сцэнарыі святаў на беларускай мове

Масленіца гуляла – вясну сустракала

Сцэнарый святочнага гуляння

Вядучыя А, Н.

A: Дзень добры , людзi дабрадзеi! Ехалi мы да вас хто на вазе...
Н: Хто на казе...
A: А хто на кожнай назе па чарзе!
Н: Прывезлi ж мы вам смеху мяшочак...
A: Чароўны гаршчочак, на рыбу кручочак!
Н: А мы Масленку даждалi, гару сырам набiвалi...
A: Зверху маслам палiвалi!
Н: Хто з гары пракоцiцца, той яшчэ вароцiцца!
A: Масленка катлiва - пакатацца мiла!
Н: Не зважайце на мундзiры - уступайце ў турнiры!
A: Хто умее весялiцца - той гора не баiцца!
Н: Дык вось , даражэнькія госцейкі, становімся дружненька ў кружок на масленічны карагод.
(тлумачэнне танца)
Пад баян - карагод
(запрасіць жадаючых з зала: удзельнікі + гледачы танцуюць: усе стаяць у крузе, ўзяўшыся за рукі, кулакі на ўзроўні плеч. Спачатку робяць два крокі ўправа, затым два крокі ўлева, два крокі наперад + 3 хуткіх хлапка + кліч “Гэй!Гэй!Гэй”, 2 крокі назад + 3 кароткіх хлапка + адначасова кліч “Гэй!Гэй!Гэй”
Спачатку паказаць павольна, потым павольна з музыкай. Музыка гучыць усё хутчэй і хутчэй, адпаведна і рухі ў такт музыцы.


A:
Якія ж вясёлыя ў нас госцейкі!
А зараз… Зайграйце, музыкі,
Бо настаў дзень вялікі!
Хай жа наша свята ўвойдзе ў кожну хату!

(песня “ Зялёная рошча”)

Н: Хопіць ужо спяваць, давайце будзем танцаваць.

Блок народнх танцаў.

“ Кракавяк”,“Падыспань” Гульня “Танцы парамі”( хто даўжэй пратрымае)
A:(да гасцей) Вы не забыліся на якое свята сёння прыйшлі? Сапраўды! На свята шырокай Масленкі.
Н: Масленіцу сустракаем, зіму выпраўляем, вясну заклікаем!
A: Зіма са снегам, вясна са смехам сышлі з дарожкі, бяруцца ў рожкі!»
Н: Хто на Масленку сумуе,таму ў годзе не шанцуе.
A: Гэй, людзі, давайце гукаць.Трэба Масленку пазваць.
Н: Прыйдзі, Масленка, хутчэй,ды парадуй усіх гасцей.
Усе: Прыйдзі, Масленка, хутчэй.

Масленіца:
Прывітанне, мае даражэнькія!
Як слаўна вы спяваеце,
Дзедаўскіх звычаяў не забываеце!
(пытанне да гасцей)
А вы ведаеце, чаму Масленка так называецца?
А: А таму, што вельмі смачныя бліны былі і з маслам, і з мёдам, і са смятанаю, а адзначалі Масленіцу цэлых сем дзянёчкаў.
Масленіца: Выдумак і штукарства на Масленецу хапала Увесь Маслены тыдзень, ад панядзелка да нядзелі праводзіўся шумна. Нават па вечарах не працавалі, а хадзілі адзін да аднаго ў госці, а моладзь паўтарала каляднае гулянне.
Н: Дзяўчаты хлопцам вешалі калодкі за тое, што яны не паспелі да Масленіцы ажаніцца, і тыя адкупляліся салодкім.
A:А што яшчэ цікавага адбывалася на Масленіцу?
(Пытанне да гледачоў)
Масленіца: Якое ж свята без гульняў ! І таму запрашаю усіх гасцей паўдзельнічаць у масленічных забавах. А ў якасці узнагароды вы aтрымаеце смачны пачастунак – духмяныя бліны і аладкі. Першы день Масленкі называлі “Сустрэчай” ці “Стрэчанне”.
A:Давайце і мы з вамі павітаем нашу Масленіцу словамі і дружнымі апладысментамі. (Усе разам) “ Прывітанне, Масленіца”
A:. Вось і павіталі мы нашу Масленіцу.
Масленіца: Дзякуй, даражэнькія , за такі цёплы прыём, шчырыя словы. Ну а я сваю чаргу не з пустымі рукамі прыйшла.

Гульня “Ой, блін”
Масленіца: А зараз я пазнаёмлю вас з днямі масленічнай нядзелькі. Другі дзень Масленіцы “Зайгрышы” ці “Загвіны”.(у гэты час масленіца з паясамі ідзе) Ну хто з вас смялейшы,калі ласка, кабеткі,хлопчыкі 8чалавек падыходзьце хутчэй. Дзелімся на 2каманды. Кожная каманда павінна будзе заплесці касу той, хто справіцца хутчэй і прыгажэй запляце касу, і будзе пераможца (адзін дзержыць за вузельчык, астатнія – па паяску і пад музыку заплятаюць касу). Давайце паспрабуем.(Гучыць народная мелодыя, ідзе гульня.)
Н:Давайце ж паглядзім,якая каманда ў нас перамагла,хто прыгажэйшую касу заплёў. А пераможцаў вызначым па апладысментах. Апладысменты гэтай касе(гледачы апладыруюць). Цяпер гэтай (гледачы апладыруюць).
Мас-ца: Пераможцам стала вось гэта каманда. Яны заплялі лепшую касу.Давайце яшчэ раз паапладыруем пераможцам!(Звяртаецца да другой каманды.) А вы не бядуйце, слухайце вясёлыя песні!

Гучыць песня” Полька весялуха”

A: Бліны – галоўны пачастунак на Масленіцу. У сераду на Масленіцу цешчы пяклі бліны і чакалі да сябе ў госці зяцёў, каб пачаставаць іх сваімі смачнымі блінамі.
Масленіца: Хто адкажа, колькі бліноў у гэтай горцы? Хто адгадае, будзе лічыцца самай лепшай цешчай, ці самым лепшым зяцем.
( Бліноў 7, так як 7 дзён у Масленіцы.).

Гучыць музыка, пераможцу ўручаюць бліны. Калі гэта жанчына, то кажуць:
- Жадаю табе заўсёды свайго зяця такой горкай бліноў сустракаці.
Калі пераможца мужчына, то кажуць:
- Жадаю табе цешчу кахаць і часцей у яе ў гасцях бываць.
- (Гульня на санках)(конях?)
Мас-ца: Вось і надышоў чацвёрты дзень Масленіцы - “Дзень святога Уласа”. У гэты дзень ушаноўвалі маладых,ну а мы будзем прадаўжаць нашы забавы.
Н: Запрашаем на наступную забаву 5- х жадаючых хлопцаў. Вам трэба адправіць валенак як мага далей Хто закіне далей, той і пераможца.

Гульня: ( Валенак)? (Венік)
(Гучыць музыка, удзельнікі па чарзе кідаюць валенак. (Венік) Пераможцу частуюць аладкамі.

Мас-ца: Пераможца можа прайсці на пляцоўку, а вы, хлопцы, пакуль што застаньцеся. На Масленіцу быў такі звычай “Калодкі вешаць”. Вешалі звычайна калодкі тым хлопцам, якія яшчэ не ажаніліся. А мы вам калодкі вешаем за тое, што ў нашай гульні прайгралі.
(На ўдзельнікаў вешаюць калодкі).
Н: Вам, хлопчыкі, зараз трэба адкупіцца, бо калі не адкупіцеся, то цягаць вам гэтыя калодкі да тае пары, пакуль не знойдзеце сабе нявесту. Зразумела? А адкупацца вы будзеце прыпеўкамі. Трымайце.( Масленіца раздае прыпеўкі.)
А вы, дзяўчаты, уважліва назірайце за тым, як хлопцы будуць старацца не застацца з калодкамі. Пачынаем!
A:Як нашы хлопцы спяваць умеюць! Як яны стараліся!.. Ну што, вызвалім нашых малайцоў? Не хадзіць жа ім з калодкамі ўсё жыццё.
(Пад апладысменты гледачоў хлопцам здымаюць калодкі , частуюц блінамі)
(Музычны блок)

Мас-ца: Пяты дзень Масленіцы - “Цешчыны вячэркі”. У гэты дзень зяці сваіх любімых цешчаў у госці запрашалі. Ну, а калі цешчу запрасілі, трэба ж яе нечым частаваці.
Н:А чым частаваць на Масленіцу, як не блінамі? Вось мы зараз і паглядзім, ці ўмеюць нашы хлопцы бліны пячы.(Масленіца падносіць патэльню.)
Н: Вы павінны будзеце паставіць патэльню на пліту, але спачатку мы вам вочы завяжам, а вы, паважаныя гледачы, не проста назірайце, а падказвайце хлопцам, куды ісці, улева ці ў права ( хлопцам завязваюць вочы, раскручваюць, гучыць музыка, ідзе гульня).
Масленіца: Малайцы, хлопцы, але вось у чым справа, не любіць цешча бліноў, што на пліце пякліся, ёй падавай бліны з печы, з пылу, з жару. І вам зараз патрэбна напячы бліноў у печы. Гэта значыць паставіць патэльню у печ (пад стул,) (удзельнікам зноў завязваюць вочы, раскручваюць, гучыць музыка, ідзе гульня).

Вось і наш пераможца. Добры зяць у цешчы будзе. Вось табе пачастунак, частуйся, калі ласка, нашымі блінамі.
A: Мы з вамі так добра весяліліся, што не заўважылі, як надышоў шосты день Масленіцы. У гэты дзень нявестка збірала да сябе ў госці ўсю мужаву радню. Вось і мы будзем збіраць усю радню да сябе.
Мас-ца: Паважаныя госцейкі запрашаем ўсіх на вясёлую полечку.
Гучыць полечка, усе танцуюць.
Гульня у крузе “Перадай другому”: штрафнікі ў круг , як застанецца пару чалавек-пераможцаў - ім уручаюцца аладкі, а штрафнікі танцуюць.

Н: Вось мы і да сёмага дня Масленіцы дабраліся.
Мас-ца: Гэй, народ! Вясна ля варот! Збірайся ў карагод!
Н:Будзем усе разам спяваці, скакаці, Вясну-красну гукаці!(ідзе да гасцей, спяваюць “Жавароначкі прыляціце”, усе запрашаюць гасцей у карагод).
Гучыць завея Злева на сцэну падымаецца Зіма.


Зіма: Хто мяне тут праганяе,хто Вясну ўжо чакае?
Справа на сцэне з’яўляецца Вясна
Вясна: Добры дзень, даражэнькія госцейкі, вы відаць мяне зачакаліся,ды і я па вас засумавала. (звяртаецца да Зімы): Добры дзень, сястрыца!
Зіма:(надьзмуўшыся) А ці не рана гэта ты да нас прыйшла?
Вясна: Сястрыца, зямля ўстае ад сна, цямнее снег і растае, сонейка вышэй падымаецца. Зіма вясной змяняецца.
Зіма: Ды не, мая сястрыца, не пара мне пакідаць свае ўладанні, мяне ты гоніш кожны год, як прыходзіць твой чарод.
Н: Людзі добрыя, а давайце ўстроім спаборніцтва паміж Зімой і Вясной і ўбачым самі на чыім баку праўда. Зараз я буду задавать для вас пытанні.
Вясна: Пытайце!
Н: А пытанне маё не на век, а на год усяго. Чаму пеўнік спявае заплюшчыўшы вочы?
Вясна: Каб паказаць, што напамяць спявае.
Н: Малайчына, Вясна. Ну а зараз пытанне да Зімы. Пасля сямі год што з казой будзе?
Зіма: А што з ёй будзе?. Здохне…(усе смяюцца)
Н: Мо сястрыца Вясна адкажа?
Вясна: Пасля сямі год … восьмы пойдзе.
Н: Даражэнькія госцікі, адкажыце ўсе гучна, ці люба вам Вясна?
Народ: Люба вясна, няхай хутчэй прыходзіць.
Зіма: А я, Зіма белая. У полі снегам сеяла, сеяла.
Вясна: А я Вясна красная, красная, сонечная, ясная- ясная!
Зіма:(наступаючы на Вясну і тупаючы нагамі) - Не хваліся , мілая, мілая, а я цябе сілаю, сілаю…
(Гульня с канатам)
Н: Ну раз ты сястрыца Зіма, не супакойваешся, няхай жа народ вырашыць ваш лёс. Давайце гучна крыкнем “вясна” і “зіма". За каго больш галасоў, той і пераможца!
Мас-ца: Ну вось і відавочна , перамога за Вясной!
Сёння, на Масленку, Зіма з Вясной стрэліся,
Зіма Вясну піхнула ды ножаньку звіхнула,
Пайшла Зіма плачучы,
Вясна прыйшла скачучы!

Гучыць песня:”Дзеванька-вясна”
Н: Ідзі, Зіма, адпачывай, сілу ды моц на наступны год набірай. Калі што не так выбачай, злосці на нас не трымай!
Мас-ца: Прадаўжаем весяліцца. Заўтра - даравальная нядзелька, апошні дзень Масленкі. У гэты дзень развітваліся з Зімой , людзі прасілі адзін у аднаго прабачэння.
Вясна:Не забудзьцеся і вы папрасіць прабачэння ў сваіх родных, и знаёмых.
Н:Што трэба зрабіць,каб правесці Масленку?
Вясна: Трэба спаліць пудзіла Зімы. Гучыць вясёлая мелодыя, дзеючыя асобы, з факелам ідуць да кастра абыходзячы яго і падпальваюць пугала Зімы.
Вясна: Загарайся, агонь, запылай агонь, растапі ўвесь свет!
Н: Хай разам з агнём і Вясною засвецяцца душы людзей дабрынёю!
Карагод ля агня “ А мы масленку дажыдалі”

Вясна:
Танцы й карагоды не выходзяць з моды!
Хай гучаць песнi ў нас на прадвеснi!
Гэй, народ, станавicя ў карагод!
Пагуляем ў “Ручаёк”
Н:Дзякуй вам, даражэнькія, за спрыт, за весялосць вашу. У народзе кажуць: “Хто людзей весяліць, за таго ўвесь свет стаіць”. Вось і мы з вамі сёння добра павесяліліся, у гульні пагулялі, смачных бліноў пакаштавалі. Але, прыйшоў час развітвацца.
Мас-ца: Ну, усё даражэнькія. Бывайце, варэнікі, блінцы спажывайце, ды Масленку ўспамінайце.
Вясна:
Трэба нам далей ісці.
Трэба ўсю Зямлю прайсці.
Людзям песенькі спяваць,
Людзей з Масленкай вітаць.

Н:А вы здаровы бывайце, ды праз год нас чакайце!
Вясна: Жадаем ўсім вам: шчасця добрага, сонца яснага, дня прыгожага, хлеба мяккага на вялікім стале, міру светлага на роднай зямлі!
Развітальная песня. “Мы вам жадаем”

Яшчэ на гэту тэму:

На санках катаемся, блінамі аб’ядаемся!     Сёння Масленка, прыляцела ластаўка