сцэнарыі святаў на беларускай мове

Іна БАТУРА, настаўнік гісторыі сярэдняй школы № 34 г. Мінска, Наталля КОТАВА, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 34 г. Мінска. Роднае слова 2017/3

Жаночымі сцежкамі гісторыі

Літаратурна- гістарычная гасцёўня (XI клас)

І хочацца ведаць, з якіх я вытокаў,
Хто быў і хто ёсць у лёсе маім.
3 маленькіх гадоў я пытаўся,
Адкуль, ад каго я пачаўся?
Хто быў маім дзедам, прадзедам,
Хто ў лёсе маім праслаўляўся?
Хто, дзе працаваў, ваяваў,
Як долю сваю здабываў...
Задачы мерапрыемства: далучэнне да нацыянальных каштоўнасцей, выхаванне пачуцця гонару за сваё гістарычнае мінулае, павагі да жанчыны-маці, жанчыны - гістарычнага дзеяча.

ХОД МЕРАПРЫЕМСТВА

Пралог

Ціха гучыць мелодыя “Ave maria”. Выходзяць вядучыя.
1-я вядучая. У гісторыі кожнага народа мноства вялікіх імёнаў. Сярод іх шмат жаночых. Менавіта з Жанчыны і пачынаецца гісторыя нацыі. I гэта не толькі аб’екты кахання ды пакланення славутых мужчын, але і асобы, якія нароўні з прадстаўнікамі моцнага полу ўплывалі на ход гістарычных падзей, дапамагалі чалавецтву спасцігаць вышэйшую Боскую мудрасць, будавалі храмы веры і навукі, стваралі, захоўвалі і абаранялі Прыгажосць. Іх імёны, жыццё, справы ахутаны легендамі, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне.
2-я вядучая. Сёння мы раскажам пра лёс толькі некаторых слаўных дачок Беларусі, якія свецяць пуцяводнымі зоркамі для нас, сённяшніх.

Гісторыя першая. ”Надзея краіны”

• Выразнае чытанне верша.
Музычны фон - сярэднявечная музыка (дыск “Легенды Вялікага Княства”).

Славу ткалі гады.
На крывіцкай зямлі
Панавалі
I шчасце і згода...
У харомах сваіх
На пацеху ўсім
Вырастала
Дачка Рагвалода.
Залацістыя косы
Ёй сонца дало,
Дало неба ёй
Сінія вочы,
На квяцістым лугу
За вішнёвым сялом
Дала лілія
Стан ёй дзявочы.
Лявон Случанін.
1-ы гісторык. Рагнеда займае ганаровае месца ў гісторыі Беларусі. У летапісах яе імя гучыць як Рагнедзь, што азначае ‘надзея краіны, патрэбная краіне’. Княжна-прыгажуня, дачка першага вядомага полацкага князя Рагвалода, з ранняга дзяцінства была акружана любоўю і клопатам. Ні яе бацькі, ні хто іншы нават і ў жахлівым сне не маглі тады прадбачыць лёс полацкай жанчыны. 3 ранняга дзяцінства Рагнеда ведала, што некалі яна стане жонкай князя. Пазней яна даведаецца, што лёс большасці яе радавітых сучасніц незайздросны - у пэўным узросце стаць разменнай манетай у палітычных інтарэсах дзяржавы.
2-і гісторык. Сярод прэтэндэнтаў на яе руку быў Яраполк, сын кіеўскага князя Святаслава і Наўгародскі князь Уладзімір, сын Святаслава і ключніцы Малушы, абодва выправілі да Рагвалода сватоў. Аднак Рагнеда адмовіла сватам Уладзіміра са словамі: “Не хачу разуці рабыніча”
1-ы гісторык. “Не хачу разуці” - так тады выказвалі сватам нязгоду на шлюб. Існаваў звычай, што маладая жонка перад шлюбнай ноччу здымала з мужавых ног абутак. Аднак тут прагучала не проста адмова, але і знявага, бо полацкая князёўна гучна абвясціла, што жаніх - сын рабыні, а такі бязродны ёй не патрэбны.
2-і гісторык. Раз’юшаны такім адказам, Уладзімір сабраў вялікае войска і з ваяводам Дабрынем рушыў на Полацк. Кароткая бітва скончылася не на карысць палачан. На вачах князёўны былі забіты яе родныя. Той дзень для яе быў пякельны. А самой Рагнедзе замест ролі вялікай княгіні кіеўскай дасталася роля паланянкі. Яе нават пазбавілі імя - каб не засталося ніякага напамінку пра Рагвалода. Так Рагнеда стала Гарыславай.
1-ы гісторык. Уладзімір вырашыў прыняць хрысціянства па візантыйскім абрадзе. Дзеля гэтага ён павінен быў ажаніцца з візантыйскай прынцэсай Ганнай. А князь-язычнік ужо меў некалькі жонак, ад якіх неабходна было пазбавіцца. Для вырашальнай размовы князь Уладзімір прыехаў да Рагнеды-Гарыславы.
• Інсцэніроўка (паводле “Палачанкі” А. Дударава).
Святліца. За сталом сядзіць Рагнеда, каля яе малы сын Яраслаў. У святліцу заходзіць князь. Рагнеда ўстае яму насустрач. Уладзімір адшпільвае ад пояса нож і кладзе яго на лаву.

Уладзімір. Гарыслава, я хачу, каб ты ведала, чаго я сюды прыехаў. Дзяржаве і мне, князю, патрэбна адзіная рэлігія. Я прыму яе з рук візантыйскага васілеўса. Але я павінен адрачыся ад усіх сваіх язычніцкіх жонак, у тым ліку і ад цябе. Усе яны згадзіліся на развод. Цяпер слова за табой. Маёй адзінай хрысціянскай жонкай стане Ганна, прынцэса з Царграда.
Рагнеда (з жалем). Ты бацьку майго забіў, зямлю яго паланіў дзеля мяне, а мяне не любіш! (3 ярасцю.) Княгіняю была, а рабыняю не буду!
Рагнеда хапае з лаўкі нож і кідаецца на Уладзіміра. Князь перахоплівае лязо каля грудзей.
Рагнеда. Ты, Уладзімір, раб! I сын рабыні... У тваім сэрцы звер, а не любоў. Полацкая кроў, што сцякае ў Дзвіну, выйдзе з тваіх нашчадкаў. Не мець ім шчасця, ні дабра, ні волі. Ні заўтра, ні пазаўтра, аніколі.
Уладзімір. Я загадваю табе, непакорная жонка, апрануцца па-царску, як перад шлюбам. Рыхтуйся да смерці.
Уладзімір выходзіць. Рагнеда кліча старэйшага сына, сямігадовага Ізяслава, дае яму аголены меч.
Рагнеда. Як зойдзе твой бацька, скажы яму, што ён тут не адзін.
Уладзімір вяртаецца ў святліцу і набліжаецца да Рагнеды, з-за дзвярэй выходзіць Ізяслаў з мячом.
Ізяслаў. Бацька, не думай, што ты тут адзін.
Уладзімір. А хто ж ведаў, што ты тут. (Разважліва.) Я захаваю табе жыццё. Маю літасць будзеш памятаць усё жыццё, але ты павінна выйсці замуж за аднаго з маіх баяр.
Рагнеда. Не, аднаго шлюбу мне хапіла, я хачу прысвяціць сябе Хрысту.
Уладзімір. Што ж. Няхай будзе так. Ты са старэйшым сынам паедзеш адсюль у Заслаўе. Я прыстаўлю да цябе апекуноў, каб ты не змагла больш умешвацца ў мае жыццё.
2-і гісторык. Лёс адмераў чарніцы Анастасіі яшчэ 12 гадоў. Яны прамінулі ў келлі бясконцаю чарадою аднолькавых дзён, без дзяцей, бо і Ізяслаў хутка паехаў у Полацк. Яе радавала, што полацкая княжацкая дынастыя не згасла, а мае свой працяг: у Ізяслава нарадзіўся сын Усяслаў, а потым Брачыслаў. Але гэта ўжо іншая гісторыя.

Гісторыя другая. “Соф’я-Дабрадзея”*

Гучыць запіс паланэза “Развітанне з Радзімай” М. К. Агінскага.
1-ы гісторык. Гісторыя рыхтавала для Полацкай зямлі новае выпрабаванне. У 1129 годзе полацкія князі адмовіліся ўдзельнічаць у паходзе супраць полаўцаў. Кіеўскі князь Мсціслаў зняволіў сем’і пяцярых полацкіх князёў і выслаў іх у Візантыю.
2-і гісторык. Шмат візантыйцаў выйшлі паглядзець на палачан, калі яны прыплылі ў Візантыю. Сярод высланых вылучалася высокая, статная жанчына ў жалобнай вопратцы. На беразе стаяў і Аляксей Камнін, старэйшы з пляменнікаў імператара. Прыгожая славянка нагадвала яму багіню, і малады чалавек дапамог ёй сысці на бераг.
1-ы гісторык. А была гэтая багіня дачкой Усяслава Чарадзея, і пры хрышчэнні атрымала яна Імя Соф’я, што ў перакладзе з грэчаскага азначала “мудрасць”. У год высылкі ёй было амаль трыццаць гадоў. I пакінула яна на радзіме ўсё: сваё дзяцінства і юнацтва, сваё першае каханне, свае мары і ўспаміны. Яна займалася лячэннем людзей і была спрактыкавана ў гэтым. Язычніцкае імя княжны Соф’і было Дабрадзея.
2-і гісторык. Закаханы Аляксей Камнін прапанаваў чароўнай палачанцы руку і сэрца, абяцаў, што не будзе супраць яе медыцынскай дзейнасці. Праз месяц яны абвянчаліся. Соф’я-Дабрадзея цяпер стала Зояй, што азначала “жыццё”. Яна магла стаць імператрыцай, бо муж Зоі з часам павінен быў заняць імператарскі сталец.
1-ы гісторык. Але шчасце Зоі-Дабрадзеі было вельмі кароткім. Раптоўна захварэў і памёр яе муж. Не дапамагло яму яе лячэнне, не выратавала яго і каханне. I Зоя назаўсёды апранулася ў жалобнае адзенне. Хацела пайсці ў манастыр, але ў такім разе ёй нельга было б займацца лячэннем людзей. А менавіта гэта стала сэнсам яе жыцця.
Выходзіць дзяўчынка ў манаскім убранні.
У безназоўнай цішыні,
Дзе перагорнуты старонкі
Жыцця, ці ўспомніш тыя дні
I голас мой, ад шчасця звонкі?

А я баюся пастарэць
Хаця б на макавае зерца –
Ці не таму, што ўжо звінець
Не хоча спуджанае сэрца?

Ды ўзяўся ранак на святло.
А поўдзень доўга лашчаць промні.
I тчэцца сцежка праз “было!..” -
Ты хоць яе, адну, запомні:

Яна ў ажынах і ў расе
Бяжыць балюча і вясёла,
Такая сцежка, як і ўсе,
Што ногі некалі калола!
Яўгенія Янішчыц.
2-і гісторык. Візантыйскія ўрачы аб’явілі Зою вядзьмаркай і знахаркай, бо ведала і ўмела яна значна больш за іх. Соф’я Усяслаўна напісала цудоўны трактат “Мазі”. Гэта быў першы медыцынскі трактат, напісаны жанчынай. Сваёй працай яна паклала пачатак дэрматалогіі, дыеталогіі, мікрапедыятрыі, акушэрству. Упершыню былі апісаны ўсе чатыры тыпы тэмпераментаў.
1-ы гісторык. Калі аднойчы Зоя Усяслаўна захварэла, усе медыкі Царграда адмовіліся дапамагчы “чарадзейцы”, а самастойна яна не здолела вылечыцца ад ліхаманкі.
2-i гісторык. Людзі, якім усё жыццё дапамагала Зоя, пахавалі яе побач з мужам і ператварылі пахаванне ў месца паломніцтва і пакланення.

Гісторыя трэцяя. “Заступніца зямлі беларускай”

Сілай духоўнаю ўзвысіла Полацк высока,
Тым, хто імкнуўся да кнігі, свяціла, як зорка...
Мове, адзінай дзяржаве шчэ толькі злучацца -
Свет нас прымаў як народ па адной палачанцы.
Данута Бічэль.
• Інсцэніроўка (паводле “Таямніцы полацкай гісторыі” У. Арлова).
За сталом з кнігамі сядзіць дзяўчына і разважае ўголас.

Прадслава. Што будзе, калі надумае бацька аддаць мяне замуж? Калі здарыцца так, смутку на гэтым свеце нельга будзе пазбегнуць! Што ж паспелі зрабіць нашыя роды, якія былі да нас. Жаніліся і выходзілі замуж, княжылі, але не вечна жылі; жыццё іх праплыло, і загінула слава іхняя, быццам прах, горай за павуцінне.
Затое жанчыны, што жылі раней і, узяўшы моц мужчынскую, целы свае аддалі на пакуты і паклалі галовы пад меч за веру Хрыстову, - тых памятаюць на зямлі.
Заходзіць князь Святаслаў, бацька Прадславы.
Святаслаў. Нявеста ты ўжо ў нас, князёўна.
Прадслава. Гадамі - нявеста.
Святаслаў. Ці, можа, князі табе не па сэрцы?
Прадслава. Не па сэрцы.
Святаслаў. Можа, непрыгожыя?
Прадслава. Прыгожыя, але неразумныя.
Святаслаў. А калі і гожыя, і разумныя?
Прадслава. Дык душою слабыя.
Святаслаў. Забудзеш пра гэта сярод забаў і весялосці...
Прадслава. Ведаю з кніг, што пасля забаў будзе... Першая забава - срэбралюбства. Чым болей багацця, тым сквапнейшае ды падлейшае робіцца любое стварэнне. Ад другой забавы абвісае цела, крывяцца косці, хвароба ў нутро запаўзае. Гэтая забава завецца дагаджанне чэраву. Ад трэцяе забавы траціць чалавек свой розум. Гэтая забава - распуста.
Святаслаў. Хіба ж няма ўцехі ў тым, каб княжычаў нарадзіць?
Прадслава. Нараджаюцца княжычы, і ўсобіцы крывавыя між імі нараджаюцца.
Святаслаў. Што табе да мужчынскіх усобіц? Жыві за князем сваім, дзяцей гадуй.
Прадслава. На меч упадзе мой князь, а дзяцей браты заб’юць.
Святаслаў. Дзе ж знойдзеш долю сваю, калі не замужам?
Прадслава. Ува мне доля мая.
Святаслаў. Як жа адна, без абароны мужавай жыць думаеш?
Прадслава. Як трава без абароны расце...
Святаслаў. У каго ж розуму вучыцца будзеш, як не ў мужа?
Прадслава. У кніг, што мудрасць сабралі, як пчолы мёд.
Святаслаў. Але ж мінула табе ўжо 12 гадоў - трэба збірацца замуж. Ды і сваты зачасцілі.
1-ы гісторык (пад грукат навальніцы). Тая ноч была навальнічнай. Гром заглушаў усе іншыя гукі, маланкі бесперапынна паласавалі не ба. Дождж ліўся як з вядра. Хто ж мог у такую непагадзь апынуцца ля варот полацкага жаночага манастыра?
Ігумення. Навошта прыйшла сюды ў такую непагадзь, князёўна Прадслава?
Прадслава. Маліць цябе, каб дазволіла мне прыняць аблічча анёльскае, далучыцца да манашак. Выратуй мяне, святая маці, бо ўжо прыехалі па мяне сваты. Заўтра будзе позна.
Ігумення. Дзіця! Як магу я такое ўчыніць? Твой бацька даведаецца і гнеў свой абрыне на маю галаву Ды і маладая ты несці цяжар манаскага жыцця. I як здолееш ты пакінуць княжанне і славу гэтага свету?
2-і гісторык. Але князёўна дабілася свайго і пад імем Еўфрасінні таемна ад бацькоў прыняла пострыг. Князь Святаслаў ад гора рваў на сабе валасы, а княгіня Сафія галасіла па дачцэ, як па нябожчыцы.
1-ы гісторык. Еўфрасіння перапісвала кнігі. Грошы, атрыманыя ад продажу гэтых кніг, яна раздавала бедным. Еўфрасіння Полацкая заснавала жаночы манастыр, потым мужчынскі. Тут былі адкрыты майстэрні па перапісванні кніг - скрыпторыі. Каб аздобіць полацкія храмы абразамі, Еўфрасіння стварыла таксама іканапісную майстэрню. Адкрыты былі школы для полацкіх дзяцей. Гэта па яе жаданні і за яе грошы ювелір Лазар Богша стварыў шэдэўр - крыж Еўфрасінні, які потым яна падарыла манастыру і які з’яўляецца святыняй беларускай зямлі.
2-і гісторык. Хрысціянская царква кананізавала Еўфрасінню. Усё сваё жыццё княжна Еўфрасіння-Прадслава Полацкая заклікала людзей да адзінства, сяброўства, братняй любові. 3 тых далёкіх дзён і да нашага часу святая Еўфрасіння - галоўная нябесная заступніца Белай Русі.

Гісторыя чацвёртая. “Чаканне ў 17 гадоў”

1-ы гісторык. Вельмі трагічнай у сваёй безвыходнасці была гісторыя Ганны, апошняй князёўны Кобрынскай. А ўсё пачыналася так прыгожа!
Гучыць мелодыя маршу Мендэльсона.
Ганна выходзіла замуж у 1481 годзе за прадстаўніка славутага праваслаўнага роду Фёдара Бельскага, Было шыкоўнае вяселле, вочы нявесты ззялі ад шчасця. За сталом сядзеў самы пачэсны госць, вялікі князь літоўскі Казімір Ягайлавіч. Лілося віно, маладым зычылі шчаслівага і доўгага жыцця... Здавалася, што ўсё так і будзе.
2-і гісторык. Але не пра вяселле і зусім не пра маладую жонку думаў жаніх. Разам з паплечнікамі, праваслаўнымі феадаламі князямі Міхаілам Алелькавічам, Іванам Гальшанскім задумаў ён падчас уласных вясельных гулянняў забіць Казіміра, каб потым далучыць Беларусь да Маскоўскага княства.
1-ы гісторык. Змова была выкрыта. На досвітку, ратуючы сваё жыццё, уцёк князь Фёдар Бельскі. Паплечнікаў яго схапілі, а Фёдара прыветліва сустрэлі ў Маскве. Ганна засталася “жонкай адной ночы”, так і не спазнаўшы радасці сямейнага жыцця. Жанчына аказалася цацкай у руках лёсу.
Мелодыя Л. Бетховена. Выходзіць Ганна.
Ганна.
Не можа быць, каб ты не адазваўся,
Не можа быць, каб помніць перастаў,
Калі ў жыццё маё так уварваўся, -
Не памяццю - маёй крывёю стаў.
Ці 6 нашы адзіноты нас звялі;
Каб мы несумяшчальныя былі?
О, свет не аднаго так загубіў!..
Не можа быць, каб ты мяне забыў.
Ніна Мацяш.
2-і гісторык. Вялікі князь літоўскі Казімір трымаў жанчыну ў якасці закладніцы, спадзеючыся, што мяцежнік вернецца па маладую жонку. А Фёдар Бельскі не мог гэтага зрабіць, бо ведаў, што там яго чакае смерць. Маскоўскі двор патрабаваў адпусціць Ганну, а Казімір хацеў, каб князь прыехаў па яе сам. Так цягнулася семнаццаць гадоў. А Ганна чакала...
Ганна.
Чакаю цябе. Так жаўронак світання чакае,
3 чужой чужаніцы дадому вярнуўшыся ўночы.
Чакаю цябе. У сваім неспакоі блукаю,
Які мне то памяць тваю, то няміласць
прарочыць.
Жыву без цябе, як без лесу бяроза на ўзгорку -
Высокая, дужая, толькі заўжды ў адзіноце,
Нязломная, толькі ці ведае хто, як ёй горка
Адной грэцца сонцам, калі гэта сонца
ўзыходзіць...
Чакаю цябе.
Ніна Мацяш.
1-ы гісторык. Ганна чакала і спадзявалася, што калі-небудзь каханы ўсё ж прыедзе па яе. Яна рашуча адмаўлялася ад другога замужжа, якое ёй прапаноўвалі. У Кобрынскага княства павінны былі быць уладары. Яна працягвала жыць адна, нават калі праз семнаццаць гадоў даведалася, што Фёдар ажаніўся ў Маскве.
2-і гісторык. Другі раз Ганна Кобрынская выйшла замуж, калі ёй было ўжо за сорак гадоў, пасля таго, як даведалася, што Фёдар памёр. Але наўрад ці стала яна шчаслівай: занадта позна вырашыла свой лёс. Ды і не знік з памяці той, хто быў мужам толькі адзін дзень і каго чакала трэць свайго жыцця.
Ганна.
Мы стрэнемся, хоць нас ужо не будзе,
Не будзе ні мяне, ані цябе.
Наступнікі, нязнаныя нам людзі,
Аявяць немагчымае цяпер.
I той, хто нас адорыць стрэчай гэтай -
Сярод уласнай лютае зімы
Знячэўку словам нашым абагрэты -
Не будзе нават ведаць ён, што мы
Нягучнай тою, запаветнай песняй,
Што болем адазвалася на боль,
Нябачана ў чужой душы ўваскрэслі.
... А тут я размінулася з табой.
Ніна Мацяш.

Эпілог

1-ы гісторык. У гісторыі кожнай нацыі ёсць жанчыны-легенды, любімыя і паважаныя ў народзе.
2-і гісторык. Сярод жанчын, чые цудоўныя вобразы і вялікія справы дайшлі з глыбіні стагоддзяў да нашых дзён, ганаровае месца займаюць абаронца Айчыны, княгіня-амазонка Анастасія Слуцкая (Алелькавіч), праваслаўная святая Соф’я Радзівіл, першая беларуская жанчына драматург Францішка Уршуля Радзівіл, падарожніца і каралеўскі лекар Саламея Пільштынова, беларуская Жанна д’Арк Эмілія Плятэр, першая жанчына геолаг Ганна Місуна...
Чытальнік.
Ты косіш сена, колеш дровы,
I халадок начной дубровы,
I ветах гасне на плячы.
.. .Ты косіш сена, колеш дровы
Мудрэй равеснікаў-мужчын.

Якою птушкаю залётнай
Мільгнуў твой поўдзень між аблок?
... Прадзеш лянок і тчэш палотны,
Паклаўшы сэрцайка на ўток.

Хаваеш стомленыя рукі,
Талкуеш мне пра сенакос.
... Але на мне свінцовай мукай
Адбіўся твой глыбінны лёс.

Я думаю, што дробязь - словы,
Што знічка мой радок, калі
Ты косіш сена, колеш дровы
I светла молішся зямлі.
Яўгенія Янішчыц.
_________________
*Паводле "Таямніцы полацкай гісторыі" У. Арлова.

Яшчэ на гэту тэму:

“Размова пра матулю”     Адзіная мая