сцэнарыі святаў на беларускай мове

Таццяна БАЛІНСКАЯ, кіраўнік тэатральнай студыі «Арлекіна», Мая САЎРУК, музычны кіраўнік, Зінаіда МАСКАЛЕНКА, кіраўнік фізічнага выхавання. Пралеска 07/2012

Быліна пра Мураша Бадзіню

Тэатралізавана-музычнае прадстаўленне па казцы Максіма Танка для дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту

Задачы: далучаць дзяцей да скарбаў нацыянальнай культуры, беларускага фальклору, беларускіх гульняў; развіваць творчыя здольнасці дзяцей у пошуках вобразных рухаў; выхоўваць пачуццё сяброўства, узаемавыручкі.
Ролі: Казачнік — дарослы; Вожык, Лісіца, Мядзведзь, Бусел, Мураш, тры пасажыры (адна з іх — бабуля з вялікім кошыкам), сынок бабулі, два касманаўты — дзеці.
Абсталяванне: на заднім плане сцэны — дэкарацыя лесу. Пад елкай — плоскасны мурашнік, каля якога знаходзяцца кій і компас для Мураша; пасярэдзіне сцэны ляжыць газета.
На пярэднім плане — плоскасны макет самалёта, акенца — каса, лаўка для пасажыраў, вялізны кошык (плоскасны) для бабулі; збоку, паводдаль, стаіць плоскасны макет ракеты з люкам.
Гучыць мелодыя беларускага народнага танца «Лядкоўская кадрыля».
Казачнік.
Прыгнаў аднойчы вецер
Газету, што згубілі
Ля пералеску дзеці,
Калі ў грыбы хадзілі.
Знайшоў яе пад елкай
Неспадзявана вожык.

Гучыць музыка М. Хаўхлянцава ў апрацоўцы А. Граса «Бяжыць вожык» («Беларускі дзіцячы фальклор». Мінск, стар. 173). Выбягае вожык, бачыць газету, бярэ яе, чытае, паціскае плячыма.
Казачнік.
Адна бяда: газеты
Сам прачытаць не можа.
Паклікаў ён лісіцу
3 мядзведзем-дабрадзеем.

Вожык дзьме ў дудку — кліча Лісіцу і Мядзведзя. Пад беларускую народную песню «Чаму ж мне не пець» у апрацоўцы Г. Тышкевіча («Слухаем музыку», стар. 50) выходзяць Лісіца і Мядзведзь.
Казачнік.
Ды і яны не вельмі
Ў чытанні разумеюць.
Звярнуліся да бусла,
Што гнездаваў на школе,
Які, чуваць, кумекаў
У грамаце найболей.

Вожык дзьме ў дудку, пад музыку ў апрацоўцы А. Рашчынскага «Бусел» («Беларускі дзіцячы фальклор», стар, 111) выходзіць Бусел, дзеці спяваюць песню. Бусел бярэ газету, чытае. Зверы дзівяцца, затым ідуць прэч.
Казачнік.
I той праклекатаў ім.
Бусел.
3 Байканура скора
Ў ракеце касманаўты
Адправяцца да зораў.
Казачнік.
I вось па цёмнай пушчы,
Па пералесках хутка
Пайшла, загаманіла
Пра гэта дзіва чутка.

Гучаць галасы птушак (аўдыязапіс).
Казачнік.
Шмат хто ў яе не верыў,
Але было нямала
Адважных, што да зораў
Ляцець паспрабавалі б.
I сярод іх — хто б думаў! —
Быў Мураш Бадзіня,
Які любіў залазіць
На стромкія хваіны.
I з вышыні паднебнай
Глядзець на сонца, зоры
Ды марыць пра вандроўку
Ў захмарныя прасторы.

Гучыць музыка. Выходзіць Мураш, павольна ходзіць, разважае.
Казачнік.
I хоць ніхто не раіў
3 дарадцаў мурашыных
Рызыкаваць дарэмна
За свет ляцець Бадзіню —
Нікога ён не слухаў
I праз лясы, разлогі,
Узяўшы кій ды компас,
Адправіўся ў дарогу.

Бяжыць пад елку, бярэ кій і компас, брава шпацыруе па дарожцы, затым падыходзіць да самалёта.
Казачнік.
Блукаў — ішоў ён доўга
Па нетрах невядомых,
Пакуль не апынуўся
Каля аэрадрома.

Спыняецца, дзівіцца самалётам.
Казачнік.
Ды тут ён схамянуўся...
Мураш.
А як ляцець адгэтуль,
Калі няма ў Бадзіні
Ніякага білета?
Казачнік.
Аж чуе, каля касы
Гавораць пасажыры.
1-шы пасажыр.
Лячу ў камандзіроўку.
2-гі пасажыр.
А я — ў тайгу Сібіры...
3-ці пасажыр.
А я —да Байканура.
Там мой сыночак мілы...

Беларуская гульня -«Прэла-гарэла».

Да пачатку гульні выхавальнік у розных месцах пляцоўкі хавае цацкі. Дзеці становяцца ў круг і гавораць наступныя словы:
Прэла-гарэла,
За мора ляцела,
А як прыляцела,
Дзе-недзе села.
Хто першы знойдзе,
Той сабе возьме.

Пасля гэтага яны разбягаюцца па пляцоўцы і шукаюць схаваныя цацкі.
Правіла гульні: дзеці не павінны бачыць, куды выхавальнік хавае цацкі; пераможцам лічыцца той, хто больш іх знойдзе.
Пасажыры праходзяць у самалёт.

Казачнік.
I тут ідэя раптам
Бадзіню асяніла:
Мураш.
А што, калі забрацца
У кошык да бабулі?

Мураш бяжыць у самалёт і хаваецца ў кошык.
Казачнік.
І вось ужо сядзіць ён,
Схаваўшыся пад дуляй,
Сярод гасцінцаў розных,
Што везла маці сыну.
Мураш.
Хаця б хто не заўважыў...
Казачнік.
Хвалюецца Бадзіня.
Але прайшла пасадка,
I адлягло на сэрцы.
I самалёт узняўся,
Як легкакрылы вецер
.
Гучыць музыка, Мураш выглядвае з кошыка і зноў хаваецца.
Хацеў зірнуць Бадзіня,
Ці карабель харошы,
Ды ўбачыў сцюардэсу
I зноў схаваўся ў кошык.
А там і не заўважыў,
Як ахінула стома.
I ён заснуў, нібыта
Ў сваім далёкім доме.
Ці доўга спаў, ці мала —
Таго і сам не знае.
Прачнуўся толькі, помніць,
За новым небакраем.

Мураш выглядвае з кошыка і зноў хаваецца.
Калі матораў змоўкла
Грымець грымуча рэха,
Калі да самалёта
Высокі трап пад’ехаў.
Гурмою пасажыры
Пайшлі з вясёлым гулам,
За імі падалася
3 гасцінцамі бабуля.

Мураш малымі крокамі ідзе за бабуліным кошыкам.
I трапіла адразу
Ў абдымкі свайго сына.
Сын.
Ну як здарова, мама?
Хутчэй ідзі ў машыну!
Бабуля.
Вось бачыш, сынку, жыва,
Хаця і пастарэла...
Сын.
Як добра, што ты ў госці
Нарэшце прыляцела...
Казачнік.
Пакуль ішла гамонка,
Вандроўнік наш Бадзіня
Паспеў прыхарашыцца,
Прад тым, як кош пакіне.

Пакуль сын з бабуляй абдымаюцца, Мураш прыхарашваецца і выходзіць з-за кошыка. Сын з бабуляй ад’язджаюць «на машыне» пад музыку, Мураш махае ім рукой.
Казачнік.
Ён выйшаў і падаўся
Туды, дзе ззяла сонца
I нейкі слуп вялізны
Гарэў на гарызонце.

Мураш брава крочыць пад музыку С. Майкапара «У садочку» («Слухаем музыку», стар. 14). Спыняецца, дзівіцца.
Казачнік.
Такое ўпершыню ён
Убачыў.
Здзівіўшыся, падумаў.
Мураш.
Касмічная ракета?
Казачнік.
I ўпершыню страх нейкі
Ў сабе адчуў Бадзіня...
Мураш.
Малюсенькі які я
Прад гэткаю махінай!
Мо, лепш сядзеў бы дома,
А то аж стала млосна
Ад думкі, што сабраўся
Ляцець у нейкі космас.
Але ж і адступаць як,
Калі ўсе ў родным краі
Пра гэта падарожжа
На кожнай сцежцы знаюць.
Ды і карціць самому
Пабачыць дзівы свету...
Казачнік.
Памалу абышоў ён
Касмічную ракету,
Якую да палёту,
Знаць, людзі рыхтавалі
I правяралі ўважна
Ўсе часткі і дэталі.
Таму, мо, не звярнулі
I ўвагі на Бадзіню,
А той па мачтах скрытна
Дабраўся да кабіны.

Мураш бяжыць у ракету, выглядвае ў люк і хаваецца.
Казачнік.
Нырнуў у глыб ракеты,
Дзе між дратоў, утулак,
Дзівосных апаратаў Прылёг.
Але не спіцца
Яму ад хвалявання.
Прыйшлі два касманаўты
Ў кабіну на світанні.

Выходзяць касманаўты, накіроўваюцца да ракеты, аглядваюць яе з усіх бакоў і заходзяць унутр.
Казачнік.
Праверылі прыборы.
Касманаўты.
Гатова ўсё як трэба!
Казачнік.
I гул маланкагромны
Ўзняў ракету ў неба.

Чуецца гул ракеты. Святло выключаецца, раскручваецца люстэркавы шар — імітацыя зорнага неба.
Казачнік.
І тут адчуў Бадзіня
Груз перагрузкі цяжкі,
А потым наступіла
Дзівосная бязважкасць.

Мураш паказваецца ў люку і хіляецца з боку ў бок.
Казачнік.
Каб не ўчапіўся добра
За нейкую там скрыню,
Напэўна, стаў бы плаваць
Ці лётаць па кабіне.
Праз нейкі час абвыкся.
Гучалі тэлехвалі,
Ён чуў, як касманаўты
Зямлі рапартавалі,
Што ў іх усё ў парадку,
Да працы прыступілі,
Салют касмічна-зорны
Ўсім перадаць прасілі.
Калі ж іх сном глыбокім,
Стамлёных, агарнула,
Бадзіня асцярожна
Пакінуў свой прытулак
Знайшоў запасы ежы,
Падсілкаваўся, потым
Праз люк палюбаваўся
Нябёсаў пазалотай.
Мураш падсілкоўваецца, глядзіць у люк, у тэлескоп.
А ў тэлескоп як глянуў
Ён на зямлі прасторы,
Убачыў акіяны,
Даліны, рэкі, горы.
Знаёмыя мясціны —
Баравіковы ельнік,
Сярод густой ажыны
Свой родны муравейнік.
Ад радасці, здзіўлення
Пра ўсё забыў Бадзіня.

Мураш.
Глядзіце: як лячу я!
Казачнік.
Гукнуў ён у кабіне.
Нібыта яго голас
Мог даляцець дадому,
Да нарачанскіх нетраў,
Да блізкіх і знаёмых.
Ён толькі касманаўтаў
Збудзіў, якія, дужа
Здзівіўшыся, спыталі...

3-за ракеты выглядваюць касманаўты, глядзяць у люк на Мураша.
Касманаўты.
Адкуль ты ўзяўся, дружа?
Ды ты ўжо не хавайся.
Цяпер нас будзе трое.
Работу падшукаем
I для цябе, героя.
Пра тое, што ты з намі,
У рапарце адзначым.
Нат можаш інтэрв’ю даць
У тэлеперадачы...
Казачнік.
Цяпер як паўнапраўны
Ўжо касманаўт Бадзіня
Даследаваў з усімі
Падзорныя глыбіні,
Шырот паўночных ззянне,
Камет агністых грывы,
Дзівосных, серабрыстых
Аблокаў пералівы.
Нагледзеўся ён столькі
Ў палёце дзіўным гэтым,
Што нат сябрам не мог бы
Ўсё расказаць за лета.
Таму, калі палёт іх
Праграмны завяршыўся,
I карабель касмічны
Дзе трэба прызямліўся,
I касманаўтаў гучна віталі ўсе.

Выходзяць некалькі дзяцей, махаюць рукамі, вітаюць касманаўтаў. Мураш паціху пакідае касмічны карабель.
Казачнік.
Кабіну непрыкметна
Ў той мітусні пакінуў.
Калі ж яго адсутнасць
Заўважылі, далёка
Ужо ішоў ён стэпам
Квітнеючым, шырокім.

Мураш шпарка крочыць пад музыку.
Казачнік.
Ішоў і ехаў доўга
Ў дажджы і сухавеі...
Ды хто ўсю прыгадае
Бадзіні адысею!
Адно, калі вярнуўся
У свой будан жывічны,
Ўсе жыхары лясныя
Яго сустрэлі зычна.

Мураш прыходзіць да свайго мурашніка, дзе яго чакаюць Вожык, Лісіца, Мядзведзь, Бусел. Усе абдымаюцца, весяляцца.

Беларуская полька «Весялуха»- (з шумавымі інструментамі).

Казачнік.
Сустрэлі як героя.
I расказаў усім ён
Пра ўсе свае прыгоды
У падарожжы дзіўным,
I сёння, калі часам
Заглыбіцеся ў нетры,
Дзе векавыя хвоі
Шумяць пад веснім ветрам,
Дзе Нарач хвалі сініць
I звон стаіць птушыны,
Пачуеце вы гэту
Пра Мураша быліну.