сцэнарыі святаў на беларускай мове

Алена МАСКЕВІЧ, педагог Роднае слова 2011 Снежань

Зімовая калядная казка

Сцэнарый тэатралізаванага прадстаўлення

Трэба ведаць - сэрца просіць,
Як дзядам, бацькам жылося,   
Як сахой даўней аралі,
Як смычком зямлю бярлялі,
Як з сявенькі збожжа зерні
Рассявалі чорнай жменяй...
Трэба ведаць... Што зазналі...
Трэба ведаць... І пра тое,
Апраналі што? I якое?
Трэба ведаць.
Пятрусь Броўка.

Дзейныя асобы: калядоўшчыкі, Гаспадар, Гаспадыня, Каза, Цыган, Цыганка, Мядзведзь, Кабыла, Музыка, Баба Яга, Яшчар.
Частка залы ці сцэна прыбраны пад беларускую хату. На пачэсным куце, пад абразамі, стаіць "каляда" - рэшата з сенам, на версе якога гаршок з кашай-куццёй.

1-ы калядоўшчык (стукаючы ў дзверы). Ой, ці дома гаспадар? Ці дома гаспадыня?
Гаспадар. Дома, дома, сталы дубовыя накрываем, гасцей дарагіх чакаем.
Гаспадыня. Праходзьце, госцейкі доўгачаканыя, калядкамі званыя!

Шырока адчыняюцца дзверы, заходзяць усе калядоўшчыкі. Яны нясуць упрыгожаную зорку.

2-і калядоўшчык (кланяецца гаспадарам). Добры вечар, шчодры вечар, добрым людзям на ўвесь вечар!
3-і калядоўшчык. Добры вечар таму, хто ў гэтым даму!
4-ы калядоўшчык. Нам не хочацца чакаць, загадайце калядаваць.
Гаспадар і Гаспадыня (разам). Просім! Просім! Калі ласка, пачынайце!
5-ы калядоўшчык. Мы вашага двара не абмінаем, са святым Раством велічаем!
1-ы калядоўшчык. Бачым, агні гараць, сталы стаяць пазасціланыя.
2-і калядоўшчык. Сталы пазасціланыя, а на іх пірагі павыпяканыя.
3-і калядоўшчык. I хоць вы адсеяліся даўно, але дазвольце і нам пшанічку пасеяць.
Калядоўшчыкі (разам). Сеем, сеем, пасяваем, шчасця, радасці жадаем!

(Адзін з калядоўшчыкаў сее пшаніцу, шчодра сыпле на стол, на печ, на падлогу.)

4-ы калядоўшчык (гучна). А цяпер - калядная, пачынальная, для гаспадыні велічальная!
(Спяваюць.)

Калядоўшчыкі (разам).

Ішла Каляда калядуючы,
А за ёй моладзь жартуючы.
Цётка Наста на ляду
Рассыпала "каляду".
Цётачка, не гуляйце,
Вы "калядку" падбірайце,
Маладосць успамінайце,
Як спявалі, як гулялі,
Як зімой калядавалі.

5-ы калядоўшчык. А яшчэ з дарогі дальняй гаспадару велічальную! (Спяваюць.)
Калядоўшчыкі (разам).

Едуць, едуць Калядкі,
Вязуць бліны й аладкі -
Святы вечар!
На сівенькім канёчку,
Маляваным вазочку -
Святы вечар!
Гаспадар нас прывячае,
Усе вароты адчыняе -
Святы вечар!
Будзе радасць вам за гэта:
Ураджай і добра лета -
Святы вечар!

Гаспадар і Гаспадыня (разам). Дзякуй, дзякуй за словы добрыя! За пажаданні прыемныя!
Цыганка. Ой, вы слаўныя ды харошыя, як медныя грошы, ці вытрываюць вашы масніцы, ці не лопнуць, каб нам добра паскакаць, яшчэ й моцна тупнуць?
Гаспадар і Гаспадыня (разам). Скачыце, і старых, і маладых павесяліце.
1-ы калядоўшчык (гучна).
Эх, Калядка, разыдзіся,
Па ўсіх вуглах разбяжыся!

(Усе танцуюць польку-трасуху, якая, бы мяцеліца, кружыць у вясёлай віхуры па хаце.)
(Тым часам Цыган ужо прадае гаспадару кабылу.)

Цыган (гучна). Купі, гаспадар, кабылу, паўсвету пройдзеш, а такой не знойдзеш. Купі!
(Кабыла, стаміўшыся з дарогі, падае пасярод хаты.)
Цыган. А-я-яй! Вось дык дзіва, у цябе, гаспадар, прапала кабыла, праз гэту чэсць давай рублёў з шэсць, ды, каб устала, дай ёй шматок сала, а каб з хаты на сваіх пайшла, дай, гаспадарок, мяшок аўса.
Гаспадар. Ты, як бачу, мастак карункі плясці, мне ж за аўсом далёка ісці. Але на вось грошы, каб заўсёды быў шлях твой харошы.
Гаспадыня. Вось і разабраліся, нібы на кірмашы. Людзі добрыя, госці чаканыя, адкуль вы да нас завіталі?
2-і калядоўшчык. А мы людзі не простыя, мы з далёкага краю, з шэрай Казою лета здабываем.
3-і калядоўшчык. Ад зімы да лета ідзём, усім шчасце, здароўе і радасць нясём.
4-ы калядоўшчык (гучна). Гэй, Козачка, шэрая, пакажыся, павярніся, добрым людзям пакланіся!
Гаспадар. А няхай яна паскача, усіх нас павесяліць!

(Пад вясёлую музыку ўбягае Каза. Яна весела скача, бадаецца і брыкаецца. Усе пачынаюць вадзіць карагод, спяваюць песню.)

Калядоўчыкі (разам).

Го-го-го, Каза,
Каза шэрая,
Дзе Каза ходзіць,
Там жыта родзіць,
Дзе Каза рогам -
Там жыта стогам.
Дзе Каза нагою -
Там жыта капою.
Дзе Каза хвастом -
Там жыта кустом.

(Каза паважна ходзіць у сярэдзіне карагода. Раптам яна валіцца на падлогу, нібы памірае.)

Гаспадар. Ой, людзі добрыя, што ж гэта робіцца, то Кабыла валіцца на бок, то Каза падае?
5-ы калядоўшчык. А што ж гэта будзе? Без яе і сонейка да нас не завітае, вясна-красна не прыйдзе, ураджаю добрага не будзе (плача).
Цыганка. А я ведаю, гаспадарок, што Козачцы трэба: каўбаскі з віток ды бохан хлеба.
1-ы калядоўшчык. А яшчэ, каб упрыгожыць ёй рожкі, начапі, гаспадынька, на іх па піражку.
2-і калядоўшчык. А яшчэ будзе Каза сытай, як паесць добра жыта. I каб хутчэй падымалася, трэба, каб мёдам пачаставалася.

(Гаспадыня частуе Казу, тая, крышку паеўшы, весела ўскоквае.)
(Усе спяваюць.)

Калядоўшчыкі (разам).

Ой, Калядачкі, бліны-ладачкі,
Ой-ля-лёшанькі, ой-ля-ля!
Калядкі блізка, каўбаскі нізка.
А Калядачкі набліжаюцца,
Ой-ля-лёшанькі, ой-ля-ля!
А каўбасачкі падніжаюцца,
Ой-ля-лёшанькі, ой-ля-ля!
Такіх святачак ды з дзясятачак,
Ой-ля-лёшанькі, ой-ля-ля!

Гаспадар. Дзякуй, госці дарагія, з вамі і мы памаладзелі. Але штосьці музыкі не чуваць, хіба музыкі за цёплай печчу задрамалі.
Музыка. Ды тут мы, паважаны гаспадар, за­раз пацешым вас мелодыяй вясёлай.
Цыган. Ай-яй-яй! А людцы добрыя, а мы ж Міхайлу замарозілі, у двары прывязаўшы. Ай-я-яй!
Гаспадар. Які гэта Міхайла замёрз у нашым двары?
Цыганка. У цёмным бары мы мядзведзя сустрэлі, да вас прывялі.

(Цыган пад музыку вядзе Мядзведзя, той рыкае, усе палохаюцца.)

Цыган. Ну, хопіць, Міхайла, палохаць усіх, лепш прывітайся з людзьмі. (Мядзведзь вітаецца паклонам.)
Цыган. Міша, а ці не пакажаш ты нам, як п’яны дзядзька дамоў валачэцца?
(Мядзведзь, хістаючыся, ходзіць па крузе.)
Цыган. Я ведаю, Міхайла, як ты любіш музыку, і хоць у народзе кажуць, што няздатны ты да скокаў, але гэта няпраўда. Музыкі, калі ласка, "цыганачку"!

(Гучыць мелодыя вясёлага танца. Мядзведзь, танцуючы за цыганку, смешыць гасцей і гаспадароў.)

Каза. Дзякуй нашым артыстам за танец. Цяпер просім гаспадароў дазвол даць, каб у цікавую гульню пагуляць.
Гаспадыня. Калі ласка, гуляйце, сваіх звычаяў, традыцый не забывайце.
Каза. То будзем гуляць у "Яшчара".
Усе (разам). Згодны. Давайце пагуляем.
Каза. Хто ведае гэтую гульню?
3-і калядоўшчык. Я ведаю. Выбіраем Яшча­ра, і ўсе, хто хоча пагуляць, даюць Яшчару якую-небудзь рэч: насовачку, пярсцёнак, грэбень ці іншае. Рэч гэтая будзе называцца вяночкам, які абавязкова трэба забраць у Яшчара. За вяночак ён загадае спець, паскакаць, загадку загадаць ці то каго пацалаваць. Не адкупішся - застанешся з Яшчарам.

(Выбраны Яшчар сядзіць у крэсле, усе спяваюць яму песню, водзячы карагод.)

Усе (разам).

Яшчар, Яшчар, паночак,
Проша аддаць вяночак,
Ой, я ж яго руціла,
Пару злотых плаціла,
Пару злотых чырвоных
За вяночак зялёны,
Два конікі-іржакі,
Два музыкі-казакі,
Дзве шабелькі ясныя,
Дзве паненкі красныя.

(Яшчар, не гледзячы, бярэ хусцінку і кажа: "Гаспадару ці гаспадыні гэтага вяночка трэба спець, іначай вяночак застанецца ў мяне, а гэта дрэнна - шчасця не будзе".)

Гаспадыня (выходзячы). Ды ўжо ж спяю, пан Яшчар.
(Спявае.)

Цячэ вада каламутна.
Чаго, дзеўка, ходзіш смутна?
Я не смутна, не сярдзіта -
Я была ўчора біта.
Біла мяне маці з ночы
За Івана кары вочы.
Шчэ й, казала, будзе біці,
Як яго буду любіці.

Гаспадар. Малайчына, Настачка, адкупілася ад Яшчара.
Яшчар (аддае "вяночак" Гаспадыні і прыгаворвае, паглядаючы на дзяўчат).

Сядзіць Яшчар на залатым крэсле,
На шчаслівым месцы,
Якую паненку палюблю,
Такую і ўхаплю.

(Кідаецца лавіць дзяўчат, тыя разбягаюцца.)
Яшчар (беручы рэч). А за гэты прыгожы "вяночак" падбяры скорагаворкі, што скаціліся з узгорка.
1-ы калядоўшчык.

Цябе, Яшчар, не баюся, скорагаворкай адкуплюся.
Пераелі, перапілі, пералушчылі,
Перапалолі, перамалолі, ператрушчылі.
Спакойна кроп палоў Пракоп,
Лёг пад кропам і захроп.

(Смех.)
Голас. Аддавай, Яшчар, і гэты "вяночак".
Яшчар. А вось за гэты "вяночак" нехта нам мусіць паскакаць.
2-і калядоўшчык. То мой вяночак. Зайграйце, музыкі, вясёлую "Кадрылю". (Усе танцуюць.)
Музыка. Фігура першая. Пачынальная.
Музыка. Фігура другая. Абмен дзяўчатамі.
Музыка. Фігура трэцяя. Развітальная.
(Пасля танца.)
Цыганка (дастае з рэшата некалькі сухіх травінак, разглядае іх). А жыць вам, мае брыльянтавыя, доўга ды зладжана - так, як гэтыя доўгія і пераблытаныя паміж сабою сухія травінкі. А каб у вас было чыста ў хаце, не вадзілася, крый Божа, нячыстае і дрэннае, няхай наша Баба Яга абмяце сваёй чароўнай мятлой чатыры куты вашай хаты. Бабуля, дзе ты падзелася? Здаецца, толькі скакала "Кадрылю".

(Усе шукаюць Бабу Ягу. Яна спіць на палку каля печы.)

Баба Яга (пацягваецца). Вой, як змарыў мяне сон у цёплай хаце, а я ж працую на холадзе. Добра, абмяту я вашу хату, бо бачу, людзі вы добрыя, харошыя.
(Абмятае мятлой вуглы, пераскоквае на мятле з кута ў кут пад музыку.)
3-і калядоўшчык паклонам). Дзякуй гэтаму дому, ці не пара нам ісці к другому?
4-ы калядоўшчык. Дзякуй вашай хатцы, ці не пара вымятацца?
5-ы калядоўшчык. Каб вы здаровыя былі, каб Бог падоўжыў вам гады!
1-ы калядоўшчык. Каб пшаніца і жыта ўрадзілася!
2-і калядоўшчык. Ды жывёла заўсёды вадзілася!
3-і калядоўшчык. Каб радзілі памідоры, агурочкі, а гаспадары цвілі, што кветкі ў садочку!
Каза (сыплючы жытам). А я сыплю жыта на шчасце, здароўе, на доўгае жыццё! А крынічкай вады, каб не зналі бяды, ды трошкі солі, каб не зналі нашчадкі кепскае долі!
4-ы калядоўшчык. А цяпер хутчэй дарыце, нас не марыце!
5-ы калядоўшчык. Бо кароткія світкі, памерзлі лыткі.
Цыган. Кароткія кажушкі, павылазяць душкі.
Цыганка. Гаспадынька, не скупіся, пірагамі адары нас.
Баба Яга. Нясі сала, ды нямала! А ў мяшэчку, каб не траска, ты накінь яшчэ й каўбаску!
(Гаспадары кладуць пачастункі гасцям у торбу.)
Усе (разам). Дзякуй вам за пачастункі, за сардэчныя дарункі. Пойдзем мы калядаваць, усіх са святам вітаць!
Гаспадар і Гаспадыня (разам).

Шчасліва хадзіце,
Здаровы бывайце,
У наступным годзе
Зноў завітайце!

Музыка (гучна). Вясёлая, адыходная, шчодрая, калядна-паходная!
(Пад музыку госці выходзяць.)