сцэнарыі святаў на беларускай мове

Якіменка Алена Мікалаеўна - настаўніца музыкі вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі сярэдняй школы № 4 г. Жодзіна. Музычнае і тэатральнае мастацтва: праблемы выкладання Красавік 2010 г.

Калядныя забавы

Сцэна аформлена ў выглядзе беларускай хаты, упрыгожана вышыванымі ручнікамі.

Дзеючыя асобы
Каза
Мядзведзь
Хлопчык з зоркай
Цыганка
Механоша
Песельнікі-калядоўшчыкі (хлопчыкі і дзяўчынкі)
Гаспадары
Гаспадыня
Песельнікі-калядоўшчыкі (разам). Добры вечар таму, хто ў гэтым даму! (Кланяюцца гаспадарам хаты.)
Гаспадар з гаспадыняй. Добры вечар! Праходзьце, калі ласка.
Хлопчык. Нам не хочацца чакаць, будзем мы калядаваць (усе ўдзельнікі разам).
Песельнікі-калядоўшчыкі (па чарзе).
Мір вашаму дому, быць пірагу ядому.
Даўно да вас збіраліся, ды ледзь-ледзь сабраліся.
Мы з зоркай ідзём, на ўвесь свет радасць нясём.

3 песняй «Учора звячора» (пяць куплетаў) у хату ўваходзіць увесь гурт калядоўшчыкаў.

Ноты песні Учора звячора
Учора звячора
Засвяціла зора.*

Зора засвяціла —
Свет узвесяліла.

Свет узвесяліўся,
Хрыстос нарадзіўся.

Хрыстова раджэнне —
Людзям на збаўленне.

Людзі, прыбягайце —
Хрыста прывітайце.

* Кожная страфа паўтараецца.



Песельнікі-калядоўшчыкі (па чарзе).
Прыйшлі да вашай хаты, каб была ваша сям’я багата.
Каб увесь год быў шчаслівым, былі буйныя вашы нівы.
Каб былі збожжа поўныя клеці.
I каб вы мелі павагу ва ўсім свеце (разам).

Спяваюць песню «Будзь ваша здароў».

Ноты песні Будзь ваша здароў
Будзь ваша здароў,
Як рыжык бароў!
Гэй, каляда, калядзіца!*

Май торбу грошай,
Жыві ў раскошы.

Май усяго даволі,
А бяды — ніколі!

Стары год канчаем,
Новы зачынаем:

3 ранняю вясною,
3 буйнаю травою,

3 збожжам каласістым,
3 зярном ядраністым,

Ды з прыятным летам,
I з громам пры гэтым,

I з восенню яснай,
I з долечкай шчаснай!

* Прыпеў «Гэй, каляда, калядзіца!» паўтараецца пасля кожных двух радкоў.



Гаспадар. 3 чым вы прыйшлі, калядоўшчыкі?
Песельнікі-калядоўшчыкі. А прыйшлі мы да вас з казою шэраю, вясёлаю (выводзяць казу).
Дзяўчынка. А ну, Каза, павярніся, гасцям добрым пакланіся!
Каза (рассыпаючы жыта).
— Бе-бе-бе.
Святкуем Калядкі —
Лавіце зярняткі!
Лавіце рукой,
Каб добры быў настрой!
Каб моцна грэла сонца —
Кіну ў аконца.
Майце ўсяго даволі,
А бяды — ніколі.
Нікога не хвалюйце,
А ўсім святло даруйце.
Гаспадыня. Дык няхай яна паскача!
Песельнікі-калядоўшчыкі. А ну, Каза, павярніся, добрым людзям пакланіся!

Пад песню «Го-го-го, каза» Каза скача, брыкаецца і валіцца на падлогу

Ноты песні Го-го-го каза
Го-го-го, каза,
Го-го-го, шэра.*
Дзе рожкі дзела?
— На соль праела.

Лезь, каза, на печ,
Пакажы чапец.
Лезь, каза, на кут,
Пакажы хамут.

Лезь, каза, на пол,
Пакажы хахол.

На печы авёс
Вялікі парос.
На палу жыта
Нагамі збіта.

А ў тым жыце
Перапёлачка.

Вывела дзеці —
Міла глядзеці.

Дзе каза ходзіць,
Там жыта родзіць.

Дзе каза рогам,
Там жыта стогам.

Дзе каза нагой,
Там жыта капой.

Дзе каза хвастом,
Там жыта кустом.

* Прыпеў «Го-го-го, каза, го-го-го, шэра» выконваецца перад кожнай страфой.



Песельнікі-калядоўшчыкі (па чарзе).
Ай-яй-яй!
Дзе Каза ходзіць, там жыта родзіць.
Каб Каза устала, трэба даць ёй кусок сала (разам).
А на кожны ражок павесіць піражок.
Гаспадары частуюць Казу.

Хлопчык. Гэй, дзяўчаты, расступіцеся ды на Цыганку падзівіцеся.
Цыганка.
Прыйшла я да Вас на свята,
Хата ў цябе, гаспадар, багата.
Я цыганка маладая, я цыганка не прастая,
Я умею варажыць, я хачу паваражыць.
Пакажы-ка, барын, ручку,
Налажы-ка грошай кучку.
Усю праўду скажу, усю ісціну (варожыць).
(Падыходзіць са «снапом» (каласкамі) у руцэ.)
Дазволь, гаспадар, паваражыць на ўраджай.
Цягні каласок. Калі выцягнеш доўгі і поўны —
Ураджай будзе шыкоўны.
А калі саломінка будзе тонка,
То ў гумне тваім будзе звонка.
Дзякуй табе, гаспадар, за ласку,
Што не даў у абразку.
Песельнікі-калядоўшчыкі.
А зараз, гаспадарочкі, пачастункі нясіце.
(Гаспадары дораць пачастункі.)
Дзякуй вам, людцы, за тое, што прынялі, з хаты не выгналі, з намі шчыра пагулялі ды прысмакаў надавалі.
Каб у хаце быў мір і спакой.
У гумне — жыцейка ракой.
Каб спінка не балела.
Каб скацінка не хварэла.
Каб вы з намі цераз год зноў вадзілі карагод (разам).
Бывайце, сябры, бывайце, дабра нажывайце, свае шчасце напаткайце.
Ды праз год нас чакайце (разам)!
3 песняй «Будзь ваша здароў» калядоўшчыкі з гаспадарамі водзяць карагод.

Песельнікі-калядоўшчыкі. А мы пайшлі ў другую хату, нас там чакаюць. Да пабачэння (разам)!


Спіс выкарыстаных крыніц
1. Беларускі дзіцячы фальклор. Традыцыйныя запісы, апрацоўкі і аўтарскія творы / склад. А. М. Аляхновіч, М. В. Рахчэеў, А. С. Фядосік, У. Д. Каструлёў. — Мінск : Беларусь, 1994.
2. Беларускае свята ў школе. 3 вопыту работы Уздзенскай санаторнай школы-інтэрната : дапам. для настаўнікаў і выхавальнікаў / аўт.-уклад. Л. В. Пармон, Л. П. Сахарэвіч, Н. П. Трыгубовіч. — Мінск : Беларусь, 2002.
3. Дзіцячы фальклор / рэд. К. П. Кабашнікаў. — Мінск : Навука і тэхніка, 1972.
4. Матэрыял радыёперадачы «Галасы стагоддзяў».
5. Ходзіць жораў па таку / склад. Г. А. Барташэвіч. — Мінск : Навука і тэхніка, 1993.



Яшчэ на гэту тэму:

«Прыйшла каляда да вашага двара!»     Запрашаем на калядкі