сцэнарыі святаў на беларускай мове

С. В. КУРАТЧЫК, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце, ПШ № 1 г. Гродна. Пачатковая школа 7. 2012

Свята першага званка

Сцэнарый мерапрыемства

Вядучы. Мы ўсе жадаем вам поспехаў і моцнага здароўя!
Вядучая. Лінейка, прысвечаная Дню ведаў, аб’яўляецца адкрытай.
Выконваецца гімн школы.
Вядучы.
Трапіць каб на Востраў ведаў,
Важна курс патрэбны ўзяць.
Каб пазбегнуць многіх бедаў,
Трэба суднам кіраваць.
Вядучая.
Хто стаў школьным капітанам?
Вядучы.
Хто? Дырэктар, як заўжды.
Усіх вядзе нас курсам слаўным
Ужо многія гады.
Вядучая.
Вядзе ўпэўнена і строга
Ладны школьны карабель,
Вядзе правільнай дарогай,
Каб не селі мы на мель.
Слова дырэктару школы.

Са строю выходзяць Несцерка і вучаніца. У Несцеркі з партфеля відаць венік і прас.
Несцерка.
Лічбы, літары вучу —
У школе быць даўно хачу
Вучаніца.
Ну, вучыся сабе ў нас.
Ды навошта табе прас?
Несцерка.
Ну, а як на форме пляма?
Прас патрэбен мне таксама.
Вучаніца.
А вось венік тут пры чым?
Не ўцемлю я зусім!
Несцерка.
Ну, а раптам я насмечу?
Няма больш патрэбнай рэчы.
Вучаніца.
Разумею, ды аднак
Я скажу, што ты дзівак,
Бо ў партфелі кніг няма,
А без іх хадзіць дарма.
Эх, Несцерка-забывайка!
Падкажыце, першы клас,
Што важней за ўсё для вас.

Вучаніца вымае са свайго партфеля рэчы (буквар, алоўкі, сшыткі, ручкі, кніжкі), а дзеці называюць іх.
Вучаніца.
Каб чытаць, пісаць умець,
Усё гэта трэба мець.

Несцерка задумаўся.
Вучаніца.
Несцерка, ты не сумуй,
А ўсе рэчы падрыхтуй.
Паглядзі на першакласнікаў.
Вам слова, нашы маленькія сябры.
Дзяўчынка.
Форма, банты — усё да твару,
Але я пра веды мару.
Стала ўжо дарослая,
Дзяўчынка я сур’ёзная.
Хлопчык.
Першы раз у першы клас
Мы прыйшлі вучыцца.
Вам усім “У добры час! “
Скажам урачыста.
Несцерка.
Ну, пайду ўжо рыхтавацца,
Буду ў школе я займацца,
3 кнігай буду сябраваць,
3 яе веды набываць.

Вядучы. Са сваімі віншаваннямі да малодшых сяброў і ўсіх прысутных звяртаюцца выпускнікі пачатковай школы — вучні чацвёртага класа.
1-шы выпускнік.
Дарагія першакласнікі,
Мы віншуем сёння вас.
Вы гулялі ўчора ў класікі,
Сёння вы ўжо першы клас.
2-гі выпускнік.
Сёння свята незвычайнае —
Свята ведаў сёння ў нас.
Сустракае школа слаўная
Ваш вясёлы першы клас.
3-ці выпускнік.
Трэба шчырымі, праўдзівымі
I настойлівымі быць,
Веды здабываць імкліва,
I сяброўствам даражыць.
4-ты выпускнік.
Каб дзясяткі недасяжныя
Сталі звыклымі для вас,
Каб цікавыя і важныя
Справы ладзіў першы клас.

Настаўнікі ўручаюць першакласнікам кнігу “Беларусь — наша Радзіма. Падарунак Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі першакласніку".
Вядучы.
Лета праляцела, аж не верыцца.
Час імчыцца хваляй хуткаплыннаю.
Кліч не кліч, яно да нас не вернецца.
У свой клас ужо ісці павінны мы.
Вядучая.
Празвініць званок — і без прынукі
Весела па класах мы разыдземся.
I пачнецца зноў для нас навука.
Без яе ніяк мы не абыдземся!
Вядучы.
А званок за парты кліча:
— Добры дзень! У добры час!
Свет бясконцы, таямнічы
Адкрываецца для нас.

Вядучая. Па даўняй традыцыі навучальны год пачынаецца з першага званка.
Вядучы. Школа, увага! Гучыць першы званок.
Перад строем прабягае першакласніца, звонячы ў званочак.
Вядучая.
Свята без кветак — хіба гэта свята?
У вашых руках розных кветак багата.
Вядучы.
Вучні, настаўнікаў шчыра віншуйце,
Кветак, павагі для іх не шкадуйце!

Дзеці дораць настаўнікам кветкі.
Вядучая.
Лета праляцела непрыкметна,
Рэхам адгукнулася ў бары.
I паклікала Краіна ведаў
Да сябе вас, юныя сябры.
Вядучы.
Хай здаровым, дружным і вясёлым
Будзе ваш любімы родны клас.
Хай жа ганарыцца вамі школа.
Юныя сябры, у добры час!

Вядучая. Лінейка, прысвечаная Дню ведаў, аб’яўляецца закрытай.

Яшчэ на гэту тэму:

Свята першага званка     Мы школьнікамі сталі