сцэнарыі святаў на беларускай мове

Віталь ПАДСТАЎЛЕНКА, кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры літаратуры Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава. Роднае слова 2017/9

Сапраўднае жыццё, або Real Life

Літаратурная кампазіцыя

Мэта: стымуляванне цікавасці школьнікаў да гісторыі беларускага кнігадрукавання, развіццё эстэтычнага густу і чытацкіх інтарэсаў, фарміраванне каштоўнасных арыенціраў у школьнікаў, матываванне да пачатку асабістай творчай дзейнасці, выхаванне актыўнай жыццёвай пазіцыі.
Дзейныя асобы: дзяўчаты, пісьменнік, “Францыск Скарына”
Задуменны чалавек (пісьменнік) з кнігамі з’яўляецца на сцэне, сядае на лаву, кладзе на яе кнігі, бярэ адну з іх, чытае. У гэты час гучыць запіс (або выразнае чытанне за сцэнай у музычным суправаджэнні) верша “Сляды” П. Броўкі.
Усё пакінуць след павінна,
Бо, як пачаўся белы свет,
Прамень, пясчынка і расіна
Нязменна пакідаюць след.
I птушка песняю сваёю,
I кропля, што імкне да рэк...
А колькі, колькі за табою
Слядоў на свеце, чалавек!
Ва ўсім, што створана дагэтуль,
Твой творчы розум і рука -
След трактарыста, след паэта,
Канструктара, будаўніка.
Але часы сатруць у гневе -
Бо сэрцы не кране ані -
I надпіс ножыкам на дрэве,
I фарбаю - на камяні.
Вы выйшлі ўдалеч, маладыя,
Вам доўга крочыць праз гады.
Не забывайцеся ж, якія вы пакідаеце сляды.

Кладзе кнігу на лаўку, у роздуме сыходзіць са сцэны.

1- я дзяўчына (з’яўляецца на сцэне, трымаючы ў руцэ смартфон). Дзяўчаткі, дзяўчаткі, усе-ўсе сюды! Зараз такія шыкоўныя фотаздымкі зробім! (З’яўляюцца чатыры дзяўчыны. Адна з іх з кнігай у руках ідзе больш павольна, на адлегласці. Усе фатаграфуюцца.) О, колькі тут людзей! Вось будзе сэлфі дык сэлфі!.. (Фатаграфуе, разглядае, паказвае астатнім.) Ну ўсё, жыццё не дарэмна пражытае: з такімі фотабомбамі 5 тысяч падпісчыкаў у Instagrame мне гарантавана! (Радуюцца.)
А ўчора, уяўляеце, Знайшла ў інтэрнэце фотапраект “Real Life” у якім прымаюць рэальныя фотаздымкі з сапраўднага жыцця. Я зрабіла некалькі сваіх фота, а пасля (хітра), каб надаць ім жыццёвасці, увесь дзень апрацоўвала свае партрэты ў “Фаташопе” Атрымалася малападобная да мяне эфектная брунетка, але затое ўсё, як у галівудскіх блокбастарах. (Смяюцца.)
2- я дзяўчына (адрываючыся ад кнігі ў руках). Але ж хіба гэта сапраўднае жыццё?
1- я дзяўчына. Вядома, гэта абсалютнае real lifе. А ты, відаць, (з іроніяй) дзіця маё, яшчэ вельмі маленькая, чытаеш кніжкі і шмат чаго ў свеце не разумееш!..
2- я дзяўчына. Не крыўдуй на мяне, я толькі хацела сказаць, што ўсе акаўнты, каменты, уяўныя прыхільнікі-падпісчыкі з “лайкамі” ніколі не заменяць сапраўдных сяброў і добрых, сардэчных, шчырых слоў.
• Выразнае чытанне верша “Словы”С. Грахоўскага.
Над намі словы уладараць.
Мы чуем і гаворым іх.
Яны то здружаць, то пасвараць
- Сяброў і ворагаў маіх.
Бо словы розныя бываюць.
Адны - агню стрымаюць шквал,
Другія словы забіваюць
Усё жывое напавал.
Ад слова сэрца халадзее,
Праходзіць сон і забыццё,
Ад слова рушацца надзеі,
Ад слова свеціцца жыццё.
Ад слова вырастаюць крылы,
А ў сэрца грукае любоў,
Ад слова прыбываюць сілы,
Дык не шкадуйце шчырых слоў!

1- я дзяўчына (са здзекам). Цікава, цікава, і адкуль столькі разумных слоў і філасофскіх ідэй?
2- я дзяўчына. Ведаеце, дзяўчаты, я ўжо даўно думала пра наш час, дзе пануюць практычнасць і культ задавальнення простых чалавечых патрэб. Наша жыццё падобна да крутога шоу, удзельнікі якога, аднак, забыліся на дабрыню, таварыскасць, жаданне прыўнесці святло і шчасце ў жыццё іншых... Але ж былі людзі, якія жылі інакш, мелі сапраўднае жыццё, а не real lifе.
Шукаючы прыклады такіх людзей, я ішла па парку і раптам убачыла на лаўцы кнігу, відаць, наўмысна пакінутую нейкім добрым чалавекам ці, можа, Нават добрым чараўніком (першая дзяўчына здзекліва ўсміхаецца, скептычна ківае галавой).
3- я дзяўчына. Глядзіце, там яшчэ некалькі такіх кніг... Давайце возьмем, пачытаем! (падбягаюць, бяруць, чытаюць).
2- я дзяўчына (працягвае). У гэтай кнізе Уладзіміра Караткевіча быў твор, які дазволіў канчаткова пераацаніць сябе, кожнага з нас і нашу сучаснасць, - эсэ “Подзвіг Францыска Скарыны”. Я ўбачыла беларускага асветніка не як застылы ў часе гістарычны манумент, а як жывога Чалавека, надзвычай мудрага, спагадлівага, які да самазабыцця любіў Радзіму, веды і кожнага з людзей.

• Выразнае чытанне эсэ “Подзвіг Францыска Скарыны” У. Караткевіча.

Першы крок твой і твайго грамадства да святла - Кніга, пісьменнасць, асвета.
Кніга для ўсіх, Пісьменнасць для ўсіх, Асвета для ўсіх. Бо не можа называцца асвечаным грамадства, дзе асвечаныя адзінкі закрываюць сваімі спінамі святло ад іншых.
Асвечанасць - гэта калі кожнаму ў руку - паходню!
I Францыск Скарына робіць гэта, надрукаваўшы біблейскія кнігі. I не на чужой мове, а на простай, сваёй, беларускай, якую аднолькава разумеюць мужык і магнат, воін і гандляр. Усе.

3- я дзяўчына. I да кожнай кнігі - прадмовы і пасляслоўі, першыя ўзоры грамадскай, асветніцкай, эстэтычнай думкі. Таксама для ўсіх. Пачатак мудрасці новых часоў, спасціжэння таямніц сусвету, магчымасці праверыць усё рукамі, розумам, душой.
Праз дух разумнасці - да духу любові. Праз мудрасць і добрыя звычаі - да грамадства, дзе ўсім добра і, галоўнае, справядліва Жыць.
Тое, на чым і сёння стаяць найлепшыя людзі і чалавецтва.
4- я дзяўчына. Францыск Скарына быў з тых, першых, хто, кажучы сучаснымі словамі, стварыў стартавую пляцоўку для рыўка Чалавецтва ў ягоную неабсяжную будучыню. Гэты беларус быў з тых, самых першых, што стварылі найлепшых з нас такімі, якія мы ёсць.
Ва ўзбраенні ведаў, усёмагутнасці мозгу, адкрытай шчырасці добрага сэрца. 3 навукай у адной руцэ і мастацтвам - у другой.
5- я дзяўчына. Можа, праз пяцьсот гадоў нехта і пасмяецца з нашых ведаў, з узроўню нашай думкі.
Дзякуй богу, што пасмяецца. Без веры ў тое, што далёкія нашчадкі нашы будуць як багі - навошта жыць?
Але ніхто не пасмяецца з нашай працы, з узроўню нашага мастацтва. Вось у чым яго неўміручая сіла! 3 яго веку і да нашага веку.
Ніхто не пасмяецца з таго, што яны і мы - у меру сілаў сваіх - рассунулі Сусвет, спазналі частку ісціны.
I на пачатку гэтага бясконцага шляху - такая малая і такая бязмежна вялікая “Кніга” Францыска Скарыны!..

З’яўляецца пісьменнік з кнігай у руках.
Пісьменнік. I таму мы павінны ганарыцца тым, што ён - беларус. Хаця мудрасць не ведае розніцы нацый, моў, веры.
Таму што мудрасць ведае адну веру - веру ў вялікае прадвызначэнне Чалавека, якога Прырода стварыла для поўнага і канчатковага спазнання самой сябе.
У гэтым, мабыць, адзіны сэнс чалавечага жыцця.
I Францыск Скарына зрабіў адзін з першых крокаў на нашым шляху да гэтага.
У гэты час вучань у строі часоў Адраджэння ў зале раздае лісткі з выявамі кніг Скарыны, падымаецца на сцэну.
2- я дзяўчына. Дзяўчаты, вы, можа, будзеце смяяцца, але мне здаецца, нібы сам Францыск Скарына падыходзіць сюды.
1-я, 3 - 5-я дзяўчыны. Мы таксама гэта бачым.

“Францыск Скарына” падыходзіць да іх.
• Выразнае чытанне верша “Кніга” П. Макаля.

Бясследна нішто не міне,
Гісторыя слова адродзіць.
Ты - мост, па якім да мяне
Мінуўшчына ў госці прыходзіць.

Мільгаюць старонкі твае -
I мы размаўляем з вякамі,
I продак да нас дастае
Радкамі, нібыта рукамі.

Учора і сёння - Штодня -
У люты мароз і ў адлігу
Стварае людская радня
Жыцця непаўторную кнігу.

Мы пішам адменным пяром,
Што ўручана родным народам.
Пілот у нябёсах - крылом,
Араты на полі - нарогам.

Мы - словы такога пісьма,
Якое ў вяках не сатрэцца.
Ты - мост, па якім нездарма
Іду я з патомкам сустрэцца.

Пісьменнік уручае "Францыску Скарыну” кнігу, разам сыходзяць.
1- я дзяўчына (звяртаючыся да 2-й). Прабач мне, я, здаецца, пачынаю цябе разумець.
2- я дзяўчына. Ды што ты, я не крыўдую. Толькі ведаеце, дзяўчаты, мяне трывожыць будучыня кнігі, ці захаваецца яна ў наш тэхнічны час?..
I каб кнігі існавалі, трэба, каб яны па-ранейшаму былі часткай нашага свету, каб ім адводзілі пачэснае месца ў любым доме, каб бібліятэкі па-ранейшаму гасцінна запрашалі чытачоў, каб было шмат храмаў Кнігі - кнігарняў...
1-я дзяўчына (працягвае). ...куды, як на вялікае свята, будуць прыходзіць бацькі разам з дзецьмі. I менавіта гэтыя маленькія багі Радасці і Будучыні, пастаянна звяртаючыся да кніжнай мудрасці, зробяць рэальнае жыццё казачным на ўсёй Зямлі.

• Выразнае чытанне верша “У кнігарні” К. Цвіркі.
Мы прыйшлі ў кнігарню з мамай.
На паліцах - безліч кніг!
Тоўстых, тонкіх - розных самых,
Цэлы свет - у кніжках тых!

- Я куплю табе во гэту...
Гэту й гэту варта ўзяць...
Ты пра ўсе краіны свету
3 гэтых кніжак будзеш знаць.

- О, як добра! Дзякуй, мама!
Я пра іх чытаць люблю.
Толькі б знаць хацеў таксама
Я й пра нашую зямлю.

Пра яе лясы і рэкі,
Пра забытыя гады,
Пра той шлях з вараг у грэкі
I пра казкі-гарады.

I яшчэ - за што, няйначай,
Буду ўдзячны я ўдвайне –
Ты купі на мове нашай,
Беларускай, кніжку мне.

То ж айчыны нашай мова,
Мова прадзедаў, бацькоў.
У той мове што ні слОва –
Дыямент жывы вякоў.

Ці паляк, ці грэк, ці швед там –
Мова ў кожнага свая.
Як усе, хацеў бы ведаць
Мову родную і я.

За яе, за край наш любы
У бітвах гінулі дзяды.
I яе ў баях ад згубы
Адстаялі назаўжды.

Невук - хто яе не цэніць.
Ці ж магу я здраджваць ёй:
Я ж не нейкі адшчапенец,
Я ж не нейкі чужаземец
На святой зямлі сваёй.