сцэнарыі святаў на беларускай мове

Наталля БАГДАНОВІЧ, МарыяЛЯВОНАВА, выхавальнікі, яслі-сад № 174 г.Мінска. Пралеска Сакавік 2012 г.

Гуканне вясны

Сцэнарый свята

Гучыць музыка. На- палянку, дзе ўпрыгожана бяроза — сімвал вясны і жыцця, выбягаюць скамарохі.

Скамарохі.
Гэй,добрыя людзі!
Паглядзіце, што будзе!
На забаву спяшайцеся,
Ды не вельмі штурхайцеся!
Гэй,добрыя людзі!
Паглядзіце, што будзе!
Усе збіраюцца,
Свята пачынаецца!
Вядучы (В.). Шмат склалі казак, легенд, песень людзі пра сваю зямлю і пра лес свой.
Ёсць у нашага народа з даўняга часу адно паданне, якое пераходзіць ад дзядоў да ўнукаў.
Як брала вясна ў сонца ключы,
Адчыняла сырую зямельку,
Пускала на свет траву-мураву,
Адзявала у лісце бярозы.
Дзяўчынка. Хлопцы! Ці трэба нам Вясна-красна?
Хлопчык. Трэба!
Дзяўчынка. Ці будзем мы яе гукаць?
Хлопчык. Будзем!
В. Давайце падрыхтуемся да прыходу Вясны.
Раней за ўсіх вясной прачынаецца пастушок.

Гучыць музыка «Мсціслаўскі карагод» у выкананні аркестравай групы харэаграфічнага ансамбля «Харошкі». Хлопчык-пастушок у саламяным капелюшы імітуе ігру на дудцы.
В. Птушачкі пачулі музыку і заспявалі звонка.

Група дзяцей выбягае на дыбачках з птушачкамі і званочкамі. Дзеці-птушкі лётаюць і вяртаюцца на месца.
В. Сонейка ўздымаецца ў неба, ззяе праменьчыкамі. Дзяўчынка-сонейка танцуе каля пастушка, трымаючы дзве жоўтыя стужкі. Хлопчык можа сесці на пянёк.
Прыгрэла цёплае сонейка, і разліліся гаманлівыя веснавыя ручайкі.

Хлопчыкі са стужкамі сіняга колеру бягуць адзін за адным «змейкай» па паўкрузе. «Сонейка» працягвае свой танец, пасля чаго садзіцца. «Ручайкі» заканчваюць свой бег і вяртаюцца на месцы.
Дзяўчаткі выходзяць і збіраюць кветкі, любуюцца імі, танцуюць. Падыходзяць да пастушка.

Песня пра вясну (на выбар музычнага кіраўніка).
Дзяўчынкі.
Ці дазволіце, добрыя людзі,
Вясну клікаць,
Зіму праважаць, лета дажыдаць?

Красна сонца, ясен свет,
Угрэй, упар зямлю,
Распусці зялёную траву.

Вылеці, пчолка ярая,
Вынесі залатыя ключыкі,
Замкні халодную зіманьку,
Адамкні цёплае лецейка
.
Гэй, рабяты, выходзьце,
Будзем славу Сонцу спяваць
Ды Вясну клікаць!

Карагод «Прыйшла Вясна».
В. Блаславі, Божа,
Вясну-красну пеці,
На ціхае лета,
На буйнае жыта.
Песня «Вясновы дзень».

У гэты час выходзяць Вясна і Зіма.
Зіма.
Ой, чалом, чалом ды цёплае лецечка!
Вясна.
Ой, здарова была ды халодная зімачка!
Зіма.
Чаму цябе велічаюць, Мяне, зімачку, праклінаюць?
Вясна.
Бо ты, Зімачка, халодная,
Лугі, балоты памарозіла,
А я, Вясна, ды вясёлая.
(Чуюцца крыкі.)
Згары, Зіма, ты нядобрай была!
Адыдзі, Зіма, ты мокрай была!
 Згінь, Зіма!
Пусці Вясну на зямлю!

Песня «Надаела нам Зіма».
Зіма.
Галаву вядзе да сну
(Моц акоў маіх аслабла),
Але я вам яшчэ паспею
Адамкнуць Вясну-красну.
Вясну з прыходам вітаю
I трон ёй свой саступаю.
Я ж ад’язджаю на спакой
У паўночны край любімы свой. (Уцякае.)

В. Прагналі Зіму, будзем Вясну славіць.
Дзіця.
Шуміць, гудзе, Вясна ідзе,
Шчасце і радасць людзям нясе.
Ой, Вясна, Вясна,
Як жа ты красна!
Мы для цябе спяваем,
Цябе сустракаем.

Песня «Гімн Вясне».

Вясна.
Добры дзень, мае даражэнькія,
I дарослыя, і маленькія:
Усім, хто мяне чакаў,
Карагодзікі рыхтаваў!
Зіме канец — Вясне пачатак!
Для нас усіх сягоння свята.
Музыка, грай! У коле вялікім
Няхай паскачуць чаравікі.

Вясна выконвае танец.

Вясна. А зараз я зраблю вам такі падарунак, які ні за золата, ні за грошы не купіш. Я загадаю вам загадкі:

Але ж, мае даражэнькія, не сама я да вас прыйшла — мяне птушачкі на крылах прынеслі, а якія, адгадайце.
Дзеці называюць пералётных птушак.

Вясна. Птушачкі, птушачкі ляцяць, Вясну красную нясуць.

Песня «Дзень вясёлы які».

Дзяўчаткі (падбягаюць да Вясны).
А ты, Вясна, а ты, красна,
Што ты нам прынесла?
Вясна.
А прынесла я вам цёплую вадзіцу, зямлі — травіцу, пастушкам — па кіёчку, а дзяўчаткам — па вяночку.

Карагод з вяночкамі.

З’яўляюцца валачобнікі, спяваюць, б’юць у бубен, свішчуць.
Валачобнікі.
Ой, барамі сасновымі,
Ой, палямі жытнёвымі,

Ідуць, ідуць валачобнікі,
Гукаючы, спяваючы.

Валачобнікі валачыліся,
Валачобнікі намачыліся.

А за чый двор зачапіліся?
В. Ды за наш двор зачапіліся.
Валачобнікі (ідуць да гаспадыні).
Ой, ці дома пані гаспадыня?
Гаспадыня. Дома, дома.
Валачобнікі.
Гаспадыня, гаспадыня,
Зіма ўжо прагнана,
Адчыняй свае дзверы,
Заві нас у госці!
Гаспадыня. Заходзьце, добрыя людзі! Дзякуй за добрую навіну!
Валачобнікі.
Валачобнікі — не дакучнікі.
Не часта ходзяць, не дакучаюць,
У гэты гадочак — адзін разочак.
Усе разам. Частуй нас, гаспадыня, за тое, што Вясну паклікалі.
Гаспадыня. Каб пачаставаць, трэба спачатку заспяваць, павесяліць нас, бо без падпалу і дровы не гараць.
Валачобнікі спяваюць прыпеўкі, іх частуюць.

Валачобнікі. Дзякуй за пачастунак, пойдзем далей, панясем добрую навіну іншым людзям.
Жадаем, каб былі здаровымі!
Каб былі багатымі, як зямля!
Вам шчасця, долі і хлеба уволю!
Багатага ўраджаю ў новым годзе!
Гаспадыня. Дзякуй, ручніком усім дарога! У добры час!
В. Вясна, Вясна-красна!
Прыйшла з радасцю,
3 вялікай міласцю, з цяплом, дабром.
Пра цябе мы спяём.

Песня «Вясна прыйшла».
Выскаквае Чорт.
Чорт. Як у вас тут весела! А я сядзеў, сядзеў на гарышчы, ды й замёрз.
Гаспадыня. Мо, гульню якую ведаеш?
Чорт. Хіба толькі ў хвосцікі пагуляць (паказвае свой)? Дык у вас жа хвосцікаў няма.
Гаспадыня. Ёсць! Вось яны, нават каляровыя.

Гульня «Хвосцікі».
Чорт.
Пагрэўся, дзякуй за прытулак.

В. Шмат святаў вясною. Вось, напрыклад, у Вербную нядзелю (за тыдзень да Вялікадня) у царкве вярбу свецяць. Вось і я была ў царкве, бацюшка папырскаў на вярбу святой вадой — яна стала чароўнай. Калі прайсці праз вярбовую брамку ці пабіць чалавека вярбою па плячах, то ён цэлы год хварэць не будзе, стане моцным, здаровым і смелым. Нават баязлівы стане смелым. Дык, можа, і мы так зробім?

Дзяўчаткі бяруць галінкі бярозы, становяцца парамі, ствараюць брамку. Дзеці, што будуць удзельнічаць у спартыўных спаборніцтвах, праходзяць праз брамку, вядучы злёгку б’е іх вярбовымі галінкамі.
В. Вярба — хлёст, б’е да слёз,
Не я б’ю, вярба б’е.
За тыдзень — Вялікдзень.
Будзьце здаровы, як тая вярба. (2 р.)
Слухайце бацьку,
Слухайце маці.
Не забывайце ўсім памагаці!
Старэнькім, маленькім
ці хворым можа,
А вам усім няхай Бог дапаможа!
А зараз давайце паглядзім, якімі вы сталі дужымі, смелымі.

Спартыўныя спаборніцтвы.
Гучаць царкоўныя званы.

В. Ці здагадаліся, якія гудуць званы? Правільна, бо цяпер Велікодны тыдзень.
Віншуем вас са святам Хрыстовым,
3 Хрыстовым днём,
чырвоным яйкам!
Давайце пагуляем з пафарбаванымі яйкамі.

Гульня «Біццё і качанне яек».

Спачатку гуляюць у біткі, а потым качаюць бітае, бо цэлага шкада. А ў каго яйка далей пакоціцца, у таго жаданняў больш збудзецца, увесь год ён будзе весялейшы, здаравейшы, мацнейшы за ўсіх.
В. А яшчэ вясною будзілі мядзведзя, бо лічылася, што як толькі ён прачнецца, дык і вясна пачнецца. Давайце і мы яго разбудзім. Вось ён моцна спіць у бярлогу.
Мядзведзь схаваны под вялікаю колькасцю газет. Дзве групы дзяцей бягуць і здымаюць газеты па адной, па чарзе.
В. Эй, будзілі вы, дзеткі, мядзведзя, а ён усё спіць ды спіць. Што будзем рабіць?
Гаспадыня. А нашто ж яму прачынацца, калі няма чым частавацца? Вось калі пачуе, што пчолы ўжо гудуць ды мёд нясуць, адразу прачнецца! Трэба пчолку паклікаць. Паўтарайце за мной:
Ты, пчолка ярая,
Ты вынесі ключыкі,
Ключыкі залатыя.
Адамкні вясну,
Замкні зімачку.

З’яўляецца пчолка, танцуе вакол мядзведзя под музыку, трымаючы у руках залатыя ключыкі, якімі яна нібыта «адмыкае» мядзведзя. Ён прачынаецца і прытанцоўвае разам з пчолкай.
В. Ну, вось, дзеткі!
Справе — час, на пацеху — гадзіна.
Заўтра чакае дзень клапот,
На развітанне — карагод.
Карагод.
Под музыку заходзіць Мікітка з дрэвам і шпакоўняй.

Мікітка. Добры дзень! Я завітаў да вас, каб разам сустракаць Вясну. А ці ведаеце вы, што вясною дрэвы садзяць ды шпакоўні вешаюць.
Пасадзілі дрэўцаў шмат
Мы з дзядулем каля хат.
Запрашаю і вас папрацаваць, тады і вас будуць радаваць сваімі песнямі галасістыя шпакі.
Дзеці з выхавальнікам і з Мікіткам садзяць дрэвы, вешаюць шпакоўні.


Яшчэ на гэту тэму:

Гуканне вясны     Вясёлы ладзім карагод - вясну гукаем ля варот