты раз
Мяне спаткаць, паднесці рэчы...

6. Назавіце мянушку мядзведзя з твора У. Караткевіча «Былі ў мяне мядзведзі».

Адказы. 1. Пейзаж. 2. Танк. 3. Дабро. 4. Броўка. 5. Бацьку. 6. Бурык.
Па вертыкалі — слова «знаўцы».

Пакуль каманды разгадваюць крыжаванку, гучыць аўдыёзапіс беларускіх песень у выкананні «Песняроў».
Ацэнкі і каментарыі журы. Падвядзенне вынікаў гульні-падарожжа.

Настаўнік. Вось і закончылася наша з вамі гульня-падарожжа на лепшага знаўцу беларускай літаратуры. Вы ўсе даказалі, што маеце добрыя і трывалыя веды, што шануеце нацыянальныя традыцыі, народную культуру, валодаеце беларускай мовай і, самае галоўнае, не забываецеся на тое, што мы — беларусы!

III. Рэфлексія.

Уручэнне дыпломаў, прызоў.

Дадатак
Схема-карта літаратурнага падарожжа