сцэнарыі святаў на беларускай мове

Вера Аляксандраўна БУЛАНДА - настаўніца беларускай мовы і літаратуры мінскай гімназіі № 11. Роднае слова 7. 2003

Запрашаем на вяселле

Сцэнар паводле абраду вяселля ў вёсках Навасёлкі, Глівін, Сівіца Барысаўскага раёна*

На падлозе перад сцэнай устаноўлены калодзежны журавель. На сцэне направа ад публікі вокны ў сад, бліжэй да гледачоў - стол; каля стала - лавы і табурэцікі, над сталом вісіць лямпа, на сцяне абразы. Налева - дзверы ў сенцы, недалёка ад іх куфар. Справа пры сцяне ложак, засла­ны коўдрай, у галавах на ложку накладзена шмат падушак. Ля кута злева, на сцяне, - старадаўні гадзіннік.

Вядучая.
Гэй, родныя песні! Вы ў суме і ў горы
Ці ночка пануе, ці сівер дзьме зімны, -
Для роднай зямелькі вы - светлый зоры,
Для роднага краю вы - райскія гімны!

Мы сёння спяваем, як мама ўчора,
Лічыце, што гэта абрады-гулянкі.
I лепшыя песні, як светлыя зоры,
Вам дорыць фальклорная група "Прыданкі"!

Вашай увазе, шаноўнае спадарства, будзе прадстаўлена некалькі фрагментаў з вясельнага абраду вёсак Навасёлкі, Глівін, Сівіца. Уявім, што прыехалі мы на заручыны, ды сені закручаны...

3 першага рада ўстаюць жанчыны-спявачкі, становяцца каля сцэны і выконваюць песню "Прыехалі на заручыны".

Прыехалі на заручыны,
Ажно сені закручаны -
Німа Волечкі дома.
Пайшла йіна рваць цвяточкі -
Сінія васілёчкі.

Спявачкі займаюць свае месцы. 3 глыбіні залы з вёдрамі на каромыслах ідуць да калодзежа дзве жанчыны.

1-я жанчына (сустрэўшыся з другой ля калодзежа). Добры вечар!
2-я жанчына. Ага, вечар вельмі добры.
1-я жанчына. А ты нібыта сумная чаго?
2-я жанчына. А чаго мне быць сумнай? Дома вунь весела як ніколі. Мой, як нап'ецца, дык і з царамі б'ецца, а як праспіцца, дык і курыцы баіцца.
1-я жанчына. У мяне сёння, міленькая, тое ж! Сядзіць нядуж, налізаўся, як вуж.
2-я жанчына. Божа, а як дзеўкай была, так за мной ухаджываў, на руках насіць абяцаў.
1-я жанчына. Яны ж усе так: пакуль у свае рукі не возьмуць...
2-я жанчына. А ўсім дзеўкам чамусьці замуж хочацца. Ці чула, што сёння сваты ў Таццяны?
1-я жанчына. Не, не чула.
2-я жанчына. Ці-ш-ш, ці не яны гэта ідуць?
1-я жанчына. Ага, яны, і-і-і, як прыбраліся!..
2-я жанчына. Яны ж у сакрэце хочуць трымаць. Давай схаваемся, каб не парушаць вясковага звычаю...

Дзве кабеты хаваюцца за калодзежам. Сваты падыходзяць бліжэй да сцэны, стукаюць у хату.

Маці. Хто там?
Сват. Ідзе ў хату багаты ды нежанаты, ці прымеце?
Маці. Багатага ў нашай хаце месца ў куце даўно чакае.
Сват. Ды наш, хоць і багаты, ды не гультай, а гаспадар нядрэнны і працавіты. Рана ўстае, позна спаць кладзецца, пакуль дагледзіць усю скаціну: і кароў, і авечак, і цялушак... Толькі вось адной цялушкі яму не хапае, ці не ў гэтай хаце яна прападае?
Бацька. Мы скаціну таксама маем, ды не ў хаце яе трымаем.
Свацця. Такую цялушку, аб якой мы бядуем, толькі ў харомах панскіх гадуюць.
Маці. Вы такія загадкі нам загадваеце, што нам, відаць, не адгадаць.
Сват. Загадка самая простая: чым не харомы -ваша хата, гаспадары - мама і тата, а цялушка - ваша слаўная дачушка.
Бацька. То яе і шукаць не трэба: даўно чакае сватоўскага хлеба.

Выходзіць з бакоўкі дзяўчына, прымае хлеб, кладзе яго на стол. Госці рассаджваюцца вакол стала. Частуюцца. Жанчыны-спявачкі і ўсе, хто за сталом, спяваюць песню "Стукнула-грукнула".

Стукнула-грукнула на дварэ.
Паглядзі, мамачка, ці не па мяне?
Па цябе, дачушачка, па цябе.
Накладай, мамачка, кублік мне.
Едзь, мая дачушка, без кубла,
Ты маю воўначку не скубла.
Ты маю кудзельку не прала,
Ты маіх кросенцаў не ткала,
Ты маіх трубачак не складала,
Па садочку толькі гуляла...

Заслона зачыняецца.

Вядучая.
Песні мы свае не самі выбралі,
Рытмы не ў чужых краях знайшлі...
3 песень нашых вее праўдай, вернасцю,
Песні нашы пахнуць жытам, верасам,
I не заглушыць іх чысты звон.
Іх складалі ў працы і на сон.
Як ішлі гуляць на луг ці сад,
Як вялі дзяўчыну на пасад.
Жанчыны-спявачкі
(перад сцэнай).
- Дзе твой, дзевачка, старшы брат,
Хто цябе павядзе на пасад?
- Мой старшы брат у каморы
Выбірае мае прыборы,
Як мае прыборы прыбярэ,
Тады нявесту на пасад павядзе.
Вядучая.

Давайце адчынім часу шаты,
Зазірнем на вясельнае свята,
Паглядзім, як некалі родны брат
Вёў сястрыцу сваю на пасад.
У вянок як нявесту ўбіралі,
А сяброўкі ёй песню спявалі.

Адчыняецца заслона. Дзяўчаты ўбіраюць маладую. Спяваюць.

Кукавала зязюля па расе,
Плакала дзяўчына па касе:
"Касіца мая русая,
Не адзін гадок я цябе часала,
За адзін вечарок страпала".
1-я дзяўчына. Вось наша нявеста і прыгожая стала - не пазнаць.
2-я дзяўчына. Трэба на пасад весці, госці ўжо збіраюцца, за стол спяшаюцца.
3-я дзяўчына. Дзе гэта брат? Няхай вядзе сястру на пасад.
Брат. Я ўжо даўно чакаю гэтага моманту.
Маці. Падыдзі, сынок, да Волечкі, вазьмі яе за руку і абвядзі тры разы вакол стала.
Брат. Давай, сястрыца, руку, павяду, каб потым усё жыццё другі вадзіў, так, як я цябе, любіў, і нават мацней.
Маці. I каб жыццё было ў вас такое ж багатае, як наш сённяшні стол.

Жанчыны-спявачкі выконваюць песню "Ляцела зязюля цераз сад".

Ляцела зязюля цераз сад,
Крыкнула баярам: "Станьце ў рад!"
Вядзём мы маладую на пасад.
Ды няхай жа іх Бог блаславіць,
Маладую на пасад трэба садзіць,
Усю радзіначку запрасіць,
Каб гэты столік запоўніць,
Па чарачцы гарэлачкі наліваць.

Брат тройчы абводзіць сястру вакол стала, падводзіць яе да кута - усе садзяцца, а яна стаіць.

Бацька. Ну, госцейкі, рассаджвайцеся хутчэй, не прымушайце дачку маю так доўга стаяць.
Маладзіца. Перад мужам усё жыццё навыцяжку будзе стаяць, няхай прывыкае.
Маці. Матуся**, ідзі бліжэй да сваёй хрэсніцы.
Бацька. Пакуль чарка ды скварка, матуся слова скажа, яшчэ раз мудрасць сваю дакажа.
Матуся. Госцейкі прыезджыя, суседзі памежныя, браты, сёстры, дзядзькі, цёткі, прашу ўсіх устаць, мінуту памаўчаць, мае словы паслухаць. Ёсць у гэтым доме хрышчоным бацька хрышчоны і маці хрышчоная, маці тая, што пад хрэст паднасіла, у Госпада Бога долі прасіла, бабка тая, што спавівала, ад Бога долі жадала. Музыкі громкі, скрыпкі звонкі, прашу маладую на пасад пасадзіць, Бог блаславіць, гэтым казам, другім разам - Бог блаславіць, гэтым казам, трэцім разам - Бог блаславіць. (Садзіць нявесту і цалуе.)
Маладзіца. За добрае слова, за такую прамову да нявесты нашай грэх не выпіць.
Маці. Піце, госцейкі, да дна, пажадайце маладой дабра.
Вядучая. За маладую п'ём мы, за нявесту, за яе красу!
Жанчыны-спявачкі (запяваюць).
Красіва дзевачка, красіва,
Ці ня сонца цябе радзіла?
Ці ня месяц гадаваў?
Ці ня дожджык паліваў?
- Радзіла ж мяне мамачка,
Гадаваў жа мяне татачка.
Маладзіца. Многа можна есці, многа гаварыць, ці не час нявесту адарыць?
Жанчыны-спявачкі:
Хлопчыкі-малойчыкі,
Нясіце чырвончыкі,
Дзевачкі-паненачкі,
Нясіце капеечкі.
А дарыце, дарыце,
У кішанёх не дзяржыце,
Кішані падзяруцца -
Сораму набяруцца.
Маці. Дару цябе, дачушка, не адной падушкай, а яшчэ цялушкай***. Сотнямі рублямі, конікам з санямі, а яшчэ і словам: каб была здарова.
Маладзіца. Дару табе нітак, каб муж не бегаў каля чужых лытак.
1-я дзяўчына. Дару канфетак, каб вы мелі многа дзетак.
2-я дзяўчына. Дару табе пятакоў, каб вы купілі сабе сынкоў.
3-я дзяўчына. Дару табе медзі, каб дзеці былі, як мядзведзі.
Матуся. Дару табе абрус і перабіранку, каб з мужам спалася да ранку.
Брат. Дару табе боцікі і рукавіцы, каб муж глядзеў толькі тваёй спадніцы.
Бацька. Дару табе рыдлёўку, сякеру, палена, каб муж не трымаўся за чужое калена.
Жанчыны-спявачкі (запяваюць).
А дарылі, дарылі,
А нямнога здарылі,
А семсот і чатыры,
I каня варанога,
I цялушку-дварушку,
Курачку-сакатушку.
Брат. На вуліцы чуюцца галасы. Відаць, малады па маладую едзе.

Некалькі чалавек кідаюцца да вокнаў, углядаюцца.

1-я дзяўчына. Едуць! Едуць!

Гучыць вясельная музыка: скрыпкі, гармонік, бубны, з'яўляюцца малады са сваімі сябрамі, сват са сваццяй.

Маладзіца. Маці, чаго ты стаіш, яешню стаў, зяць у хаце!
Маці. I праўда, сядайце, госцейкі дарагія, а я зараз яешню прынясу.

Госці размяшчаюцца за сталом, маці прыносіць яешню.

Маці. Бегла, дзетачкі, я, спяшыла, можа, і людзей я насмяшыла. Бегла, дзетачкі, бягом, каб вас застаць за сталом. Пакуль яйкі пазбірала, ажно дыхаўку нагнала. Яешню спякла вам ад душы. Ешце, дзеткі, даядайце, зло вы мне не пакідайце. Калі крошкі застануцца, у мяне слёзкі паліюцца. А табе, дачушка, даю наказ: рана з сонцам уставаць, свякроў мамай называць, суседзяў паважаць. Калі будзеш гэтак рабіць, не будуць людзі цябе судзіць.
Маладзіца. Як добра ўсе ўмеюць казаць, ці не пара нам і песні заспяваць? (Запявае, астатнія падхопліваюць.)
Каля млына, каля млына
Расцвіла каліна,
Там дзяўчына ваду брала,
Сама чарнабрыва.

Яна брала, яна брала,
Яшчэ набірала,
Адна дачка ў маці была,
Да й та гора знала.

Пусці, маці, пагуляці,
Я не забаўлюся,
Як запяе першы певень,
Я дамоў вярнуся.

Пяе певень, пяе другі,
А кура сакоча...
Кліча маці вечараці,
А дачка не хоча.

- Ой, вячэрай, мая мамка,
Калі наварыла.
Мне сягоння, мая маці,
Вячэра не міла.

Ой, пайду я ў лес па дровы,
Ой, гора мне, гора.
Не пайду я за старога,
Барадою коле.

А пайду я за такога,
Што не мае вуса.
Ён на мяне кіўне, моргне,
А я засмяюся!

Сват. Ну, дзякуй ужо гэтаму сталу, пара збірацца нам дадому.
Маці. Ай, свацейка, можа рана яшчэ, пасядзелі б, выпілі б чаго і закусілі?
Свацця. Выпіць і закусіць нам яшчэ сёння будзе. Там госці таксама чакаюць, калі малады нявесту дамоў прывядзе.
Сват. Не прывядзе, а прывязе. Ды на такой тройцы, што хай усе пазайздросцяць.
Бацька. Ну, што ж, тады давайце збірацца ў дарогу.

Жанчыны-спявачкі (запяваюць).
У дарогу, Волечка, у дарогу,
Прасі ў мамачкі спамогу.
- Дачушка мая мілая,
Няхай табе Бог паможа
На маім першым парозе,
Каб табе было шчасліва ў дарозе.
Каб вашы конікі ірзалі,
Ангелы свечкі зажыгалі.
Старыя, малыя пераймалі,
Вас, маладзенькіх, сустракалі.
Вядучая.
Бубны, бубны!
Грукачыце, бубны!
Расступайцеся, дзяўчаты,
Расступайцеся, дзяды!
У шаўковых чаравіках,
У адзенні шлюбным
Пад руку вядзе нявесту малады.
Запявайце, маладзіцы,
Дружна!
Рассыпайце, маладзіцы,
Ружы!
Расчыняйце ўсе вароты
Насцеж!
Пажадайце на дарогу
Шчасця!
Дугі ў красках,
Ў стужках - коні,
Шоры бразгаюць і звіняць!
Бацька.
Ну, дачушка,
У шчаслівы пуць!
Не саром сямейку нашу,
Добрай жонкай будзь!
Вядучая.
Маці ж той не да гаворкі,
-На расстанні плача горка.
А падружкі раззлаваліся...
Сяброўкі.

Ты, Волечка, здрадніца.
Лепш бы ты не мілавалася
3 Міхасём да раніцы!
Мы ж, клянёмся, самі
Век не выйдзем замуж!
Сват.
Но, пайшлі, стаеннікі!
Сват.
Бывайце здаровы!
Жанчыны-спявачкі.

Дзевачка са двара з'язджае,
3 бяроз вяршок зрывае,
Будзь, мая бярозка, без вярха,
Аставайся, мая мамачка, без мяне.
Бяроза без верха, кунацей,
Без мяне, мая мамачка, багацей.
Вядучая.
Ля варот - затор.
Хлопцы сталі ў рад суровы
-Непраходны бор.
Юнакі.
Гэй, жаніх, гані нам выкуп
I багаты, і вялікі.
За кужэльныя косы,
За блакітныя вочы,
За вішнёвыя вусны!
Вядучая.
I паехалі ўдалеч каля рэчкі, каля лоз.
Нашу слаўную дзяўчыну брыгадзір суседскі звёз.
А на вуліцы, на вуліцы - ігрышча ў поўны ход.
Звоняць бубны, рэжа скрыпка,
Весяліцца наш народ.
Чутны жарты, піск і рогат. Нехта песеньку вядзе:
Маладзіца. Упілася я, упілася, хто дадому давядзе?

На сцэне жанчыны прытанцоўваюць і спяваюць прыпеўкі.

На вяселлі была,
Не палуднавала.
Памаленьку скачу,
Бо я есці хачу.

А чаму мы тут гуляем?
А чаму мы тут пяём?
А таму, што Мішу жэнім,
Вольку замуж аддаём.

I вяселле ў нас,
I ігрышча ў нас,
Пахаваліся ў салому -
Няхай знойдуць нас.

Я надзену бела плацце,
Абмараю - вымыю.
Аддаю сяброўку замуж
Самую любімую.

Сербіяначку гуляла,
Сама сербіяначка,
Не аддай далёка замуж,
Дарагая мамачка.

Заіграла шасціпланачка,
Запела песню я,
За чатырыста кілометраў
Заўлётачка мая.

А не йдзіце, дзеўкі, замуж,
Я ўжо замужам была,
Дзве нядзелі з палавінай
Свякроў есці не дала.

Самавар, самавар,
Часці залатыя,
Паглядзім, як будуць жыць
Нашы маладыя.

Іграй, гарманіст,
Ды не торгайся,
Пап'ём, паядзім,
Ды разойдземся.

Моладзь танцуе падэспань, лявоніху, польку. Пасля спяваюць беларускую народную песню "Ой, за гаем, гаем...".

Ой, за гаем, гаем,
Гаем зеляненькім,
Там арала дзяўчыначка
Волікам чарненькім.

Арала, арала,
Не умела араці,
Ды й наняла музычаньку
На скрыпачцы йграці.

Музычэнька йграе,
Вочкамі маргае; -
Чорт яго, бацька, знае,
На каго маргае.

Ці на мае волы,
Ды ці на каровы,
Ці на мае бела лічка,
Ці на чорны бровы?

Не на мае волы,
I не на каровы,
Да й на мае бела лічка,
Да й на чорны бровы.

Вядучая.
Кажуць, гуляць - не працаваць.
Гэта яшчэ як сказаць...
Вяселле - не п'янка,
А найлепшая гулянка.

Сапраўдная опера ствараецца народам.
Не адзін дзень ідзе вяселле са сваімі абрадамі, звычаямі і песнямі. Пра ўсё расказаць за некалькі хвілін проста немагчыма. Але яшчэ на адной дэталі, уласцівай вяселлю ў вёсках Навасёлкі, Глівін, Сівіца, мы спынімся.
Калі маладыя са сваімі "прыданкамі" - сяброўкамі і сябрамі, сваякамі - прыязджалі ці прыходзілі да хаты маладога, для іх спявалі песні-прыпеўкі, поўныя з'едлівага гумару, непрыхаванай насмешкі. Аднак госці не павінны былі крыўдзіцца. Давайце паслухаем і запомнім.

* * *
Прыданачкі, чорны галачкі, маўчыце.
А луччы вы сваю сястрыцу наўчыце.
Ніхай яна хату і сені падмяце
I за вароты смецце не нясе.
Нашы куры адарлівыя - раздзяруць,
Нашы суседзі гаварлівыя - разнясуць.
* * *
Адкуль прыданкі?
- 3-за ракі...
У іх падраныя рандакі (андарак - В.Б.).
Адкуль прыданкі?
- 3 Кастрыцы...
Пазычоныя спадніцы.
* * *
Прыехалі прыданыя,
Прыехалі прыданыя,
Чорныя, каравыя,
Прынясіце цэбар вады
I прыпол хвашчаначак -
Шараваць прыданачак.

Вядучая.
Вяселле і вясёлы - словы блізкія і родныя.
На вяселлі гучаць песні вясёлыя народныя.

Усе спяваюць.

Бацька едзе па лучыну,
О-ха, о-ха-ха!
Бацька едзе па лучыну,
О-ха, о-ха, о-ха-ха!
А сын едзе па дзяўчыну,
О-ха-ха!

Бацька едзе з лучыною,
О-ха, о-ха-ха!
Бацька едзе з лучыною,
О-ха, о-ха, о-ха-ха!
А сын едзе з дзеўчыною,
О-ха-ха!

Пытаецца бацька ў сына,
О-ха, о-ха-ха!
Пытаецца бацька ў сына,
О-ха, о-ха, о-ха-ха! . -
Што каштуе та дзяўчына?
О-ха-ха!

- Табе, бацька, не пытаці,
О-ха, о-ха-ха!
Табе, бацька, не пытаці,
О-ха, о-ха, о-ха-ха!
Што каштуе, трэба даці,
О-ха-ха!

* * *
Зялёнае жыта, зялёна - асака.
Прыехалі госці здаляка.
Зялёнае жыта, зялёна - каля хат,
Прыехалі госці: сястра й брат.
Зялёнае жыта, зялёна - ля ракі,
Прыехалі госці - землякі.
Зялёнае жыта, зялёна і авёс,
Прыехалі госці - увесь калхоз.
Зялёнае жыта, зялёна - за сялом,
Дарагія госці за сталом.
Зялёнае жыта, зялёна - коні б'юць,
Дарагія госці водку п'юць.
Зялёнае жыта, зялёна - лебяда,
Напілісь, наелісь - хто куда.

Самадзейныя артысты кланяюцца. Заслона.

ЗЫЧАННІ МАЛАДОЙ I МАЛАДОМУ

(на матэрыяле Гродзеншчыны)

Дару абразам, каб жылі да смерці разам.
Дару абрус вам новы, каб былі вы здаровы.
Дару абцугі, каб ніколі не раслі рагі.
Дару агурок, каб сын рос.як дубок.
Дару агурочкі, каб былі добрыя дочкі.
Дару вам адзяяла, каб жонка мужа не раскрывала.
Дару адзяяла, каб адным канцом укрываліся і пра маці не забываліся.
Дару акрайчык, каб быў сынок Мікалайчык.
Дару акрайчык, каб быў сын Мікалайчык, а яшчэ і скарыначку, каб была дачка Кацярыначка.
Дару аладкаю, каб жонка была гладкаю.
Дару вам аленя, каб мелі дачку Алену, і мядзведзіка, каб мелі сына Федзіка.

____________________________

* Дадзены сцэнар распрацаваиы аўтарам для школьных пастановак з мэтай бліжэй пазнаёміць сучасную моладзь з абрадамі бацькоў і дзядоў, захаваць фальклорную спадчыну народа. Настаўніца выкарыстала ў сваёй працы асаблівасці абраду вяселля, характэрныя для вёсак Навасёлкі, Глівін, Сівіца Глівінскага с/савета Барысаўскага раёна Мінскай вобласці, захавала мову, уласцівую жыхарам гэтай мясцовасці.
У артыкуле падаюцца народныя песні, вершы сучасных аўтараў на абраную тэму, а таксама творчыя напрацоўкі самой аўтаркі.
* * Матуся - у некоторых рэгіенах Беларусі так называют, хросную маці. - Заўвага рэд.
* * * У сцэнары аўтар ужывае вясельныя пажаданні, характэрныя для дадзенай мясцовасці. Настаўнікі ж, узяўшы сцэнар за аснову, могуць выкарыстаць пажаданні, песні, абрады, уласцівыя іх рэгіёну, ці ўзяць неабходны матэрыял з кнігі "Беларускае вяселле: Абрады, Зычанні, Тосты, Прыказкі. Фразеалагізмы" М. Даніловіча, Н. Памецькі, I. Піваварчык. Прыклады некаторых зычанняў з яе мы вам прапаноўваем у канцы артыкула. - Заўвага рэд.


Яшчэ на гэту тэму:

Беларускае вяселле     Святкаванне зборнай суботы