сцэнарыі святаў на беларускай мове

А. ЯРОШЫК, метадыст Цэнтра мастацкай творчасці навучэнцаў г. Маладзечна. Пачатковая школа Травень 2006 г.

Траецкае гулянне - для ўсіх замілаванне

Сцэнарый фальклорнага свята

Папярэдняя работа: дзеці развучваюць траецкія абрадавыя песні і танцы; можна зрабіць запіс шматгалосых траецкіх песень у выкананні дарослых і дзяцей; настаўнік загадзя расказвае вучням пра традыцыю святкавання Тройцы.

Абсталяванне: стол, абрус, посуд, бярозавыя галінкі, кольцы дыяметрам 25 см.

Дзеючыя асобы:
Вядучая.
Гаспадар.
Гаспадыня.
Русалка.
Гледачы: 1-ы, 2-і, 3-і.
Дзяўчынкі: 1-я, 2-я, 3-я, 4-я, 5-я, 6-я, 7-я, 8-я, 9-я.

Свята праводзіцца на адкрытай пляцоўцы. 3 аднаго боку пляцоўкі ўстанаўліваецца стол, на ім рассцілаецца абрус і расстаўляецца посуд. 3 другога боку — на дзвюх стойках замацоўваюцца бярозавыя галінкі, стойкі нахіляюцца адна да адной і звязваюцца стужкамі.
Перад правядзеннем свята ўсе яго ўдзельнікі спяваюць песню "Ой ты, Тройца"(гл. дадатак).

Абрад "Ваджэнне куста"

Выходзяць вядучая і гурт дзяўчынак, якія спяваюць песню "Ой, вывяду куст я" (гл. дадатак) і водзяць карагод. У цэнтры яго становіцца дзяўчынка, якая апранута "кустом". Да стала падыходзяць Гаспадар і Гаспадыня. Дзяўчынкі робяць круг па пляцоўцы.

Вядучая. Цераз наша сяло
Дзявочае войска ішло,
А сяльчане не здзівіліся,
Што такія ў нас нарадзіліся.
1-ы глядач.
Дай вам Бог,
Нашы дзевачкі,
Што вы ўсе
Прыгожы паненачкі!
Дзяўчынкі падыходзяць да Гаспадара і Гаспадыні, разам вітаюцца: "Добры дзень у хату!".
1 -я дзяўчынка.
У гэтым двары
Гаспадары харошы,
Не пашкадуюць
Нашаму кусту грошай!
2-я дзяўчынка.
Мы звілі куста
3 зялёнага клёну,
Ой, выйдзіце, пане,
Ды з новага дому!
Гаспадар.
Госці прыехалі
Да нас на залатым кані,
У зялёным саф'яне!
Гаспадыня.
Міласці просім,
Дарагія госці!
Дзяўчынкі спяваюць песню "Пава ляцела" (гл. дадатак), ухваляючы гаспадароў хаты.

3-я дзяўчынка.
Прыйшлі мы да вас з паклончыкам,
А выйсці павінны з гасцінчыкам!
Воўк кожны год ліняе, а звычая не мяняе!
Гаспадыня.
Даём вам, госці, пірог,
Каб ён вам сілу збярог!
Гаспадар.
"Куста" ваша малада і хароша.
За яе вам дадуць яшчэ і грошай!
4-я дзяўчынка.
Яна молада і весела.
Яе вадзіць па сялу будзем да вечара!
5-я дзяўчынка.
Дзякуй за ўсё.
Няхай вясёлым будзе
Ваша жыццё!
Няхай багата
Будзе ежа і піццё!
Гаспадар.
За добрыя словы
Вазьміце яшчэ квас.
Гаспадыня.
I на другі год
Прыходзьце да нас!
Дзяўчынкі спяваюць песню "Ой, вывяду куст я" (гл. дадатак) і ідуць у адзін бок пляцоўкі, Гаспадар і Гаспадыня — у другі.

Абрад "Завіванне бярозак. Кумаванне"
Выходзяць дзяўчынкі, у дзвюх з іх вяночкі на галовах, і спяваюць песню "Ай, не радуйся, зялён дуб" (гл. дадатак).
6-я дзяўчынка.
Пойдзем, дзевачкі, ва лужочкі
Завіваць вяночкі
На ячмень каласісты,
На авёс расісты,
На грэчку чорную,
На капусту белую!
7-я дзяўчынка.
Узрадуйся, бела бяроза!
Да цябе ідуць дзеўкі красныя.
Табе нясуць яечню смачную,
Табе пяюць песні звонкія!
Дзяўчынкі становяцца па парах так, каб у пары апынулася адна дзяўчынка з вянком, танцуюць і спяваюць песню "Пойдзем лугам" (гл. дадатак).

Вядучая.
Кумушкі галубушкі,
Не сварыцеся,
Памірыцеся.
А памірыўшыся,
Пакуміцеся!
Кожная пара дзяўчынак трымае ў руках вянок і тройчы праз яго цалуецца. Потым вянок надзявае другая дзяўчынка з пары, яны трымаюцца за рукі і выходзяць.
Вядучая прапануе дзяўчынкам паваражыць, загадаць жаданне і па кінуць свой вянок на бярозе.

8-я дзяўчынка.
Калі ты, мая доля, шчаслівая,
Цвіці, вяночак, як васілёчак!
9-я дзяўчынка.
Калі ж мая доля няшчасная,
Ссохне вяночак, як сухарочак.
8-я дзяўчынка.
Няхай вянкі вісяць,
Не засыхаюць,
Ды нас дажыдаюць!

Праводзіцца гульня "Мост". Дзеці становяцца ў шарэнгу і бяруцца за рукі. Ад іх адыходзяць двое, становяцца тварам адзін да другога і таксама бяруцца за рукі. У іх пытаюцца: "Яваровы людзі, чаго стаіце?", яны адказваюць: "Мы тут стаім, мост пад¬аем", іх просяць: "Прапусціце!", яны адказваюць: "Мы вас прапускаем, аднаго сабе пакідаем!". Двое падымаюць рукі ўгору, усе праходзяць пад імі, акрамя апошняга. Перад ім рукі апускаюць, і ён адыходзіць убок. Гульня пачынаецца зноў.

Абрад "Провады русалкі"

Вядучая.
На Гранай нядзелі русалкі сядзелі.
Русалкі сядзелі, на дзевак глядзелі.
Выходзяць дзяўчынкі, яны вядуць русалку — высокую дзяўчынку з распушчанымі валасамі, апранутую ў доўгае белае або блакітнае адзенне. Вядучая надзявае ёй на галаву вянок. Русалка ганяецца за дзяўчынка мі і спрабуе якую-небудзь схапіць, тыя ў сваю чаргу стараюцца сарваць з яе галавы вянок. Дзяўчынка, якой гэта ўдасца зрабіць, бярэ русалку за руку і выходзіць наперад.
7-я дзяўчынка.
Правяду Русалку у зялёны бор,
А сама вярнуся на таткаў двор.
8-я дзяўчынка.
Правяду Русалку за гору,
А сама вярнуся дадому.
9-я дзяўчынка.
Правяду Русалку за воду,
Сама вярнуся да свайго роду.
Дзяўчаты разам з русалкай танцуюць і спяваюць песню "Па лужкам, лужкам" (гл. дадатак).
Вядучая праводзіць гульню "Кольцы". На пляцоўцы загадзя ўбіваюць у зямлю некалькі калкоў рознай вышыні. Гульцы спаборнічаюць, хто з іх накідае больш кольцаў на калкі.


Абрад "Вечарына"

З'яўляецца гурт дзяўчат з "кустом".
1 -я дзяўчынка.
Вось у гэтай хаце
Кусту піць, есці даці.
2-я дзяўчынка.
Вось тут кусту
Ды на станцыі стаяці.
3-я дзяўчынка.
Са Стаўбцоў бачу
Дзевак і хлапцоў!
2-і глядач.
I яшчэ са Слуцку,
Дзе гуляюць па-людску.
3-і глядач.
А таксама з Любані,
Што б гэта вы думалі?
Вядучая.
Але ўсім добра вядома, канешне,
Лепшыя хлопцы і дзеўкі ў Маладзечне!

Вядучая праводзіць гульню "Пошта". Кожны з гульцоў выбірае сабе назву якога-небудзь беларускага горада. Усе становяцца ў круг, не трымаючыся за рукі. Аднаму завязваюць вочы, ён выходзіць на сярэдзіну і называе два гарады. Дзеці, якія выбралі сабе гэтыя назвы, павінны перабегчы праз круг і памяняцца месцамі так, каб іх не пачуў той, хто стаіць у сярэдзіне круга. Калі ён зловіць каго-небудзь, то мяняецца з ім месцам.
Дзеці спяваюць прыпеўкі.


1 -я дзяўчынка.
Ты, музыка, нам іграй,
Танцаваць не замінай.
Ногі самі рвуцца ў пляс,
Бо прыпевачкі у нас.
Выканаўцы пляскаюць у далоні два разы і прыгаворваюць: "Мы прыпеўкі вам спяваем", потым зноў два разы пляскаюць у далоні і спяваюць: "Бо на то жаданне маем".
1-ы глядач.
Раскажу вам навіну.
Стаў я разжывацца:
Прадаў сена,
Купіў дзверы,
Пачаў замыкацца.
Выканаўцы зноў пляскаюць у далоні і прыгаворваюць: "Мы прыпеўкі вам спяваем" і спяваюць: "Бо на то жаданне маем".
2-я дзяўчынка.
Чаравікі ту-пу, ту-пу,
Бацька кажа: "Куплю, куплю".
Маці кажа: "Не купляй,
Дачцэ волі не давай".
Выканаўцы паўтараюць прыпеўкі.
Праводзіцца гульня "Калім-бам-ба". Гульцы становяцца ў дзве шарэнгі, адна насупраць другой. Гуль¬цы ў першай шарэнзе кажуць: "Ка-лім-бам-ба!", у другой пытаюцца: "Нашто слуга?", у першай адказваюць: "Прышыць рукавы", у другой пытаюцца: "На чые бакі?", у першай адказваюць: "Пятае, дзесятае... (называюць імя аднаго з гульцоў з першай шарэнгі) сюды!". Названы гулец бяжыць да шарэнгі насупраць і спрабуе разарваць яе. Калі гэта ў яго атрымаецца, то ён вядзе аднаго з гульцоў першай шарэнгі ў сваю, калі не, то сам застаецца там. Да¬лей гульню пачынаюць гульцы з другой шарэнгі.

Дзеці танцуюць і спяваюць песню "Зайграй жа мне, дударочку" (гл. дадатак).

Вядучая.
Ці была ты,Тройца,
Ці не бывала?
Зусім ненадоўга
Да нас завітала.
Дзеці разам спяваюць песню "Ой ты, Тройца". Вядучая ўсім дзякуе за ўдзел у свяце (гл. дадатак).

Дадатак

Ноты песні Пава ляцела
Пава ляцела, пер'е раняла.
А гаспадыня пер'е збірала.
Пер'ем падушкі ды набівала.
Долі шчаслівай родным жадала.
Перша падушка — сыну Алёшы.
Дай яму, Божа, багата грошай!
Друга падушка — дачцэ паднесці,
У новай хаце за мужам сесці.
Трэцю падушку — гаспадару даці.
Шчасце і згода хай будуць у хаце!
Ноты песні Ой ты троіца
Ой ты, Тройца,
Прасвятая Багародзіца.
А хто лён пасеяў,
То няхай зародзіцца.
Ноты песні Пойдзем лугам
Пойдзем, пойдзем лугам,
Лугам зеляненькім.
А у лузе цвітуць цвяточкі,
Там дзяўчаты водзяць таночкі.
Многа песень спета
Пра шчодрае лета.
Толькі Ганначка не спявае,
У буйных травах кветкі збірае.
Кветкі сабірае,
У вяночак уплятае:
Пакацісь, вяночак, у садочак,
Дзе жыве мой мілы дружочак.
Пойдзем, пойдзем лугам,
Лугам зеляненькім.
А у лузе цвітуць цвяточкі,
Там дзяўчаты водзяць таночкі.
Ноты песні Па лужкам
Па лужкам, лужкам, лужкам разлівалася вада.
Эй, лі, эй, да люлі, разлівалася вада.
Разлівалася вада, рассцілалася трава.
Эй, лі, эй, да люлі, рассцілалася трава.
Што па той жа да па траве дзеўкі водзяць карагод.
Эй, лі, эй, да люлі, дзеўкі водзяць карагод.
Адна дзеўка лепш за ўсіх, па убору лепш за ўсіх.
Эй, лі, эй, да люлі, па убору лепш за ўсіх.
Ноты песні Зайграй жа мне дударочку
Зайграй жа мне, дударочку, а я патанцую.
Курка яйка мне знясе, табе падарую.
Прыпеў:
Тум-тум, тум-та, тум-та,
Табе падарую. 2 разы
Зайграй жа мне, дударочку, як сам разумееш.
Зайграй, сівы галубочку, тое, што умееш.
Прыпеў.
Як спяваюць без дуды, ходзяць ногі не туды.
А як дудачку пачуюць, самі ногі затанцуюць.
Прыпеў.
Ноты песні Ай не радуйся зялён дуб
Ай, не радуйся, зялён дуб,
Ай, не радуйся, зялёны.

Ай, не радуйся, зялён дуб,
Ай, не радуйся, зялёны.

Не к табе ідзём вянкі віць,
Не к табе ідзём вянкі віць.

Ай, узрадуйся, бяроза,
Ай, узрадуйся, белая.

Мы к табе ідзём вянкі віць,
Мы к табе ідзём вянкі віць.
Ноты песні Ой вывяду куст я
Саліст:
Ой, вывяду куст я і з зялёнага бору,
Хор:
Ды а дзень добры гаспадарскаму двору.
Саліст:
А нашаму кусту трэба бочку мёду даці,
Хор:
А нам, дзевачкам, харашэнька спяваці.