сцэнарыі святаў на беларускай мове

Ганна РАДЗЬКОВА, настаўнік беларускай мовы і літаратуры Матнявіцкай яслей-сада - базавай школы Чачэрскага раёна. Роднае слова 2014/8

Дажынкі

Фальклорнае свята(VIII - IX клас)

Мэта: садзейнічаць фарміраванню грамадзянскіх адносін да духоўнай спадчыны, развіваць пачуццё нацыянальнай годнасці, абуджаць цікавасць да народных традыцый беларусаў.
Задачы: захоўваць I творча памнажаць нацыянальную спадчыну.

ХОД МЕРАПРЫЕМСТВА

Дзейныя асобы: Гаспадар, Гаспадыня, Дачка, Настуля, Ганначка, Дзяўчына, Жанчына, жнеі.
Удзельнікі апрануты ў нацыянальныя святочныя строі.

Дачка.
Пайду ў поле жаці.
Блаславі, маці.
Гаспадыня. Дай нам, Божа, у полі роду, у хаце згоду.
Мяне мая бабуля вучыла, і я цябе вучу. Перш чым пайсці жыта жаць, трэба хату прыбраць, стол чыстым абрусам заслаць. Хлеб, соль на стол пакласці. 3 сабой вазьмі сала, хлеб, соль і квас.
Гаспадыня з дачкой выходзіць на сцэну, дзе сустракаюцца са жнеямі.
• Выкананне песні-карагода “Пойдзем, дзеванькі”.
Пойдзем, дзеванькі, жыта дажынаць.
Ой, люлі, ой, люлі, жыта дажынаць.
Мы жыта дажнём, снапок прыбяром.
Ой, люлі, ой, люлі, снапок прыбяром.
Снапок прыбяром, вяночак спляцём.
Ой, люлі, ой, люлі, вяночак спляцём.
3 новай мукі каравай спячом.
Ой, люлі, ой, люлі, каравай спячом.
Хлебаробаў усіх праслаўляць будзем.
Ой, люлі, ой, люлі, праслаўляць будзем.
Песенькі спяваць будзем.
Ой, люлі, ой, люлі, спяваць будзем.
Песенькі спяваць будзем, здароўя жадаць.
Ой, люлі, ой, люлі, здароўя жадаць.
Карагод вадзіць, старшыню хваліць.
Ой, люлі, ой, люлі, старшыню хваліць.
Гурт ідзе на ніву.
• Выкананне песні “Цвіла лілея”.
Ой, у садочку цвіла лілея,
Дажала жыта старшая жнея.
Па нашым полі беглі лябёдкі,
Дажалі жыта нашы малодкі.
Па нашым полі беглі ягняты,
Дажалі жыта нашы дзяўчаты.
Дзяўчына. Вось і жыта пажалі,
Каласкі пазбіралі.
I прыйшло на нашу нівачку
Свята добрае - дажыначкі.
1-я жняя.
Маці-зямліцы падзякаваць трэба
За тое, што ўсіх надзяліла нас хлебам:
Ёй паклонімся нізка-нізка,
Бо яна ўраджаю калыска.
Усе кланяюцца. Старэйшая жанчына ідзе з вяночкам да маладых дзяўчат.
Жанчына.
Добрая была ніва,
Добрае жыта ўрадзіла.
3 жыта зрабілі снапочак,
Звілі з яго мы вяночак.
А каму падараваць?
Гэта трэба ў вас, жнейкі, спытаць.
Выбіраецца лепшая жнейка.
Жанчына.
Добра ўсе працавалі,
А руплівей за ўсіх жнейка-Надзейка.
Ёй вяночак звівалі,
Дык бяры яго хутчэй!
Жанчына надзявае на галаву вянок.
Віншуем цябе з вянком,
Хай жыццё ідзе ладком!
Хай уродзіць жыта на другое лета,
Спадыспаду - ужыніста,
А зверху каласіста,
А на таку ўмалотна,
А ў дзяжы падыходна!
2-я жняя. Настуля, а ці пакінула ты жыта на “бараду”*(*некалькі каласкоў на полі)?
Настуля. Пакінула.
• Выкананне велічальнай песні “Ой, чыя там барада”.
Ой, чыя там барада
Палатном абвітая.
Ой, дзіва, дзіва мне,
Дзіва етай барадзе.
Настуля. А хто ж будзе паліваць і палоць “бараду”?
3-я жняя. Будзе палоць “багіня”, тая дзяўчына, што панясе сноп і вянок да гаспадара.
4-я жняя. А хто будзе “багіняю”?
Настуля. А вось ты і будзеш, Ганначка, бо ты самая маладая і прыгожая.
Ганначка. А вы, цётачка, будзеце апошні сноп дажынаць, бо вы - старэйшая жняя.
Цябе пакідаем, каб жыта радзіла (кладзе хлеб і соль);
А косы сплятаем, каб росным было (павязвае стужку).
Вадой паліваем, каб густа ўзышло (палівае).
Паполем наўкола, каб чыста расло (поле праз рукаў).
Завіваем “бараду”
Стужкай каляроваю.
Дорым хлеб-соль і ваду,
Кветку васільковую.
Дзяўчаты выполваюць “бараду”, плятуць вянок. Каласы перавязваюць чырвонай стужкай.
Настуля.
А мы, дзяўчаты, у танок,
Упляцём гаспадару вянок,
Будзем кветачкі рваць,
Каб гаспадара ўшанаваць.
5-я жняя. А цяпер, дзяўчаты, давайце пакачаемся ды папросім у ніўкі здароўя.
Усе качаюцца па ніўцы.
Жнеі (разам).
Жыта мае рэдзенькае,
Баліць мая сярэдзінка.
А ты, ніўка, аддай мне сілку.
Спіна забалела, есці захацела.
Дай, Божа, нам здароўя
Дажынкі згуляці,
Каб на тое лета яшчэ жаці,
Жыта ядранейшае і гусцейшае.
Настуля.
Ураджай сабралі багаты,
Калі ласка, пойдзем дахаты.
Дажынкі будзем святкаваць,
Гуляць ды танцаваць.
• Выкананне песні “А ў нашага пана”.
3 гэтай песняй жнейкі ідуць да гаспадара.
Жнеі (разам).
А ў нашага пана дажынкі рана.
Люлі, люлі,
Дажыначкі рана.
Усё жыта пажалі,
У снапы павязалі.
Люлі, люлі,
У снапы павязалі.
Снапы павязалі,
У копы паскладалі.
Люлі, люлі,
У копы паскладалі.
А ў полі капамі,
На гумне стагамі.
Люлі, люлі,
На гумне стагамі.
На гумне стагамі,
У клеці карабамі.
Люлі, люлі,
У клеці карабамі.
У клеці карабамі,
У печы пірагамі.
Люлі, люлі,
У печы пірагамі.
Перад дваром гаспадара жнеі спыняюцца і выконваюць песню.
• Выкананне песні “Хадзі, выйдзі, пане гаспадару...”
Жнеі (разам).
Хадзі, выйдзі, пане гаспадару,
Да выглянь, выглянь да на сваю ніўку,
Што на тваёй ніўцы ды рыжэецца,
Ды рыжэецца, ды бялеецца,
Ды бялеецца, ды лілеецца.
Ды рыжэецца буйнае жыта,
Ды бялеюцца маладыя жнеі,
Ды лілеюцца сталёвыя сярпы.
Жанцы жалі - у копы клалі,
У копы клалі, сцірты мяталі,
Дзе горачка - там копачка,
Дзе даліначка - там сцірдачка...
Выходзіць гаспадар.
Гаспадар.
Хадзіце, жнеечкі, у мой двор
У мой двор, за цясовы стол.
У мяне сталы пазасціланы,
У мяне кубкі паналіваны.
6-я жняя. Хлеб-соль у гэтую хату. Прынеслі табе снапок з шырокага поля, з ядронага жыта. Гаспадар свайго гаспадарства не страціў, нам за снапок заплаціць, хоць чырвоныя боты для нашай ахвоты, жыта на ўраджай, а гаспадару на доўгі век.
Гаспадар.
Сноп я вазьму і на покуць пастаўлю,
А вас пакармлю і весяліцца застаўлю.
Настуля. Ды песень мы знаем багата.
Жнеі (разам).
Пасылала мяне маці (2 разы)
Яравое жыта жаці,
А я жыта не жала (2 разы),
У баразёнцы ляжала.
Баразёнка - вузенька (2 разы)
Не памесцілася.
Вунь Мікіта ідзе - (2 разы)
Мне арэшкі нясе.
Ці арэшкі лузгаць,
Ці Мікіту цалаваць. (2 разы)
Я арэшкі лузгала (2 разы)
I Мікіту цалавала.
7-я жняя. Гэй, музыка, зайграй весялей, мы пачнём святкаваць дажынкі далей.
Жнеі выконваюць танец “Базар”
Настуля. Ну што, гаспадар, ці не гатоў каравай?
Гаспадар. Не, не гатоў. Пакуль што адгадайце загадку:
Не шкадуюць мяне, мнуць,
У гарачую печ кладуць,
А як вымуць, дык нажом рэжуць.
Жнеі (разам). Каравай! Хлеб!
Гаспадар. Адгадалі. Пра што вас яшчэ спытаць.
Тысячы брацікаў звязаны,
Адным поясам падпяразаны.
Жнеі (разам). Сноп.
Гаспадар. А яшчэ: залатыя горы растуць у летнюю пору.
Жнеі (разам). Копы.
8-я жняя. Ой, гаспадар, хопіць.
Дажалі жыта? Дажалі ярчык?
Не шкадуй, гаспадар, каравайчык.
Гаспадар. Каравай яшчэ не спёкся, вось у чым справа.
9-я жняя. Тады паскачы нам.
Гаспадар. Напэўна, прыйдзецца! Э-эх!
Спявае і танчыць.
I слаб - не магу.
I не слаб - не магу!
Як музыкі зайграюць,
Ашалеўшы бягу.
Усе разам выконваюць танец. Гаспадар выносіць каравай і звяртаецца да жнеек.

Гаспадар. А цяпер, дарагія жнейкі, я вас запрашаю да багатага стала.
• Выкананне песні Святочная ўраджайная”.
1. Мы вясёлаю сям’ёй
Песні заспяваем,
Славім свята мы сваё,
Свята ўраджаю.
Эх, ляці ты, песня,
3 краю ў край,
Праслаўляй багаты ўраджай.
2. Ад прыроды мы спагад
Дома не чакаем.
Ураджай вялікі наш
Самі здабываем.
Эх, ляці ты, песня,
3 краю ў край,
Праслаўляй багаты ўраджай.
3. Весяліцца наш народ
Кожнае нядзелі,
Песні звонкія ў нас,
Радасць ды вяселле.
Эх, ляці ты, песня,
3 краю ў край,
Праслаўляй багаты ўраджай.
Гаспадар запрашае жней у хату.

Яшчэ на гэту тэму:

Наша ніўка залатая     Вяселля і радасці хопіць на усіх!