сцэнарыі святаў на беларускай мове

Н. I. СЦЯПАНАВА, настаўніца вышэйшай катэгорыі; I. Я. ЗУЕВА, настаўніца першай катэгорыі (сярэдняя школа № 3 г. Оршы). Беларуская мова і літаратура 3/2019

Гульня «Шчаслівы выпадак»

па творчасці Уладзіміра Караткевіча (VI—VII класы)

Мэта: падтрымліваць цікавасць да беларускай літаратуры, творчасці Уладзіміра Караткевіча.
Задачы: высветліць веданне вучнямі зместу твораў У. Караткевіча, якія вывучаліся на ўроках беларускай літаратуры ў V—VI класах; садзейнічаць развіццю іх пазнавальнай актыўнасці, культуры Маўлення, творчых здольнасцей; стварыць умовы для абуджэння цікавасці да мінулага, выхавання павагі да старэйшых, пачуцця любові да Радзімы.
Форма правядзення: на ўзор гульні «Шчаслівы выпадак».
Абсталяванне: мультымедыйны праектар, прэзентацыя, каляровы партрэт У. Караткевіча, карткі з заданнямі і са словамі, рэчы і прадметы для конкурсу «Замарочкі з бочкі», выстава кніг пісьменніка.
Падрыхтоўчая праца: вучням загадзя прапануецца літаратура пра жыццё і творчасць У. Караткевіча, напярэдадні правядзення інтэлектуальнага спаборніцтва яны наведваюць гарадскі музей пісьменніка; настаўнік дае заданне перачытаць тэксты твораў У. Караткевіча, якія вывучаліся ў V—VI класах («Нямоглы бацька», «Былі ў мяне мядзведзі», «Лісце», «Лебядзіны скіт», «Бацькаўшчына»); ствараюцца тры каманды.
Эпіграф:
Быў. Есць. Буду.
Таму, што заўжды, як пракляты,
Жыву бяздоннай трывогай,
Таму, што сэрца маё распята
За ўсе мільярды двухногіх.
Уладзімір Караткевіч.

Ход мерапрыемства

Настаўнік. Сёння мы праводзім спаборніцтва, якое прысвечана творчасці знакамітага беларускага пісьменніка. Яго прозвішча вы даведаецеся, калі разгадаеце крыжаванку. Гэта і будзе нашым першым конкурсам.
Першы конкурс «Разгадай крыжаванку».
Каманда, якая справіцца першай, атрымлівае 3 б. і становіцца пераможцай конкурсу.
Крыжаванка пра У. Караткевіча

Пытанні
1. Беларускі першадрукар.
2. Другі хлеб для беларусаў.
3. Краіна, якую называюць сінявокай.
4. Горад у Віцебскай вобласці, у якім пастаўлены помнік Герою Савецкага Саюза Канстанціну Заслонаву.
5. У якім горадзе нарадзіўся і жыў Кірыла Тураўскі?
6. Лён — гэта «беларускі...»
7. Птушка — сімвал Беларусі.
8. Кветка, якая змешчана на гербе Беларусі.
9. Імя асветніцы зямлі беларускай, што нарадзілася ў Полацку.
10. Белавежская...
Адказы:
1. Скарына. 2. Бульба. 3. Беларусь. 4. Орша. 5. Тураў. 6. Шоўк. 7. Бусел. 8. Валошка. 9. Ефрасіння. 10. Пушча.
Настаўнік звяртае ўвагу на эпіграф, паведамляе, што гульня будзе прысвечана жыццю і творчасці Уладзіміра Караткевіча.
Другі конкурс «Каралеўства крывых люстэрак».
Камандам прапануюцца карткі, на якіх пазначаны назвы твораў У. Караткевіча. Але ў іх пераблытаны літары.
1. «Л, я, і, ы, д, е, н, з, б, т, і, с, к». («Лебядзіны скіт».)
2. «я, м, о, г, л, Н, ы, ь, б, а, к, а, ц». («Нямоглы бацька».)
3. «а, Б, а, ь, ц, а, к, ш, ў, ы, н, ч». («Бацькаўшчына».)
4. «ы, л, і, Б, ў, я, м, н, е, д, з, м, я, д, з, е, в, і». («Былі ў мяне мядзведзі».)
5. «е, і, с, ц, Л». («.Лісце».)

Трэці конкурс «Замарочкі з бочкі».
Настаўнік дастае з мяшэчка рэчы і прадметы. Вучням неабходна адказаць, у якіх творах У. Караткевіча згадваюцца гэтыя прадметы. Каманды адказваюць па чарзе. За кожны правільны адказ даецца 1 б.

Рэчы і прадметы

1) Цацачны салдацік. («Лебядзіны скіт».)
2) Саломінкі. («Нямоглы бацька».)
3) Цацачны конь. («Лебядзіны скіт».)
4) Цацачны мядзведзь. («Былі ў мяне мядзведзі».)
5) Папяровы лебедзь. («Лебядзіны скіт».)
6) Цацачны бык. («Былі ў мяне мядзведзі».)

Чацвёрты конкурс «Знайдзі пару».
Вучні атрымоўваюць карткі, на якіх пазначаны імёны герояў з твораў У. Караткевіча. Трэба размеркаваць герояў па парах і прадставіць іх.

Пары герояў:
1. Стары — хан.
2. Хлопчык — мядзведзь.
3. Бацька — Пятро.

Фізкультхвілінка.
Прагляд відэароліка на песню «Дзе мой край?» (сл. У. Караткевіча, муз. 3. Вайцюшкевіча).
Пяты конкурс «Ты — мне, я — табе».
Каманды загадзя падрыхтавалі пытанні сваім сапернікам. Такім чынам, кожнай камандзе трэба адказаць на два пытанні.

Пытанні, падрыхтаваныя I камандай

1. Як бацька з казкі «Нямоглы бацька» дапамог людзям у час голаду? (Бацька прапанаваў зняць салому са стрэх, абмалаціць яе і сабраць зярняткі.)
2. Які новы закон прыйшоў на змену старому ў казцы «Нямоглы бацька»? (Шанаванне сваіх нямоглых бацькоў.)

Пытанні, падрыхтаваныя II камандай

1. У што ператварыўся Стары з твора «Лебядзіны скіт» і чаму? (Старац стаў каменем, з якога цяклі слёзы.)
2. Чаму ў скіт змагло змясціцца многа людзей? (Старац маліўся за людзей.)

Пытанні, падрыхтаваныя III камандай

1. Як Бурык з апавядання «Былі ў мяне мядзведзі» з'явіўся ў сям'і хлопчыка? (Палясоўшчыкі ўспаролі мядзведзіцу і адно медзведзяня прынеслі бацьку хлопчыка.)
2. Чаму мядзведзя адпусцілі на волю? (Бурык вырас і пачаў звярэць.)
Шосты конкурс «Далей. Далей. Далей»
Камандам прапануецца адказаць на пытанні за адну хвіліну. Калі вучні не могуць даць адказ, яны кажуць слова «далей», і ім даецца наступнае пытанне. На колькі пытанняў вучні змогуць адказаць, столькі балаў яны атрымліваюць.

Пытанні для I каманды

1) У якім годзе нарадзіўся Уладзімір Караткевіч? (У 1930 годзе.)
2) Дзе ён нарадзіўся? (У Оршы, Віцебская вобласць.)
3) Дзе застала яго Вялікая Айчынная вайна? (У Маскве, куды ён прыехаў да сястры, якая там вучылася.)
4) Як называецца першы зборнік паэзіі У. Караткевіча? («Матчына душа».)
5) Кім і дзе ён працаваў пасля заканчэння ўніверсітэта? (Настаўнічаў на Кіеўшчыне, вёска Лесавічы.)
6) Назавіце першы надрукаваны твор пісьменніка. (Верш «Машэка».)

Пытанні для II каманды

1) У якой школе вучыўся пісьменнік пасля Вялікай Айчыннай вайны? (У сярэдняй школе № 1 г. Оршы.)
2) У якім горадзе Уладзімір Караткевіч вучыўся ва ўніверсітэце? (У Кіеве.)
3) Якому знакамітаму паэту быў прысвечаны верш, надрукаваны ў аршанскай раённай газеце ў 1951 годзе? (Якубу Коласу.)
4) Назавіце часопіс, у якім быў надрукаваны першы твор У. Караткевіча. (Часопіс «Полымя».)
5) Назавіце адзін з самых вядомых твораў У. Караткевіча, прысвечаны паказу падзей пярэдадня паўстання 1863—1864 гг. (Раман «Каласы пад сярпом тваім».)
6) Кім з герояў беларускага мінулага асабліва захапляўся Уладзімір Караткевіч? (Захапляўся асобай Кастуся Каліноўскага.)

Пытанні для III каманды

1) Колькі дзяцей было ў бацькоў пісьменніка? (Трое.)
2) Дзе працаваў У. Караткевіч настаўнікам у 1956— 1958 гг.? (У Оршы.)
3) «Чортаў скарб» — гэта казка ці паэма? (Казка.)
4) Чым адметны ў жанравым плане твор «Дзікае паляванне караля Стаха»? (Гэта дэтэктыў.)
5) Як называецца кніга паэзіі, якая выйшла пасля смерці У. Караткевіча ў 1986 годзе? («Быў. ёсць. Буду.»)
6) У якіх гарадах вуліцы названы імем Уладзіміра Караткевіча? (У Віцебску і Оршы.)
Дэманструюцца слайды з фотаздымкамі пісьменніка.
Сёмы конкурс «Шыфроўка».
Вучням прапануецца расшыфраваць запавет У. Караткевіча. Для гэтага трэба размясціць літары ў алфавітным парадку і запісаць склады, якія знаходзяцца побач з літарамі. Камандзе, якая выканае заданне першай, налічваецца 3 б., другой — 2 б., 3 — 1 б.

Заданне

У - юЛ - беХ - заР - хто
К - сяФ - вуЬ - сёШ - той
Ж - ваЗ - еЁ - быЦ - быў
А - ХтоБ - сваГ - продВ - іх
М - губЕ - заЫ - уН - ля
Э - згуЮ - біўД - каўТ - ну
Я - !О - еЧ - ,П - ;
І - ,Й - тойС - родЎ - мо

Адказ.
Запавет У. Караткевіча з казкі «Нямоглы бацька»: «Хто сваіх продкаў забывае, той сябе губляе; хто родную мову забыў, той усё згубіў!».
Настаўнік. Няхай гэтыя словы пісьменніка стануць запаветам для вас на ўсё жыццё!
Пасля заканчэння гульні журы падводзіць вынікі і ўзнагароджвае каманды пераможцаў.

Спіс выкарыстанай літаратуры

Верабей, А. Л. Караткевіч Уладзімір / А. Л. Верабей // Беларускія пісьменнікі : біябібліягр. слоўнік : у 6 т. / пад рэд. А. В. Мальдзіса. — Мінск : БелЭн, 1994. — С. 159—161.
Ішчанка, Г. М. Вывучэнне творчасці пісьменніка: У. Караткевіч у школе : дапам. для настаўніка агульнаадукац. устаноў / Г. М. Ішчанка. — Мінск : Аверсэв, 2002. — 207 с.
Караткевіч, У. Збор твораў : у 8 т. / У. Караткевіч. — Мінск : Маст. літ., 1987. — Т. 1. — 431 с. Уладзімір Караткевіч: вядомы і невядомы : зб. эсэ, вершаў, прысвячэнняў / уклад. : А. Верабей, М. Мінзер, С. Панізнік. — Мінск : Літ. і мастацтва, 2010. — 368 с.


Яшчэ на гэту тэму:

"І не знікаць паэтам вечна"     "Быў. Ёсць. Буду"