сцэнарыі святаў на беларускай мове

Іна ДЖУРАХАНАВА, выхавальнік дашкольнай адукацыі першай катэгорыі, навучальна-педагагічны комплекс Рудаяварскі дзіцячы сад—базавая школа Дзятлаўскага раёна Гродзенскай вобласці. Пралеска 06/2016

Да знаёмых мясцін

Забава для дзяцей старшай групы (5-6 гадоў)

Праграмныя задачы: далучаць дзяцей да нацыянальнай культуры праз беларускія народныя гульні; развіваць рухальную актыўнасць, спрыт, трываласць, каардынацыю рухаў; выхоўваць пачуццё любові да роднага краю і гонару за яго.
Матэрыял і абсталяванне: аўдыязапісы беларускай полькі і спеваў птушак, маскі- шапачкі птушак і накідкі буслоў для дзяцей, беларускі нацыянальны касцюм для дарослага (Васілінкі), бубен, мячы, канат, дугі, мяккія модулі, кеглі.
Месца правядзення: пляцоўка на вуліцы.

Ход мерапрыемства

Дзеці заходзяць на пляцоўку, дзе іх сустракае Васілінка ў беларускім нацыянальным касцюме.
Васілінка. Прывітанне, даражэнькія! Мяне завуць Васілінка. Запрашаю вас у падарожжа па роднай вёсачцы. Як называецца наша вёска? (Руда Яварская.)
Правільна, яе назва складаецца з дзвюх слоў. Першае слова — Руда, бо ў даўнія часы людзі здабывалі тут руду. Другое — Яварская, яно ўтворана ад слова явар, гэта дрэва падобнае на клён. Таму явар яшчэ называюць белым клёнам. Каб пабачыць яго і іншыя дрэвы, мы адправімся ў «лес». На шляху да яго давядзецца паказаць свой спрыт і прайсці праз дугі.
Пад аўдыязапіс беларускай полькі дзеці выконваюць заданне.
Васілінка. Малайцы, пераканалася, што ўсе вы спрытныя, таму мы і наблізіліся так хутка да лесу, які акружае нашу вёску з усіх бакоў.
Тут вас чакае беларуская народная гульня, якая нагадвае пра назву нашай вёскі.

Гульня «Явар»

Сярод дзяцей выбіраюць двух чалавек, якія ўтвараюць «браму». Астатнія бяруцца за рукі і Ідуць праз яе. Адбываецца наступны дыялог:
Дзеці.
Явар, яваравы людзі,
Што вы тут рабілі?
Дзеці (у «браме»).
Мы рабілі мост
Для пана старасты.
Дзеці.
Першая — капуста,
Другая — распуста.
Першая — малявана,
Другая — затрымана.

Пры апошнім слове «брама» зачыняецца. Затрымліваюць таго, хто праходзіць праз яе ў гэты час, і пытаюць: «Направа ці налева?»
Па выніках паступовага апытання складаюцца дзве каманды, якія мераюцца сілай у перацягванні каната.
Васілінка. Усе малайцы, паказалі сапраўдную моц. Цяпер давайце прыслухаемся да спеваў у лесе. (Гучыць аўдыязапіс галасоў птушак.) Якія гукі вы чуеце? (Адказы дзяцей.) Давайце зладзім народную гульню, якая звязана з птушынымі спевамі.

Гульня «Птушыная мова»

Дзеці ў масках-шапачках птушак бяруцца за рукі і становяцца ў круг, у яго сярэдзіне — вядучы з заплюшчанымі вачыма. Дзеці ідуць па крузе і чытаюць урывак з верша В. Жуковіча:
Усе птушкі мову маюць,
Мовай роднай размаўляюць,
Мілагучнаю, сваёй, —
Гэтак, як і мы з табой.

Дзеці спыняюцца. Той з іх, да каго дакранаецца Васілінка, аднаўляе голас абранай птушкі. Вядучы з заплюшчанымі вачыма павінен назваць птушку, такім чынам вызначаецца новы вядучы, і гульня працягваецца.
Васілінка. Цудоўна засвоілі птушыны спеў. Адкажыце, калі ласка, якіх птушак у нашай вёсцы шмат? (Буслоў) Дзе іх можна пабачыць часцей? (Адказы дзяцей.) Правільна, на лузе, куды мы зараз і накіруемся, таксама адольваючы перашкоды.
Пад аўдыязапіс беларускай полькі дзеці скачуць па «купінах» (мяккіх модулях).
Васілінка. Вось мы і трапілі з вамі на луг. Тут вельмі дарэчы будзе наступная народная гульня.

Гульня «Бусел»

Выбіраецца вядучы, астатнія дзеці выконваюць ролю буслоў. У накідках буслоў яны паважна ходзяць, падымаючы сагнутыя ў каленях ногі, і чытаюць урывак з верша Ў. Паўлава:
Бусел з вечара прымгнуў —
На адной назе заснуў
Ды забыў нагу змяніць —
Так да раніцы і спіць.

Пасля гэтых слоў дзеці-буслы пачынаюць стаяць на адной назе. Вядучы назірае, і калі хто дакранецца да зямлі другой нагой, то прапануе яму пакінуць гульню, для астатніх яна працягваецца.
Васілінка. Як выявіла гульня, ва ўсіх добрая вытрымка. Відаць, і купацца вы любіце. Дзеці, як называецца рэчка, што працякае ў нашай вёсцы? (Пад’яварка.) Зараз мы і накіруемся да нашай Пад’яваркі, адольваючы чарговыя перашкоды.
Гучыць аўдыязапіс беларускай полькі. Дзеці выстаўляюць рукі ў бакі і рухаюцца паміж кегляў.
Васілінка. Вось і прыйшлі мы да берага Пад’яваркі. Самы час зладзіць адпаведную гульню.

Гульня «Віруюць рэчкі»

Дзеці дзеляцца на дзве каманды, бяруцца за рукі, стварыўшы два ланцужкі-рэчкі, рухаюцца «змейкай» і гавораць:
Між лугоў, лясоў удалеч
Стужка сіняя ўецца.
I агонь яе не спаліць,
I ніколі не парвецца.

Пры дапамозе бубна задаецца тэмп руху: павольны, сярэдні, хуткі, вельмі хуткі. Перамагае каманда, у якой ланцужок-рэчка застанецца непарыўным.
Васілінка. Добра рэчкі віравалі! Зараз выявім, наколькі дакладна вы можаце трапіць у цэль.

Гульня «Шчупак не спіць»

Дзеці парамі паступова займаюць рознае зыходнае становішча (седзячы на падлозе, на каленях, на кукішках, лежачы) і кожны раз чытаюць разам вершаваныя радкі М. Мятліцкага:
Там дзе вір, — глыбокі гляк,
Затаіўся, спіць шчупак.
Хто сказаў, што спіць шчупак?
Сочыць плотак-разявак!

Пасля гэтых слоў пара коціць мячы адзін аднаму, каб яны сутыкнуліся, затым павялічвае адлегласць паміж сабой. Калі сутыкнення мячоў не адбываецца, то пара выбывае з гульні. Перамагаюць тыя, каму даўжэй за іншых удасца патрапіць у цэль.
Васілінка. Вось і завяршылася наша невялічкае падарожжа па роднай вёсачцы. Нібы птушачкі паляцім да знаёмых мясцін — у дзіцячы садок.
Пад аўдыязапіс беларускай полькі дзеці вяртаюцца ў групу.

ЛІТАРАТУРА:

1. Шишкина, В.А. Двигательное развитие дошкольника: пособие для педагогов учреждений дошкольного образования / В.А. Шишкина. — Минск: Нац. ин-т образования, 2011.
2. Шишкина, В.А. Подвижные игры для детей дошкольного возраста: пособие для педагогов учреждений дошкольного образования / В.А. Шишкина, М.Н. Дедулевич. — Минск: Нац. ин-т образования, 2012.