сцэнарыі святаў на беларускай мове

Л. В. Парамон, Л. П. Сахарэвіч, Н. П. Трыгубовіч “Беларускае свята ў школе” З вопыту работы Уздзенскай санаторнай школы-інтэрната. Дапаможнік для настаўнікаў і выхавальнікаў. Мінск “Беларусь” 2002

"Ішла Каляда, калядуючы..."

Сцэнарый каляднага свята

Методыка падрыхтоўкі

Свята праводзіцца вечарам 13 студзеня. За некалькі дзён да яго дзеці рыхтуюць касцюмы казы, мядзведзя, цыганкі, дэкарацыі для сцэны.
Выхавальнікі знаёмяць вучняў, як раней на Беларусі святкаваліся Каляды. Дзеці развучваюць калядныя песні, каб падчас свята быць не проста гледачамі, а яго актыўнымі ўдзельнікамі.

Методыка правядзення

Сцэна аформлена пад беларускую хату, упрыгожана вышыванымі ручнікамі. Гучыць песня «Калядачкі» ў выкананні ансамбля «Песняры».

Гаспадар. Ой, жонка, нешта ў хаце нашай горача!
Гаспадыня. Дык, Лявоначка, я ж тры дні ў печы паліла, пякла, варыла, смажыла, хачу, каб калядоўнічкі зайшлі, нашай хаты не міналі. Сядай куццю спрабаваць.

Гаспадары садзяцца за стол, перахрышчваюцца, першую лыжку куцці нясуць да акна.
Гаспадары. — Мароз, мароз, ідзі куццю есці! Што б ты не марозіў летам расады, агуркоў, гарбузоў, морквы і буракоў, і ўсяго таго, што Бог судзіць пасадзіць і пасеяць!
Гаспадар. Жонка, ці бачыш ты мяне?
Гаспадыня. Не бачу!
Гаспадар. Каб ты не бачыла за агуркамі, за гарбузамі, за капустай, за буракамі свету!
Гаспадыня. Ці бачыш ты мяне?
Гаспадар. Не, не бачу!
Гаспадыня. Каб жа ты не бачыў за стагамі, за вазамі, за снапамі свету!

Дзеці ў час яды задаюць маці пытанні.

1-ае дзіця. Вой, мамка, чаму ў нас сёння такі багаты стол?
Маці. Сёння абрадавая калядная вячэра — куцця. Сённяшняя куцця называецца шчодрай. А тыдзень назад, вы ж памятаеце, была поеная куцця.
2-ое дзіця. А з чым звязана гэта свята — Каляды?
Бацька. А гэта свята яшчэ дахрысціянскага паходжання. Абрадавыя магічныя дзеянні, якія выконваліся ў час Каляд, павінны былі спрыяць плёну ў працы селяніна, засцерагаць яго сям’ю, гаспадарку ад нягод, няшчасцяў. А з прыняццем хрысціянства царква прымеркавала да Каляд царкоўнае свята — Ражство Хрыстова, якое адзначаецца сёмага студзеня.
1-ае дзіця. А чаму мы куццю паставілі на сена?
Маці. Бо Хрыстос на сене нарадзіўся.
2-ое дзіця. А чаму на Каляды казу водзяць?
Бацька. Бо здаўна на Беларусі казу лічылі сімвалам дабрабыту. Аднак у некаторых месцах водзяць жорава, мядзведзя. Ну, вось і пад’елі. А зараз паварожым, ці высокі лён будзе ўлетку. А ну, дзяўчаткі, выцягвайце з пад абруса па сцяблінцы сена (дзеці выконваюць просьбу бацькі). Во, добры будзе лён, добры. Ідзі, Марыля, паглядзі на неба, якое надвор’е.

Марыля ідзе, праз некаторы час вяртаецца.

Марыля. Вой, усё неба ў яркіх зорках. Будзе добры ўраджай збожжа і грыбоў у гэтым годзе. I снег пакуль не ідзе, чорныя сцежкі — будзем гэты год з чарніцамі, ды й грэчка ўродзіць.
Бацька. Дай Бог, дай Бог, каб усе нашы прыметы спраўдзіліся.

У хату заходзяць дзяўчаты.

1-ая дзяўчына. Калядкі — добрыя святкі, але мароз пракляты.
2-ая дзяўчына. Калядкі — добрыя святкі, бліны ды аладкі.
3-яя дзяўчына. На Каляды іней — ураджай на хлеб, неба ў зорках — ураджай на гарох будзе.
1-ая дзяўчына. На Каляды — кілбасы, на Вялікадня — сыр, а ўсё чалавек сыт.
Усе разам. Добры вечар, з Калядамі вас!
Гаспадыня. Праходзьце, праходзьце, дзяўчаткі.
Дзяўчаты распранаюцца.

Адна з дзяўчат. Ці не будуць цётка з дзядзькам супраць, калі мы сёння паварожым, за каго замуж пойдзем?
Гаспадар. Вой, замуж яны сабраліся, вы ж яшчэ малыя, у рэшаце спіце!
Дзяўчаты. Якія мы малыя, дзядзечка!
Гаспадар. Вой, бяды свет, гадайце, гадайце, я ж жартам. Цешцеся, пакуль маладыя.
Дзяўчаты пачынаюць варажыць. Чуецца, як брэша сабака (загадваюць, хто ў які бок замуж пойдзе). Туфлямі перамерваюць хату. Дзве дзяўчыны (з іх адна гаспадыніна дачка) выходзяць па дровы, каб паваражыць. Тым часам астатнія змаўляюцца паставіць пад ложак місачку з вадой, трэсачкай, каб прысніўся суджаны. Пасля вяртаюцца дзяўчаты з дрывамі і таксама варожаць.

Адна з дзяўчат. Сёння нанач, як вучыла мая бабуля, трэба ўмыцца, выцерціся новым ручніком і пакласці яго пад падушку. I прысніцца будучы муж, які будзе несці ў руках ручнік.
Дзяўчаты (дружна). Пагадаем! Пагадаем! А цяпер трэба разыходзіцца, хутка калядоўшчыкі хадзіць будуць, на вуліцы чуваць ужо смех, песні, музыка, гоман. Бывайце здаровы!
Дзяўчаты выходзяць з хаты і чуюць песню калядоўшчыкаў.
Едуць, едуць Калядкі,
Вязуць бліны і аладкі
На сівенькім канёчку,
На маляваненькім вазочку.

Калядоўшчыкі падыходзяць да дома і спяваюць.

Ноты песні Ой ішла каляда калядуючы
Ой, ішла Каляда, калядуючы, праз сяло,
Зайшла ж яна да пана Сцяпана пад вакно:
— Ой, пане Сцяпане, харошыя дочкі ў цябе,
А што ж твае харошыя дочкі рабілі?
— А што ж мае харошыя дочкі рабілі?
А ў стадоле ды ўсё пшанічаньку мералі,
Намералі трыццаць шанкоў і чатыры.
А тыя чатыры вам, каляднічкам, Каляда!

Стук у дзверы.

Калядоўшчыкі. Ці дома гаспадар?
Гаспадар. Дома, з печы каўбасу дастаю.
Калядоўшчыкі. Ці дома гаспадыня?
Гаспадыня. Дома, дома, сталы прыбіраю.

Калядоўшчыкі ўваходзяць у хату, наперадзе — «павадыр» з «казой».
Калядоўшчыкі (па чарзе).
— Добры вечар таму, хто ў гэтым даму!
— Ці ты спіш, ці ты так ляжыш?
— Ці ты так ляжыш, ці лісты пішаш?
— Мы ж твайго двара не мінём!

Гаспадары. Дзякуем! Дзякуем!
1-ы калядоўшчык. 3 Калядамі велічаем!
2-і калядоўшчык. На тваім двары усе агні гараць.
1-ы калядоўшчык. Усе агні гараць, усе сталы стаяць.
3-і калядоўшчык. Усе сталы стаяць пазасціланыя.
2-і калядоўшчык. Усе хлябы ляжаць павыпяканыя.
Калядоўшчыкі праходзяць па хаце і звяртаюцца да ўсіх з песняй.

ноты песні Добры вечар табе
Добры вечар табе, пане гаспадару!
Радуйся, ой, радуйся, зямля, —
Сын Божый нарадзіўся!
(пасля кожн. радка паўтор)

Засцілайце сталы, усе, колькі маем,
Ды кладзіце калачы, святую пшаніцу.
Ды прыйшлі к нам жэ да тры святы ў госці:
А першае свята — Хрыстова нараджэнне,
А другое свята — святое Васілле,
А трэцяе свята — святое Вадохрышчэ.

Усе калядоўшчыкі. Добры вечар вам, ці рады вы нам?
Гаспадары. Мы-то рады. Ды хто ж вы такія?
Калядоўшчыкі. Мы людзі не простыя, з далёкага краю!
Гаспадыня. Куды ідзяце?
1-ы калядоўшчык. Ідзём мы да пана Года, што носіць бараду шыроку, як лапата, сіву ды калмату!
2-і калядоўшчык. Мы к лету ідзём, казу вядзём ды шчасце нясём!
3-і калядоўшчык. Ці шырокія сцены, каб нам пагасцяваць? Ці добрая гаспадыня, каб нас пачаставаць?
Гаспадыня. Гаспадыня то добрая, але за што вас частаваць? 3 чым вы прыйшлі, калядоўшчыкі?
Калядоўшчыкі. 3 казою шэраю, вясёлаю.
Каза (рассыпаючы жыта).
Святкуем Калядкі —
Лавіце зярняткі!
Лавіце рукой,
Каб добры быў настрой!
Каб моцна грэла сонца —
Кіну ў аконца.
Майце ўсяго даволі,
А бяды ніколі.
Нікога не хвалюйце,
А ўсім святло даруйце.

Гаспадар. Дык няхай яна паскача!
Калядоўшчыкі. А ну, каза, павярніся, гасцям добрым пакланіся!
Гучыць песня «Го-го-го, каза». «Каза» скача, брыкаецца. валіцца на падлогу.

Ноты песні Го-го-го каза
Го-го-го, каза,
Го-го-го, шэра,
Дзе рожкі дзела?
На соль праела.

Го-го-го, каза,
Го-го-го, шэра,
Пакажы чапец.
Лезь, каза, на печ,

Го-го-го, каза,
Го-го-го, шэра,
Дзе каза ходзіць,
Там жыта родзіць.

Го-го-го, каза,
Го-го-го, шэра,
Лезь, каза, на кут,
Пакажы хамут.

Го-го-го, каза,
Го-го-го, шэра,
— Лезь, каза, на пол,
— Пакажы хахол.

Го-го-го, каза,
Го-го-го, шэра,
Дзе каза рогам,
— Там жыта стогам.

Го-го-го, каза,
Го-го-го, шэра,
Дзе каза нагой,
Там жыта капой.

Го-го-го, каза,
Го-го-го, шэра,
Дзе каза хвастом,
Там жыта кустом.

Калядоўшчыкі (па чарзе).
— Каб каза устала, трэба даць ёй кусок сала!
— А на кожны ражок павесіць піражок!
— А вунь гаспадар ідзе, каўбасу нясе, тры кускі сала, каб каза устала, мерку аўса, каб каза пайшла, мерку жыта, каб каза была сыта!

Гаспадар вешае на рогі сала, каўбасу, «каза» ўстае.
Калядоўшчыкі (па чарзе).
— Мы хадзілі, гулялі, калядавалі, прыйшлі, прыгулялі да гаспадарова стала.
— Гаспадар наш, бацюшка! Пачастуй гасцей з клеці — рэшатам, з печы — пірагом.
— Падай каўбасу, у зубах панясу.
Гаспадыня. Дык за што вас частаваць, спачатку трэба паспяваць.
Гучыць песня «А ў гаспадара пасярод двара».

Ноты песні А ў гаспадара
А у гаспадара пасярод двара, Каляда!
Стаіць вішанька зеляненькая, Каляда!
На тэй вішаньцы гарыць свечачка, Каляда!
3 тае свечачкі упала іскарка, Каляда!
3 тае іскаркі стала возера, Каляда!
А у там возеры сам Бог купаўся, Каляда!
Просім Божаньку на вячэраньку, Каляда!
На вячэраньку, на куцічаньку, Каляда!
Не столькі з’ясі, колькі нам дасі, Каляда!
Не столькі сап’еш, нам болей нальеш, Каляда!

Дзеці (падбягаюць да гаспадыні, цягнуць яе за руку, за фартух і кажуць па чарзе).
— Я ў цябе, цётухна, пакалядую!
— Я ў цябе, цётухна, каўбасу чую!
— Дай, цётка, каўбасу, бо я хату разнясу!
— Дай, цётка, пірог, я пайду за парог!
— Вазьмі нажа вострага, адрэж сала тоўстага!
Гаспадыня. Не, не дам! Малавата спявалі, мала скакалі!
Музыка. Можна і яшчэ паскакаць.
Дзеці.
Ну-ка, рэзні, гарманіст, залатыя пальчыкі,
Каб у скок пусціліся дзевачкі і мальчыкі!

Танец «Бульба-полька». Адны выконваюцъ танец, другія спяваюць.

Ноты песні Гарні гарні бульбу
Гарні, гарні бульбу з печы
У торбачку ды на плечы,
У торбачку ды нясі,
— Скажаш дзякуй, як з’ясі.
Прыпеў:
Трам-там-там, та-ра-та-та-та-та-там,
Скажаш дзякуй, як з’ясі.
Трам-там-там, та-ра-та-та-та-та-там,
Трам-там, ці-рам, та-ра-ра-рам.

Бульбу пякуць, бульбу вараць,
Бульбу ядуць, бульбу хваляць,
3 бульбы клёцкі, з бульбы каша
— Вось такая доля наша.
Прыпеў.

I да кожнае да стравы
Годна бульба да прыправы.
Пакаштуеш шмат разоў
Ды захочаш бульбы зноў.
Прыпеў.

Гаспадар. Вось дык танцоры, вось малайцы! Пасядзіце ў нас, пачастуйцеся! Усё ў нас ёсць — і квас, і каўбаскі!
Калядоўшчыкі частуюцца, гаспадыня кладзе пачастунак у мех, з сабой. Стуку дзверы. 3 ’яўляецца «цыган» з «цыганкаю». «Цыган» вядзе «кабылу».
Цыган. Добры вечар вам!
Цыганка. Дай нам, добры чалавек, капу яек на паўміскі, белым сырам намазаўшы, каўбасою абкруціўшы!
Гаспадар. А чым вы нас парадуеце?
Цыган. Я — цыган багаты! У мяне ў кармане — вош на аркане! А ў другім — блыха на цапе!
Цыганка. Цыц, чорт стары! Пайду людзям добрым шчасця нагадаю.
Ідзе да гасцей, гадае.

Цыган. Купі, гаспадар, у мяне кабылу, другой такой не знойдзеш. Прадаю дарма, усяго за тысячу!
Гаспадар. За такую кабылу і грошык шкада аддаваць!
Цыган. Многа ты разумееш! Вось глядзі, якая яна ў мяне ласкавая. (Гладзіць «кабылу», яна брыкае.) Паглядзі, якая ў яе паходка. Плыве, як ў моры лодка! (Цягне «кабылу», але яна стаіць як укапаная. Штурхае яе ў зад, «кабыла»хістаецца.) Паглядзі! Мая сівая як бяжыць, дык зямля дрыжыць. (Дае «кабыле» пад зад, яна падае.) А няхай жа цябе ліха, гаспадар! Загубіў мне кабылу! За гэтку чэсць давай карбаванцаў шэсць ды тры кускі сала, каб кабыла устала!
Гаспадар (смяецца, выцірае слёзы). Убрыкні цябе камар! Бяры ўжо! (Частуе яго.) Пасядзіце ў нас, добрыя людзі!
Госці частуюцца. Потым, пад ’еўшы і выпіўшы квасу, «цыган» з «цыганкaю» скачуць «цыганачку». Затым на сярэдзіну круга выходзіцъ «важак» з «мядзведзем».

Важак. Кланяемся нізка ўсім, і Мішка кланяецца. («Мядзведзь» ківае галавой.)
Ну-ка, Міша, пакажы, як бабы хлеб месяць. («Мядзведзь» паказвае.) Ну-ка, Міша, пакажы чэснай публіцы, як мужык Янка п’яны з кірмашу дамоў вяртаецца. («Мядзведзь» паказвае, перавальваючыся з нагі на нагу.) Так, так, Міхаіл, весялей. Весялей — мужык Янка добрых дзве кварты выпіў. I таму ног пад сабой не чуе. («Мядзведзь» паказвае, як ходзіць зусім п ’яны чалавек.)
Пакажы, Міша, яшчэ, як дзеўкі на танцы збіраюцца («Мядзведзь» паказвае.)
Ну, Міша, за старанне трымай мядовы пернік. Пернікі любіш? (Дае пернік «мядзведзю», той раскланьваецца.)
Мужчына.
А ну барджэй, не баў гасцей:
Механошу — капу грошай,
Падхватнічкам — па цукерачцы,
Па цукерачцы, кілбасу на талерачцы.
Пачынальніку — чырвоны злоты,
Ад кошачкі — сала трошачкі,
Ад кароўкі — чвэрць галоўкі,
Ад коніка — бочка солі,
Ад авечкі — рэшата грэчкі,
Ад свінкі — шрот саланінкі.

Калядоўшчыкі (дзякуюць за пачастункі).
— Які гэты піражок — каб гэтакі каласок.
— Аз таго каласочка — жыта бочка!
— А за гэты кусок сала — каб свіння дзверы выстаўляла.

Пакідаючы хату, усе спяваюць віншавальную песню «Паляцеў каршун, Каляда!».

Ноты песні Паляцеў каршун
Паляцеў каршун, Каляда!
Каля тога саду, Каляда!

Курэй стаду, Каляда!
Нашоў жа ён, Каляда!

Стаў ён выбіраці, Каляда!
Катораю ўзяці, Каляда!

Што белыя скрылцы, Каляда!
Тая — лятушчая, Каляда!

Што жоўтыя ножкі, Каляда!
Тая — нясушчая, Каляда!

А што ў чубочку, Каляда!
Тая — каршуночку, Каляда!


Яшчэ на гэту тэму:

«Прыйшла каляда да вашага двара!»     Калядныя акорды