сцэнарыі святаў на беларускай мове

Н. М. ЗЯТКІНА, настаўніца сярэдняй школы № 19 г. Магілёва. Беларуская мова і літаратура 10/2017

Інтэрактыўная віктарына «Чароўны квадрат»

Для вучняў VI класа

Мэты: садзейнічаць паглыбленню ведаў вучняў пра гістарычную і культурную спадчыну Беларусі, багацце беларускай мовы; ствараць умовы для развіцця пазнавальнай актыўнасці, інтэлектуальных магчымасцей і творчых здольнасцей вучняў, іх камунікатыўнай культуры; спрыяць выхаванню павагі да роднай зямлі, свайго народа, яго культуры, падтрымліваць цікавасць да вывучэння беларускай мовы і літаратуры.
Абсталяванне: карта Беларусі, таямнічая скрыня, тэматычныя лісткі, рэквізіт для правядзення гульняў, фотаздымкі знакамітых людзей Беларусі, аўдыязапіс песні «Жураўлі на Палессе ляцяць», стыкеры.
Афармленне дошкі: карта Беларусі, назва мерапрыемства, дрэва з лісткамі-заданнямі для капітанаў, намаляваны квадрат, які складаецца з дзевяці сектараў, пад назвай кожнага сектара магнітамі прымацаваны заданні:

Конкурс
інсцэніровак
Падарожжа
па карце
Беларусі
Беларускія
гульні
Тэст для
гаспадынь
Таямнічая
скрыня
Конкурс
на лепшага
чытальніка
Знакамітыя
людзі
Беларусі
Крыжаванка
для
абаронцаў
Конкурс
капітанаў

Ход мерапрыемства

Гучыць песня «Жураўлі на Палессе ляцяць» у выкананні ансамбля «Песняры» (сл. А. Ставера, муз. I. Лучанка).
Настаўнік. Добры дзень! Я вельмі рада вас бачыць і з вялікім задавальненнем запрашаю прыняць удзел у інтэрактыўнай віктарыне «Чароўны квадрат».
Самы радасны прадмет —
спасцігаць загадку слова,
роднае зямелькі мову
на ўроку, у жыцці,
каб лягчэй было ісці
і каб сілу мець душою
праз жыццё —
за годам год, —
што зямля твая —
з табою,
што з табою —
твой народ! (Г. Пашкоў).

Мы — беларусы. Нас называюць памяркоўнымі, гасціннымі, шчырымі людзьмі. Беларусы вылучаюцца ветлівай усмешкай і мілагучнай, напеўнай мовай, а таксама сваёй гісторыяй, літаратурай і традыцыямі. I жывём мы ў прыгожай краіне, якую Янка Сіпакоў назваў «зялёным лістком на планеце Зямля».

Прапаную вам гульню, у ходзе якой вы зможаце ўзбагаціць свае веды пра культуру Беларусі, пра родную мову і літаратуру, а таксама праявіць свае творчыя здольнасці і прадэманстраваць уменне працаваць у камандзе.

У гульні прымаюць удзел тры каманды. За правільныя адказы каманды атрымліваюць балы.

Размінка

1. Назавіце аўтара твора «Падаюць сняжынкі...». (Паўлюк Трус.)
2. Прадоўжыце радкі: «Здароў, марозны, звонкі вечар...». (Здароў, скрыпучы, мяккі снег.)
3. Якія існуюць віды беларускіх народных казак? (Бытавыя, чарадзейныя, пра жывёл.)
4. Як называўся лялечны тэатр, вядомы на Беларусі з XVI ст.? (Батлейка.)
5. Якое возера ў Беларусі самае вялікае? (Нарач.)
6. Назавіце галоўных герояў казкі У. Караткевіча «Лебядзіны скіт». (Старац, Бату, Юсуфі.)
7. Як называецца карціна прыроды ў літаратурным творы? (Пейзаж.)
8. У якім годзе Ф. Скарына выдаў першую кнігу на беларускай мове? (У 1517 г.)
9. Якая літара прысутнічае ў назвах геаметрычных фігур: ромб, трохвугольнік, круг, квадрат, прамавугольнік? (Літара «р».)
10. Выберыце, якая назва тэматычна тут лішняя: Бягомль, Крычаў, Нёман, Слуцк, Полацк. (Нёман.)

Каманда, якая набрала ў размінцы больш балаў, атрымлівае магчымасць першай выбіраць сектар на чароўным квадраце. Заданні ў сектары аднолькавыя для ўсіх каманд.

Сектар «Конкурс інсцэніровак»

Каманды выцягваюць па адным беларускім народным жарце, які трэба праінсцэніраваць.

  1. — Скажы, дзядзька, з чаго вецер робіцца? — Вось дзівак! Зірні ўгару, што там ёсць? — Неба. — А ўнізе? — Зямля. — А пасярэдзіне? — Ды нічога. — Дык вось пасярэдзіне скразняк. А як скразняк, дык і вецер.
  2. — Мікола, твая карова курыць? — Не, не курыць. Праз некаторы час зноў: — Мікола, твая карова курыць? — Не. А чаму ты пытаешся? — А я думаю, чаму з твайго хлява дым ідзе...
  3. Пякла маці аладкі, а дачушка Тося круцілася каля яе ды і кажа: — Чаму ты, мамка, мне нічога не гаворыш? — А што я буду табе гаварыць? — Ну хоць што... Вось сказала б: «На табе, дачушка, аладачку».
  4. — Дзед, а дзед, ты маеш зубы? — пытаецца Андрэйка ў свайго дзеда. — 0, унучак, пятнаццаць год ужо, як яны павывальваліся. — Тады патрымай, дзед, мае арэхі.

Сектар «Падарожжа па карце Беларусі»

Кожная каманда выцягвае літару (Б, Г, М). Трэба за пяць хвілін знайсці на карце Беларусі і запісаць як мага больш назваў гарадоў, рэк і азёр, якія пачынаюцца на гэту літару.

Сектар «Беларускія гульні»

«Работнікі». Гульцы ўтвараюць круг. У сярэдзіну становіцца «майстар» і гаворыць:
Мы ўмелыя работнікі,
Аратыя і плотнікі,
Сена косім, будуем дом...
Што мы робім сярпом?

Гульцам неабходна адказаць на пастаўленае пытанне жэстамі. Пасля гэтага «майстар» хутка называе іншы інструмент. Пытанні «майстра» могуць быць такімі: Што мы робім касой? Нажніцамі? Іголкай? Сякерай? Нажом? Рубанкам?
«Паясы». Двум хлопцам вядучы дае пояс даўжынёй шэсць метраў. Яны бяруць пояс за канцы, а вядучы трымае пасярэдзіне. Па камандзе вядучага пад музыку ўдзельнікі накручваюць на сябе пояс, а калі дойдуць да сярэдзіны, тут жа пачынаюць раскручвацца. Раскруціўшыся, трэба адной рукой узяць пояс, а другую падняць угору. Перамагае той, хто хутчэй справіцца з заданнем.

Сектар «Тэст для гаспадынь»

  1. Дзе мароз улетку жыве?
    а) На поўначы;
    б) у халадзільніку;
    в) на катку.
  2. Якую страву гатуюць на Масленіцу?
    а) Мачанку;
    б) кісель;
    в) бліны.
  3. Што такое ўзвар?
    а) Адвар з ягад, траў;
    б) негусты аўсяны кісель;
    в) гарачае пітво з мёдам і спецыямі.
  4. Якія ягады лічацца самымі вітаміннымі?
    а) Чарніцы;
    б) шыпшына;
    в) суніцы.
  5. Адгадайце загадку.
    Жыў-быў капітан, сем душ пракармляў. Прыйшлося яму паміраць, ніхто не бярэцца хаваць. Выкінулі за вугал, і сабакі не бяруць.
    а) Лапаць;
    б) лыжка;
    в) гаршчок.
Адказы: 1 — б; 2 — в; 3 — а; 4 — б; 5 — в.

Сектар «Таямнічая скрыня»

У таямнічай скрыні ляжаць прадметы, якія трэба адгадаць па апісанні.
  1. Гэты прадмет — усяму галава. Яго шукаў воўк у беларускай народнай казцы, а атрымаў капытамі ад каня. (Хлеб.)
  2. Гэта другі хлеб беларусаў. Пра гісторыю яго ўзнікнення расказвае У. Караткевіч у казцы «Кацёл з каменьчыкамі». (Бульба.)
  3. Падоўжаны кавалак узорыстай тканіны, магічная рэч. Выкарыстоўваўся пры сустрэчы гасцей і ў час розных сямейных абрадаў. Менавіта яго дарыла дзяўчына хлопцу, калі той ішоў у войска. (Ручнік.)
  4. Расліна, якая дзякуючы ўласціваму ёй горкаму смаку служыла абярэгам у народным побыце. Лічылася, што ёю, крадзенай, укінутай у калодзеж, можна спыніць засуху. (Цыбуля.)
  5. Гэта рэч сімвалізуе рух і змену ў жыцці. Яна, чырвоная, лічыцца моцным абярэгам і ў нашы дні. (Нітка.)

Сектар «Конкурс на лепшага чытальніка»

Кожная каманда атрымлівае ўрывак а верша Максіма Танка «Казкі», які трэба выразна прачытаць.
Усіх нас гадуюць
Матчыны казкі.
Яны вучаць
Родную мову любіць,
На крылах юнацтва
Ўздымацца пад хмары,
3 няпраўдай змагацца,
А з праўдай дружыць
I аб недасяжным
I сонечным марыць.

Сектар «Знакамітыя людзі Беларусі»

Каманды выцягваюць па тры фотаздымкі знакамітых беларусаў, якіх трэба пазнаць. Гэта могуць быць фотаздымкі Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Янкі Маўра, Уладзіміра Мулявіна, рэпрадукцыі карцін «Ефрасіння Полацкая», «Францыск Скарына» і інш.

Сектар «Конкурс капітанаў»

На дрэве прымацаваны стыкеры, на адваротным баку якіх напісаны пытанні для капітанаў. Капітаны па чарзе зрываюць па адным лістку і адказваюць.
  1. Што называюць беларускім шоўкам? (Лён.)
  2. Якая жывёла самая буйная ў Беларусі? (Зубр.)
  3. Што такое канчатак? (Зменная частка слова, якая служыць для ўтварэння форм слова.)
  4. Хто такі муляр? (Рабочы, які працуе з цэглай.)
  5. Як называюцца жыхары Брэста? (Брэстаўчане.)
  6. Хто аўтар аповесці «Насцечка»? (Кузьма Чорны.)

Сектар «Крыжаванка для абаронцаў»

Крыжаванка Інтэрактыўная віктарына Чароўны квадрат

Па вертыкалі:
1. Асноўны закон краіны.
2. Як называецца будынак, у якім жывуць салдаты?
3. Як называецца гараж для самалётаў?
5. Як называецца наступленне войска з крыкам «ура»?

Па гарызанталі:
3. Аўтаматычная зброя.
4. Рулявое кола, з дапамогай якога кіруюць караблём.
6. Тонкі стрыжань з завостраным канцом для стральбы з лука.
7. Вежа з сігнальнымі агнямі на беразе мора, якія паказваюць шлях караблям.

Адказы. Па вертыкалі: 1. Канстытуцыя. 2. Казарма. 3. Ангар. 4. Атака. Па гарызанталі: 3. Аўтамат. 4. Штурвал. 6. Страла. 7. Маяк.

Падвядзенне вынікаў. Аб’яўленне каманды-пераможцы.

Настаўнік. Вось і падыходзіць да завяршэння наша віктарына. У час гульні вы мяне парадавалі сваімі ведамі, эмоцыямі, здольнасцямі. Дзякую! Спадзяюся, вы будзеце любіць беларускую мову, ведаць нашу гісторыю, паважаць культуру. Паслухайце, калі ласка, наказ, які пакінуў нам, сваім нашчадкам, Уладзімір Караткевіч: «Любіце гэтую сваю святую зямлю аддана і да канца. Іншай вам не дадзена, ды і непатрэбна».

Рэфлексія.

На дошцы напісана слова:

Б
Е
Л
А
Р
У
С
Ь

Трэба падабраць словы-асацыяцыі або азначэнні для характарыстыкі нашай краіны, каб словы пачыналіся на гэтыя літары.

Яшчэ на гэту тэму:

Мой родны кут, мая зямля...     3 любоўю да Беларусі