сцэнарыі святаў на беларускай мове

А. Л. МІХАЙЛАВА, выкладчык кафедры сацыяльна-педагагічнай работы Віцебскага дзяржаўнага універсітэта імя П. М. Машэрава. Пачатковая школа Кастрычнік 2006 г.

Беларускі ўраджай

Сцэнарый восеньскага гульнёва-спартыўнага мерапрыемства

На свята запрашаюцца бацькі, вучні іншых класаў. Праводзіцца папярэдняя работа: клас дзеліцца на тры каманды, дзеці даюць ім назвы, выбіраюць капітанаў.

Вядучы. Добры дзень, паважаныя госці і ўдзельнікі свята! На календары сярэдзіна восені, час, калі сабраны ўраджай на калгасных палетках і ўласных участках. Сваю назву — "Беларускі ўраджай" — свята атрымала не выпадкова, бо кожны яго этап будзе праходзіць у выглядзе спаборніцтва і мець назву пэўнай агародніны або культуры, што традыцыйна вырошчваецца на Беларусі. Назвы этапаў зашыфраваны ў загадках, і той, хто адгадае іх, атрымае восеньскі прыз. А вы ведаеце, якія культуры традыцыйна вырошчваліся і зараз вырошчваюцца на Беларусі? Калі ласка, капітаны каманд, падыдзіце да мяне. (Капітаны каманд прадстаўляюцца.) Па сігналу "Пачынай" вы па чарзе павінны называць агародніну, садавіну ці злакавую культуру, што расце на палетках нашай краіны. Той, хто назаве большую колькасць культур, будзе пераможцам. А вас, гледачы, я прашу быць суддзямі і кожны адказ капітанаў каманд ацэньваць хорам словамі "Так" або "Не". Згодны? Тады пачынаем. (Пераможца ўзнагароджваецца якой-небудзь агароднінай: морквай, бураком ці капустай.)Малайцы! Добра ведаеце назвы культур, што растуць на тэрыторыі нашай краіны. Значыць, можна пачынаць нашы спаборніцтвы. Адгадваем загадку.
Повен хлявец белых авец.
Круглы, смачны, паласаты,
Мы яму бясконца рады.
(Гарбуз.)
(Удзельнік свята, які першым назваў адгадку, атрымлівае прыз — садавіну ці агародніну.)

I этап. Гарбуз.

1. Гульня "Гарбуз".
На зямлі ці падлозе чэрціцца круг. Вучні па схеме "хлопчык — дзяўчынка" бяруцца за рукі, утвараючы круг унутры начэрчанага. Па камандзе вядучага дзеці рухаюцца па кругу па ходу гадзіннікавай стрэлкі, затым супраць ходу гадзіннікавай стрэлкі. На словы вядучага "Адчыніць вароты" загадзя выбраная пара (хлопчык, дзяўчынка) разрываюць круг — расчыняюць вароты. Вядучы выводзіць з круга ўсіх дзяцей ланцужком, потым зноў заводзіць у круг, толькі спінай уперад. На словы "Зачыніць вароты" круг змыкаецца, вучні цяпер ходзяць па кругу спінаю ўперад. Дзеці, якія пераступілі цераз намаляваную лінію круга, разарвалі яго ці ланцужок у час хадзьбы, з гульні выбываюць. Пераможцамі лічацца апошнія 4 — 5 удзельнікаў спаборніцтва. Ім уручаецца агародніна ці садавіна.
2. Гульня "Вынесі гарбуз".
Па сігналу вядучага ўдзельнікі кожнай каманды па чарзе павінны вынесці на далоні з агарода (пераступіць за начэрчаную на зямлі ці падлозе лінію) "гарбуз" — надзьмуты і размаляваны пад гарбуз паветраны шарык. Ігрок, які не змог утрымаць шарык на далоні, з гульні выбывае. Перамагае каманда, у якой большасць ігракоў выканаюць заданне. Яны атрымліваюць узнагароды.
(Вядучы падводзіць вынікі першага этапу, узнагароджвае каманду-пераможцу пэўнай агароднінай, загадвае загадку.)
Нарадзіўся сярод градкі,
Быў шурпаты — вырас гладкі,
I ляжыць пад кустом
Дагары крывым хвастом.
(Агурок.)

II этап. Агурок.

1. Гульня-спаборніцтва "Збіраем ураджай".
Ўдзельнікі дзвюх каманд бяруцца за рукі і ўтвараюць шчыльны круг. Гэта кошык. Члены трэцяй каманды бяруць па мячу (агурку), становяцца ў калону адзін за адным на адлегласці 3 — 4 метры ад круга. Па сігналу вядучага яны закідваюць мячы ў кошык. Колькасць закінутых мячоў падлічваецца. Затым гэта заданне па чарзе выконваюць першая і другая каманды. Пераможцай становіцца каманда, якая "назбірала" большую колькасць "агуркоў".
2. Конкурс-жарт сярод балельшчыкаў.
Трэба як мага хутчэй з’есці скрылёчкі агуркоў, што ляжаць на талерках, без дапамогі рук, іх трымаюць за спінай. У конкурсе могуць прымаць удзел 2 — 4 балельшчыкі. Пераможца ўзнагароджваецца прызам — вялікім агурком.
Вядучы. I зноў, адгадваем загадку, атрымліваем прыз.
Чорная світка,
Ды белая спінка,
Горкая на смак,
Ды карысная ў салаце.
(Рэдзька.)

III этап. Рэдзька.

1. Гульня "Рэдзька".
Выбіраюцца "пан" і "гаспадыня". Ўдзельнікі гульні садзяцца на кукішкі — гэта рэдзька. "Пан" і "гаспады¬ня" вядуць дыялог:
Пан. Стуку-груку!
Гаспадыня. Хто там?
Пан. Сам пан!
Гаспадыня. Чаго прыехаў?
Пан. Захварэла пані, захацела рэдзькі.
Гаспадыня. Рві-рві, нарывай, толькі карэньчыкі пакідай!
"Пан" становіцца на кукішкі, стараецца злавіць "рэдзьку", якая ўцякае ад яго. Каго ён зловіць, той выбывае з гульні. Гульня працягваецца, пакуль не застанецца адна "рэдзька" — яна і будзе пераможцай. Узнагарода дастаецца камандзе-пераможцы.
2. Конкурс сярод балельшчыкаў "Папялушка".
Тры дзяўчынкі на хуткасць выбіраюць гарох, боб, фасолю, якія змешаны ў адной талерцы. Пераможца атрымлівае ўзнагароду.
(Вядучы загадвае загадку).
Зялёныя і густыя
На градках выраслі кусты.
Падкапаў іх наш Андрэйка,
Пад ім — цэлая сямейка.
(Бульба.)
1. Эстафета "Садзім бульбу".
На падлозе малююцца кружкі (ямкі) па колькасці дзяцей, якія прымаюць удзел у эстафеце. Кожны з іх атрымлівае бульбіну і палачку. Па сігналу вядучага вучні павінны пасадзіць бульбіну (закаціць палачкай у кружок). Перамогу атрымлівае каманда, ўдзельнікі якой першымі справяцца з заданнем.
2. Конкурс для балельшчыкаў "Хто хутчэй".
Па аднаму балельшчыку ад кожнай каманды збіраюць "пасаджаную" ўдзельнікамі эстафе¬ты бульбу ў кошыкі. Перамагае той, хто першым выканае заданне. Падводзяцца вынікі спаборніцтваў.

ЛІТАРАТУРА: Гульні, забавы, ігрышчы/ склад. А. Ю. Лозка. — 2-е выд. — Мн.: Беларуская навука, 1996. Денйскж Н. П. Традйцйй й формйрованйе лйчностй. — Мн., 1979. Кавалевіч М. С. Педагогіка: вучэб. дапам. — Мазыр, 2000. Карскі Я. Ф. Беларусы. Т. 3. — М., 1916. Носовйч Н. Н. Сборнйк белорусскйх пословйц: сб. отд. рус. яз. й словес. НМПАН. — Спб., 1874. Этнаграфія Беларусі: энцыклапедыя. — Мн.:БелСЭ, 1989.


Яшчэ на гэту тэму:

Народнае свята «Кузьмінкі»     Мы гасцей вітаем