сцэнарыі святаў на беларускай мове

Паліна НАСКОВА Роднае слова 10.2006

"Светлы след будзе вечна жывым..."

Сцэнар вечарыны, прысвечанай Максіму Багдановічу

На сцэне высвечваецца ўзыход сонца. Гучыць музыка.

Максім.
Калісь глядзеў на сонца я,
Мне сонца асляпіла вочы.
Ды што мне цемень вечнай ночы,
Калісь глядзеў на сонца я.
Няхай усе з мяне рагочуць,
Адповедзь вось для іх мая:
Калісь глядзеў на сонца я,
Мне сонца асляпіла вочы.
Вядучы. Сонца паэзіі Максіма Багдановіча ўзышло, каб свяціць вякамі, свяціць нязгасна, саграваць сваім святлом і цяплом душы тых, хто зняверыўся, хто сагнуўся над цяжарам жыцця.
Максім.
Ой, чаму я стаў паэтам
Ў нашай беднай старане?
Грудзі ныюць, цела вяне,
А спачыць не можна мне...
Вядучы. Дык чаму ж ён стаў паэтам у нашай беднай старане?

На сцэне за раялем Марыя Апанасаўна іграе сумную мелодыю. Уваходзіць Адам Ягоравіч з трыма хлопчыкамі. Жанчына перастае іграць.

Адам Ягоравіч. Ты хораша іграла. А цяпер, можа, пачытаеш што-небудзь?
Максім. Пачытай, мамачка, свае апавяданне пра хлопчыка, які хацеў атрымаць падарунак...
Дзеці. Пачытай, калі ласка.
Марыя Апанасаўна. Ну што ж, слухайце, дзеці. Гераіні майго апавядання хацелася перад Калядамі парадаваць сваіх дзяцей падарункамі, а грошай не было. І яна вырашыла прадаць залаты пярсцёнак, каб купіць падарунак, але грошай на падарунак усё роўна не хапіла.
Старэйшы сын, Міша, не дачакаўся падарунка і вырашыў разам з малодшым брацікам пашукаць Хрыста. У акне аднаго дома, у вялікай зале, яны ўбачылі ўсю ў агнях, багата ўпрыгожаную золатам і срэбрам ёлку. 3-пад кожнай галінкі выглядалі апельсіны, яблычкі, цукеркі.
Міша прыціснуўся пасінелым тварыкам да шкла, ён не мог адвесці вочак ад цудоўнага гнядога коніка з сапраўднай поўсцю і грывай. Пе­рад конікам сядзеў хлопчык і гладзіў яго.
Гэта ж мой конік! — падумаў Міша. - Я марыў пра такога".
Хлопчыка ахапіла роспач: твар скрывіўся, як ад моцнага болю, усё яго маленькае тулава ўскалыхнулі нястрымныя рыданні... На плач выйшаў швейцар і прагнаў хлопчыкаў. Багатая ёлка не для іх: шчасце бядняк зможа ўбачыць толькі ў сне!..
Максім. Мне так шкада гэтага хлопчыка, мамачка.
Марыя Апанасаўна. Мне таксама яго шкада, як і ўсю нашу гаротную зямлю. (Устае.) Але вы любіце яе, дзеці, і памятайце заўсёды. (Паволъна знікае.)

Гучыць сумная мелодыя.

Адам Ягоравіч. Ну вось, дзеці, асірацелі мы без мамы. Давядзецца нам паехаць туды, дзе мне дапамогуць вашы цёткі.
Дзеці. А гэта далёка, тата?
Адам Ягоравіч. Так. Далёка адсюль. У Ніжні Ноўгарад. (Усе сыходзяць са сцэны.)
Чытальнік.
Кінь вечны плач свой аб старонцы!
Няўжо жа цёмнай ноччу ты
Не бачыш, што глядзіцца сонца
Ў люстэрка — месяц залаты?
Не згасла сонца?
Сонца гляне,
Усіх падыме ада сна.
Ён, гэты дзень, яшчэ настане,
— І "ачуняе старана".
Я над яе зімовай маскай —
Пад снегам — бачу твар вясны,
І вее верш мой дзіўнай казкай,
І ясны ён, як зорак сны.

На сцэну выходзіць Адам Ягоравіч і Максім.

Максім.
Не згасла сонца? Сонца гляне,
Усіх падыме ада сна.
Ён, гэты дзень, яшчэ настане, —
І "ачуняе старана"
Адам Ягоравіч. Ты ведаеш, Максім, я не веру ў беларускае адраджэнне. Скажу табе шчыра, вельмі ўжо адсталі беларусы. Усе навокал сцвярджаюць, што малыя народы павінны зліцца з вялікай рускай нацыяй і знікнуць...
Максім. Але чаму, бацька?..
Адам Ягоравіч. І я падтрымліваю такую думку. Гэта найлепшае вырашэнне пытання. Адзін толькі Горкі стаіць за росквіт народаў Расеі. Я ў гэта не вельмі веру.
Максім (запальчыва). Найбольш простае не ёсць найбольш правільнае.
Адам Ягоравіч. Магчыма, тым не менш, табе трэба атрымаць практычную спецыяльнасць. Паэзіяй, тым больш беларускай, сыты не будзеш.
Максім. Але для мяне яна — жыццё.
Адам Ягоравіч. Вучыцца будзеш у Яраслаўлі, на юрыдычным. А цяпер адзінае, што я магу для цябе зрабіць, - дазволіць паехаць у Беларусь.
Максім. Дзякуй і за тое.

Адам Ягоравіч пакідае сцэну.

Максім. Няўжо гэта праўда? Я еду ў Беларусь?!
У гэты час з другога канца сцэны Максіма вітаюць Зося і Васіль Казіміравіч*. Запрашаюць да ста­ла, на якім гладышык малака, бохан хлеба і інш.

* Зося і Васіль Казіміравіч - выдуманыя персанажы. Вясной 1911 г. Максім Вагдановіч гасцяваў у Ракуцёўшчыне ў Вацлава Эмярыкавіча Лычкоўскага і яго сястры Ядвігі (у замустве Русецкай), якія даводзіліся дзядзькам і цёткай Івану і Антону Луцкевічам. - Заўвага рэд.

Максім. Добры дзень, Васіль Казіміравіч. Добры дзень, Зося.
Васіль Казіміравіч і Зося. Добры дзень, Максім Адамавіч! Мы даўно чакалі вас. Падсілкуйцеся з дарогі, адпачніце трохі.
Максім. Шчыра дзякую! Мне хочацца паглядзець ваколіцы, пазнаёміцца з людзьмі.
Васіль Казіміравіч. Тады вам пашанцавала. Сёння ў нас у Ракуцёўшчыне вяселле. Я нават за свата запрошаны.
Зося. А я за дружку.
Максім. Як цікава. Я таксама хачу паглядзець.

Сыходзяць са сцэны. На змену ім з'яўляюцца сват і свацця, вясельная світа, якая акружае маладую.

Госці.
Бацька добры, бацька добры,
А маці ліхая:
Не пускае пагуляці,
Кажа - маладая.
Свацця.
А чалом, чалом, мае госцейкі,
Сабірайцеся хутчэй на вяселле,
На вяселле ў хату новую,
У хату новую, сасновую,
Ды за столікі кляновыя,
За абрусікі бялёвыя -
Ой, бялёвыя — саматканыя,
І узоры вышываныя.
Галасы з натоўпу. Не, мы проста так вяселле не пачнем, бо ў нас скарб вялікі ёсць, наша маладая. Толькі за добры выкуп яе вам аддамо. (Малады кідае дробныя грошы.) Не, такі выкуп - знявага для нас. Наша маладая болей каштуе.
Малады. Ну болей, дык болей. (Кладзе грошы.)
3 натоўпу. Мала! (Малады кладзе значную купюру.) Вось цяпер досыць. Можна і вяселле пачынаць.
Сват.
Да красно вяселле не ўзорамі,
А ласкавымі прыгаворамі,
Не ядвабнымі абрусамі,
А ласкавымі прымусамі.
3 натоўпу. І песнямі таксама. Хочам пачуць, як маладая спявае.

Маладая выходзіць у круг, вакол яе карагод.

Маладая (спявае).
Зялёная вішня з-пад кораня выйшла.
Аддала мяне мама, дзе я непрывычна.
Успомні мяне, мама, хоць раз у суботу,
А я цябе, мама, ідучы на работу.
Успомні мяне, мама, хоць раз у аўторак,
А я цябе, мама, на дзень разоў з сорак.
Ой, выйду я ў поле, ды гляну дадому —
Вары, мама, вячэру і на маю долю.
Зялёная вішня...
3 натоўпу (перабіваючы). Хопіць сумную, давайце вясёлую.
Выкрык. Вы чаго маўчыце, дзеўкі, дзе вясёлыя прыпеўкі?
Да Максіма падбягае дзяўчына.
Дзяўчына. Як вас клічуць, прыгожы паніч?
Максім. Максім.
Дзяўчына. А чаму не танцуеце? (Максім паціскае плячыма. Дзяўчына спрабуе выцягнуць яго ў круг, спявае.)
У Максіма на кашулі вышыты галубкі;
Я за тое вышывала, што цалуе губкі.
У Максіма на кашулі вышыты лісточкі;
Я за тое вышывала, што цалуе вочкі.
У Максіма на кашулі вышыты падкоўкі;
Я за тое вышывала, што цалуе броўкі.

На змену гэтай дзяўчыне выскоквае другая і спявае "Янку".

Янка стаіць на гары, а я стаю ў даліне,
Янка сее кавуны, а я — журавіны.
Журавіны не ўзышлі, кавуны пасохлі,
Ка мне хлопцы не прыйшлі — каб яны падохлі.
Я на рэчцы хусткі мыла, ды на плот павесіла,
Дзесяцёх ўсяго любіла — аднаго пацешыла.
Чаго, Янка, ты галосіш? Я цябе пацешу,
Ды пашыўшы зрэбну торбу, на шыю павешу.
3 натоўпу. Добрыя дружкі ў маладой, а як у маладога?
Выкрык. Лявоніху!
3 натоўпу. Музыканцікі, грайце або грошы аддайце.

Другая група пад спевы танцуе "Лявоніху".

Як Лявоніху Лявон палюбіў,
Чаравічкі ён ей новыя купіў.
Лявоніха — душа ласкавая –
Чаравічкамі паляскавала.
Ой, Лявоніха бядоваю была,
Ды Лявону хлеба-солі не дала.
Ой, Лявоніха, хачу табе сказаць:
Не пайду з табой капусты ламаць,
Хоць капуста зарасла лебядой,
Не пайду яе палоць за табой.
Прападзі жа ты з капустай сваёй,
Не сушы ты маладосці маёй.

Сват.
Гэй, да нас, да нас, у госці,
Дабрадзеі, ягамосці!
Блаславіце і шануйце,
Долю светлую віншуйце,
Даставайце падарункі:
Поўны куфры, поўны клункі...
Госці. Хай будзе шчасце маладым!

Гучаць пажаданні маладым. Вяселле пад мелодыю "Бывайце здаровы" сыходзіць са сцэны. На сцэне Максім, Зося, Васіль Казіміравіч.

Зося. Не шкадуеце, Максім Адамавіч, што пайшлі?
Максім. Што вы, Зося?!
Васіль Казіміравіч. На нашых вяселлях заўсёды весела.
Максім. Я ўдзячны вам, што вы мяне запрасілі. Я ж ніколі так блізка не быў сярод сваіх, беларусаў. Мне вельмі песні спадабаліся. Раней я такіх не чуў. Асабліва "Лявоніха". Пакуль там спявалі ды частаваліся, я свае купле­ты напісаў. Пачытайце, Зося, калі ласка.
Зося (чытае з ліста).
Ах, Лявоніха, Лявоніха мая!
Спамяну цябе ласкавым словам я, -
Чорны пух тваіх загнутых брывянят,
Вочы яркія, вясёлы іх пагляд;
Спамяну тваю рухавую пастаць,
Спамяну, як ты умела цалаваць.
Васіль Казіміравіч. Нават не верыцца, Максім, што гэта вы напісалі так падобна да таго, што людзі даўно ўжо склалі.
Зося. Вось добра, Максім Адамавіч, цяпер і вашы куплеты будуць гучаць на нашых вяселлях.
Васіль Казіміравіч. Вы часцей прыязджайце да нас. Яшчэ многае пачуеце і ўбачыце.
Максім. Абавязкова прыеду. А цяпер мне пара. Да пабачэння. Дзякую вам за ўсё.
Васіль Казіміравіч, Зося. Да пабачэння. Хутчэй прыязджайце зноў.

У гімназіі. Рафаіл і Максім вітаюць адзін аднаго.

Рафаіл. Дзе гэта ты, Максім, прападаў так доўга?
Максім. Ведаеш, Рафаіл, ажыццявілася мая мара - я наведаў Беларусь. Столькі пачуў і пабачыў!
Рафаіл. Прыходзь сёння да нас, раскажаш пра ўсё. Я даўно хацеў цябе запрасіць.
Максім. Мне неяк няёмка.
Рафаіл. Не, не, не адмаўляйся, калі ласка. Я ведаю ў чым справа...
Максім. Я саромеюся тваіх сясцёр.
Рафаіл. А дакладней, Ані.
Звініць званок.
Рафаіл. Ну дык як? Максім. Прыйду.
Уваходзіць настаўнік.
Настаўнік. Ну што, спадары гімназісты, я прынёс вам вашы кантрольныя па матэматыцы, якія вы пісалі на мінулым уроку. Скажу шчыра, не ва ўсіх выдатныя поспехі, а хутка выпускныя іспыты. І вы павінны паклапаціцца пра сваю будучыню. Вось вы, Багдановіч, якія ў вас планы? Што вас цікавіць?
Максім. Мне падабаецца літаратура, паэзія, мовы. І ўвогуле, пасля заканчэння гімназіі я хачу паехаць на радзіму, у Беларусь, прысвяціць свае жыццё адраджэнню роднага краю. 3 вашага дазволу я прачытаю невялікі верш, што напісаў учора.
Вакол мяне кветкі прыгожа красуюць.
Маркотна між іх я хаджу адзінок,
Аж бачу - мне сіняй галоўкай ківае
Наш родны, забыты ў цяні васілёк.
"Здароў будзь, зямляча!" Чуць бачны ў даліне,
Панура, нявесела шэпча ён мне:
"Ўспамянем, мой дружа, ў багатай чужыне
Аб беднай, далёкай сваёй старане".
Настаўнік. Нядрэнна, нядрэнна, вельмі нядрэнна, малады чалавек. Я дарую вам не такія выдатныя поспехі ў матэматыцы і думаю, мы з задавальненнем паслухаем вас на пасяджэнні літаратурнага гуртка.
Максім. Дзякую.
Настаўнік. А зараз вазьміце заданне на наступны урок. (Аддае заданне і сыходзіць.)
Рафаіл. Ну дык у колькі, Максім?
Максім. У пяць.

Разыходзяцца ў розныя бакі.
Рафаіл, Аня, Вара ў другім канцы сцэны хутка афармляюць залу, ўваходзяць Максім і Нюта Гапановіч*.

* Прысутнасць Нюты Гапановіч у Яраслаўлі тлумачыцца фантазіяй аўтара і выконвае пэўную ролю ў раскрыцці сюжэта. Насамрэч, згодна з біяграфічнымі звесткамі Максіма Багдановіча, Нюта Гапановіч не наведвала брата ў Яраслаўлі. — Заўвага рэд.

Рафаіл. Заходзьце, калі ласка, заходзьце.
Максім. Гэта мая дваюрадная сястра Нюта Гапановіч.
Вара, Аня. Вельмі прыемна.
Рафаіл. Мой аднакурснік і сябра Максім Багдановіч, а гэта — мае сёстры: Аня і Вара Какуевы.
Максім, Нюта. Рады пазнаёміцца.
Вара. Сядайце, калі ласка, а ты, Рафаіл, дапамажы мне прыгатаваць гарбату.
Вара і Рафаіл выходзяць.

Аня. Максім Адамавіч**, раскажыце, калі лас­ка, пра сваю сям'ю.

** Для моладзі, выхаванай у шляхетных сем'ях, у пачатку XX ст. быў характэрны ветлівы зварот з імем і імем па бацьку. - Заўвага рэд.

Максім. Ведаеце, Ганна Рафаілаўна, баюся, што мой расповед засмуціць вас.
Аня. Не, не, мне цікава.
Максім. Нарадзіўся я ў Мінску. Бацька мой працаваў настаўнікам, пісаў артыкулы і кнігі па гісторыі і культуры роднага краю, але навукай займацца не мог: трэба было карміць ся­м'ю. Мы пераехалі ў Гродна. Там бацька праца­ваў бухгалтарам ва Усерасійскім сялянскім бан­ку, а цяпер працуе ў яго філіяле ў Яраслаўлі.
Аня. А ваша мама?
Максім. А мама...
Нюта. Марыя Апанасаўна таксама мела педагагічную адукацыю, вучылася ў Пецярбургу, любіла паэзію, музыку, пісала апавяданні. Але жыццё яе было нядоўгім: яна памерла ад сухотаў.
Аня. Прабачце, я зрабіла вам балюча.
Максім. Вы не паверыце, Ганна Рафаілаўна, мне было тады пяць гадоў, але я памятаю маму, памятаю, як шмат часу яна праводзіла за фартэпіяна. Я быццам чую і зараз тыя мелодыі.
Аня выцірае слёзы.
Максім. Вы бачыце, я ж гаварыў, што мой расповед навее смутак.
Аня. Не, не, калі ласка, расказвайце.

Вяртаюцца Рафаіл і Вара.

Максім. Пасля смерці мамы мы пераехалі ў Ніжні Ноўгарад, дзе бацька пазнаёміўся з Максімам Горкім. Вечарамі яны размаўлялі пра літаратуру.
Нюта. У бацькі Максіма вялікая бібліятэка.
Аня. Прабачце, Максім Адамавіч, Рафаіл казаў, што ў гімназіі вучыцца ваш малодшы брат Леў.
Максім (з сумам). Так... У мяне быў яшчэ адзін брат - Вадзім, вельмі таленавіты чалавек. У Ніжнім ён быў адным з кіраўнікоў студэнцкай моладзі, падчас адной сходкі захварэў і памёр. Потым мы пераехалі ў Яраслаўль.
Нюта. Як бачыце, гора ўсё жыццё пераследуе іх сям'ю.
Вара. Сябры, забудзьцеся пра сумнае.
Прапаноўвае гарбату. Моладзь сядае да стала. П'юць гарбату, гавораць.
Рафаіл. Я думаю, Аня сыграе нам што-небудзь. А ты, Максім, пачытай свае вершы.
Вара. Вы пішаце вершы?
Максім. Толькі спрабую.
Нюта. Ён у нас сціплы. Яго вершы ўжо друкаваліся ў газеце.
Максім. Я пішу па-руску і па-беларуску.
Аня. Па-беларуску? Вы ж казалі, што пакінулі радзіму ў пяць гадоў.
Максім. Менавіта так, але я ўвесь час чуў, як бацька размаўляў з цёткамі.
Нюта. Так, мая маці і цётка ведаюць шмат беларускіх песняў, казак.
Максім. Але галоўнае — кнігі. Давайце я вам лепш пачытаю.

Месяц круглы ўстаў на небе,
Блішчыць невысока,
Ўвесь чырвона-жоўты, быццам
Пугачова вока.

3 мілым, задушэўным зыкам
Важкі хрушч лятае;
Пра няшчаснае каханне
Нехта запявае.

Голас полем пракаціўся,
У бары аддаўся:
"А дзе ж тая крынічанька,
Што голуб купаўся?"

І снуюцца сумна ў сэрцы,
Ўюцца адгалоскі
Роднай песні, простай песні
Беларускай вёскі...

Аня. Як шчыра і пранікнёна. Мне вельмі спадабалася. Я ніколі раней не чула беларускай мовы.
Вара. Магчыма, я памыляюся, але яна мне нагадвае польскую ці ўкраінскую.
Рафаіл. Так, ёсць шмат агульнага. Я нядаўна перачытваў Міцкевіча.
Вара. Мы з сястрой таксама чытаем Міцкевіча, але ў перакладзе. Нам вельмі падабаецца яго лірыка.
Максім. А ведаеце, Міцкевіч нарадзіўся на Беларусі. Я мару пасля заканчэння гімназіі паехаць на радзіму, пабываць у мясцінах, дзе жыў любімы паэт. А вось вучыцца хацеў бы ў Пецярбургу.
Аня. Цётка і бацька таксама хочуць паслаць мяне вучыцца музыцы ў Пецярбург.
Рафаіл. Сыграй нам, Аня.
Максім і Нюта. Сыграйце нам, калі ласка.

Гучыць музыка. Паступова гасне святло, на сцэне застаюцца пры невялікім асвятленні Максім і Аня.

Аня. Як ціха і добра!
Максім. Вы любіце зорнае неба?
Аня. Вельмі.
Максім. А якая ваша любімая зорка?
Аня. Венера.
Максім. Венера, зорка Венера.

Аня сыходзіць. На сцэне высвечваецца дзяўчына у прыгожай блакітнай сукенцы. Пад гукі ' Зоркі Венеры" Максім падыходзіць да яе, пара танцуе пад зарапад.

Чытальнік.
Ўчора шчасце толькі глянула нясмела,
— І развеяліся хмары змрочных дум.
Сэрца чулае і млела, і балела,
Радасць душу мне шчаміла, быццам сум.

Ўсё жыццё цяпер, як лёгкая завея.
Кнігу разгарнуў - а не магу чытаць.
Як зрабілася, што пакахаў цябе я,
— Хіба знаю я? Ды і нашто мне знаць?

На сцэне Максім і Аня ідуць насустрач адно аднаму.

Аня. Я еду ў Пецярбург, Максім. Сустрэнемся, магчыма, толькі летам у наступным годзе.
Максім. Цэлых 10 месяцаў, Аня. Гэта так многа. (Чытае.)
Мне доўгае расстанне з Вамі
Чарней ад Вашых чорных кос.
Чаму ж нядобры час прынёс
Мне доўгае расстанне з Вамі?
Я пабляднеў ад горкіх слёз
І трыялет пачаў славамі:
Мне доўгае расстанне з Вамі
Чарней ад Вашых чорных кос.

Аня. Бывайце, Максім, мне трэба ісці.
Максім. Бывайце, Аня. (Падае дзяўчыне складзены лісток.) Прачытайце вось гэта калі-небудзь.

Пакідае сцэну.

Аня (чытае).
Больш за ўсё на свеце жадаю я,
Каб у мяне быў свой дзіцёнак –
Маленькая дачушка - немаўляшка,
Аня Максімаўна...
3 чорнымі валосікамі і броўкамі,
3 цёмна-карымі вочкамі,
А ручкі, як перацягнутыя ніткамі.
Зусім такая, як Вы,
Калі Вы былі маленькай дзяўчынкай.
Аня. Ах, Максім, Максім.

Пакідае сцэну. У другім канцы сцэны — Максім.

Максім (самотны).
Буду сніць і днямі, і начамі.
І прыду. Што ўздумаеш, рабі.
Хочаш — душу растапчы нагамі,
Хочаш - мучай, хочаш - загубі.

На сцэне з'яўляецца дзяўчына.

Дзяўчына. Вы чулі, Максім, Ганна Рафаілаўна выходзіць замуж за Івана Лілеева. Шлюб прызначаны на заўтра.

Дзяўчына знікае.

Максім.
У сэрцы — боль: Ніколі
3 душою Вашай так не сальецца Мая душа.
Канец.
Ды не, гэта яшчэ не ўсё.
У мяне застаецца памяць... і вершы.

Высвечваецца касцёл Святой Ганны. Гучыць музыка.

Чытальнік.
Каб залячыць у сэрцы раны, Забыць пра долі цяжкі глум, Прыйдзіце да касцёла Анны, Там знікнуць сцені цяжкіх дум.

Як лёгка да гары, як красна
Узносіць вежы ён свае!
Іх зарыс стройны ў небе ясна
Ізломам дзіўным устае.

А вастрыня іх так высока,
Так тонка ў вышу неба тнуць:
Што міг - і ўжо, здаецца воку,
Яны ў паветры паплывуць.

Як быццам з грубаю зямлёю
Расстаўся стройны, лёгкі гмах
І вось, чаруючы красою,
уступае на блакітны шлях.

Глядзіш, — і ціхнуць сэрца раны,
І забываеш долі глум.
Прыйдзіце да касцёла Анны,
Там знікне горач цяжкіх дум.

На сцэне высвечваецца партрэт Максіма Багдановіча.

Чытальнік.
Глянь, як зорка у цемні ляціць,
Ўсіх чаруючы свет лам сваім,
Быццам змей залаты зіхаціць
І стухае у небе глухім.

Але ўспомніць яшчэ зорку свет,
Бо у сэрцах гарыць яе след.
Так свабодна, так ярка пражыць —
Лепшай долі няма на зямлі.

Ўсё кругом на мамент асвяціць
І пагаснуць у цёмнай імглі.
Ўсё знікае, праходзіць, як дым,
Светлы ж след будзе вечна жывым.

Пражэктар гасне, на сцэне — зорнае неба.
Гучыць флейта.

Максім.
"Бачыце гэтыя буйныя зоркі,
Ясныя зоркі Геркулеса?
Да іх ляціць наша сонца,
I нясецца за сонцам зямля.
Хто мы такія?
Толькі падарожныя, - папутнікі сярод нябёс.
Нашто ж на зямлі
Сваркі і звадкі, боль і горыч,
Калі ўсе мы разам ляцім
Да зор?"

На сцэну выходзяць усе ўдзельнікі пастаноўкі. У цэнтры на ўзвышэнні дзяўчына, поруч — Максім. Паступова святло загараецца. Паклон.


Яшчэ на гэту тэму:

«Вечна юны, як наша зямля...»     “І свеціцца зорнае слова Максіма”