сцэнарыі святаў на беларускай мове

Т. А. БАТУРА, настаўніца Навасёлкаўскай базавай школы Гродзенскага раёна. Беларуская мова і літаратура 5/2017

Школьны выпускны вечар

(сцэнарый урачыстасці, IX, XI класы)

Летась мой клас быў выпускным. Як класны кіраўнік апекавалася гэтымі дзецьмі, пачынаючы з пятага класа. Да кожнага са сваіх выхаванцаў прыкіпела, як кажуць, душой і сэрцам. Таму і выпускны вечар імкнулася зрабіць асаблівым, рыхтавала яго сама. Прапаную вашай увазе сцэнарый урачыстай часткі школьнага выпускнога вечара (усе вершы мае ўласныя).

Ход мерапрыемства

Першы вядучы.
Прыйшоў, нарэшце, гэты дзень,
Які здаваўся вам далёкім.
На вусны сум паклаў свой цень,
У вачах — імкненне да палёту.
Другі вядучы.
Усяго было за школьныя гады:
Сябры, і горыч, і каханне...
Вы ў думках прыйдзеце сюды,
К свайму дзяцінству на спатканне.

Першы вядучы. Запрашаем на сцэну віноўнікаў нашай урачыстасці — выпускнікоў гэтага года.
Пад песню «Школа, школа, дзверы адчыні» ( «Барбарыкі» ) выходзяць выпускнікі ў суправаджэнні бацькоў.
Другі вядучы. Права на ўручэнне атэстатаў аб агульнай сярэдняй адукацыі (пасведчанняў аб базавай адукацыі) даецца дырэктару школы.
Выступае дырэктар.
Першы вядучы. Здаецца, яшчэ ўчора гэтыя юнакі і дзяўчаты пісалі першыя літары і рашалі першыя прыклады, а сёння яны ўжо здалі экзамены. Як адно імгненне, праляцелі школьныя гады. Давайце зазірнём у мінулае і ўспомнім самыя цікавыя моманты.

Прагляд слайд-шоу (прэзентацыі) «Ад першага да апошняга званка».

Другі вядучы. Шмат чаго адбылося: вы перажылі ўзлёты і засмучэнні, былі радасці і перажыванні. Але ўвесь час побач з вамі быў надзейны сябар — ваш класны кіраўнік. Слова мае класны кіраўнік.
Класны кіраўнік. Дарагія выпускнікі! Вы стаіце на парозе новага жыцця. Калі ласка, памятайце наказы і парады сваіх настаўнікаў. Спадзяюся, што кожны з вас зможа правільна выбраць далейшую сцежку. Хай спраўдзяцца ўсе вашы мары, планы, задумы! Здароўя вам, настойлівасці, поспехаў і шанцавання!
Першы вядучы. Нашы выпускнікі прапануюць музычны падарунак.

Выпускнікі выконваюць песню «Вальс развітання» (муз. Т. Грыневіч ).

Выпускнік. У канцы навучальнага года кожны з нас напісаў пасланне самому сабе праз дзесяць гадоў — думкі-разважанні пра тое, якой нам уяўляецца будучыня, якімі мы станем пазней.
Выпускніца. Гэтыя лісты мы пакладзём у капсулу часу, якую перадаём на захаванне класнаму кіраўніку.
Лісты скручваюцца, змяшчаюцца ў круглую скрынку, якая заклейваецца.
Другі вядучы. Колькі людзей — столькі і індывідуальнасцей. Кожны з вучняў — адметны і непаўторны. А цяпер мы ўганаруем самых-самых. Вітаем пераможцаў у наступных намінацыях.

Спачатку даецца пазітыўная і часам жартаўлівая характарыстыка кожнага вучня, потым аб’яўляецца намінацыя і пад музыку ўручаюцца адпаведныя медалі, напрыклад:
самы адкрыты і добразычлівы;
самы энергічны і кемлівы;
самы ініцыятыўны і адказны;
самы дасціпны і вясёлы;
самая сціплая і рамантычная;
самая непасрэдная і душэўная.
Выпускнік. На першую лінейку вы нам завязвалі банты і гальштукі. Калі вялі ў школу, моцна сціскалі руку, хваляваліся не менш, а можа, нават больш, чым мы.
Выпускніца. I на выпускны вечар вы дапамагалі нам збірацца, зноў завялі за руку ў гэтую залу.
Першы вядучы. Слова — бацькам нашых выпускнікоў.

Выступае прадстаўнік ад бацькоў.

Выпускнік. За час нашай вучобы ў школе мы заварылі не адну кашу.
Выпускніца. А расхлёбваць яе прыходзілася ў асноўным нашаму класнаму кіраўніку, дырэктару і бацькам.
Класны кіраўнік. Сёння мы прапануем зварыць чароўную кашу шчаслівага жыцця. Кожны з бацькоў напіша пажаданне выпускнікам і пакладзе цыдулку ў каструлю. Вучні вялікай лыжкай размяшаюць утвораную «кашу» і прачытаюць зычэнні.
Выпускнік. Паважаныя настаўнікі! Усе гады вы крочылі поруч з намі, дапамагалі засвойваць вучэбны матэрыял і вучылі быць сумленнымі, годнымі людзьмі. Прыміце словы ўдзячнасці і сувеніры, зробленыя нашымі рукамі.

Пасля кожнага чатырохрадкоўя выпускнікі звяртаюцца да канкрэтнага настаўніка- прадметніка, дзякуюць яму і дораць кветку, загадзя падрыхтаваныя сувеніры.

Выпускніца.
Дырэктар — капітан на караблі,
Удала ён кіруе ўсімі.
Вы нам заўсёды прыкладам былі,
Сказаўшы, што у розуме ўся сіла.

Выпускнік.
Завуч — сур’ёзная вельмі работа,
Шмат у яе самых розных турботаў —
Справаздачы, урокі, расклад,
Безліч сходаў і мноства нарад.

Выпускніца.
Тэарэму Піфагора
Мы засвоілі за раз.
Так рашаем ураўненні,
Што ўсе кажуць; «Проста клас!»

Выпускнік.
Багдановіч, Колас і Купала,
Вобразы мастацкія і сродкі...
Прачыталі ў школе мы нямала
Кніг дыхтоўных нашых слаўных продкаў.

Выпускніца.
Орфограммы н морфемы,
Знаки препинания.
В русский язык вникаем мы,
Вместе копим знания.

Выпускнік.
Паўстанні, бітвы, путчы,
I тэрміны, і даты...
Гісторыю мы вучым
I ведаем багата.

Выпускніца.
«Ду ю спік інгліш?
Скажыце, сябры».
Вядома ж, «Ес, ес», —
Адказваем мы.

Выпускнік.
Валейбол, футбол і лыжы,
Тэніс, крос, скакалка...
Спорт, ты мне дапамажы
Быць здаровым, шпаркім.

Выпускніца.
Цытаплазма і мембрана,
Песцікі, тычынкі...
Біялогію старанна
Вучаць ўсе дзяўчынкі.
А таксама хлопчыкі —
Добрыя малойчыкі.

Выпускнік.
Каб былі абеды смачныя
I заўжды ўтульнай школа,
Прыкладае сілы значныя
Наш тэхперсанал не словам,
Пыласосам, ручніком,
Каб аж ззяў наш школьны дом!

Першы вядучы. Па статыстыцы, за час вучобы ў школе нашы выпускнікі наведалі прыкладна дзесяць тысяч урокаў. Але ўсё мінула, не будзе больш выклікаў да дошкі, запісаў у дзённік, самастойных і кантрольных.
Другі вядучы. Але апошнія ўрокі мы для гісторыі захавалі на відэа. Давайце паглядзім міні-фільм і яшчэ раз адчуем тыя хваляванні, якія прысутнічалі ў час нашых адказаў.

Дэманструецца відэафільм «Калейдаскоп апошніх урокаў», складзены. загадзя з фрагментаў розных урокаў.

Класны кіраўнік. Перагортваецца яшчэ адна старонка школьнай гісторыі. Але мы вас не забудзем, тым больш, што вашы імёны ўжо запісаны ў летапіс школы. Калі ласка, распішыцеся, пастаўце аўтографы на памяць.

У школьны. альбом (летапіс) уклеены фотаздымкі выпускнікоў, пазначаны прозвішчы і імёны, вучням прапануецца паставіць на памяць свае подпісы.

Першы вядучы. Нашы выпускнікі — энергічныя, таленавітыя і здольныя людзі. У доказ гэтага яны дораць свой танцавальны флэшмоб. Сустракаем!

Выконваецца танец пад музыку-папуры.

Выпускніца. Вось і завяршаецца ўрачыстая частка выпускнога вечара. Слёзы нагортваюцца на вочы...
Выпускнік.
Бывай, наша родная школа, бывай!
Квітней і на таленты багацей,
Але нас ніколі не забывай.
Прымай, як самых добрых гасцей.

Класны кіраўнік. Дарагія выпускнікі, вось і скончыліся школьныя гады: мы адпускаем вас у вялікае жыццё. Хай застаюцца ў памяці светлыя і радасныя згадкі.
А цяпер на развітанне (вы ж вылятаеце са школьнага гнязда!) зробім апошні акорд: выпусцім шарыкі ў паветра. У добры шлях!

Пад песню Алесі «Школьны баль» (муз. М. Сацуры, сл. А. Бадака) выпускнікі становяцца ў кола і класны кіраўнік пераразае нажніцамі стужкі шарыкаў.

Яшчэ на гэту тэму:

Развітанне з пачатковай школай     «Баль кветак»