сцэнарыі святаў на беларускай мове

ЛІСАЙ М.Ю. Настаўнiк вышэйшай катэгорыi ДУА “Сярэдняя школа №1 г.Скідзеля”

«Мацi-Беларусь, твае сыны жывуць!»

Лiтаратурная гасцёўня (да юбілею з дня нараджэння Янкі Купалы i Якуба Коласа)

Мэты:
-дапамагчы вучням усвядомiць значнасць асоб Янкі Купалы i Якуба Коласа,iх ролi ў станаўленнi i развiццi беларускай лiтаратуры;
-знаёмiць з творамi гэтых паэтаў,а таксама з творамi беларускiх паэтаў,прысвечанымi вядомым беларускiм песнярам;
-садзейнiчаць фармiраванню патрыятычных пачуццяў,гонару i годнасцi, павагi да сваёй спадчыны;
-фарміраваць камунікатыўна-рытарычую і лінгвакультуралагічную кампетэнцыі вучняў.


Вядучы 1. 2022 год- год юбiлеяў нашых славутых суайчыннiкаў, чыiмi iмёнамi мы маем права ганарыцца.
Вядучы 2. Споўніцца 140 гадоў з дня нараджэння двух класiкаў беларускай лiтаратуры Янкi Купалы i Якуба Коласа.
Вядучы 1. Янка Купала - Iван Дамiнiкавiч Луцэвiч. Свой псеўданiм выдатны пясняр выбраў невыпадкова: iм паэт хацеў падкрэслiць жаданне - i жыццём i песняй служыць свайму народу, дапамагчы яму знайсцi жаданую папараць-кветку, кветку шчасця.
Вядучы 2. У лiтаратурным псеўданiме Канстанцiна Мiхайлавiча Мiцкевiча -незабыўнага Якуба Коласа - шмат сэнсу i чалавечага цяпла. Колас - гэта хлеб, гэта само жыццё. Сваiм псеўданiмам паэт падкрэслiваў, што ўсiм жыццём i творчасцю будзе заўсёды цесна звязаны з роднай зямлёй, што стане неад’емнай часцiнкай свайго народа,а з яго жыцця, як з найглыбейшай крынiцы, будзе чэрпаць думкi i надзеi, матывы i фарбы.
Вядучы 1. Iмклiва бягуць гады. Але колькi б часу нi прайшло, заўсёды будуць жыць у памяцi людзей Купала i Колас - выдатныя народныя паэты, без якiх немагчыма ўявiць сабе беларускую лiтаратуру.
Вядучы 2. Яны пранеслi праз усё жыццё высокiя iдэалы гуманiзму, дабра i справядлiвасцi, аддалi народу свой талент, сваю душу i сэрца. Iх iмёны вымаўляюцца заўсёды разам. Iх псеўданiмы - з жыцця i творчасцi народа.
Вядучы 1. Наша лiтаратура - наш гонар, тая галiна духоўнай дзейнасцi, у якой беларусы найбольш ярка праявiлi сябе як нацыя. Купала i Колас раскрылi працоўнага чалавека, паказалi яго характар, выказалi думы i спадзяваннi, адвечную прагу “людзьмi звацца”.
Вядучы 2. Яны нарадзiлiся ў адзiн год. I мэту выбралi для сябе адну. I ўсё жыццё аддана служылi ёй. Можа, таму яны вельмi блiзкiя па сваiх эстэтычных поглядах, грамадскiх iдэалах.
Вядучы 1. Але ж Колас і Купала вельмi розныя па творчай манеры, у кожнага свой голас, стыль, свой непаўторны жыццёвы шлях, чалавечы характар.
Вядучы 2. Купалу мы ведаем як генiяльнага паэта-прарока, аўтара папулярных вершаў: “Мужык”, “А хто там iдзе”, “Спадчына”, “Хлопчык i лётчык”, “Явар i калiна”, “Малiтва”; паэм: “Курган”, “Магiла льва”, “Безназоўнае”, “Яна і я” i iншых. Паэт ён лiрычна-ўзнёслы i рамантычны, парывiсты, эмацыянальны. Купалу мы ведаем i як драматурга- аўтара цудоўных п’ес – “Паўлiнка”, “Раскіданае гняздо”, “Прымакi”, “Тутэйшыя”.
Вядучы 1. Янка Купала- непаўторны талент, у якiм увасабляецца сiла беларускага народа, прыгажосць яго духоўнага багацця, глыбокая гуманнасць, мудрая фiласофiя. Купалава творчасць – цудоўна - непаўторнае люстра, у якiм праўдзiва, ярка, хвалююча адбiлася шматграннасць жыцця i барацьбы беларускага народа за сваю гiсторыю, за чалавечыя правы. «Пiсаць аб народзе, па-народнаму i для народа» - такi дэвiз Купалы на ўсiх этапах яго творчасцi. Здаецца, i ведаеш творы паэта, а ўсё роўна кожны раз, калi разгортваеш яго кнiгу i пачынаеш чытаць, - адкрываеш для сябе штосьцi новае, нязведанае.
Вядучы 2. Друг i паплечнiк Янкi Купалы - Якуб Колас паэт, празаiк, драматург, крытык, дзiцячы пicьменнiк, аўтар неўмiручай “Новай зямлi”, паэтычных зборнікаў “Песні-жальбы”, “Водгулле”, “Нашы дні”, “Голас зямлі”, кніг прозы “Апавяданні”, “Родныя з’явы”, “Казкі жыцця”, паэм “Сымон- музыка”, “Суд у лесе”. “Адплата”, аповесцей “На прасторах жыцця”і “Дрыгва”, аўтар трылогіі “На ростанях”. Неацэнная роля Коласа як заснавальнiка рэалiстычнай прозы. Ён выдатны майстар апавядання, аўтар празрыстых па мове i стылю аповесцей. Якуб Колас заклаў асновы беларускага рамана. Як пiсьменнiк-педагог, настаўнiк па прафесii, ён шмат зрабiў у галiне педагагiчнай лiтаратуры.
Вядучы 1. Кнiгi Якуба Коласа – удумлiвы летапiс настрояў i iмкненняў людзей, гicтарычных падзей. Яны напiсаны рукой назiральнага i мудрага сучаснiка, якi заўсёды дбаў аб захаваннi праўды жыцця аднаго чалавека i праўды жыцця народа. Аповесцi, апавяданнi, паэмы, вершы, казкi, п’есы, публiцыстычныя i лiтаратурна-крытычныя артыкулы пiсьменнiка ўзбагачаюць нас вопытам i ведамi ўважлiвага даследчыка чалавечай душы, натхнёнага песняра роднай прыроды, гарачага патрыёта. Яны вучаць шанаваць i берагчы родную зямлю, родную мову, родную культуру.
Вядучы 2. Якуб Колас больш эпiчны, больш зямны, чым Купала.Ён выдатны апавядальнiк, вельмi назiральны, уважлiвы да адценняў думкi, да пачуццяў герояў, знаўца самых разнастайных прыёмаў i спосабаў раскрыцця яго ўнутранага свету. Пiсьменнiк бачыў жыццё ў яго няспынным руху, заўсёды ў дарозе, у творчым пошуку.
Вядучы 1.
Жыццё ж так казачна-iмклiва,
Паспець за iм так цяжка мне,
Каб на шырокiм палатне
Намаляваць яго завiвы,
Адбiць i хвалi пералiвы
На самай страшнай вышынi.

Вядучы 2. Паэтычна натхнёная купалаўская песня ўпершыню прагучала ў 1905 годзе. У прагрэсiўнай мiнскай газеце “Северо-западный край” быў апублiкаваны верш “Мужык”.
Вядучы 1. Дэбют Якуба Коласа адбыўся ў 1906 годзе.У газеце “Наша доля” быў надрукаваны верш “Наш родны край”.
Вядучы 2. З прыходам у лiтаратуру Якуба Коласа i Янкі Купалы ў ёй з’явiўся псiхалагiчна складаны, жыццёва-праўдзiвы вобраз беларуса - сапраўдны нацыянальны характар.
Вядучы 2. Так два волаты беларускага мастацкага слова адкрылi на ўвесь свет беларускi народ.
Гучыць песня “Мой родны кут”
(сл. Я.Коласа, муз. I.Лучанка)

Чытальнiк 1. Акiнчыцы. Тут 3 лiстапада 1882 года нарадзiўся Я.Колас.
Чытальнiк 2.
Акiнчыцы. Выток. Пачатак.
Мох –як пуховая пасцель.
Адсюль да Коласа так блiзка…
Схiлiўся нiзка журавель
Нiбы паэтава калыска…

Чытальнiк 3.
Куточак памяцi жывой
Нiбы святыню помнiць буду,
Цi не знайду я пад страхой
Старую Костусеву вуду?

Чытальнiк 1.
А можа, там ляжыць яшчэ
Ля пунi бацькава папруга?
А Нёман-бацька ўдаль цячэ
Дзе сiнеч неба, водар луга.

Чытальнiк 2.
Чытаю “Новую зямлю”:
“Дарэктар”, Костусь i “Начаткi”,
Здаецца, у хату крок ступлю-
Запахнуць здорам там аладкi.

Чытальнiк 3.
Запахне дроў салодкi дым
I “шалянiца” скокне з печы,
Нiбы я з Коласам самiм
Прыйшоў на першую сустрэчу

Чытальнiк 4. Маленькi Косцiк любiў легчы на спiну, узiрацца ў нябесны блакiт i думаць, думаць. Плывуць вунь увышынi рэдкiя маленькiя воблачкi.Чаму яны плывуць, хто iх падганяе? Хлопчыку хочацца ведаць, чаму вечарам загараюцца на небе лiхтарыкi-зоркi, паказваецца акраец-месяц. Хто запальвае зоркi? Чаму днём iх не вiдаць? Не раз Косцiк любаваўся, як буслы кружылiся над лесам i сенажаццю. Яшчэ цiкавей было назiраць, як вучылiся лятаць бусляняты.
Чытальнiк 1. “А чаму я не магу навучыцца лятаць?” - падумаў Кастусь.Надзеў стары каптан, залез на хлевушок i, узяўшы ў рукi крысо, скокнуў са страхi.Так рабiў некалькi разоў, але нiчога не выйшла: ён падаў у крапiву, апякаў ногi i рукi.
Чытальнiк 2.Дзядзька Антось, як даведаўся, толькi галавой пакiваў i сказаў:
- Ну, мой хлопча, у каго ты такi ўвiшны ўдаўся? Гэта ж трэба прыдумаць.То ён пытае, чаму хмары плывуць па небе, то слухае, як спяваюць кветкi. А тут птушкай захацеў стаць. Паглядзiм, кiм ужо будзеш.

Урывак з паэмы “Сымон-музыка” ( “У яго быў свет цiкавы”)

Чытальнiк 3.
Томiк вершаў паэта
I роднае школы агнi -
Так са Сцёпкам выходзiлi
Усе на прасторы жыцця мы.
Заiграе музыка Сымон-
Стане свет прыгажэй i ярчэй,
I магутнай ракою
Здаецца звычайны ручэй.
Кнiгi Коласа нам i калыскай i школай былi.

Iнсцэнiроўка ўрыўка з паэмы “Новая зямля”(“Дарэктар”)

Чытальнiк 4.
Сучаснiк мой, адчуй душою,
Прайшоўшы гэтаю зямлёю,
Радкi, падказаныя ёю.

Чытальнiк 5.
Ад роднае зямлi ,
Ад гоману бароў,
Ад казак вечароў.
Ад песень дудароў.
Ад светлых воблiкаў закiнутых дзяцей,
Ад шолаху начэй,
Ад тысячы нiцей,
З якiх аснована i выткана жыццё
I злучана быццё i небыццё,-
Збiраўся скарб!

Урывак з трылогii “На росстанях” ( “На прастор, на шырокі прастор..”)

Чытальнiк 6.
Прасторы-радзiма паэта
Удалечы -шапкай пад воблакi дуб,
А я ледзь прыкметнаю сцежкай iду,
Кранаючы жыта рукамi.
I пальцы тут глебу мiжволi ўзялi-
Такая зямля навакола!
Нездарма ж на гэтай цудоўнай зямлi
Узрос найвялiкшы Колас!

Гучыць песня “Купалiнка”

Чытальнiк 1.
Купалле-любiмае майго народа свята,
Жывуць у песнях дзiўныя паданнi,
Што ў даўнiну сумелi людзi cкласцi.

Чытальнiк 2.
Гарыць Купалля ноч
Надзеямi кахання,
Квiтнее таямнiчай
Кветкай шчасця
Пяшчотнаю чуллiваю дзявочай
Рачулкаю цiхай,
Па якой вянкi сплываюць.
Мiж берагоў
Святло купальскай ночы
Зачараваны чэрвень разлiвае.

Чытальнiк 3. У ноч на Купалле 25 чэрвеня 1882 года ў фальварку Вязынка нарадзiўся Янка Купала.
Чытальнiк 4. “Вязынка. Тут так прыгожа, што мiжволi пачынаеш разумець, што толькi на гэтай зямлi мог нарадзiцца чалавек з прыгожай душой,” - пiсаў У.Караткевiч.
Чытальнiк 1.
Вось тут, у хатцы простай, як сляза,
I нарадзiўся некалi Купала.
Ён нарадзiўся, каб пасля сказаць,
Што Беларусь у свеце не прапала.

Чытальнiк 2.
А ён падрастаў, беларускi хлапчук,
З прачулай гарачай душою.
I ўсё, што пабачыў, i ўсё, што пачуў,
У сэрца ўбiраў маладое.
Народныя песнi будзiлi душу
Тужлiвыя, быццам шум бору…
I сталi з дзяцiнства знаёмы яму
Людскiя нядоля i гора.

Чытальнiк 3.
У сэрцы гарачым успыхнуў агонь,
Цудоўная лiра зайграла.
Аб цяжкiм уцiску народа свайго
Узняў гнеўны голас Купала.

Верш Я.Купалы “А хто там ідзе»”

Чытальнiк 1.
Ты тая калыска, што нас калыхала,
Ты тая крынiца, што сiл прыбаўляла,
Шчырая песня Купалы.
Да светлых вышыняў ты нас заклiкала,
Змагацца за шчасце ты нас узнiмала,
Мужная песня Купалы.

Чытальнiк 2.
Я не помню свету без Купалы,
Без трывожна-юных арлянят.
Мне б, напэўна, сонца не хапала,
Каб не сеяў ён сваiх зярнят.

Верш Я.Купалы «Вясна»

Чытальнiк 3.
Песнi Купалы!
Iх спявалi дзяўчаты натхнёна, з душой,
Iм падпявалi хлопцы басiста.
Мне здавалася,
Што я кветку шчасця знайшоў
Пад напеў задушэўна-ўрачысты.
Гэта песнi былi агнявыя радкi-
Незабыўнага Янкi Купалы.
У iх чулася поле, заводаў гудкi
I туга, што ў душу нам запала.

Чытальнiк 4.
Раздалося як рэха: «А хто там iдзе?»
I адразу ж тут «Явар з калiнай»-
Гукi cлоў паплылi па крыштальнай вадзе
Па-над гаем густым салаўiным.
Мне здалося тады, што ўбачыў я сон,
Што было гэта ўсё не на яве.
(Я сябе правяраў, можа, дзесяць разоў)
Як шаптаўся з калiнаю явар.

Гучыць песня “Явар i калiна”(на словы Янкі Купалы)

Чытальнiк 1.
Купала. Купалле i купал нябёс,
Куванне зязюлi ля струн лозаў нiцых.

Чытальнiк 2.
Купалле – раздолле птушыных бяроз,
Жывыя званы беларускiх крынiчак.

Чытальнiк 3.
Ах, якая над Гайнай купальская ноч!
Самы раз бы шукаць кветку –папараць,
Самы раз уплятаць летуценнi ў вянок,
Самы раз белы корань выкапываць.
Ды нi гуку над Гайнай – пад цёмным шатром
Толькi зоркi - як вочкi Купалiны
Дзе ж вы, хлопцы, дзяўчаты? Чаму за сялом
Над ракою агнi не запалены?
Раскладайце, палiце Купалля агнi!
Не затым, каб ускрэсла мiнуўшчына,
А каб лепей убачыць наступныя днi,
Да вытокаў душой дакрануўшыся.
Раскладайце агнi – хай плывуць па рацэ,
Можа, у зыркiм святле iх угледзiце
Постаць Янкi Купалы з кiйком у руцэ-
Запрасiце яго прысуседзiцца!
Ён вас, пэўна, папросiць «Калiну» спяваць
I, напэўна, ад слёз не стрымаецца,
Скажа: «Ах жа,якое Купалейка ў вас!
Ах,якую вы спадчыну маеце!»

Гучыць песня “Спадчына” (на словы Янкі Купалы)

Чытальнiк 1.
Малюся я небу,зямлi i прастору
Магутнаму Богу – уся свету малюся,
Ва усякай прыгодзе, ва усякую пору
За родны народ Беларусi.

Чытальнiк 2. Так пiсаў Я.Купала яшчэ ў 1912 годзе ў вершы «Мая малiтва», а мы i сёння паўтараем гэтыя словы нашага славутага народнага песняра.
Чытальнiк 3. Няхай гучыць над зямлёй малiтва Я.Купалы за родны край,за родны народ, за родную Беларусь!
Гучыць песня «Малiтва»( на словы Янкі Купалы)


Яшчэ на гэту тэму:

"Я адплаціў народу, чым моц мая магла..."     "Ён і сёння з намі, наш Купала"