сцэнарыі святаў на беларускай мове

Ганна Маратаўна Казлова – кампазітар, Ала Іванаўна Канапелька – словы песень, Таццяна Міхайлаўна Сінкевіч – сцэнарый ранішніка.

Калядная казка

Навагодні ранішнік (дзіцячы мюзікл)

Дзеючыя асобы:
Снягурка
Дзед Мароз
Варона
Ліса
Кот
Мядзведзь
Заяц
Зайчаняткі
Баба-Яга
Вавёркі
Каза
Воўк
Лясныя жыхары (дзеці у касцюмах звяроў)

Зала з ёлкай пасярэдзіне. Вакол ёлкі размяшчаюцца гледачы. Гучыць мелодыя «ЗАВЕЯ». З’яўляецца Варона. Яна чысціць свае пер’е, азіраецца па баках.

Варона.
Каго я бачу?
Хто тут у нашым лесе?
I па якім такім з’явіўся інтарэсе?
А! Зразумела!
Вы ў гэтай зале
На мяне паглядзець пажадалі!
Ну што ж!
Глядзіце!
Гэта мне прыемна.
Упэўнена, прыйшлі вы недарэмна.
Вядома ўсім, навокал і наскрозь,
Што я — Варона — місіс Прыгажосць,
Нягледзячы на мой узрост:
На свеце я жыву аж трыста год!
Ай, ай!
Даведаліся ўсе пра мой сакрэт!
Пра мой узрост!..
Тады давайце:
Вы мне спяваць дапамагайце!

Варона спявае «Песню Вароны»(Плюс). «Фанаграма песні Вароны» (Мінус)

Песня Вароны

Я — разумная баба Варона.
Я прыгожая птушка — жах!
Паглядзіце, якая карона
Зіхаціць у маіх валасах.

П р ы п е ў:
Колькі год бабулі?
(Усе разам.) Трыста!
Эх, звіняць мае маніста.
Зайка, бі ў вясёлы бубен —
Танцаваць ізноў мы будзем!
Ах, звіняць мае маніста,
Грайце скокі, гарманісты!
Ах, блішчаць мае пярынкі,
Я кружуся, як дзяўчынка!

Я люблю пірагі і цукеркі,
Запрашаю гасцей у свой дом.
Пакажу вам паперкі, талеркі,
Пяць карон і сукенку з хвастом!

П р ы п е ў.

Варона танцуе ў рытме «цыганачкі», падае знясіленая. Чуецца смех. Каля ёлкі з’яўляюцца Вавёркі. Яны скачуць, штурхаюцца, кідаюцца снежкамі, адна з якіх трапляе ў Варону. Тая ўскаквае, абтрасае пер’е.

Варона. 3 каго смеяцеся? 3 мяне?
Вавёркі (парадку).Шаноўная Варона! Бог з табой!
(Разам.) Цудоўны, добры ў нас настрой!
Варона.
3 чаго гэта?
Вавёркі (смеючыся, парадку).
Святы на носе!
Новы год
Ды Калядкі!
Варона.
На носе? У каго? У мяне?
Вавёркі.
Ва ўсіх!
Варона.
Дык вось чаму ў лесе шмат чужых!
Пэўна, па елкі прыйшлі!
(Кідае сярдзітыя позіркі ў залу.)
Вавёркі.
Ды якія яны чужыя?
Гэта ж госці нашы дарагія!
Варона (больш лагодна).
Што ж, гасцей дарагіх я вітаю!
(Глядзіць на гадзіннік.)
Але маю шмат спраў. Ад-ля-та-ю!!!
Варона шпарка ляціць з залы і ледзь не збівае з ног Бабу-Ягу, якая ідзе да ёлкі. Убачыўшы Бабу-Ягу, Вавёркі хаваюцца за гледачоў.

Баба-Яга (услед Вароне).
Ух! Разляталіся тут розныя Вароны!
Зусім страх згубілі! Нікога не баяцца!
Ніякай пашаны казачным славутасцям,
Такім, як я — Баба-Яга!
(Да гледачоў.) Можа, і вы, дзеці, мяне баяцца перасталі?
Дзеці адказваюць.
Баба-Яга. I дарма! Я яшчэ — ух! Каго захачу, таго і схаплю! (Палохае гледачоў.) Толькі вось часова згубіла свой... Ну, гэты... Ну, вы ведаеце...Сродак руху... Як яго? Склероз!
Нехта з гледачоў падказвае: «Ступу!».
Баба-Яга.
Ой! Ступа мая сапсавалася! Амаль зусім зламалася.
(Падкатвае ступу да ёлкі.) Шукаю, хто б яе адрамантаваў. (Да гледачоў.) Можа, ты? Ці ты?
Баба-Яга. Гэй! Ці ёсць хто жывы? Дапамажыце старэнькай, кволенькай.
Падыходзіць Кот.
Кот. Хто тут?
Баба-Яга. Я! Хіба не пазнаў? Бабулька-Ягулька! Вядомая дабрулька ды прыгажулька.
Чуецца голас Лісы.
Ліса (да Ката). 3 кім ты там муркочаш?
(Больш строга.) Без вячэры застацца хочаш?
Кот.
Тут адна старая —
Ў лесе заблудзілася
Ды з дарогі збілася.
Ліса выходзіць з хаты, становіцца у ваяўнічую позу. Кот адыходзіць, хаваецца за яе спіну.
Баба-Яга пачынае спяваць «Песню Бабы-Ягі» (Плюс). «Фанаграма песні Бабы-Ягі» (Мінус).

Песня Бабы-Ягі

Туп, туп, тупа, тупа!
Не лятае мая ступа.
Нарабілася бяды:
Я ж без ступы нікуды!

Тут, туп, тупу, тупу!
Рамантуйце маю ступу!
Хто яе адрамантуе —
Мяне, Бабу, уратуе!

Ліса (да Бабы-Ягі). Дык што ты хочаш? Каб я кінула хатнія справы і рамантавала гэтую... разваліну?!
Кот. I я не магу рамантаваць ступу. Гэта справа не па мне.
Ліса. Пэцкаць нашы аксамітныя лапкі? Нашто?
Баба-Яга (убок). Вось гультаі!

Кот і Ліса спяваюць «Песню Лісы і Ката» (Плюс), танцуюць. «Фанаграма песні Лісы і Ката» (Мінус).

Песня Лісы і Ката

1.
Ліса.
Мы з Катком жывём у згодзе,
На рыбалку Коцік ходзіць.
Кот.
Юшку смачную гатуем
I штодня, мур-мур, балюем! (2 разы)

2.
Ліса.
Кот багата вершаў бае.
Кот.
Ліска песенькі спявае.
Ліса і Кот.
Хто патрапіць хоча ў казку —
Прыязджайце, калі ласка! (2 разы)

3.
Наша хата ў лесе, блізка,
Паўвярсты ўсяго ад Мінска!
Кот.
Ах, мур-мур, у падарунак
Прывязіце нам трох курак! (2 разы)

Ліса і Кот. Мы з Катком жывём у згодзе...
Баба-Яга.Праспявалі ды і годзе: Рытмы новыя у модзе!
Ліса і Кот (разам). Якія?
Баба-Яга. Пойдзем са мной, раскажу.

Выводзіць Ката і Лісу, нешта напяваючы ім. Каля ступы пралятае Варона, кідае ў яе нешта.

Варона. Пакуль схаваю тут! Здаецца, надзейнае месца для майго здабытку!

На палянку выскакваюць Вавёркі.
Вавёркі (парадку).
Што там?
Што там?
Можа, арэшкі?
Варона (робіць выгляд, што нічога не ведае). Дзе? Што? А! Я проста кінула туды непатрэбныя рэчы. Ведаеце, перад святамі прыбіраюся ў лесе. Якое дзе смецце ўбачу, адразу прыбяру.
Варона робіць выгляд, што чымсьці заклапочана, і ляціць з залы.
Вавёркі (парадку). Малайчына, цётачка Варона! Давайце і мы да свята рыхтавацца. Хутка прыйдзе Снягурка. Нас пахваліць.

Спяваюць «Песню Вавёрак»(Плюс) па радку.«Фанаграма песні Вавёрак» (Мінус).
Tанцуюць, скачуць, хвастамі мятуць падлогу. Потым выходзяць з залы.

Песня Вавёрак

Мы арэшкаў назбіралі,
Насушылі, налузалі,
Шакаладам палівалі.
Снежным цукрам пасыпалі.
Прыпеў (разам):
Вам — нашы арэшкі,
Нам — вашы ўсмешкі! (4 разы)

Мы грыбочкаў назбіралі,
Насушылі, нанізалі,
Шышак смачных наскладалі,
Шакаладных — угадалі!

Прыпеў. (8 разоў)
Выходзіць Мядзведзь. Бачыць ступу.
Мядзведзь. Вось дык знаходка! Цэлая калода мёду! (Заглядвае ў ступу, расчаравана.) Мёду тут няма. (Нюхае.) Але пах ідзе прыемны... (Зноў нюхае.) Як быццам шакалад... О! Можа, ступа гэта шакаладная? Трэба разабрацца!
Мядзведзь узвальвае ступу на плечы, ідзе з залы.
З’яўляецца Баба-Яга. Убачыла, што ступа знікла.

Баба-Яга. А дзе мая ступа? Знікла! Ну і справы адбываюцца ў нашым лесе! Аніякай пашаны да казачных злыдняў. Вой, вой! Дзе ж мая ступа?
Выходзіць.
На палянцы з’яўляюцца Вавёркі. Яны вядуць з сабой Снягурку.

Вавёркі (парадку).
Снягурка!
Паглядзі, якая палянка цудоўная!
Мы яе знайшлі.
Снягурка. Малайцы, памочніцы вы мае! Палянка гэта самая прыгожая у лесе! А ёлка якая! Сапраўдная прыгажуня. Тут і будзем ладзіць свята!
Вавёркі. Ура!!!
Снягурка. За справу!
Вавёркі і Снягурка любуюцца ёлкай. Да іх падбягае Заяц. Ён нечым занепакоены, відаць, моцна спалохаўся.

Снягурка. Зайка, што здарылася?
Вавёркі. Што? Што здарылася?
Заяц. Ах! Не пытайцеся! Небарака я! Няўдачнік.
Снягурка. 3 чаго ты ўзяў?
Заяц. Ды ўсе, усе гэта ведаюць і мне кажуць: «Ты, касы, шэры!».
Снягурка. Ты ўлетку шэры, а ўзімку белы! Адно слова — прыгажун!
Заяц (крыху супакоіўся). Дзякуй, табе, Снягурка! Але ты добрая... і кажаш гэта, каб мяне супакоіць. А я... Я ўвесь час трасуся-баюся.
Снягурка. А ты не бойся!
Заяц. Як не баяцца? Я маленькі! Кожны мяне пакрыўдзіць можа!
Вавёркі. А мы яшчэ меншыя!
Заяц. У мяне шмат ворагаў.
Вавёркі. У нас таксама многа!
Заяц. I вы весяліцеся?
Вавёркі. Весялімся і нікога не баімся!
Снягурка. I ты, Зайка, больш не страшыся, лепш з намі на свяце павесяліся!
Заяц. Вы, Вавёрачкі, будзеце са мной сябраваць?
Вавёркі. Будзем! Будзем! 3 намі сябруй — ніколі не сумуй!
Заяц. I ты, Снягурка?
Снягурка. Канешне!
Заяц. Вы мяне супакоілі і развесялілі! Я нават песню зараз заспяваю!
Вавёркі. Спявай! Спявай, Зайка! Не саромейся! (Смяюцца, пляскаюць у далоні.)

Гучыць «Песня Зайца» (Плюс). «Фанаграма песні Зайца» (Мінус).

Песня Зайца

Абуў Зайка тапкі не на тыя лапкі.
Падману Лісіцу, буду весяліцца.

Прыпеў:
I па снезе і па травах
Правы — ўлева, левы — управа.
Сцелюцца радочкі —
Зайкавы слядочкі.

Хвост кароткі маю,
Цераз пні сігаю.
Уцякаю лоўка
Ад любога воўка.

Прыпеў. (Усе падхопліваюць.)

А я ў бубен граю,
Мяне слухаць раю.
Сам я невялікі,
Але зух-музыка.

Прыпеў. (Усе падхопліваюць.)

Снягурка. Малайчына, Зайка! Страх свой перамог! А зараз бяжы, усіх на свята да ёлкі запрашай!
Заяц бяжыць з залы. Хутка вяртаецца з Зайчаняткамі.
Заяц. Вось самыя нецярплівыя госці. Астатнія зараз ідуць. Снягурка. Вітаю вас, маленькія!
Вавёркі. Падыходзьце бліжэй да святочнай ёлкі.
Снягурка. Я вам песеньку праспяваю.
Зайчаняткі радасна пляскаюць у далоні.
Снягурка (да Зайчанятак і Вавёрак). За справу, мае маленькія памочнікі!

Снягурка, Зайчаняткі і Вавёркі прыбіраюць палянку і спяваюць «Песню Снягуркі»(Плюс). «Фанаграма песні Снягуркі»(Мінус).

Песня Снягуркі

Ў студзёным лесе я жыву,
Дзе бегаюць зайчаткі,
Я ўсіх лясных звяроў люблю,
Так, так, мае рабяткі!
Я ўсіх лясных звяроў люблю,
Так, так, мае рабяткі!

Прыпеў: (разам з Зайчаняткамі і Вавёркамі)
Раз, два, тры!
На ёлку паглядзі!
На ёй цудоўныя агні,
Зазіхацелі цацкі.
Раз, два, тры!
Што хочаш папрасі:
Усе жаданні споўняцца —
Ты толькі папрасі!
Твае жаданні споўняцца —
Дзядулю добра папрасі!

Дзядуля, любы наш Мароз,
Ідзе ў начной завеі,
Ён падарункі тым прынёс,
Хто сябраваць умее.
Ён падарункі тым прынёс,
Хто сябраваць умее.

Прыпеў. (Усе падхопліваюць.)

А я ў бубен граю,
Мяне слухаць раю.
Сам я невялікі,
Але зух-музыка.

Прыпеў.

Да ёлкі падлятае Варона. Яна у захапленні.
Варона. Цуд! Цуд!
Снягурка. Калі ласка, да нас, цётачка Варона! Запрашаю да ёлкі ўсіх звяроў лясных.
Лясныя жыхары (дзеці у касцюмах звяроў) падыходзяць да ёлкі.

Варона.
Наш лясны, пушны народ
Часта водзіць карагод!
Разам з вамі будзем рады
Песні пець і ладзіць жарты.
Але, перш чым весяліцца,
Трэба ёлцы пакланіцца.
Усе кланяюцца ёлцы.
Снягурка.
Да мяне, лясны народ!
Ладзім разам карагод!

Усе бяруцца за рукі. Гучыць «Песня пра ёлачку»(Плюс). «Фанаграма песні пра ёлачку» (Мінус). Усе водзяць вакол яе карагод.

Песня пра ёлачку

Прыйшла да нас княгінька,
Лясная гаспадынька.
Зіхцяць на ёй уборы —
Арэшкі, шышкі, зоры.
Агністыя каралі галінкі яе убралі. (2 разы)

Прыпеў: (2 разы)
Засвяціся, ёлачка,
Кожнаю іголачкай,
Памахай галінкамі
Хлопчыкам з дзяўчынкамі!

Твае густыя веі хавалі ад завеі
Аленя і лісічку,
I зайку, і сінічку.
Сцюдзёнаю парою
Ты нам была сястрою. (2 разы)

Прыпеў. (2 разы)

На свяце навагоднім
Нас радуеш сягоння.
Цябе мы прывячаем
I песняй велічаем
Чароўную ялінку,
Святочную княгіньку. (2 разы)

Прыпеў. (2 разы)

Каля ёлкі з’яўляецца Баба-Яга. Усе палохаюцца. Але Варона супакойвае.

Варона.
Сустракайце госцю дарагую
— Бабу-Ягу ліхую.
Баба-Яга.
Са мной свята весялей:
Не краду я больш дзяцей!
Вы не думайце, што я спазнілася:
Мая ступа лятаць прытамілася,
Ну а потым — зусім згубілася!
Снягурка. Шкада Бабулю-Ягулю. Трэба знайсці ёй новую ступу..

З’яўляецца Мядзведзь са ступай. Ідзе да ёлкі і спявае «Песню Мядзведзя» (Плюс). «Фанаграма песні Мядзведзя» (Мінус).

Песня Мядзведзя

Ту-пу, ту-пу, ту-пу!
Нясе Мішка ступу.
Мая ступа ладная,
Ступа шакаладная.
3 мядовымі пернікамі,
3 цукровымі пеўнікамі.
3 ледзянымі хаткамі,
3 мармеладкамі!
А цяжкая:
Ледзь-ледзь
Паднімае Мядзведзь!

Баба-Яга выходзіць наперад, пазнае сваю ступу.

Баба-Яга. Мая ступа! Знайшлася!
Мядзведзь. Як, твая? Я яе ў лесе знайшоў! Там яшчэ шакаладкі ды цукеркі былі... Можа, скажаш — таксама твае?
Баба-Яга. Чаго не было, таго не было. А то я іх з’ела б.
Мядзведзь. Значыць, правільна, што я імі пачаставаўся.
Варона. Як? З’еў мае цукеркі?!
Баба-Яга. А чаму гэта яны ў маёй ступе аказаліся?
Варона.
Мы ж, вароны, любім усё хаваць,
Каб... потым вас пачаставаць.
Мядзведзь.
Я ж не ведаў:
Узяў ды паснедаў!
Варона. Цяпер усе застануцца без падарункаў!
Снягурка. Смачныя пачастункі ёсць у Дзядулі Мароза! Давайце яго паклічам.

Усе клічуць Дзеда Мароза. З’яўляецца Дзед Мароз з мехам падарункаў.

Дзед Мароз.
Дзень добры!
У мяне пачастункаў мех поўны.
Аж казыча мае вуха,
Каб я вас хутчэй паслухаў.
Той, хто смелы, будзе першы.
Хто раскажа зараз вершы?
Калі песні хто з вас знае,
То няхай нам праспявае.

Выступленні гледачоў. Раздаюцца падарункі. Пачастункі атрымліваюць і лясныя звяры. Калі да Дзеда Мароза падыходзяць Кот і Ліса, Баба-Яга імкнецца перашкодзіць ім атрымаць падарунак.

Баба-Яга (да Дзеда Мароза). А можна, я дапамагу: перадам падарунак гэтым цудоўным звярам?
Бярэ падарунак, але не аддае, а бегае па сцэне, дражніць Ката і Лісу.
Баба-Яга. Пабегайце, лайдакі, зарабіце падарунак. Будзеце ведаць, што іншым дапамагаць трэба!
Снягурка. А ў чым яны правініліся?
Баба-Яга. У дапамозе мне адмовілі!
Снягурка. Прабач ім. Яны больш не будуць!
Кот і Ліса (разам). Мы больш так не будзем!
Дзед Мароз. Паверым ім?
Баба-Яга. Трымайце свае падарункі.
Кот і Ліса адыходзяць з падарункамі. Чуецца тупат.

Дзед Мароз.
Хтосьці моцна так грукоча,
К нам на свята, можа, хоча?
Добрага госця вітаем,
А злога — праганяем.
З’яўляецца Воўк. Ён цягне Казу.
Воўк. А! Весяліцеся! А мне хто дапаможа?
Варона. Вой, ратуйце! Воўк Казу хоча з’есці! I гэта на святы! Баба-Яга (адыходзіць ад ступы, ідзе бліжэй). Яшчэ і нас кліча ў памагатыя!
Мядзведзь. Для чаго Воўк Казу цягне?
Заяц (да гледачоў). А вы не ведаеце?
Дзеці адказваюць.
Баба-Яга. Нешта я прыпамінаю... Можа, гэта калядная Каза?
Воўк. Так! Канешне! А вы што падумалі? На Каляды Казе заўсёды рады.
Яна па хатах ходзіць,
Пачастункі просіць,
Шчасце ды багацце ў дом прыносіць!
Снягурка. Дзякуй табе, Шэранькі, што нагадаў нам пра Каляды!
Воўк. Я — стары, але памятаю, што калядаваць трэба з Казою.
Каза.
Бе-е-е... Я патрапіла на свята?
Добры дзень да вас у хату.
Воўк.
Калядоўшчыкі славутыя:
Не адпачнуць у свята ні мінуты.
Па хатах ходзяць, пачастункі просяць,
Песенькі спяваюць, гаспадароў вітаюць!
Снягурка.
I нас павітайце,
Дабрабыту пажадайце!
Каза. Бе-бе-бе...
Спявае «Песню Казы». «Песню Казы» (Плюс). «Фанаграма песні Казы» (Мінус). Усе ёй падпяваюць і танцуюць.

Песня Казы

Каляду-калядачкі,
Папляшчыце ў ладачкі,
Каб вышэй за вас парос
I ўрадзіў буйны авёс!
Каляду-калядачкі,
Папляшчыце ў ладачкі,
Каб расла пшаніца ў полі,
Каб вы елі булкі уволю!

Прыпеў: (спяваюць усе разам)
Дзе Каза рогам, там жыта стогам!
Дзе Каза нагою, там жыта гарою!
Дзе Каза хвастом, там жыта кустом!

Каляду-калядачкі,
Папляшчыце ў ладачкі,
Каб яснела ў зорках неба,
Каб было паболей хлеба!
Каляду-калядачкі,
Папляшчыце ў ладачкі,
Каб было вясёлым свята
I каб вы жылі багата!

Прыпеў.
(Паўтараецца першы куплет.)
Прыпеў.

Дзед Мароз.
Бачу, што на нашай ёлцы
Нестае галоўнай зоркі.
Снягурка.
Запалі яе, дзядуля,
Каб усім яна свяціла,
Шчасце ўсім вакол дарыла.
Усе. Ёлачка, запаліся!

Дзед Мароз робіць чароўныя пасы. Гучыць музыка. На ёлцы запальваюцца агні. Усе апладзіруюць.

Снягурка.
А зараз мой падарунак —
Калядны пачастунак.

Вавёркі і Зайчаняткі выносяць калядныя бліны, частуюць усіх. Дзед Мароз раздае падарункі і пачастункі. Гучыць музыка.
Удзельнікі свята спяваюць заключную песню — «Блін калядны» (Плюс). «Фанаграма песні Блін калядны» (Мінус).

Песня Блін калядны

Усе разам.
Блін калядны —
Добры, ладны!
Нам далёкая дарога
Ў лес ад вашага парога!
Воўк.
Каляду, Каляду,
Сеў Воўк на ляду!
На ляду, на лёдзе:
Бліноў Воўку годзе!
Баба-Яга.
Каляду-калядкі,
Смачныя аладкі!
Я да вас на Каляду
I на той год прыляту!
Заяц.
Каляду-каляды,
Зайка сёння рады.
Як бліноў пакаштавалі —
3 Воўкам мы пасябравалі.
Мядзведзь.
Каляду, Каляду,
У бярлогу спаць іду.
Смачныя аладкі —
Як пад’еў — стаў гладкі!

Госці пад музыку танцуюць з удзельнікамі вакол ёлкі. Снягурка і Дзед Мароз развітваюцца. Але, не стрымаўшыся, далучаюцца да тых, хто танцуе. Танцуюць усе.

Дадатак

Ноты выкарыстаных песняў:

«Песня Вароны» 1 ст.  2 ст.  3 ст.  4 ст.
«Песня Бабы-Ягі» 1 ст.  2 ст.  3 ст.
«Песня Лісы і Ката» 1 ст.  2 ст.  3 ст.
«Песня Вавёрак» 1 ст.  2 ст.
«Песня Зайца» 1 ст.  2 ст.
«Песня Снягуркі» 1 ст.  2 ст.  3 ст.  4 ст.
«Песня пра ёлачку» 1 ст.  2 ст.  3 ст.
«Песня Мядзведзя» 1 ст.  2 ст.  3 ст.
«Песня Казы» 1 ст.  2 ст.
«Песня Блін калядны» 1 ст.  2 ст.  3 ст.