сцэнарыі святаў на беларускай мове

К. Э. ПІЛЬКЕВІЧ, настаўніца Славенскай СШ Віцебскай вобласці. Пачатковая школа Люты 1996 г.

Мама! Любая! Віншую!

Сцэнарый ранішніка

(Зала святочна ўпрыгожана. Ціха гучыць музыка.)
Вучань.
Светлы месяц
Сакавік
Светлым дням
Вядзе падлік.
Як два сонцы —
Лічба восем.
Кветкі ўдзячнасці
Прыносім.
Мамін дзень —
Жаданы самы!
Сонца,
Мыйся даясна!
Ад усмешкі
Любай мамы
Пачынае шлях
Вясна!

Р. Барадулін.

Вядучы. Добры дзень, паважаныя госці! Добры дзень, шаноўныя матулі і бабулі! Наша віншаванне прысвечана менавіта вам!
Вучаніца.
Свеціць, як сонца,
Ад самай калыскі
Вобраз любімы,
Родны і блізкі.
Мама! Матуля!
Чароўнае слова —
Песняй ласкавай
Гучыць на ўсіх мовах.

М. Хведаровіч.

(Выконваецца песня Дз. Яўтуховіча на словы Л. Пранчака "Мамачка".)

Ноты песні
Словы цёплыя знайду
I пра маму верш складу.
Мілая, пяшчотная,
Мамка мая родная,
Мамка мая родная.

Прыпеў:

Мама, мама, мамачка —
Ласкавае сонейка,
Ласкавае сонейка.

Словы шчодрыя знайду
I пра маму верш складу.
Светлая зараначка,
Светлая зараначка —
Дарагая мамачка.

Вядучы. Так. Матуля — самы дарагі чалавек для кожнага. Нездарма ж у народзе кажуць:
Пры сонейку цёпла, пры мамачцы —добра.
Нідзе няма лепш, як у сваёй маці.
Матчын гнеў што вясенні снег: выпадае шмат, ды хутка растае.
Шануй бацьку і маці: другіх не знойдзеш.
Няма нічога мякчэйшага, чым рукі маці.
Вучань.
Мая мама добрая такая,
Мая мама проста залатая! ,
А ўжо так мяне матулька любіць!
Кожны раз і песціць, і галубіць!
I да сэрца горне, і мілуе,
I так шчыра, моцна пацалуе,                        ’
I прамовіць ласкавае слоўца,
I сама засвеціцца, як сонца.

Н. Гілевіч.

(Выконваецца танец "Запрашэнне". Музыка в детском саду. Под ред. Н. Ветлугйной. —М,, Музыка. — 1982. —С. 17.)
Вучаніца.
Маміны рукі сардэчныя, смелыя.
Маміны рукі самыя ўмелыя.
Маміны рукі — рукі шчаслівыя.
Маміны рукі заўсёды цярплівыя.
Маміны рукі самыя светлыя
Маміны рукі самыя ветлыя.

П. Прануза.

(Выконваецца песня А. Рэмізоўскай на словы М. Пазнякова "Маміны рукі".)
Ноты песні
Слава маміным рукам,
Што работу любяць
I прыносяць сонца нам,
Ласкаю галубяць!

Слава маміным рукам.
Хай на ўсёй планеце
Кветкамі для мілых мам
Расцвітаюць дзеці!

Слава маміным рукам,
Што работу любяць
I прыносяць сонца нам,
Ласкаю галубяць!

Вядучы. Матулі любяць і галубяць вас, клапоцяцца аб тым, каб вы былі прыгожа апранутыя, накормленыя, здаровыя. А што ж робіце вы, каб вашы матулі часцей усміхаліся, радаваліся за сваіх дзетак?
Вучань.
Я сягоння тры пяцёркі
Пастараўся, атрымаў,
Каб у дзень святочны толькі
Мама радаснай была.
Дзённік раніцай вазьму я,
Падыду да мамачкі:
— Мама! Любая! Віншую!
Вось мой падаруначак.

М. Пазнякоў.

(Выконваецца песня Л. Мурашкі на словы А. Хатэнкі "Пралескі".)

Ноты песні
Прачнуся рана-рана,
Калі яшчэ ўсе спяць,
Каб роднай, мілай маме
Пралесачак нарваць.

Прыпеў:
Мама усміхнецца
I мяне
Да сябе ласкава
Прыхіне.

Нарву пралесак маме
Iпесеньку сваю
Прыгожай самай-самай
Я мамачцы спяю.

Спяю пра сіні ранак,
Пра сонца і расу.
Маёй любімай маме
Я кветкі прынясу.

Вучаніца.
Я варыць абед вучуся,
Працаваць я не лянюся.
I калі гатуе мама,
Памагаю ёй таксама.
Мыю посуд і прыборы,
Рэжу сыр і памідоры.
За цыбулю —не бяруся,
Бо расплакацца баюся.

М. Пазнякоў.

Вучань. А мы віншуем нашых мам вясёлай музыкай.
(Дзіцячы аркестр выконвае беларускую народную мелодыю "Лявоніха".)

Вядучы. Дзеці! Пра каго б вы хацелі яшчэ расказаць у гэты святочны дзень?
Вучань.

 Бабкі лепшае няма,
Як мая, у цэлым свеце.
Не крычыць яна дарма,
Ласкаю прывеціць.
Звяжа цёплыя пальчаткі
Мне на Новы год.
А калі спячэ аладкі —
Скачуць самі ў рот.

Вучаніца.
А мая бабуля казкі
Любіць
Баяць-гаварыць,
Цэлы вечар
Будзеш слухаць,
Сон не здолее змарыць...
Безліч казак бабка знае,
Іх заўжды ахвотна бае.

Вядучы.
I таму шануюць дзеці
Сваіх бабак нездарма,
Бо для іх
Нікога ў свеце
Ласкавейшага няма.

А. Дзеружынскі.

Вучань.
У бабулі маёй
Рукі лоўкія,
У бабулі маёй
Песні доўгія.
Разматае клубок
3 новай казкаю,
Прыйдзе хітры каток,
Трэцца з ласкаю.

В. Вярба.

(Інсцэніруецца казка па выбару настаўніка:)

Вядучы. Што ж гэта за свята без гульняў і танцаў? Дарагія госці, выходзьце ў круг, будзем танцаваць ды ў гульні розныя гуляць.

(Спачатку праводзяцца гульні “Ручаёк”, “Трэці лішні”, а потым дарослыя танцуюць з дзецьмі.)


Яшчэ на гэту тэму:

Мамін дзень     Свята мам