сцэнарыі святаў на беларускай мове

Г. П. ГЛУШАКОВА, выкладчык Магілёўскага педінстытута. Пачатковая школа 4/1993г.

Саракі

Сцэнарый свята

На сцэне ў цэнтры стаіць снегавая баба. У руцэ бабы — венік, на галаве — збан.
Злева і справа ад бабы — вясковыя хаты. Бачна, як у адной з іх ля акна сядзіць Ганна і прадзе кудзелю.
Са сваёй хаты выходзіць Тэкля.
Тэкля:
— Вось і сонейка ідзе, вясну вядзе. (Звяртаецца да снегавой бабы.) А ты чаго тут стаіш? Ці не ведаеш, што вясна надыходзіць? Ану, хутчэй са двара! (Тэкля здымае збан з галавы снегавой бабы, забірае венік і пачынае вымятаць яе са двара. Баба абыходзіць сцэну і знікае за кулісамі. Тэкля кідае венік і зазірае ў суседчына акенца.)
Тэкля (да гледачоў):
— Па беларускаму звычаю ранкам «на саракі» выганяюць зіму аж на цэлы год: лепяць са снегу бабу, а потым разбіваюць яе, прыгаворваючы: «Каб зіма на дзевяць месяцаў ад нас пайшла!» Пасля гэтага бяруць старыя збанкі і ідуць біць іх аб парог сваіх суседзяў. Гэта азначае, што зіма ўжо прагнана.
Тэкля бярэ збанок, які зняла з галавы снегавой бабы, і б’е яго аб парог суседкі са словамі:
— Ганна, Ганна, кідай сваю кудзелю!
Зіма ўжо прагнана!
Адныняй свае дзверы,
Заві нас у госці!

Ганна кідае кудзелю і спявае:
(У час песні Ганна бярэ міску з печывам у выглядзе птушак і частуе ім Тэклю і яе дзяцей.)
Тэкля:
— Ой, Ганначка, якія прыгожыя ў цябе жавароначкі атрымаліся! Як сапраўдныя! (Да гледачоў.) 3 гэтым печывам малыя дзеткі павінны пайсці на агарод, туды, дзе стаіць стог сена або саломы, і там пасадзіць сваіх птушак на самае высокае месца ды праспяваць песеньку «Жавароначкі, прыляціце!». (Песню спяваюць усе, хто знаходзіцца ў гэты час на сцэне. Выконваецца толькі першы радок.)
На двор выходзіць Тэклін гаспадар і пытаецца:
— Няўжо вясна ідзе? Сонца пячэ — з даху цячэ. Умыцца хіба талай вадзіцай? Кажуць жа людзі, калі хочаш быць здароў, як рыжык бароў, трэба талай вадой умывацца. (Гаспадар падыходзіць да бочачкі з вадой, што стаіць пры сцяне хаты, умываецца.)
Гаспадар:
— А цяпер, па нашаму старажытнаму звычаю, каб скацінка была здаровая і вясёлая, напаю гэтай вадой і сваю казу. Добрая вада — добрая і вясна. (Гаспадар хоча ісці за казой, але на сцэне з'яўляюцца дзеці.)
Дзеці (звяртаючыся да гаспадара, Ганны і Тэклі).
— Ці дазволіце, старыя людзі,
Нам вясну красну выгукаці,
Сцюдзёну зіму замыкаці,
Сцюдзёну зіму ў каморачку,
А цёплае лета на вулачку?

(Гучыць песня «Жавароначкі, прыляціцеі». 3 заканчэннем песні на сцэну «вылятаюць» птушкі- жавароначкі — дзеці, апранутыя птушкамі.)
Тэкля:
— Вось і жавароначкі прыляцелі, каб зямлю ад зімовага сну абудзіць!
(Адзін жаваронак падлятае да Тэклі)
Тэкля (пытаецца ў жаваронка):
— Ой ты, жавароначак, ранняя птушка!
Чаго так рана з выраю вылецеў?
Жаваронак (адказвае):
— Мяне пташкі белыя з выраю выгналі
«Ляці, жаваронку, у сваю старонку,
Там табе вадзіцы па самыя крыльцы,
Там табе гарошку па самы дзюбочак,
Там табе травіца па самыя каленцы».

(У час адказу жаваронак паказвае тое, аб чым гаворыць.)
Ганна:
— Глядзіце, вось і гусі ляцяць. (З’яўляюцца дзеці ў адпаведных касцюмах. Яны танцуюць пад гукі песні «Ляцелі гусёлкі»).
Ноты песні Ляцелі гусёлкі
Ляцелі гусёлкі цераз мой садочак,
Цераз мой садочак, цераз мой садочак.
А то не гусёлкі, то сівы зязюлькі.
Ляціце, зязюлькі, да маёй матулькі
На цісовы ложкі, на белы падушкі.

Тэкля:
На двары сняжок, сняжочак.
А каля хаты слядочак.
А хто яго наслядзіў?
Там бусел хадзіў.
(Калі Тэкля пачынае гаворку пра бусла, з-за кулісы выходзіць бусел. Таму слова «бусел» гучна гавораць усе птушкі)
Бусел:
Стук, стук у вакеначка.
Ці дома паненачка?
Адчыні, дзяўчыначка,
На табе гасцінчыка:
Садовыя яблычкі —
На жартачкі,
Лясныя арэшачкі —
Табе на пацешачкі

Тэкля (працягвае сваю гаворку):
— А ці ведаеце, дзеці, што бусел — самая любімая птушка беларусаў? Людзі вераць: на чыім двары бусел паселіцца, там будзе поўны дастатак. Таму ў многіх хатах на стрэхах можна пабачыць старыя калёсы для гнязда буслоў. Разбурыць гняздо бусла — вялікі грэх.
Лічаць, што той, хто першым пабачыць вясной бусла лятучым, будзе цэлы год «лёгкі на ногі». Але ж нельга раней бусла ўбачыць жабу — здароўя не будзе.
У некаторых мясцінах Беларусі верылі, што яйка, выкінутае з гнязда бусла на Благавешчанне, прадвяшчае, што ў гэтым годзе будзе вельмі добры ўраджай.
(Гучыць песня пра бусла, у якой бусел павінен інсцэніраваць лоўлю жабы на балоце.)
Ноты песні Бусел, бусел доўгі нос

— Бусел, бусел, доўгі нос,
Куды цябе чорт панёс?
— Хадзіць па балотах
У чырвоных ботах.
Бусел, бусел, клакатун,
Схапіў жабу за каўтун,
Па балоце валачыў,
Нагавіцы прамачыў.

(Раптам на сцэне з’яўляецца верабей.)
Тэкля:
— А вось і верабейка захацеў прывітаць птушак з выраю. Ён сабе хату на сметнічку паставіў, каб было куды дарагіх гасцей запрасіць. (Пачынаецца інсцэніраваная гульня-песня.)
Ноты песні Як паставіў верабейка

Як паставіў верабейка
На сметнічку хату
Ды сазваў на вяселлейка
Госцікаў багата.

Піва, квасу наварыў,
Квашанінкі настудзіў,
Насмажыў кілбасаў
І ўсякага мяса.

У залочанай карэце
Дзяцел падязджае,
А за дзятлам на валах
Жоўнар паспяшае.

А зязюля з шуляком,
Перапеліца з круком
Лугам, даліною
Шпарыць пехатою.

Заклікае верабейка
Ўсіх госцікаў есці,
Запрашае белу лебедзь
На покуце сесці.

А з лебеддзю жураўля,
І савішчу, і ліня,
І стару чачотку —
Сваю родну цётку.

Як зайгралі «дылі-дылі» —
Госці у далоні білі:
Адзін дзіваваўся,
А другі смяяўся.

Тэкля:
— Сонейка грэе. Мо таму настрой ва ўсіх такі вясёлы?
(Усе спяваюць песню; прытупваючы, пляскаюць у ладкі)
Ноты песні Вясна - красна

1. Вясна красна наставала,
Снягі з поля саганяла.
Ой, наставала, ой, саганяла.
2. Вясна, вясна вясёлая,
Кругом трава зялёная.
Ой, вясёлая, ой, зялёная.
3. Звесяліла землю, воду
І мяне, мяне малоду.
Ой, землю, воду і мяне малоду.
4. А дзе горы, даліночкі,
Там дзевачкі, парабочкі
Ой, гуляючы, ой, спяваючы,
Ой, вясну-красну праслаўляючы,
Ой, вясну-красну праслаўляючы.
Ой!

Яшчэ на гэту тэму:

Як сарока з жаваранкам паспрачалася     «Жавароначкі, прыляціце!»